« Назад
ЛІТАРА ЗМЯНЯЕ ЎСЁ!
Просьба не блытаць: "Баядэрка" – гэта балет Мінкуса, прэм'ера якога нядаўна адбылася ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры балета Беларусі. А "Баядэра" – аперэта Кальмана, прэм'ера якой чакаецца ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры 14 і 15 ліпеня: гэтым спектаклем тэатр закрывае сезон.
Дый сюжэты ў гэтых спектаклях зусім розныя! А калі чымсьці і падобныя, дык толькі аповедам пра каханне: у балеце – нешчаслівае, у аперэце... Дзе вы бачылі ў аперэце трагічны фінал? Дыпламат, саветнік пасольства адной з усходніх краін Раджамі і артыстка парыжскага рэвю Адэта (нічога не зробіш: завуць яе гэтак жа, як і гераіню "Лебядзінага возера") кахаюць адно аднаго. Але дзяўчына, разумеючы няроўнасць такога шлюбу, вырашае адмовіцца ад яго. Не хвалюйцеся: каханне пераможа!
А пакуль усе ўдзельнікі спектакля "змагаюцца" за ўдалы вынік. Рэжысёрам запрошаны народны артыст Расіі Юрый Дражняк. Мастаком-пастаноўшчыкам – заслужаны дзеяч мастацтваў Кубані Уладзімір Пермякоў. Музычным кіраўніком і дырыжорам з'яўляецца наш Аляксандр Сасноўскі, хормайстрам – Святлана Пятрова. Мастацкім кіраўніком пастаноўкі, а таксама выканаўцам галоўнай ролі выступае заслужаны артыст Беларусі Аляксей Ісаеў, які ўзначальвае тэатр.
Дарэчы, другую дзею, у якой малюецца прыём у пасольстве, па традыцыі ўпрыгожыць вялікі балетны дывертысмент. Ставіць яго заслужаная артыстка Расіі, галоўны балетмайстар нашага тэатра Ніна Дзячэнка – на музыку не толькі Імрэ Кальмана, але і Кара Караева: у такім жа партытурным варыянце "Баядэра" ставілася ў нас і ў 1971 г.
Класічная аперэта заўсёды была і будзе даспадобы і публіцы, і артыстам. А тым больш такая прызнаная, як "Баядэра" Імрэ Кальмана. Невыпадкова думкі пра яе новую пастаноўку ўзнікалі ў тэатры ўсё апошняе дзесяцігоддзе. Але ўвасобіліся толькі зараз. Таму няма чаго здзіўляцца, што ў спектаклі занятыя не толькі знакамітыя салісты, але і шмат творчай моладзі. Сярод трох выканальніцкіх складаў – заслужаныя артысты Беларусі Герман Казлоў, Аляксей Кузьмін, Васіль Сердзюкоў, Арнольд Ранцанц, лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Маргарыта Александровіч, Наталля Дзяменцьева, Святлана Маціеўская, Віктар Цыркуновіч, Ірына Шыцікава, лаўрэат прэміі імя Л. Александроўскай Лідзія Кузьміцкая, Антон Заянчкоўскі, Віктар Шабуня, Дзмітрый Якубовіч і многія-многія іншыя.
Надзея БУНЦЭВIЧ. Культура. – 2005. – 9 ліп.
|