Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ляцi, мая мышка, ляцi! (2001 г., Культура)

Ляцi, мая мышка, ляцi! (2001 г., Культура)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЛЯЦI, МАЯ МЫШКА, ЛЯЦI!

У Беларускі дзяржаўны музычны тэатр вярнулася аперэта "Лятучая мыш", пастаўленая ў 1981 годзе. Як тут не ўзняць бакал шампанскага! Тым больш, што на сцэне яно паводле сюжэту, ліецца ракой: і на балі-маскарадзе ў князя Арлоўскага (у тым ліку, у тыповым жэсце артыстаў балета падчас вальса), і ў турме, дзе спалучаецца з больш моцнымі напоямі (як не дзіўна, але менавіта ў турме намераны "ашампаніцца" князь са сваімі гасцямі, калі ў яго пад раніцу заканчваюцца ўсе прыпасы), і ў доме Генрыха Азенштэйна, калі да яго жонкі Разалінды прыходзіць спакуснік Альфрэд. Праўда, той п'е партвейн, але гэта не прынцыпова, бо ўсё роўна на сцэне разліваюць простую ваду, каб захмялелі не артысты, а гледачы, узрушаныя іх талентам.

На гэты раз на сцэне разлівалі сапраўднае шампанскае. Дачакаліся, калі закрылася заслона. І калі ласка, – кожнаму па чарачцы. Па адной у адны рукі! У закуліссе прыйшла атмасфера свята. I не трэба шкадаваць, што шкляначкі былі пластмасавымі: звон крышталя замянілі апладысменты, што ўсё яшчэ гучалі ў вушах. А што ж гледачы? Для іх шампанскім стала сама аперэта Іагана Штрауса.

Музычным кіраўніком і дырыжорам адноўленага спектакля выступіў народны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Генадзь Праватораў. Нешта не заладзілася уверцюра, але кожны наступны музычны момант, кожная арыя ці ансамбль, на якія так багатая гэта аперэта, прымушалі забыцца на некаторыя хібы, ад якіх можа быць застрахаваны толькі той, хто не робіць анічога. Бо ў спектаклі з'явілася сапраўдная музыкальнасць і надзвычай піетэтнае стаўленне да фразіроўкі.

На жаль, я не прысутнічала на прэм’еры 1981 года. Але потым бачыла нашу "Мышку", як яе ласкава называюць тэатралы, шмат разоў з самымі рознымі акцёрскімі складамі. Прызнацца, тады яна часам страчвала сваю "лятучасць", ператвараючыся то ў шэрую мыш-палёўку, то ў белае мышаня, што таўсцее сабе ў клетцы. Дык вось, у параўнанні з тым, якім быў спектакль перад яго зняццем у 1998 годзе па прычыне састарэласці сцэнічных строяў, цяперашні стаў больш... ціхім, больш інтэлігентным, вытрыманым – паводле стылю. I стрыманым – у сэнсе акцёрскіх хохмачак-імправізацый, не запланаваных аўтарамі і пастаноўшчыкамі. Больш тонкай лірыкі з'явілася ў музычнай інтэрпрэтацыі, практычна ўсе героі, нават характарныя, сталі "яшчэ больш станоўчымі", чым былі. Як было не закахацца ў Васіля Мінгалёва, які ператварыў свайго Альфрэда ў трапяткога рамантыка! Такому персанажу хацелася шчыра паспачуваць – без аніякага ценю насмешкі. А Эдуард Мартынюк! Яго дырэктар тэатра Фальк вылучаўся не толькі бліскучымі акцёрскімі здольнасцямі, але і бездакорнымі ансамблевымі спевамі, што ў гэтай складанай партыі бывае не так ужо часта. Разалінда, якая раней, здаралася, выглядала гэткай "хітрай мсціўцай", у выкананні Лідзіі Кузьміцкай стала адданай жонкай, мудрасць якой дасягнула ўзроўню ўсходніх філосафаў. Лідзія і раней спявала гэту партыю, якую заўсёды лічыла сваёй любімай, але, здаецца, артыстка яшчэ ніколі не атрымлівала менавіта прэм'ерных спектакляў, хаця ў штат тэатра была залічана яшчэ ў 1996 годзе, адразу пасля заканчэння Беларускай акадэміі музыкі. "Мышка" проста прымусіла звярнуць увагу на салістку. Прычым не толькі на яе вакальную стабільнасць, але і на яе грацыёзную пластыку, падкрэслена элегантную фігуру, – нарэшце, на артыстызм, што дазваляў пераканаўча даводзіць да гледачоў усе псіхалагічныя дробязі без аніякай залішняй "тэатральнасці". Больш "сумленным" атрымаўся і Генрых Айзенштэйн, якога Віктар Бажэнаў прымусіў пакутаваць папраўдзе. Ды што казаць, калі нават дырэктар турмы Франк (Арнольд Ранцанц) стаўся амаль "прыкладам для пераймання", а зусім не сатырычным увасабленнем антыалкагольнага плаката.

Усё гэта разам стала дадатковым сведчаннем таго, наколькі скрупулёзна была прапрацавана не толькі музычная, але і рэжысёрская партытура. Спектакль, пастаўлены дваццацігоддзе таму А. Малчанавым, аднавіла артыстка тэатра Валянціна Пятліцкая, якая адначасова выступіла і ў ролі Адэлі, скарыўшы надзвычай мяккай, без усялякага "націскання", каларатурай. Арганічнай у агульным эстэтычным кантэксце аказалася і адзіная аўтарская праца – мастака па касцюмах Вольгі Жэлонкінай (калі б на гэта не была спецыяльна звернута ўвага ў пунктуальна складзенай праграмцы, дык многія б палічылі за праславутае "аднаўленне" найперш сцэнічныя строі, а не ўсё астатняе). Адным словам, "Лятучая мыш", нягледзячы на ўсе скептычныя прадказанні, паляцела, а не закульгала, спатыкаючыся на кожным кроку. Паляцела, нібыта адгукнуўшыся на "Ноч у Венецыі" і далучыўшыся да "Цыганскага барона" – іншых спектакляў І. Штрауса, якія карыстаюцца ў нашым тэатры трывалай папулярнасцю. Скажаце, кажаны толькі ўночы і лятаюць? Невыпадкова, відаць, паводле міфалогіі розных народаў, кажан лічыцца сімвалам то пекла, то боскай мудрасці. Цяперашняя "Лятучая мыш" (гэту назву ніколі не перакладаюць даслоўна як "кажан") застаецца ўсё ж "Мышкай". Можа, калі-небудзь, пры новай адмысловай рэжысуры, дарасце і да "птушкі шчасця"?

Н.Б.
Культура. – 2001. – 24–30 лiстап. – С. 7.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: