« Назад
САМЫЯ МУЗЫЧНЫЯ АРТЫСТЫ!
Той набор студэнтаў у Беларускую акадэмію мастацтваў адразу меў адзіны кірунак далейшага размеркавання – у Беларускі дзяржаўны музычны тэатр (праўда, гэта назва з'явілася пазней, тады ён зваўся больш сціпла – тэатр музкамедыі). Абітурыенты, нязвыклыя да такой "мэтавай" музычнасці, 6ылі самыя розныя: хтосьці меў за плячыма дзіцячую музычную школу, хтосьці – музычнае вучылішча, хтосьці нават вакалам займаўся на падрыхтоўчым аддзяленні Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а хтосьці ўвогуле нават нот не ведаў.
Прыём таксама iшоў цяжкавата. Як заўсёды, катастрафічна не хапала прадстаўнікоў моцнага полу. Ды яшчэ некалькі чалавек, нарэшце, зразумелі, што падаліся "не туды" i сышлі літаральна на пачатку заняткаў. Так што пасля набору давялося праводзіць яшчэ i "дабор". І не дарэмна! Бо менавіта так у групу трапіў, да прыкладу, Дзмітрый Якубовіч – цяперашняя прызнаная "зорка", уладальнік тэатральнай прэміі, артыст i харэограф у адной асобе. Склалася i катэгорыя "вольных слухачоў". Таксама не дарэмна! Бо менавіта так атрымаў адукацыю Аляксей Грыненка, які пачаў сваю творчую кар'еру яшчэ падчас вучобы: быў такім адметна пластычным Катом у мюзкле Самойлава "Дарагая Памэла", што публіка стала хадзіць не толькі "на Наталлю Гайду" ў галоўнай ролі, але i "на Ката".
Тым не менш, навучанне не было бязвоблачным. Нават у самой Акадэміі мастацтваў да "эксперыментальнага курса" ставіліся, у лепшым выпадку, насцярожана – што ж тады казаць пра іншых! Спрацоўвала i паблажлівае стаўленне да caмix жанраў аперэты i мюзікла.
Але ўжо першыя выступленні "кандыдатаў у артысты" развеялі сумневы. Наталля Гайда i Валянціна Пятліцкая, якія выкладалі вакал, змаглі навучыць галоўнаму: сачыць пры спевах не за сваім "галасавым аппаратам", а, найперш, за сэнсам, псіхалагічным падтэкстам усяго, што выконваецца.
Спектакль "Хайра", ажыццёўлены на другім курсе, і ўвогуле прымусіў загаварыць пра артыстаў новага жанру – музычна-пластычнага. Тым больш што ў жніўні 1998 г. ён быў паказаны i за мяжой – на Кіпры!
Той спектакль паводле старажытна-грэчаскай міфалогіі ствараўся самімі ўдзельнікамі. Ідэя належала Але Шагідзевіч, якая вяла з курсам сцэнічную мову. А сам рэпетыцыйны працэс былыя студэнты ўзгадваюць як лепшыя прыгоды. Рэпетыцыі на сцэне для другакурснікаў не прадугледжваліся: маўляў, "малыя" яшчэ! Але ўсё роўна "прaрывалiся". У зале было вельмі холадна: будынак, нягледзячы на пахмурнае восеньскае надвор'е, не ацяпляўся. Захварэлай Ілоне Казакевіч на занятках ставілі банкі. Але не здаваліся! Таму i стаў той спектакль сапраўднай школай прафесіяналізму.
Пазней тых "школ" было шмат. Як не ўзгадаць, да прыкладу, фрагменты са знакамітай "Вестсайдскай гісторыі"? Ці з мюзікла "Чыкага"! Таго самага, пра які пачалі гаварыць у сувязі з пастаноўкай у Маскве, што рабілася намаганнямi Філіпа Кіркорава i з яго ўдзелам у адной з цэнтральных роляў. Але ж куды раней пераклад гэтага мюзікла на рускую мову быў зроблены ў Мінску – намаганнямі ўжо згаданага Аляксея Грыненкі, які на той час вучыўся ў Беларускім гуманітарным універсітэце, i яго сястры Hacтаcci, цяперашняга галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Тады ж яна вучылася на рэжысёрскім аддзяленні, i зварот да "Чыкага" ўвогуле быў яе ідэяй. Але ажыццявіць пастаноўку цалкам ды яшчэ вывесці яе на прафесійную сцэну было на той час немагчыма – ужо хаця б з прычыны аўтарскіx правоў. Але ў фондах Беларускага радыё захаваліся студыйныя запісы асобных фрагментаў – нічым не горшыя па выкананні за лепшыя сусветныя ўзоры.
"Мэры Попінс" пашанцавала болей: падчас вучобы Настасся паставіла першую дзею, а праз колькі гадоў, сабраўшы былых аднакурснікаў i новых аднадумцаў, увасобіла ўвесь спектакль. На жаль, адбылося гэта не на стацыянарнай сцэне, а ў варыянце антрэпрызы, таму сёння гэтай пастаноўкі не сустрэць на афішах. Шкада!
Дыпломнай жа працай сталі ажыццёўленыя Барысам Уторавым "Брэменскія музыкі". I… пачалася нашумелая гicторыя з ix размеркаваннем. Бо ў тэатр браць ycix разам не пагаджалі. Рэжысёр Барыс Утораў, які, уласна кажучы, набіраў гэты курс спецыяльна для пастаноўкі ў тэатры мюзіклаў, хваляваўся, што, раскіданыя па розных тэатрах, яны паасобку знікнуць у агульным тэатральным катле, не выканаўшы сваей місіі – зрушыць беларускае тэатральнае мысленне, скіраваць яго да сусветна прызнанага жанру.
На шляху "ўтораўцаў" было яшчэ шмат перашкод. Але сёння відавочна: літаральна кожны з ix змог сябе рэалізаваць. Сяргей Шафрановіч, уладальнік амаль опернага барытона, прадоўжыў навучанне ў Германіі. Яўген Самарыкін, хоць i не дацягнуў да выпуску, "засвяціўся" ў Клубе вясёлых i знаходлівых. Інеса Філістовіч, узяўшы шлюб з італьянцам, жыве i працуе ў Італіі. Вольга Водчыц i Юлія Шпінер (падчас вучобы – Бараноўская) – артысткі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Юлія Шпілеўская – узыходзячая зорка Купалаўскага тэатра, адна з лепшых Паўлінак сучаснасці. Не адмаўляецца яна i ад супрацоўніцтва з Настассяй Грыненка, yдзeльнiчaючы ледзь не ў кожным яе праекце.
Ды ўсё ж большасць выпускнікоў таго курса – у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. "Рэжысёрскі корпус", акрамя Hacтacci, прадстаўлены Наталляй Мархель, якая працуе рэжысёрам па ўводах, ажыццявіла пастаноўку сольнага канцэрта салісткі тэатра Лідзіі Kyзьмiцкaй.
Нейкі час працаваў тут і Улaдзiмip Сцяпура. Ну, а Ілона Казакевіч, Кацярына Дзегцярова, Дзмітрый Якубовіч i Аляксей Грыненка сёння ўжо прымусілі гаварыць пра сябе на поўны голас, утвараючы трывалы касцяк ледзь не ўcix пастановак. Да таго ж, Ілона Казакевіч паспяхова працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя М. Горкага, iгpae Полі ў "Оперы жабракоў", пастаўленай Барысам Луцэнкам, а Дзмітрый Якубовіч запатрабаваны яшчэ i як харэограф.
Нагадаем i пра своеасаблівы "сямейны падрад", што ўзнік у тэатры (а на справе – яшчэ падчас вучобы): да брата i сястры Грыненкаў далучыўся Дзіма Якубовіч, ажаніўшыся з Насцяй. I спрыялі гэтаму… сам Утораў i тое, што некаторыя заняткі ў будучых артыстаў i рэжысёраў праходзілі разам.
– Барыс Пятровіч, – з гумарам расказвалі Насця i Дзіма, – тлумачыў, як сыграць на сцэне каханне, вучыў, як цалавацца. Спачатку ў нас не атрымлівалася, мы трэніраваліся, трэніраваліся – i потым так "уцягнуліся", што iгpa скончылася.
Дадамо: i прадоўжылася ў тэатры! Бо ледзь не ўсе самыя цікавыя праекты, ажыццёўленыя ў жанры мюзікла і ў самім Беларускім музычным тэатры, i па-за яго межамі, адбываліся пры самым непасрэдным удзеле гэтай троіцы. Адзіны пералік тых пастановак чаго варты! "Аўтограф" (бенефіс Арнольда Ранцанца), "Айбаліт-2002", "Мэры Попінс збipae сяброў", "Папялушка", "Бураціна.by", рыхтуюцца "Белыя росы"…
Пройдзе яшчэ некалькі гадоў – i, я ўпэўнена, росквіт Беларускага музычнага тэатра, передачу лепшых традыцый i назапашванне новых знаходак будуць звязваць акурат з гэтым пакаленнем – выпускам Беларускай акадэміі мастацтваў 1996 года.
Надзея БУНЦЭВIЧ. Мастацтва. – 2005. – № 10.
|