Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Бурацiна".NEW (2004 г., Лiтаратура і мастацтва)

"Бурацiна".NEW (2004 г., Лiтаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"БУРАЦIНА".NEW

"Каб захапіць артыстаў, каб яны ў адзін голас гаварылі, што ім цікава, мусіць быць штосьці экстраардынарнае", – заўважыў дырэктар Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусі А. Ісаеў напярэдадні гэтай прэм’еры. Дык мо і ёсць у новым спектаклі тое звыш-звычайнае, што захапляе, гіпнатызуе артыстаў і гледачоў, адцягваючы ўвагу ад недахопаў?

Мюзікл для дзяцей i дарослых "Бураціна.by" Беларускі дзяржаўны музычны тэатр прэзентаваў публіцы яшчэ ў снежні. Пра гэта нашы чытачы, зразумела ж, ведаюць. А калі наведаліся на прэм'еру, дык i ацанілі яе вартасці – на ўласныя вочы i з першага позірку. Цi хутчэй – на ўласныя вушы.

Як бы зычліва нi ставіліся "прасунутыя" гледачы да рэжысуры Hacтасci Грыненкі, улюбёнай i ў папулярны фільм свайго маленства, i ў кніжку-казку А. Талстога "Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны" (яна сама напісала лібрэта – на аснове літаратурнай першакрыніцы i кінасцэнарыя, чвэрць стагоддзя таму ўвасобленага на "Беларусьфільме" Леанідам Нячаевым, прычым, захавала ў мюзікле тэксты песень Б. Акуджавы ды Ю. Энціна). Як бы нi падтрымлівалі прыхільнікі маладой сцэнаграфіі тое, што зроблена мастаком-пастаноўшчыкам Андрэем Меранковым ды стваральніцай касцюмаў Юліяй Бабаевай у экстрэмальных матэрыяльна-тэхнічных варунках (з аднаго боку – "рэжым эканоміі" у выкарыстанні выяўленчых сродкаў, з другога – наяўнасць каласальных, але пакуль не асвоеных патэнцыяльных мастацкіх мажлівасцяў найноўшай сцэнічнай тэхнікі, якую толькі-толькі набылі, якую трэба яшчэ вывучаць). Колькі б нi паўтаралі сябры тэатра, захопленыя шматгранным талентам аўтара харэаграфіі Дзмітрыя Якубовіча (малады артыст тэатра, упюбёнец публікі, ён адметны i ў танцы, i ў акцёрскай iгры, i ў вакале), што ў параўнанні з яго "балетмайстарскімі штучкамі" славуты расійскі "Тодес" адпачывае ("Тодес", перапрашаю, працуе – дай бог кожнаму!), аднак...

Аднак, аднак... Як бы, колькі б, што б там нi казалі, а новае стракатае, дынамічнае "сямейнае" відовішча на мінскай музычнай сцэне загадкавай казачнасцю не ўражвае, не агаломшвае візуальнымі эфектамі: увогуле-то сучасны чалавек падсілкаваны ўсім гэтым праз экран кінатэатра, ТБ або персанальнага камп'ютэра. Ды вось парадокс: i доўгатэрміновая глядацкая ўвага, i касавы поспех новаму спектаклю гарантаваныя.

Значыць, загадка ў працы стваральнікаў мюзікла "Бураціна.by" – ёсць?..

Тады пашукайма адгадку.

Класіка дзіцячай літаратуры, хрэстаматыйная i для дашкольнікаў, i для падлеткаў, i для "продкаў": бацькоў, бабуль-дзядуль. Захапляльны сюжэт мадэрнізаваны, аздоблены прыкметамі нашай рэальнасці: ад актуальных дэталяў у касцюмах – да рэплік пра камп'ютэр, нотбук, "мабільнік", пэйджэр. А сама назва спектакля? Яна i адлюстроўвае мару галоўнага героя пра ўласны сайт у Інтэрнеце, i ўспрымаецца як своеасаблівы брэнд стваральнікаў мюзікла. Бурацінавы прыгоды – гэта ненадакучліва павучальная мудрасць стасункаў між людзьмі (хай сабе гэта казачныя персанажы ці лялькі). Гэта далікатныя i вечныя ўзоры дабрыні, бесканфліктнасці, спагады, узаемавыручкі, адказнасці, самаахвярнасці. Гэта іскрынкі аптымістычнай усмешкі ды незласлівага гумару.

Бадай, галоўнае чарадзейства ў гэтым спектаклі – сама музыка, прыгожая i простая. Здаецца, што гэта ад яе шчырасці казачнае жыццё на сцэне i атмасфера ў глядзельнай зале сілкуюцца-поўняцца невытлумачальнай абаяльнасцю i дабрынёй. Сказаць, што музыка лёгка запамінаецца, – гэта значыць не сказаць нічога. Бо яна ж для многix i многix – ужо даўно свая, дзякуючы "хатняму экрану" знаёмая не аднаму пакаленню тэлегледачоў! Але менавіта яна не дае забыцца пра яркія камедыйныя, гратэскавыя, лірычныя ды казачныя эпізоды фільма, з якім, хочаш не хочаш, а параўноўваеш сцэнічную версію прыгодаў драўлянага хлопчыка.

Заручыўшыся даверам аўтара музыкі – маскоўскага кампазітара Аляксея Рыбнікава, дырыжор тэатра Леў Карпенка прапанаваў новую аранжыроўку вядомых песень ды iнструментальных тэм. I ён, i дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч, i хормайстар Ганна Маторная, i музыканты аркестра, i выканаўцы роляў, – усе яны былі адной камандай. Дарэчы, адчуваеш у шчырай iгры ўдзельнікаў мюзікла i традыцыі "акцёрскіх" спектакляў, якімі адметны наш Дзяржаўны музычны тэатр, i энтузіязм новага сцэнічнага ансамбля. I міжволі думаеш: ансамбль гэты трымаецца на выканаўцы цэнтральнай poлi, маладой актрысе Але Лукашэвіч, артыстызм, тэмперамент, пластыка, голас, абаяльнасць, сцэнічная фактура ды прафесійнае умельства якой ствараюць цудоўную ілюзію прысутнасці менавіта казачнага хлопчыка-лялькі, a нi ў якім разе – не дзяўчынкі-травесці. I ў публікi – цi не аднадушнае захапленне!

"Новы" Бураціна з'яўляецца ў добра вядомай старой кампаніі. Але паўстае яна хаця i ў знаёмых, але ў абноўленых абліччах, пераствораных рэжысурай ды выканаўцамі. Варта падзівіцца i на майстроў, i на творчую моладзь у кранальных, лірычных, характарных ролях Таты Карла (А. Касцецкі), Лісы Aлісы (Ю. Шпілеўская), Карабаса Барабаса (А. Ранцанц), Ката Базіліё (Э. Мартынюк), П'еро (К. Дзегцярова), Maльвіны (I. Казакевіч) – гэта, вядома ж, далёка не поўны пералік дзейных асоб i выканаўцаў, якія, бадай, без выключэння, вартыя зычлівай yвагі тэатралаў.

Між іншым, на прэм'еру спектакля запрошаны аўтар музыкі. Запрашэнне прынята. Тэатр з хваляваннем чакае візіта кампазітара Аляксея Рыбнікава ў Miнск i яго ўражанняў. Творчае хваляванне можна зразумець. А ва ўдзячнасці аўтара можна не сумнявацца.

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Лiтаратура і мастацтва. – 2004. – 27 лют.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: