« Назад
ЗНАЙСЦІ ПРЫЗВАННЕ Ў ХОРЫ
У кожнай класічнай аперэце ўдзельнічае хор. Са з'яўленнем новых жанраў – мюзікла, эстраднага шоу – яго роля ў спектаклях значна ўзрасла. У сёлетняй прэм'еры Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусі "Галактыка кахання" хор увогуле знаходзіцца ў цэнтры ўвагі гледачоў. Ён працуе на сцэне больш за ўсіх іншых выканаўцаў.
Наша размова з галоўным хормайстрам Святланай Пятровай пра тое, што ўяўляе сабой сёння хор папулярнага музычнага тэатра краіны, у якім ён творчым стане, ці можа спаборнічаць са славутым хорам Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі.
– Перад хорам паўсталі больш разнапланавыя задачы. Цяпер у нашым рэпертуары болей жанраў, чым было раней. Калі раней мы працавалі, у асноўным, над аперэтай, то сёння – і над эстраднымі шоу, і над тэматычнымі канцэртамі – напрыклад, паводле твораў Дунаеўскага. Да оперы яшчэ справа не дайшла, але, думаю, з часам і гэта будзе для нас актуальна.
– Так, у Музычным тэатры можна ставіць не толькі музычную камедыю, але і музычную драму. У чым тут адрозненне функцый хору?
– У музычнай камедыі, на мой погляд, функцыі хору больш шырокія. Існаванне хору на сцэне опернага тэатра даволі статычнае. Галоўная яго задача – выйсці і дакладна, яскрава выканаць партыю. Наш хор, бадай, больш удзельнічае непасрэдна ў сцэнічным дзеянні. З гэтай прычыны ёсць нават пэўнае абмежаванне ўзросту пры прыёме ў наш калектыў. Харысты павінны мець здольнасць добра рухацца, быць дынамічнымі на сцэне, асабліва ў мюзікле. У некаторых замежных краінах увогуле няма падзелу на хор і балет у сучасных музычных тэатрах. Калі артыст прыходзіць уладкоўвацца на працу, ён спявае і танцуе.
…Рэпетыцыя хору перад вячэрнім спектаклем. Прасторная зала цокальнага паверха задрапіраваная чырвонай тканінай. На вокнах – белыя жалюзі. У цэнтры залы – чорны раяль, які, напэўна, шмат "пабачыў" на сваім вяку. За ім – трох'ярусны подыум. Верхні рад займаюць мужчыны. Два ніжнія належаць цудойнай палове хору.
"Дили-дили-дили-дили-ди-ли", – гучна, на "фортэ", спявае хор знакамітую мелодыю Дунаеўскага, – Дили-дили-дили-дили-бом! Мы ли в шторм и штили не ходили…" Стоп! – пляскае ў далоні Святлана Пятрова. – Паўторым у голас: "Мы ли в шторм и штили не ходили!"
Хор некалькі разоў паўтарае складаную для вымаўлення фразу…
– А хор мае сёння ўсе неабходныя магчымасці? Ён цалкам укамплектаваны? Які прафесійны ўзровень харыстаў?
– Не магу сказаць, што хор укамплектаваны так, як патрабуецца. Не хапае мужчынскіх галасоў, а таксама жаночых – альтовай групы. Камплектаваць хор сёння даволі складана. Некаторыя таленавітыя харысты сыходзяць у оперны тэатр. Мне, вядома, прыемна, што ад нас ідуць "не куды-небудзь", а ў оперны, але… Увогуле, я зрабіла б два склады хору, каб пашырыць яго магчымасці, у тым ліку за кошт канцэртнай дзейнасці.
Хор Музычнага тэатра існуе ўжо 30 гадоў. Доўгі час ім кіравала таленавіты прафесійнік, сапраўдны майстар сваёй справы Нэла Андросава. З першых гадоў дзейнасці хору па сёння ў ім спяваюць артысты старэйшага пакалення: Л. Казючыц, З. Мінгалёва, М. Шэляпіна, Л. Емяльянава, Ф. Міркіна, I. Літвін, М. Дубарэзаў, М. Куршацоў, В. Шэйпа.
– З якіх навучальных устаноў, у асноўным, прыходзяць у ваш хор?
– Да нас "прыходзіць" Мінскае музычнае вучылішча, як вакальнае аддзяленне, так і харавога дырыжыравання. Універсітэт культуры таксама рыхтуе для нас кадры. З Акадэміі музыкі ёсць выпускнікі. Хацелася б, каб болей прыходзіла моладзі з вакальнай адукацыяй. Але гэта ў значнай ступені залежыць ад нашых заробкаў…
– Сёй-той кажа, што харыст – гэта вакаліст, які не знайшоў сябе ў ролі саліста. Гэта так? Ці спяваць у хоры таксама прызванне?
– Думаю, нельга казаць пра харыстаў – маўляў, яны "не дацягнулі" да салістаў. Так, некаторыя з іх сапраўды прыходзяць у хор з марай выйсці ў салісты. Але не ўсе робяцца салістамі. I зусім не таму, што ў іх не хапае таленту. Яны знаходзяць сваё прызванне ў харавым мастацтве. Уменне адчуваць ансамбль, знаходзіць аптымальнае гучанне голасу, каб не "вытыркаць" яго, – не кожны саліст на гэта здольны.
– У многіх харыстаў – акадэмічная адукацыя. А ў музычным тэатры ім даводзіцца ўдзельнічаць у праектах накшталт папулярнага шоу. Як яны да гэтага ставяцца?
– Па-рознаму. Але ў прынцыпе, жанр шоу для нас новы, а ўсё новае – цікава. Для мяне самой было цікава паспрабаваць свае сілы ў новым жанры: што з гэтага атрымаецца. Я лічу, што хор дастаткова хутка злавіў сутнасць эстраднай манеры. Вы маглі гэта адчуць нават сёння, на рэпетыцыі, калі мы выконвалі Дунаеўскага. Цяпер назіраецца тэндэнцыя амаль кожны канцэрт ператвараць у відовішча з элементамі шоу. Возьмем, для прыкладу, канцэрты Павароці, Карэраса, Дамінга: на сцэне амаль заўсёды прысутнічае хор, прычым, вялікі хор! Стваральнікі канцэрта выкарыстоўваюць усе сродкі, каб прыцягнуць увагу гледачоў да таго, што адбываецца на сцэне. У такіх шоу для хору вызначана вельмі важнае месца. Бо хор узбагачае і гучанне голасу саліста.
– Часта харыстам даводзіцца выступаць у ролі артыстаў, быць у цэнтры ўвагі публікі, удзельнічаць у сцэнічным дзеянні, крыху іграць. Гэта ўплывае на якасць выканання?
– Для мяне, вядома, важна, каб у першую чаргу хор гучаў чыста, дакладна. Ды сцэнічныя задачы ў харыстаў бываюць даволі складаныя. Мы не стаім на сцэне нерухома. Так, напрыклад, у адным са спектакляў хор з'яўляецца з-пад вялізнай, метраў у дзесяць, коўдры. Спачатку харысты ляжаць пад коўдрай, потым самі з сябе яе сцягваюць, падымаюцца ўсім табарам і адразу ўступаюць у тон. Гэта адбываецца пасля таго, як яны дзесяць хвілін дыхалі пад коўдрай. А ў іншай пастаноўцы мы стаім… спінай да дырыжора. Не бачым дырыжора – ускладняецца задача для хору. А яшчэ нас любяць ставіць вельмі высока, "пад аблокі"…
– Часам на эстрадзе хор, ці вакальная група падтрымкі, выконвае важную ролю, калі голас у выканаўцы не вельмі выразны, а хор дапаўняе яго гучанне. У музычным тэатры такая праблема магчымая?
– У прынцыпе, хор і закліканы падыгрываць салістам, суправаджаць іх голас. У нас няма задачы "зацямніць" салістаў; падтрымліваць іх – так. Магу сказаць, што ў нашым хоры ёсць галасы не горшыя, чым у салістаў тэатра. Дый з хору выйшлі многія салісты, напрыклад, Антон Заянчкоўскі, Лідзія Кузьміцкая, пачынаў у нас і Васіль Мінгалёў.
Сама ж Святлана Пятрова скончыла Свярдлоўскую кансерваторыю па класе харавога дырыжыравання. Потым з мужам, таксама музыкантам, пераехалі ў Омск. Ён (цяпер – заслужаны артыст, вядучы барытон Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі Уладзімір Пятроў) працаваў у оперным тэатры, яна выкладала харавыя дысцыпліны ў Інстуце культуры. Думала, што ўсё жыццё будзе займацца педагогікай. Мела "свой" студэнцкі хор, абрала свой кірунак навуковай дзейнасці. Але ў Мінску для яе знайшлася праца хормайстра ў Тэатры музкамедыі. Праз некалькі гадоў яна стала галоўным хормайстрам. У наступным годзе адзначыць юбілей – дзесяты сезон у тэатры.
– Што сёння ў планах? Над чым працуе хор?
– Задумваем вялікі творчы вечар хору. Хочацца зрабіць падарунак як для аматараў тэатра, так і для людзей, якія ўсё жыццё прысвяцілі працы ў ім. Хачу, каб людзі адчулі свята. Возьмем рэпертуар мінулых гадоў, перагледзім новы. Запросім салістаў з гучнымі імёнамі. Вопыт працы над канцэртам спатрэбіцца хору ў будучым. Бо гэта вялікі стымул для творчасці.
"Жанчыны могуць ісці грыміравацца, мужчыны застаюцца!" – кажа Святлана Пятрова. Яна дае некалькі заўваг артыстам мужчынскай групы, яшчэ раз праслухоўвае іх нумар. У зале ўсталёўваецца цішыня. Мы пачынаем размаўляць. Але па радыётрансляцыі – гучнай сувязі з усімі памяшканнямі тэатра, – абвяшчаюць пачатак спектакля…
А. АХМЕТШЫН. Лiтаратура і мастацтва. – 2002. – 14 чэрв.
|