Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Галактыка... для ўсiх? (2002 г., Лiтаратура і мастацтва)

Галактыка... для ўсiх? (2002 г., Лiтаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ГАЛАКТЫКА... ДЛЯ ЎСIХ?

Словам "галактыка" вызначаюцца гіганцкія зорныя сістэмы. Уяўляеце ўмоўны касмічны дом? У iм – безліч зорак: i галоўных, "з iменамi", i другой-трэцяй велічыні, i драбнаватых, ды ўсё адно зіхоткіx; i пакуль не адкрытых, i пакуль не названых...

А што ў такім разе азначае галактыка ...кахання?!

Што сабе нi ўяўляй, шукаючы адказу на гэтае пытанне, уласную фантазію давядзецца ўрэшце параўноўваць з аб'ектыўным жыццём. Так-так, "Галактыка кахання" – з'ява жыцця. Ды не абы-якога жыцця, а творчага: вызначаюць гэтыя два словы ідэю i вобраз новай працы Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусі.

Эстраднае шоу "Галактыка кахання" – плён ініцыятывы дырэктара тэатра A. Іcaeва, які запрасіў з Растова дырыжора i аранжыроўшчыка М. Радзінскага для падрыхтоўкі фанаграм (класныя беларускія аранжыроўшчыкі чамусьці аказаліся незапатрабаваныя), а пастаноўку відовішча даверыў нашаму вядомаму рэжысёру В. Бізюку.

Абмежаваныя фінансавыя магчымасці не дазволілі пакуль дамовіцца з мастакамі, таму "апранаць сцэну" давялося пераважна за кошт калектыўнай фантазіі стваральнікаў ды ўдзельнікаў прэм'еры, шляхам падбору візуальных выразных сродкаў, якія мае тэатр. Што да спецэфектаў... Выкарыстанне жывога агню катэгарычна забаранілі службы МНС. На тое, каб у фінале спектакля ўразіць публіку, напрыклад, маляўнічым выбухам канфеці, бракуе сродкаў: 20 секунд такой радасці вымагае 195 долараў! Нават з выкарыстаннем экрана, які падчас шоу "набліжае" да гледачоў аблічча выканаўцы, расквечваецца камп'ютэрнымі малюнкамі, калажамі кінакадраў i да т.п., – нават з гэтым ёсць праблемы. За арэнду прыстасавання, якое мусіць быць у арсенале кожнага сучаснага тэатра, трэба своечасова разлічвацца, інакш гаспадары экрана могуць проста...не даць яго на спектакль (аднойчы так ужо было). Набыццё ж уласнага экрана – гэта 50-70 тысяч долараў, якія не надта проста здабыць.

Пры ўcix нягодах, прэм'ера жыве, "Галактыка..." поўніцца зopкамi музычнага тэатра, пачуццямі шчырай узаемнай любові артыстаў i публікі, іскрынкамі натхнення i майстэрства. На працягу дзвюх з лішкам гадзін, без антракта i абвестак (на жаль, няма нават праграмкі), "нон-стопам" змяняюць адно аднаго сцэны з аперэт i мюзіклаў, харэаграфічныя нумары, папулярныя оперныя арыі, эстрадныя песні. Іх падрыхтавана ці не 60 (!), у кожны спектакль уключаецца каля паловы.

Сінтэтычнае гучанне фанаграмы, загрувашчаныя "электронікай" аранжыроўкі хутка надакучваюць i прымушаюць замілавана ўспомніць хай сабе інтанацыйна i выкшталцоны, з фальшывінкай, але жывы аркестр жывога Музычнага тэатра. Балазе, артысты (у тым ліку хор пад кіраўніцтвам С. Пятровай), асвоіўшы нязвыклую працу з мікрафонамі, спяваюць жыўцом, дынамічна рухаюцца пад "мінусоўку" ў прасторы "галактыкі".

Якая цудоўная моладзь прыйшла ў трупу! Арганічна дапаўняюць адно аднаго артысты новагa, вядучага, сталага пакаленняў! Дуэт з "Пацалунка Чаніты" Ю. Мілюціна ў выкананні І. Шыцікавай ды Э. Мартынюка, "Шаланды поўныя кефалі" i куплеты Мэкі-Нажа з А. Ранцанцам у атачэнні К. Дзегцяровай, Д. Якубовіча, Ю. Шпілеўскай; І. Цярэнцьева ў вобразе Пепіты-д'ябла, В. Сердзюкоў у куплетах Зупана. Душка Бонi – Д. Якубовіч, пластычны танец Ю. Шпілеўскай ды Д. Якубовіча. "Брадвейскія" персанажы К. Дзегцяровай ("Чыкага, нашы дні"), І. Казакевіч ды А. Грыненка ("Прывід оперы"). То ў абліччы Кармэн, а то ў грыме "пад Лайзу Мінэлі" – С. Маціеўская. Шубертава "Ave Maria" з Л. Лют. Сапраўдны прэм'ер ва ўсіх ролях – В. Бажэнаў, непараўнальная прыма – Н. Гайда. I гучнагалосы абаяльны А. Ісаеў. Колькі ж ix!

Калейдаскоп мелодый, стыляў, манер. Музыка розных часоў i народаў. "Чардаш" i "Хава нагіла", усходні танец i савецкая песня, канкан i танга, "Хабанера" i "Шымі"... Адкрытая для ўcix "Галактыка кахання"! Шкада, не знайшлося ў ёй месца для беларускай мелодыі, беларускага слова... Xiбa не ўпрыгожыла б фінал гэтага стракатага шоу, напрыклад, наша класічная "Зорка Венера" – так i ўяўляю сабе яе гучанне ў сакавітай сучаснай аранжыроўцы, з хорам, з пранікнёным барытонам А. Ісаева...

У адрозненне ад іншых пастановак, "Галактыка кахання" – адкрыты праект. Ініцыятыўныя артысты не спыняюць пошук рэпертуару, прапануюць свае нумары, з якімі хацелі б удзельнічаць у гэтым шоу. Дачакаемся новага?

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Лiтаратура і мастацтва. – 2002. – 8 лют.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: