Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Свет імкнецца да класікі (2003 г., Лiтаратура і мастацтва)

Свет імкнецца да класікі (2003 г., Лiтаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СВЕТ ІМКНЕЦЦА ДА КЛАСІКІ

Аднойчы дажджлівым чэрвеньскім днём я завітала ў Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж. І хаця калідоры яго былі пустыя і маўклівыя, паўсюль панавала атмасфера ўзнёсласці і ўрачыстасці: ішлі экзамены. Навучэнцы трэцяга курса – вучні Ніны Мікалаеўны Дзьячэнкі – трымалі ў той дзень іспыт па народна-сцэнічным танцы. І, ведаеце, што цікава: хваля танца настолькі захапіла мяне, што адразу ж забыўся і дождж, і халодны вецер, хаця літаральна дзве хвіліны таму так бязлітасна сапсавалі мне настрой. Рускія, венгерскія, іспанскія танцы змянялі адно аднаго, а я час-почас адводзіла вочы ад юных танцораў, каб паназіраць за іх педагогам.

Што адчувае настаўнік? Вучні здаюць экзамен, паказваюць тое, над чым ён так доўга з імі працаваў: ці не саб'юцца з рытму, ці данясуць да гледачоў настрой танца? Ніна Мікалаеўна стаяла крыху ўбаку, але здавалася, што яна і вучні – адно цэлае, што педагог запальвае ў іx полымя натхнення і ўжо нішто не перашкодзіць святу прыгажосці. Выступілі дастойна, атрымалі добрыя адзнакі і водгукі экзаменатараў. А пасля абступілі Ніну Мікалаеўну, і нават мне, чужому чалавеку, было відаць, як любяць яе вучні. Як, дарэчы, і артысты балета Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, дзе Ніна Дзячэнка – галоўны балетмайстар.

– Ніна Мікалаеўна, ці даўно вы ў балеце?

– Я танцую з пяці гадоў. Помню, танцавала паўсюль: і дома, і на вуліцы. Чула музыку і імправізавала. Да таго ж для кожнага танца я імкнулася знайсці адпаведны "касцюм": выкарыстоўвала нават капу і падушкі. Мой тата быў вайсковец, і сям'я заўсёды вандравала следам за ім. Доўгі час мы жылі ў Есентуках, дзе я і пайшла ў гурток самадзейнасці Дома піянераў: маме надакучыла, што дачка ўвесь час скача па кватэры. Нас вучыла цудоўны педагог Марыя Лукіна. Яна вельмі любіла балет, сама была салісткай тэатра аперэты. Хаця мы, вучні, былі зусім маленькія, яна ставіла з намі сапраўдныя балеты. Першай маёй вядучай партыяй была Чырвоная Шапачка ў аднайменным балеце. І, ведаеце, я вельмі ўдзячная сваёй маці, якая адпусціла мяне потым вучыцца ў Пермскае харэаграфічнае вучылішча. Яна разумела, што на Каўказе атрымаць балетную адукацыю я не змагу, там няма адпаведных вучэбных устаноў. Мне было 11 гадоў, але ж я добра ўсведамляла, што хачу стаць менавіта балерынай. Тады пачалося маё самастойнае жыццё. А пасля заканчэння вучылішча я прыйшла працаваць у Пермскі оперны тэатр.

– Былі іншыя прапановы?

– Так, але добра, што я трапіла менавіта ў Пермскі тэатр. Там працавалі мае педагогі. Да таго ж, гэты тэатр – адзін са старэйшых у былым СССР. У час вайны з Ленінграда эвакуіравалі Kіpaўcкі тэатр, і частка артыстаў засталася ў Пермскім. Знакамітая вучаніца Агрыпіны Ваганавай Кацярына Гейденрэйх была арганізатарам харэаграфічнага вучылішча ў гэтым горадзе. Яго выпускнікі – цудоўныя танцоўшчыкі – працуюць сёння па ўcім свеце.

– Якія партыі вы выконвалі?

– Я танцавала ўвесь характарны і сучасны рэпертуар. А таксама такія класічныя партыі, як Фея Бэзу ("Спячая прыгажуня"), Эгіна ("Спартак"), Зарэма ("Бахчысарайскі фантан"), Кармэн ("Кармэн-сюіта"). Лес звёў мяне з выдатным балетмайстрам Мікалаем Баярчыкавым. У той час адной з мaіx улюбёных партый была Фартуна ў балеце "Арфей і Эўрыдыка" на музыку Аляксандра Журбіна. У свой час гэты спектакль нapaбіў многа шуму – і ў Пермі, і ў Санкт-Пецярбургу. За аснову была ўзята рок-опера з Ірынай Панароўскай і Альбертам Асадуліным у галоўных ролях: балет быў пастаўлены пад іx галасы і сімфанічны аркестр. Спектакль карыстаўся велізарным поспехам у гледачоў. Харэаграфія была вельмі щкавая: класіка перамяжоўвалася з мадэрнам, калі артысты танцуюць басанож. Я мару, што трупа і нашага тэатра калісьці дакранецца да гэтага цудоўнага твора.

– Ніна Мікалаеўна, як вы апынуліся ў Мінску?

– Мой муж – тэнар, народны артыст Pacіі Эдуард Пелагейчанка. Яго запрасілі працаваць у Mінску. Мы прыехалі, і я трапіла ў Вялікі тэатр Беларусі: Валянцін Елізар'еў паверыў у мяне, і я пачала працаваць рэпетытарам. У той час, калі ў тэатры шла змена пакаленняў, мне даверылі моладзь. З моладдзю я многа працавала і, здаецца, недарэмна: Святлана Раманава, Кацярына Фадзеева, Веніямін Захараў першыя свае крокі на сцэне paбілі пад маім кіраўніцтвам. Затым склалася так, што Дзяржаўнаму тэатру музычнай камедыі Белаpycі быў патрэбны балетмайстар, і мяне запpacілі на гэту пасаду. Тагачасны дырэктар тэатра Сяргей Косцін жадаў узняць культуру тэатра, лічыў, што кожны творчы цэх мусіць мець сваю праграму – і я думаю, гэта правільна, бо дазваляе калектыву ўдасканальвацца і павышаць прафесіяналізм. Была арганізавана трупа, мы назвалі яе "Мінск-балет", каб на афішы была наша ўласная назва. Іспанія, Партугалія, Англія, Шатландыя… Дзе толькі ні пабывалі мы з гастролямі! Трупе нашай ужо дзесяць з лішкам гадоў (24 снежня 1992 года быў пастаўлены балет "Штраўсіяна, або Іспанскі дывертысмент"), і, дарэчы, свой юбілей мы адзначылі на гастролях у Швейцарыі.

– Kaлі ласка, крыху пра вашых артыстаў.

– У нашай трупе ёсць цудоўныя танцоўшчыкі, якіх ведае ўвесь свет: Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў. Дзесяць гадоў яны працуюць тут, маюць высокія ўзнагароды: столькі разоў станавіліся лаўрэатамі самых прэстыжных міжнародных конкурсаў! І, уявіце сабе, дагэтуль яны не маюць званняў заслужаных артыстаў. А як магла б ганарыцца краіна, калі б далёка за яе межамі гледачы ведалі, што Дзятко і Кузняцоў не проста лаўрэаты, а лепшыя прадстаўнікі беларускага мастацтва. Жыццё артыста балета такое кароткае, а гэтая пара якраз у самым росквіце! У тэатры ёсць таксама іншыя таленавітыя танцоўшчыкі, – дублёры славутага дуэта: Віталь Краснаглазаў, Рына Івакіры, Людміла Кісялёва, Максім Kілееў, Рыгор Крукоўскі, Вольга Лядская. Яны ўжо таксама заслугоўваюць званняў, бо глядач іх ведае і любіць.

На жаль, балеты ў нас ідуць вельмі рэдка: чатыры спектаклі: на месяц. Раней было 5-6, але ў свой час трупа наша паменшылася, бо кардэбалет пачаў шукаць больш грашовую працу. Праўда, сарцавіна трупы захавалася, і гэта дало магчымасць нам выжыць. Зараз маглі бы даваць нават па 6-7 балетных спектакляў у месяц, улічваючы, што танцоўшчыкі занятыя таксама ў кожнай аперэце ці ў мюзікле. Спадзяёмся, што дырэкцыя тэатра дапаможа нам зрабіць так, каб балеты ішлі часцей: нікому ж ужо даказваць, што публіка любіць нас. Да таго ж, статус тэатра змяніўся, і на яго сцэне мусяць ісці не толькі музычныя камедыі, аперэты або мюзіклы, ён абавязаны мець у рэпертуары балеты.

– Што вам больш даспадобы: сучасны або класічны рэпертуар?

– Класіка – гэта аснова ўсяго. Калі яе няма ў рэпертуары, прафесійны ўзровень тэатра можа значна панізіцца. Класіка – штодзённая школа для артыста. Росквіт маёй уласнай балетнай кар’еры прыпаў на час працы балетмайстра, які добра валодаў якраз сучаснай харэаграфіяй. Але я лічу, што класіка дадзена звыш, яна ачышчае душу. Сёння ўсе захапляюцца мюзікламі, а, дарэчы, каб добра ў іх танцаваць, трэба мець выдатную класічную школу.

– Акрамя балета, якія віды мастацтва блізкія вам?

– Больш за ўсё я люблю оперу. Менавіта з ёй былі звязаны мае першыя крокі па сцэне ў дзяцінстве. Мы – дзеці – ўдзельнічалі ў многіх спектаклях, напрыклад, у "Яўгеніі Анегіне", дзе перад балам нам паказвалі салістку хору і гаварылі: "Гэта ваша маці", а мы павінны былі выходзіць на сцэну і іграць яе дачку ці сына. У меня тады стварылася ўражанне, што спевакі оперы – ідэальныя людзі: я надзяляла іх рысамі герояў. Менавіта опера ўзгадавала ва мне здольнасць сур’ёзна ўнікаць у складаныя характарныя ролі. А яшчэ ў дзяцінстве мы часта наведвалі сімфанічныя канцэрты – класіка была са мною побач ужо тады. Мы не бадзяліся вечарамі па танцах – у нас быў занятак для душы.

На жаль, сённяшняя моладзь дрэнна ведае оперу, і класіку ўвогуле. Новае пакаленне выхоўваецца на іншай музыцы, якая спустошвае душу, таму я не разумею нашу эстраду. Мне здаецца, што там мала прафесіяналаў. Я б хацела, каб узровень спевакоў набліжаўся да італьянскай спявачкі Рафаэлы Кара, якая валодае высокай музычнай культурай і цудоўнай танцавальнай тэхнікай.

– На ваш погляд, як можна далучыць моладзь да класікі?

– Бацькам трэба вадзіць дзяцей у тэатры, на канцэрты. Яны павінны атрымліваць урокі музычнай граматы. Калі я гадавала дачку, ставіла ёй пласцінкі з музычна-драматычнымі кампазіцыямі паводле балетаў "Лебедзінае возера", "Спячая прыгажуня. Ужо ў сем гадоў яна добра ведала гэтыя творы.

– Ці можна сказаць, што ваша жыццё – балет?

– Канечне, я ж з дзяцінства у ім. З танцоўшчыкамі тэатра ў нас добрыя адносіны, мы паважаем адно аднаго. Нават у вельмі складаныя для нашай трупы часы яны верылі, што ўсё будзе добра, і падтрымлівалі мой энтузіязм. Сення яны таксама стараюцца рабіць усё па максімуму. Мне хочацца супрацоўнічаць з Раду Паклітару – гэта ярчэйшы малады мастак ў галіне балета на сённяшні дзень. Цяпер ён ставіць "Рамэо і Джульету" ў Вялікім тэатры ў Маскве. Памятаеце творчы вечар Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова? Балет "Іn pіvo Verіtas" таксама паставіў Раду Паклітару. Шкада, цікавы спектакль не ўвайшоў у рэпертуар нашага тэатра. Ён будзе ісці ў Адэсе. Мы не цэнім таго, што маем…

– А якая праблема самая вострая для вашай трупы?

– Харэаграфічны каледж сёння выпускае вельмі мала танцоўшчыкаў: іх не хапае на два тэатры. Да таго ж, Нацыянальны тэатр балета звычайна "забірае" ўсіх лепшых. Да нас прыходзяць калі тры, калі два, а то – і ніводнага выпускніка. Дарэчы, яны недастаткова добра падрыхтаваныя. Помню, калі мы заканчвалі вучыцца, маглі танцаваць вядучыя партыі. Сёння ж многія юныя танцоўшчыкі – не могуць. Добра, што ў нашай трупе ёсць майстры, у якіх можна вучыцца!

– А што важна ў прафесіі балетмайстра?

– Галоўнае – талент і мэтанакіраванасць. Можна навучыць неталенавітага чалавека, напрыклад, пісаць карціны, але гэта будзе не мастацтва. Гэтак жа і з балетам. Дарэчы, сёння ўжо ёсць маладыя балетмайстры – выхаванцы беларускай школы: Наталля Фурман, Раду Паклітару, Вольга Рэпіна.

– І, калі ласка, пра замежныя гастролі…

– Калі я танцавала сама, аб’ездзіла амаль увесь свет: Аўстралія, Новая Зеландыя, Амерыка, Галандыя, Францыя, Швейцарыя, Германія і г. д. З нашай трупай мы выязджаем прыкладна раз на год: часцей не ўдаецца, бо ў кожным спектаклі Музычнага тэатра патрэбны балет. Шэсць разоў мы былі ў Іспаніі, шмат паездзілі па Германіі і Швейцарыі. У снежні нас зноў запрасілі ў Швейцарыю. Пакажам там "Жызель" і "Шчаўкунчыка". Дарэчы, на Захадзе сёння людзі імкнуцца менавіта да класікі. На кожным нашым спектаклі – аншлаг. Замежныя гастролі даюць нам штуршок для прафесійнага росту.

Вольга НАВАЖЫЛАВА.
Лiтаратура і мастацтва. – 2003. – 5 снеж.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: