Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Нашы акцёры вельмi капрызныя" (2001 г., Чырвоная змена)

"Нашы акцёры вельмi капрызныя" (2001 г., Чырвоная змена)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

IЛОНА КАЗАКЕВIЧ: "НАШЫ АКЦЁРЫ ВЕЛЬМI КАПРЫЗНЫЯ"

Гэта невысокая абаяльная дзяўчына – актрыса двух тэатраў запар: у музычным дзяржаўным працуе ў штаце, а з Рускім драматычным тэатрам імя М. Горкага плённа супрацоўнічае. Акадэмію мастацтваў скончыла ў 2000 годзе. Вучаніца народнай артысткі, прафесара Наталлі Гайды і дацэнта Барыса Уторава. Па спецыяльнасці – актрыса музычнага тэатра. Сваёй стыхіяй лічыць мюзікл: спалучэнне пластыкі, маўлення, руху, акцёрскага майстэрства... Але адначасова Ілона валодае і драматычным патэнцыялам, што даказваюць ролі Афеліі ў "Гамлеце" і Данілкі ў "Раскіданным гняздзе" на сцэне Рускага драматычнага тэатра.

Размаўляць з актрысай было прыемна і проста, магчыма, таму, што Ілона ўпарта адмаўлялася ад "величания по батюшке" і не выказвала ніякіх прыкмет "зоркавай" хваробы. Так ці інакш, інтэрв’ю атрымалася непасрэдным, "непрычэсаным" і цікавым.

Пра фестываль

Сярод апошніх творчых дасягненняў Ілоны Казакевіч – удалае выступленне ўлетку на Кіпры, на фестывалі старажытнагрэчаскай драмы. З гэтага пункту і пачалася наша размова.

– Ілона, можна крыху падрабязней расказаць пра фестываль? Бо я, як ні сорамна, пра падобнае мерапрыемства пачула ўпершыню…

– Фестываль доўжыцца на працягу ўсяго лета і складаецца з трох этапаў: "вялікая" частка, дзе паказваюцца суцэльныя спектаклі, потым прадстаўленне ўрыўкаў, замалёвак да спектакляў, а напрыканцы проста выступаюць пачэсныя госці, дэманструюць, хто на што здольны. Там у прынцыпе не конкурс, а паказ тэатральных школ розных краін. Няма адзнак, лепшы спектакль ці горшы, – усе добрыя!

У 1998 годзе мы ўпершыню трапілі на гэты фестываль ад Акадэміі мастацтваў, з пастаноўкай Алы Аляксандраўны Шамідзевіч {Шагідзевіч}, нашага педагога па сцэнічным маўленні; яе асістэнтам была мая аднакурсніца з рэжысёрскага аддзялення Караненка {Грыненка} Анастасія. Тады, праўда, быў маленькі склад трупы, усяго пяць чалавек, бо нас абмежавалі ў колькасці "ад’язджаючых" (хоць на курсе вучылася 8 чалавек акцёраў і 2 рэжысёры). Таму мы крыху перапрацавалі спектакль, кожны акцёр выконваў не адну, а некалькі роляў. Гэта не так і складана, як здаецца, проста было больш пераапрананняў.

Вынік выступлення быў прыемным – нас прызналі найлепшымі.

– А ў гэтым годзе чаму давялося выступаць вам "сольна"?

– Сёлета я трапіла на фестываль абсалютна выпадкова. Актрыса Рускага драматычнага тэатра Людміла Кузьміна рыхтавала свой монаспектакль "Медэя" па Еўрыпіду, аднак па стану здароўя не змагла паехаць на Кіпр. І літаральна за 2 ці 3 тыдні да пачатку фестывалю раздаецца тэлефонны званок – я якраз здымалася ў Дзмітрыя Астрахана ў карціне "Лэдзі на дзень", – і мне сказалі: "Ілона, тэрмінова трэба "ўвесціся ў ролю" і паехаць з выступленнем".

Увогуле, Медэя – вельмі блізкі для мяне матэрыял, бо ў мінулым годзе разам з аднакурсніцай Кацярынай Дзегцяровай мы рыхтавалі спектакль на дваіх, адначасова выступаючы ў ролях рэжысёраў і акцёраў. Гэта была таксама "Медэя", толькі не Еўрыпіда, а Сенэкі. Вось таму менавіта мне і было прапанавана замяніць Кузьміну. Атрымаліся абсалютна розныя гераіні; аднак, мяркуючы па рэакцыі гледачоў і тэатральнай камісіі на Кіпры, па вельмі добразычлівым успрыманні, мая трактоўка вобраза Медэі спадабалася публіцы.

Пра ўражанні

Паводле вынікаў фестывалю праводзілася канферэнцыя сярод яго ўдзельнікаў, акцёры і рэжысёры абмяркоўвалі станоўчыя і проста цікавыя моманты ў той ці іншай пастаноўцы.

– Усе выказваліся на англійскай мове, якую я ведаю дрэнна, – узгадвае Ілона. – Але дайшла чарга і да мяне, папрасілі расказаць пра нейкую смешную сітуацыю. Тут я ўспомніла, як напачатку ўдзельнікі распытвалі адзін аднаго, маўляў, які спектакль ці ўрывак ты рыхтуеш. Калі я сказала, што раблю "Медэю" Еўрыпіда, ва ўсіх былі вялізныя вочы: "Як?! Ты – такая маленькая, кволая – робіш Медэю? Не можа быць!". А адзін прафесар з Бельгіі, калі пабачыў маю ігру, сказаў вельмі прыемныя словы: "Вы, канешне, маленькая знешне, аднак на сцэне вы – вельмі вялікая актрыса".

Увогуле пасля выступлення шмат хвалілі: моўнае афармленне (спектакль быў зроблены на рускай мове), пластыку, і асабліва вакальныя даныя.

– А што было найбольш запамінальным? Можа, з'явілася інтэрнацыянальнае сяброўства акцёраў?

– Натуральна ж, сяброў з'явілася вельмі многа. Пачнём з таго, што на фестывалі было прадстаўлена шмат розных краін: Бельгія, Шатландыя, Англія, Латвія, Польшча, Балгарыя, нават Афрыка! У нас усталяваліся вельмі добрыя адносіны з балгарамі, латышамі і палякамі. Штовечар збіраліся разам і спявалі народныя песні – кожны свае.

А самае незабыўнае ўражанне – ад работы шатландцаў. Таксама "Медэя", але былі элементы ўласна Еўрыпіда, а былі і дапісаныя самастойна. Ва ўсіх сэнсах цудоўная работа: акцёры проста геніяльныя, выдатны рэжысёр... Актрысе 50 гадоў – а яна на сцэне, як дзяўчо 20-гадовае! Немагчыма вызначыць, дзе галоўныя акцёры, дзе масоўка, бо іграе, мае сваё значэнне кожны элемент, ад грыму і да дэкарацый. I яшчэ заўважыла вельмі ўдалы рэжысёрскі ход: прамаўленне тэксту з вылучэннем кожнага гуку. Я, не ведаючы цалкам англійскай мовы, разумела абсалютна ўсё, пра што гаварылі акцёры.

– Ці не паступала пасля заканчэння фестывалю прапаноў выступіць на "капіталістычнай" сцэне – у той жа Шатландыі, напрыклад?

– Я пазнаёмілася з галоўным рэжысёрам самага буйнога бельгійскага тэатра, і ён сказаў: "Ілона, падніміся і ўрачыста паабяцай перад усімі нашымі сябрамі, што праз год будзеш ведаць англійскую мову!". Давялося паабяцаць, што прыкладу ўсе намаганні. Бельгійская дэлегацыя вельмі зацікавілася маёй работай, але ўсё ўпіраецца ў веданне мовы. Зараз ударна займаюся. Вельмі спадзяюся, што ўсё атрымаецца найлепшым чынам.

А яшчэ на фестывалі паказвалі невялічкія ўрыўкі. У мяне быў 20-хвілінны "кавалачак", і камісія гэтак зацікавілася ім, што запрасіла на наступны год ўжо з суцэльным спектаклем на гастролі на Кіпр...

Пра тэатр увогуле

Фестываль фестывалем, але ж пачаліся працоўныя будні. Тэатр, заўважым, – не пастаяннае свята з феерверкам. Цікава, як успрымае тэатр наша гераіня, актрыса па прафесіі?

– Ілона, кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі. З чаго ён пачаўся для вас?

– Выказванне пра вешалку, безумоўна, геніяльнае. У нас жа, напэўна, тэатр пачынаецца з вахцёра.

– Міма яго не прайсці?

– Дакладна так. Спачатку, калі прыходзіла, заўсёды чула пагрозлівы воклік: "Хто такія? Чаму прыйшлі? Што вы тут робіце?". Даводзілася тлумачыць, што я актрыса, што, у прынцыпе, ужо працую ў гэтым тэатры...

Для мяне ж тэатр пачынаецца з працы над сабой. Акцёрская задача – прыняць усе заўвагі рэжысёра і працаваць, ажыццяўляючы іх.

– Хіба ж заўсёды трэба адпавядаць задуме рэжысёра? Можа, варта паспрачацца з ім, даказаць сваю праўду?

– Рэжысёру заўсёды трэба давяраць. Нават калі мне не падабаецца пастаўленая задача і хочацца перайначыць яе па-свойму, я раблю так, як гаворыць рэжысёр.

Вось параўнаем наш тэатр і замежны, напрыклад, французскі. Нашы акцёры вельмі капрызныя. За мяжой жа гэтага нельга рабіць, спрачацца проста не прынята. На рэпетыцыі заўвагі і распараджэнні рэжысёра не абмяркоўваюцца! Пасля – акцёр мае права ў прыватным парадку падысці, прапанаваць рэжысёру свой погляд. Але капрызіць у час рэпетыцыі: гэта мне не падыходзіць, гэтага я рабіць не буду, можаце здымаць мяне з ролі, – так не павінна быць. Гэта вельмі дрэнная рыса многіх нашых акцёраў.

– Хоць і кажуць: "Не ствары сабе куміра", – але часам нам хочацца быць на кагосьці падобнымі. Ці ёсць акцёры-знакамітасці, ад якіх вы б жадалі нешта ўзяць?

– Куміра ў мяне, пэўна, няма. Ад кожнага акцёра я ўспрымаю нейкую адну рысачку, асобны прыём, якія спадабаліся. Гляджу старыя пастаноўкі: "Юнона і Авось", "Зорка і смерць Хаакіна Мур'еты", – і вучуся нечаму нават на чужых памылках. Аднак я не імкнуся капіраваць, проста захапляюся. А быць падобнай на некага... Я хачу быць падобнай на сябе.

Пра мары

У дзяцінстве многія марылі стаць вядомымі людзьмі: касманаўтамі, урачамі, артыстамі, героямі-пагранічнікамі. Ілона Казакевіч хацела стаць опернай спявачкай, а стала актрысай музычнага тэатра.

– Не сакрэт, што многія дзяўчаты жадаюць быць актрысамі. Аднак нават самыя таленавітыя з іх часта не ўпэўнены ў сваіх сілах, саромеюцца. Што можа параіць ім прафесійная актрыса, якая, так бы мовіць, ужо адбылася?

– А я яшчэ не адбылася! (Смяецца). Бо дыплом БелАМ нічога не значыць, гэта проста "корка". Сапраўдны дыплом трэба выдаваць пасля апошняга спектакля, напрыканцы творчага жыцця. А да гэтага ўвесь час людзі навучаюцца. Наш педагог, Барыс Пятровіч, гаварыў: "Вось паступае абітурыент у акадэмію. На першым курсе ён – народная зорка, на другім – заслужаны дзеяч, на трэцім – артыст, а на чацвёртым – проста студэнт". Так страшна было выходзіць пасля студэнцкай сцэны на сапраўдную тэатральную, і адчуваць, што я нічога не ведаю і не ўмею...

Што параіць і пажадаць пачынаючым дзяўчатам і хлопцам? Не баяцца. I перш за ўсё працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць. А хваляванне – гэта нармальная з'ява.

– Ілона, а ў вас засталіся з часоў "пачынальніцтва" запаветныя, але пакуль не здзейсненыя мары?

– Так. Мая мара – сыграць у спектаклі Лойда Вебера "Прывід оперы" (Крысціну), у пастаноўцы Рыбнікава "Юнона і Авось" (Канчыту) і "Зорка і смерць Хаакіна Мур'еты" (Зорку). Калісьці, дарэчы, мы планавалі здзейсніць апошні з гэтых намераў, я павінна была стаяць на высачэзным, метраў у 7 ці 17, не памятаю, "пастаменце"-станку, і спяваць...

Пра будучыню

– Традыцыйнае пытанне пра творчыя планы я прапаную вам нетрадыцыйна падзяліць на 3 часткі: планы на заўтра, на год і "на потым".

– На заўтра? Лепш павялічыць тэрмін да месяца. У Музычным тэатры ў бліжэйшы месяц ёсць два спектаклі, дзе я вельмі хачу ўдзельнічаць: "Ноч у Венецыі" (сыграць бы Чыбалету) і "Шклянка вады" (роля Абігайль).

За год я паставіла для сябе мэту вывучыць англійскую мову, каб творчая перспектыва была... больш глабальнай, калі можна так сказаць.

А па жыцці – хацелася б як мага больш добрых прац, добрых рэжысёраў... Напэўна, маё шчасце складаецца з гэтага. На Новы год усе пішуць на паперцы жаданні, потым паляць паперку, кідаюць попел у шампанскае і хутка выпіваюць, – ведаеце гэтую завядзёнку? Я заўсёды, ужо каторы год, загадваю: першае жаданне – кар'ера, ролі, якія я буду любіць і рабіць з задавальненнем, другое – здароўе, трэцяе – шчасце ў асабістым жыцці.

– Так, добрыя жаданні маюць тэндэнцыю спраўджвацца. Спадзяюся, і на гэты раз так будзе. Дзякуй за размову.

В. ЦЕЛЯШУК.
Чырвоная змена. – 2001. – 27 кастр.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: