Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сыльва і рэжысэры (2003 г., Наша Нiва)

Сыльва і рэжысэры (2003 г., Наша Нiва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

СЫЛЬВА І РЭЖЫСЭРЫ

"Каралева чардашу", на прэм’еру якой нас запрашае мінскі тэатр музкамэдыі, – усё тая ж "Сыльва". Але адначасова зусім не тая. Іншыя яе імёны – "Цыганская прынцэса", "Дзіця шантану", "Дзяўчына з Рыўеры".

Першакрыніцаю ўсіх версіяў быў спэктакль, пастаўлены ў 1915 г. тэатрам імя Штрауса. Гэтая апэрэта ў трох актах, прысьвечаная артыстцы будапэсцкага кабарэ Сыльве Варэску, звалася "Хай жыве любоў". Лібрэта па-нямецку склалі вугорскія габрэі Лео Штэйн і Бэла Енбах – тыя, што стварылі сюжэт "Вясёлай удавы". Музыку напісаў Эмэрых Кальман – таксама вугорскі габрэй, які ў свае 33 гады ашчаслівіў сьвет толькі парай нікому не патрэбных сымфоніяў і дзьвюма апэрэтамі.

Новы спэктакль меў казачны поспех. За некалькі месяцаў ён заваяваў Вену, Будапэшт, Лёндан ды Парыж. Аперэту пераназвалі ў "Княгіню чардашу" альбо "Цыганскую прынцэсу". У верасьні 1917 г. ейная слава сягнула Нью-Ёрку. Пастаноўка ў брадвейскім тэатры "Новы Амстэрдам" прайшла 78 разоў. Лібрэта было цалкам перапісанае: амэрыканская "Сыльва" звалася "Дзяўчына з Рыўеры".

Нацысты выкінулі Кальмана з тытраў

У Расеі для яе таксама вымысьлілі новы назоў – "Дзіця шантану". Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. апэрэта пра дзяўчыну з народу, ахвяру каставых забабонаў, была вельмі дарэчы. Тэкст пераклалі, спрасьціўшы: князя Эдвіна Валерштайна пераўтварылі ў прынца Валапюка, а ягонага бацьку – ў паўдурка. Сыльву пазбавілі цыганскасьці, а заадно й тытулу "княгіні". Прэм’ера адбылася ўлетку і мела грандыёзны посьпех.

Пасля кастрычніцкага перавароту слова "шантан" таксама стала непажаданым. І дырэктар пецярбургскага тэатру "Летні буф" Апалінары Фэана, які стварыў тое "Дзіця", мусіў ізноў спрашчаць: апэрэта стала звацца "Сыльва", тэксты арыяў складалі напаўгалодныя пецярбурскія паэты, мэлёдыі рабіліся простымі, а дыялёгі – пляскатымі, як талерка…. Так выйшаў твор, якім захапляліся некалькі пакаленьняў савецкіх людзей.

Тым часам першасная "Княгіня чардашу" была ў Эўропе на піку папулярнасьці. Упершыню яе экранізавалі ў Нямеччыне ў 1919 г. бяз гуку, але музыка была ўва ўсіх на слыху. Першы гукавы фільм на сюжэт "Сыльвы" таксама быў створаны ў Нямеччыне ў 1927 г. Трэцяя нямецкая вэрсія 1934 г., з удзелам кіназоркі Марты Эгерт, сталася адной з самых папулярных стужак у Трэцім Райху. Фільм рэжысэра Георга Якобі так падабаўся немцам, што гітлераўцы не рызыкнулі яго зьнішчыць. Яны проста выкінулі габрэйскае прозьвішча Кальман з тытраў.

Першую савецкую экранізацыю аперэты ажыцьцявілі ў 1944 г. на Сьвярдлоўскай кінастудыі. Значная частка арыгінальнай музыкі кудысьці зьнікла, яе замянілі вульгарныя песенкі нейкага Ўладзіміра Беліца. Імя кампазытара таксама з часам падмянілі: габрэйскае "Эмерых" перетварылася ў вугорскае "Імрэ".

"Сыльва" з дэфармаваным бальшавікамі лібрэта спраўна "рабіла касу" ва ўсіх тэатрах музкамедыі СССР. Сотні апэрэтачных барытонаў з фальшывым энтузіязмам пяялі: "Без женщин жить нельзя на свете, нет!". Нават у фільме рэжысэра Яна Фрыда, які выйшаў на экраны ў 1981 г., князя па-ранейшаму звалі Эдвін Валапюк.

Першым насьмеліўся вярнуць героям сапраўдныя iмёны Вячаслаў Цюпа, кіраўнік менскага тэатру музкамэдыі. Ягоная "Сыльва", пастаўленая ў сярэдзіне 1980-х, жыла на беларускай сцэне больш за дзесяць гадоў. Пасьля Цюпа вымушаны быў зьехаць, хоць дагэтуль упарта трымаецца беларускага грамадзянства, нават кіруючы Краснаярскім тэатрам опэры i балету. Штолета Цюпа зь сям'ёй едзе на аўтамабілі праз усю Расею i паў-Беларусі, каб убачыць бацькоў, што засталіся ў Менску.

Цэцылія замест Сыльвы

У сярэдзіне 80-х савецкія дзеячы музычнага тэатру пачалі шукаць аўтэнтычны варыянт "Сыльвы". Здавалася б, чаго тут шукаць? "Княгіня чардашу" ніколі не зьнікала з рэпэртуару нямецкамоўных тэатраў. Не заўжды гэтыя спэктаклі вытрыманыя ў традыцыйным стылі. Дзея "Княгіні чардашу", пастаўленай Крыстофам Альбрэхтам у дрэздэнскай "Сэмпэр Опэра", адбываецца падчас першай сусьветнай вайны, Сыльва танчыць зь безгаловым жаўнерам, а па-над сцэнай лётаюць фрагмэнты чалавечых целаў. Спэктакль быў забаронены пастановаю гарадскога суду.

Аднак расейскія рэжысэры шукалі аўтэнтычную "Сыльву" ня ў Аўстрыі цi Нямеччыне, а ў сацыялістычнай Вугоршчыне. Савецкая прапаганда заўжды настойліва падкрэслівала вугорскасьць Кальмана, хоць уся ягоная творчасьць была зьвязаная зь Венай i зь нямецкаю моваю. Вэрсія "Сыльвы", якую гралi ў Будапэсцкім тэатры апэрэты, моцна розьнілася ад арыгіналу. Aўтарамі яе былі Іштван Бэкефі i Дэса Келер. На пачатку 1950-х яны перапісалі старое нямецкае лібрэта з разьлікам на вугорскую пяюльлю Ганну Гонці.

Тая ў свой час была непараўнальнай Сыльвай, а пастарэўшы, патрабавала "сталых роляў". Таму галоўным пэрсанажам апэрэты вугорцы зрабілі ня Сыльву, а маці Эдвіна, якая стала называцца Цэцыіяй фон Валерсгейм, што гучала больш па-вугорску, чым Валерштайн. Паводле новага сюжэту, у маладыя гады Цэцылiя была артысткаю кабарэ, – але прамяняла славу каралевы чардашу на багацьце. Некаторыя ранейшыя aрыі Сыльвы ўпрыгожылі партыю Цэцыліі. Састарэлая гераіня танчыла, жартавала i разважала больш, чым ейная маладая суперніца.

Так "Княгіня чардашу" пераўтварылася ў "Каралеву чардашу" i ў перакладах з вугорскай трапіла ў СССР. Лібрэта выявілася занадта доугім i блытаным для постсавецкага гледача, які прывык, што ў апэрэце думаць ня трэба. У Санкт-Пецярбурскім тэатры музкамэдыі пераклад скарацілі да двух актаў, выкінуўшы ўсе дадатковыя сюжэтныя лініі. Новую сцэнічную рэдакцыю i пастаноўку "Каралевы чардашу" ажыццявіў у 1995 г. рэжысэр Аляксандар Бялінскі. Ролю Сыльвы выконвае колішняя беларуская прыма Сьвятлана Лугава. На пачатку 1990-х яна яскрава прэзэнтавалася ў беларускай "Сыльве".

Салодкая другаснасьць

Пецярбурская "Каралева чардашу" глянулася менскаму тэатру музкамэдыі, калі паўстала пытаньне, чым запаўняць дзіркі ў рэпэртуары. Дый галоўная роля ў п'есе пасуе знакамітай Натальлі Гайдзе. Яна ў ролі Цэцылii Валерсгейм пераўзышла саму сябе. Сьпявае i танчыць з такім маладым запалам, бляскам ды лёгкасьцю, што юныя прымы могуць ей толькі пазайздросьціць. Глыбокае ўражаньне робіць эпізод, калі герaiня пасьля працяглага перапынку трапляе ў вар'етэ, дзе яна калісьці выступала. Тутака душа артысткі раскрываецца перад гледачамі ва ўсёй прыгажосьці.

Сыльву Варэску грае Людміла Станевіч. Яна здолела стварыць вобраз, адрозны ад правінцыйных апэрэтачных штампаў; вобраз, якому спачуваеш, – глыбокі i хвалявальны. Адзінае, што ёй крыху замінае, гэта недасканаласьць вакальнай артыкуляцыі – недахоп, тыповы для нашых актораў-сьпевакоў.

Антон Заянчкоўскі – вельмі абаяльны Эдвін з прыгожым голасам, але зусім не падобны да атожылка княскага роду. I тварам, i манерамі, i постацьцю, i малінавым пінжаком, у які яго недарэчна апранулі, ён больш нагадвае былога камсамольскага актывіста, які poбіць кар'еру ў бізнэсе.

Віктар Шабуня – дасьведчаны актор апэрэты – у ролi графа Бонi Канчыяну бліскуча сыграў самога сябе. Ірына Цярэнцьева – жывая i какетлівая – запомнілася ў ролі графіні Cтaci; ёй можна было нават дараваць ня надта зграбныя танцы. Герман Казлоў у ролі Фэры – задуменны, інтэлігентны i тонкі; ягоны натхнёны артыстызм надае спэктаклю дадатковае вымярэньне. Аднак гукарэжысэру варта было б паклапаціцца, каб лірычныя маналёгі Казлова лепей даходзілі да апошніх радоў партэру; яны на тое заслугоўваюць! Арнольд Ранцанц у ролі Miшкі – як заўжды, калярытны, поўны энэргіі ды неўміральнага аптымізму. Сцэнічнае слова гучыць у ягоных вуснах надзвычай смачна i асэнсавана. Здаецца, што рэплікі Ранцанца падчас спэктаклю добра чуваць ня толькі у фае i буфэце, але й на блізкім тралейбусным прыпынку. Ранцанц i Казлоў штовечар зачароўваюць публіку бліскучымі імправізацыямі.

На акторскім партнэрстве i трымаецца ўвесь спэктакль. Рэжысэр Барыс Утораў не абмяжоўваў калектыўнай творчасьці актораў, i яны па-дзiцячaмy цешацца гэткай нечаканай свабодай. Мастак Барыс Герлаван стварыў для ix стылёвыя, насычаныя сьвятлом дэкарацыі, што нават у змрочныя, драматычныя моманты ахоўваюць гледачоў i актораў ад залішняга суму. Як i касьцюмы, вытрыманыя ў сьветлай, сьвяточнай гаме. Добра прэзэнтуюцца хор i балет, у якім адметна глядзіцца маленькая японская танцорка, грацыёзная, як статуэтка Нэцке.

I пад уплывам гэткіх пазытыўных уражаньняў ужо ня важна, што "Каралева чардашу" ня сталася мастацкім адкрыцьцём. Што літаратурны матэрыял, паводле якога паўстаў спэктакль, быў узяты з другіх рук i далёк ад арыгінальнай вэрсіі. Не дажылі мы яшчэ да сапраўднай самабытнасьці. Не навучыліся аналізаваць крыніцы, зь якіх бяром, ствараць свае канцэпцыі i прадаваць свой прадукт у іншыя краіны. Мы па-ранейшаму запазычваем – якасна, з прыемнасьцю для зроку, але нятворча. Гэта другаснасьць, якую мы мусім пераадолець.

Юлія АНДРЭЕВА.
Наша Нiва. – 2003. – 6 чэрв. – С. 13.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: