Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Тэатр аднаго дырыжора (2005 г., Лiтаратура i мастацтва)

Тэатр аднаго дырыжора (2005 г., Лiтаратура i мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ТЭАТР АДНАГО ДЫРЫЖОРА

Не крыўдуйце, спадары беларускія дырыжоры: такая рэальнасць… Маэстра Сасноўскі сярод сваіх таленавітых, артыстычных, тэатральных, непаўторных калег – унікум. Дырыжор-тэатр! Не дырыжор тэатра (хаця і гэта праўда), а дырыжор, які носіць у сабе Тэатр. 

Яго тэатр, як і яго артыстызм, бывае акадэмічны і вытанчаны. І няўтрымна-з'едлівы. Высакародны і стрыманы. І авантурна неўтаймоўны. Праўдашукальніцкі. Парадыйны. Фарсавы. Летуценна-лірычны. Але заўсёды – музычны. Дарэчы, толькі той, хто мае ў сабе Музыку і Тэатр, мог зладкаваць такую эмацыйна шчырую, кранальную і некрыклівую імпрэзу, што адбылася на яго роднай сцэне і сталася святам для ўдзельнікаў, для публікі, для самога маэстра. А прымяркоўваўся нядаўні бенефіс галоўнага дырыжора Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Аляксандра Сасноўскага да яго 50-гадовага юбілею і 25-годдзя творчай дзейнасці. 

Увесь вечар на сцэне былі аб'яднаныя ў адзінае цэлае два аркестры, артысты двух тэатраў: Дзяржаўнага музычнага і Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі. Уявіце сабе: у абодвух калектывах юбіляр працуе галоўным дырыжорам! І гэта, пагадзіцеся, надзвычай яркі штрых, які характарызуе выдатную творчую індывідуальнасць Аляксандра Сасноўскага. Дарэчы, пра яго творчы шлях і творчы стыль, пра талент, глыбокую мастацкую эрудыцыю, неверагодную працавітасць і прафесійны азарт распавядала падчас вечара лектар-музыказнаўца Іна Зубрыч. Зразумела ж, чытачам "ЛіMa" гэтага дырыжора можна і не прадстаўляць. Хібa толькі нагадаць варта некалькі фактаў. 

Яму пашанцавала на сапраўдных настаўнікаў: Леанід Іваноў у Магілёўскім музычным вучылішчы; Іосіф Абраміс – у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі; Ілля Мусін і Юрый Цемірканаў – у колішнім Ленінградзе. 

…5 снежня 1980 года стаўся днём, з якога А. Сасноўскі адлічвае гады сваёй творчай дзейнасці. Менавіта ў той дзень яму давялося, дзякуючы рэкамендацыі І. Абраміса, прадырыжыраваць спектаклем "Сільва" – экспромтам без аніводнай рэпетыцыі, нават і без партытуры – напамяць! Назаўтра яго прынялі ў тэатр. І з тых часоў значныя прэм'еры (дый ці не ўвесь рэпертуар – больш як тры дзесяткі спектакляў розных жанраў) у літаральным сэнсе прайшлі праз яго рукі: "Мільянерка", "Vіva la Mamma!", "Цыганскі барон", "Клоп", "Даратэя", "Дон Кіхот"… 

Восем гадоў таму ўзначаліў ён сімфанічны аркестр Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі (свае выхадныя аддае творчым вандроўкам са сталіцы туды, "на захад "). Больш за ўсё: сур'ёзна захоплены педагагічнай працай. І яе вынік ypaзіў прысутных на юбілейнай вечарыне: аб’яднадным аркестрам дырыжыравалі герой ўрачыстасці, і яго выхаванцы. На "капітанскім" подыуме змянялі адно аднаго вучні Сасноўскага (без малога дзесятак адметных творчых асоб). Сярод іх – і вядомы сёння ў нас ды за межамі Беларусі дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Вячаслаў Чарнуха (з нядаўняга часу выступае пад сцэічным імем Вячаслаў Воліч). І дэбютантка музычнага тэатра Марына Траццякова… 

Канцэртная праграма ўражвала разнастайнасцю. Гучалі, напрыклад, уверцюра-фантазія П. Чайкоўскага "Рамэо і Джульета", "Іспанскі танец" з балета А. Глазунова "Раймонда", песні, дуэты з класічных аперэт – "Сільва", "Баядэра", аркестравыя фрагменты з твораў Я. Штрауса і І. Дунаеўскага, з мюзікла "Нотр-дам дэ Пары ". Быў у юбілейнай праграме ўнікальны нумар, выкананы хорам тэатра і аб'яднаным аркестрам: знакамітыя "Палавецкія скокі" з оперы А. Барадзіна "Князь Ігap"… 

Доўга давялося б тут пералічваць і тых, хто спяваў або граў для юбіляра, хто віншаваў яго ад ад імя таго або іншага творчага калектыву. Гэта і выдатныя салісты: Наталля Гайда, Уладзімір Пятроў, Аляксей Іcaeў, Людміла Станевіч, Маргарыта Александровіч, Ніна Шарубіна, Зінаіда Вяржбіцкая, Герман Казлоў. І дырыжоры Пётр Вандзілоўскі, Рыгор Capока. І купалаўцы Святлана Зелянкоўская, Мікалай Кірычэнка… Намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Гедройц уручыў юбіляру самую высокую галіновую ўзнагароду – Ганаровы знак міністэрства, начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віктар Кураш – Ганаровую грамату… 

Хтосьці ў той вечар не хаваў здзіўлення: чаму такі музыкант не мае нават самага сціплага ганаровага звання? Камусьці захацелася паслухаць яго ў філарманічнай праграме… А чаму б і не? У атмасферы свайго бенефіса маэстра стварыў захапляльны жывы тэатр гуку, дзеі, эмоцый. Нягледзячы на складаныя акустычныя ўмовы (ды і сцэнічныя: больш як тры гадзіны "адсідкі" ў публікі навідавоку!) вялікі зводны калектыў гучаў на дзіва збалансавана, дакладна, інтанацыйна выразна – і натхнёна. Устрымаемся ад прыгожых слоўных пасажаў наконт таго, як музыканты любяць або нават абагаўляюць свайго Сасноўскага. Галоўнае, што яны прымаюць яго. Значыць, паважаюць і цэняць як прафесіянала. Прыслухоўваюцца. А ў мастацтве, дзе суіснуюць, спрачаюцца, варагуюць, лагодзяць і гapманізуюць адно аднае Музыка і Тэатр, – гэта дарагога вартае.

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Лiтаратура i мастацтва. – 2005. – 21 кастр. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: