« Назад
ВОСЬ ДЗЕ ІСЦІНА!..
"Піце піва, мужыкі!" – з гэткім лозунгам, відавочна пазычаным з колішняй песні "Сяброў" на словы Валянціны Аколавай, днямi выступіў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. Не, Анатоль Ярмоленка там не выступаў, бо быў вечар балета. Дый гэты лозунг таксама не агучваўся! Ён не быў нават надрукаваны ў праграмках, бо апошніх не было зусім (праўда, некаторыя, у тым ліку і я, атрымалі яе выведзены з камп'ютэра "эскіз", на друкарскае ўвасабленне якога патрабаваліся дадатковыя грошы). Але ўсе роўна: лозунг нібыта лунаў у паветры, як i іншыя "запазычанні", якіх у новым балеце "In PIVO Veritas" было шмат.
Назва спектакля, ды яшчэ "сапсавана-пераробленая", была пазычана не толькі з лацінскага крылатага выразу, але i з верша Аляксандра Блока. Музыка – з двух замежных кампактаў, якія так i чаргаваліся: то ірландская народная песня (вядома, пітная, таму добра, што без перакладу), то ўзвышаны інструментал эпoxi Адраджэння. Піва, якое шчодра налівалася ў вялізныя куфлі падчас усяго дзеяння, было прыдбана артыстамі ў краме (хаця, лічу, магло б быць i "пазычана" дырэкцыяй на піўзаводзе разам з гандлёвым знакам, які, ў такім выпадку, трэба было б прычапіць на шыльдачку "Нашы спонсары", каля якой забяспечыць бясплатную "дэгустацыю" піва гледачамі. Маляваны комін i іншыя прадметы сцэнічнага інтэр'ера былі пазычаны з балета "Дон Кіхот". Сцэнічныя строі – з "Сільфіды". Ідэя танцавальнай сюіты з абрысамі сюжэтнай лініі ўзаемадзеяння персанажаў (а найперш, кахання i рэўнасці) – з балетаў кшталту "Шапэніяна", "Штраусіяна" i г.д. Пераасэнсаванне балетных адажыо i па-дэ-дэ – з неакласікі. "Прылёт" з паднябесся пуантаў i, з гэтай нагоды, эмацыйныя воклічы гераіні Юлі Дзятко – з мадэрна. Адзіны пуант, на якім яна "кульгае" другую палову балета, – з балетнага класа. Але пры гэтым сам балет відавочна перарос не толькі балетны клас, але i мінска-беларускія межы: яго, як кажуць, з рукамі-нагамі адарвалі б лепшыя іншаземныя трупы. Бо шматлікія асацыяцыі, на якія багата відовішча, спляліся ў адзінае цэлае, пазначанае яркай творчай індывідуальнасцю харэографа Раду Паклітару. Чаго ж тут здзіўляцца, калі i сам пастаноўшчык быў "пазычаны" з замежжа!
Праўда, гады два таму ён быў "шчырым беларусам" (а яшчэ раней нават у праграмках спектакляў Вялікага тэатра балета Беларусі, на сцэну якога ён выходзіў у характарных партыях, яго прозвішча "інтэрпрэтавалася" як Р. Паклітар, каб больш "адпавядала"). Але ўжо тады былі з Раду заўважныя прыкметы будучага "чалавека свету", пераканальныя сёння.
Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе харэаграфіі прафесара Валянціна Елізар'ева, ён хутка стаў лаўрэатам некалькіх конкурсаў – менавіта як харэограф. Запрасілі яго ў Кішынёў – узначаліць трупу роднага тэатра, у якім прайшло яго дзяцінства (а дзе яно яшчэ магло прайсці, калі i маці i бацька былі салістамі балета). Сёння Раду Паклітару – вольны мастак. Для Адэскай харэаграфічнай вучэльні, напрыклад, паставіў два – аднаактовыя спектаклі: "Жанчыны ў рэ-міноры на музыку I.C. Баха i "Кармэн-сюіту" паводле Ж. Бізэ – Р. Шчадрына. Апошняя была прынята ў рэпертуар Адэскага тэатра оперы i балета (i гэта пры тым, што ў рэпертуары тэатра ўжо ёсць адна "Кармэн-сюіта", з харэаграфіяй Алонса: так што цяпер у тэатры ідуць дзве розныя "Кармэн-сюіты" на адну музыку). Да таго ж, пастаноўка была перанесена ў "Рускі фестываль-балет" з Масквы, з гэтай "Кармэн-сюітай" калектыў зараз гастралюе па Icпаніi. Па замове з Kieвa былі пастаўлены "Карцінкі з выставы" М. Мусаргскага i "Вясна свяшчэнная" І. Стравінскага. Адным словам, працуе Раду Паклітару па кантрактах – i яшчэ "па блату" (чытай: па сяброўству), што i было прадэманстравана ў Мінску.
"Ісціна ў піве" ставілася не проста для самых адданых сяброў, а для сапраўдных паплечнікаў, якія вынеслі на свaix руках, нагах i іншых частках цела ледзь не ўсе, за рэдкім выключэннем, папярэднія харэаграфічныя эксперыменты пачынаючага майстра. Ставілася (на тое яна i "Icціна"!) на грамадскіх пачатках – да 10-годдзя творчай дзейнасці Юліі Дзятко i Канстанціна Кузняцова, якое i святкававалася ў той вечар.
Балет атрымаўся цікавы i ўласна харэаграфічнымі знаходкамі, i сваім гумарам, i характарнай яркасцю персанажаў, i магчымасцю кожнага з артыстаў раскрыць свой талент. Дарэчы, i першае аддзяленне юбілейнага вечара, складзенае з рознастылёвых канцэртных нумароў, вызначалася індывідуальным почыркам кожнага з артыстаў. Зразумела, у цэнтры ўвагі былі бенефіцыянты – лаўрэаты шасці міжнародных конкурсаў i некалькіх фестываляў, прызнаныя майстры сцэны, салісты Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра i адначасова запрошаныя салісты Вялікага тэатра балета Беларусі (у канцэрце пра гэта нагадала Адажыо з "Рамэа і Джульеты" ў харэаграфіі Валянціна Елізар'ева), якія ўпрыгожваюць сваім майстэрствам лепшыя замежныя сцэны, выязджаючы на шматлікія гастролі (не толькі разам з тэатрам, але i па ангажэменце). Выконваючы па-дэ-дэ з "Арлекінады" i "Эсмеральды", яны чарговы раз даказалі, што балетная класіка – гэта мастацтва не толькі прыгожых поз, узведзеных на пастамент замілаванасці, але i тонкix псіхалагічных адценняў.
Асаблівую ўвагу прыцягвалі i вядомыя мініяцюры Р. Паклітару, што ў гэты вечар выконваліся новымі артыстамі. "Легенда пра флейту Пана" – яскравы нумар "ранняй" творчасці харэографа, які сёння можна лічыць класікай – у інтэрпрэтацыі Рыны Івакіры i Рыгора Крукоўскага набыла яшчэ большую адпаведнасць музычнай фразіроўцы, больш падкрэсленыя кантрасты. "Беларуская прычытальная", "прачытаная" Віталем Краснаглазавым з новай партнёркай Маяй Янсан, атрымала завостраную пластыку, а з ей i побытава-народны акцэнт.
Прыемна, што праца харэографа i выканаўцаў была заўважана не толькі публікай, але i дырэкцыяй Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра: праз тры дні стала вядома, што "In PIVO Veritas" разам з яшчэ адным аднаактовым балетам "Свет не заканчваецца ля дзвярэй дома" (ён быў пастаўлены Раду Паклітару для Юліі Дзятко i Канстанціна Кузняцова раней і дэманстраваўся толькі адзін раз) прыняты ў рэпертуар. Брава!
Надзея БУНЦЭВIЧ. Культура. – 2003. – 1–7 сак.
|