Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Неад'емная частка сусвету (2008 г., Мастацтва)

Неад'емная частка сусвету (2008 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НЕАД'ЕМНАЯ ЧАСТКА СУСВЕТУ

press2008-35c1"Баль кветак". 
Балет-фантазія ў адной дзеі. 
Музыка Фрэдэрыка Шапэна, Эдварда Грыга, Роберта Марана. 
Балетмайстар-пастаноўшчык Наталля Фурман. 
Музычны кіраўнік і дырыжор Анатоль Лапуноў.
Сцэнаграфія Любові Сідзельнікавай. 
Касцюмы Любові Сідзельнікавай і Наталлі Фурман.
Беларускі дзяржаўны музычны тэатр.


Беларускі дзяржаўны музычны тэатр атрымаў сваю сучасную назву не так даўно, у 2000 годзе. У параўнанні з трыццацігадовай практыкай Тэатра музычнай камедыі, "правапераемнікам" якога ён стаў, – шлях невялікі. Але тэатральная афіша сведчыць, што тэатр імкнецца набыць уласнае творчае аблічча ў кантэксце змен, якія адбываюцца ў сучасным музычна-тэатральным мастацтве. Гэтыя змены, пачатак якіх прыпадае на 90-я гады мінулага стагоддзя, вядома ж, накладваюць свой адбітак і на рэпертуар, і на кадравую палітыку.

Апошні тэатральны сезон таксама адметны шэрагам новых прызначэнняў. Вакансію галоўнага балетмайстра прапанавалі маладому харэографу Наталлі Фурман, вядомай пастаноўкамі балетаў "Макбет" і "Беласнежка і сем гномаў", якія паспяхова ідуць на сцэне Нацыянальнага тэатра балета. Прэм'ера балета "Баль кветак" у Музычным тэатры – першы вынік яе працы ў новым статусе. Гэтак жа, як і першая сцэнаграфічная работа для Любові Сідзельнікавай у якасці галоўнага мастака тэатра (але не першая ў супрацоўніцтве з Фурман). I хоць ідэя пастаноўкі нарадзілася ў 2004-м і часткова была рэалізавана ў харэаграфічным каледжы, іншы сцэнічны фармат, пераасэнсаванне танцавальных партый, а таксама стварэнне іншай партытуры мелі вынікам з'яўленне зусім новага спектакля. Разам з дырыжорам, мастаком і выканаўцамі Наталля Фурман зрабіла цудоўны падарунак тэатру і яго гледачам.

Балет-фантазія "Баль кветак", як падкрэслівае аўтар, – даніна пашаны знакамітаму Джорджу Баланчыну – генію XX стагоддзя, стваральніку сучаснага амерыканскага балета і неакласічнага накірунку ў харэаграфіі. Новая праца апелюе таксама і да XIX стагоддзя, да класіка-рамантычнай традыцыі, 6о вядома, што мова танца Баланчына вынікае з акадэмічнага стылю Пеціпа. Ствараючы балет, у якім пануе "чысты" танец, Фурман невыпадкова выкарыстоўвае музыку класікаў нарвежскай і польскай нацыянальных школ эпохі рамантызму Грыга і Шапэна, кампазітараў, якія паэтызавалі і сімфанізавалі побытавыя танцавальныя жанры. У іх музыцы бліскуча спалучаюцца і вытанчаны, пранікнёны лірызм, і глыбокі псіхалагізм, і падкрэслена інтэнсіўныя драматычныя зрухі ў інтанацыях, гармоніях і рытмах, якія нярэдка ўвасабляюць пранізлівае адчуванне трагічнага. Музыка амерыканскага кампазітара XX стагоддзя Роберта Марана, абраная Фурман, гучыць у пералажэнні для струннага квартэта. Паводле свайго стылявога ладу яна мае шмат агульнага з неакласікай Баланчына, таму не супярэчыць памкненням пастаноўшчыка.

Блізкасць да мастацка-эстэтычных пазіцый вядомага балетмайстра, яго метаду выяўляецца не толькі ў звароце да бессюжэтнай аднаактовай формы, пабудаванай на сімфанічнай музыцы і класічным танцы (апошні, вядома ж, узбагачаецца элементамі свабоднай пластыкі), але перш за ўсё ў адносінах пастаноўшчыка да музыкі. Яна імкнецца дасягнуць тых якасцей, уласцівых пастаноўкам Баланчына, дзякуючы якім яго балеты называюць "музыкай і паэзіяй, што набылі бачнае аблічча". I гэта ў яе атрымліваецца. "Баль кветак" – бліскучы прыклад сінтэзійнага мыслення ў мастацтве. У гэтым балеце, дзе пануе танец як увасобленая паэзія і музыка, паэзія робіцца выяўленнем танцавальнай пластыкі, музычнай інтанацыі і рытму, а музыка – паэзіяй гукаў і сімфоніяй танца. Узаемапранікненне музычнага, паэтычнага і танцавальна-пластычнага на ўзроўні агульнасці пачуццёва-эмацыянальнага ладу ўтварае непарыўнае адзінства, народжанае вобразамі кветак.

Балет пачынаецца і завяршаецца музыкай фартэпіяннага канцэрта Грыга і цудоўнымі "кветкавымі" мізансцэнамі. Дзякуючы такому вырашэнню цэнтральная частка спектакля ўспрымаецца як своеасаблівая маляўнічая карціна, узятая ў рамку. Апынуўшыся ў сапраўды "райскім" кветкавым садзе, вы павольна, дэталёва разглядваеце кожную кветку, нетаропка пераводзіце позірк да другой, трэцяй… I міжволі пачынаеце спасцігаць таямніцу іх загадкавай прыцягальнасці. Штораз асаблівая і непаўторная, кожная кветка выяўляецца праз адзінства супярэчнасцей. Менавіта такая ідэя легла ў аснову надзвычай цікавага выбару кветак, які прапануе Фурман у балеце. Але тут не абысціся і без суб'ектыўнага, што грунтуецца на ўласных назіраннях і дзіцячых успамінах, на паэтычных легендах і этымалогіі назваў, урэшце, на асацыятыўным мысленні. Усё гэта дапамагае ствараць дзівосныя і непаўторныя ў сваёй відавочнай альбо прыхаванай прыгажосці кветкавыя вобразы, пазбаўленыя вонкавай канкрэтызаванасці, але адухоўленыя і паэтызаваныя сродкамі музыкі і танца. Таму "сюжэтнасць" у такім балеце ўсё ж узнікае, бо кожная кветка – як кропля вады, унутры якой сваё жыццё: рухі, пераўтварэнні, стасункі, узаемадзеянні… Кожная кветка ў праграме балета акрэслена ўласнай вобразнай характарыстыкай, якую дапаўняюць абраныя балетмайстрам сродкі музычна-харэаграфічнага ўвасаблення.

Мак ("кветка-Марфей, бог сну") – быццам правіцель і назіральнік на балі. А таксама мроя, прывід, як і ўсё, што на гэтым балі адбываецца. Яго прэзентацыя падобная на сольную варыяцыю, у якой суровы стыль выказвання падкрэслены музыкай "Нарвежскага танца" Грыга. Побач Гіяцынт – "кветка дажджоў і выпадковасцей", якая, здаецца, дыхае, калышацца пад цяжарам кропель, выпростваецца і зноў нікне. Паэтычна-вытанчаны ансамбль, зменлівы ў музычнай афарбоўцы, набывае цэласнасць дзякуючы паўтаральнасці танцавальных матываў.

Фіялка, "кветка знікаючай прыгажосці", асабліва прыцягальная. Таму яе невялікая сольная рэпліка пераходзіць у дуэт з Макам (Антаніна Максімовіч і Рыгор Крукоўскі) – першае паэтычнае Адажыо на музыку Марана. Фіялка неўзабаве апынаецца сярод Крокусаў – сапраўднага ўвасаблення "вясновай радасці", што перадаецца ў гуках і рухах імітаваннем пялёсткавага трымцення на ветры. У выкананні самых маленькіх вучняў харэаграфічнага каледжа і струннага квартэта эпізод успрымаецца з асаблівым замілаваннем. Невыпадкова Фіялка трапляе і да Цюльпанаў, увасобленай "шчодрасці вясны".

Не менш прыцягальны Ляўкой, "кветка п'янлівай асалоды". Танцавальны вобраз, які ўтвараюць два юнакі і чатыры дзяўчыны, магчыма, дзякуючы музыцы Шапэна і адзенню выканаўцаў, прымушае згадаць фокінскую "Шапэніяну". Цікавыя сваімі адносінамі Ландыш (Кірыл Фурман), "кветка-паж", і велічная Лілея (Рына Івакіры),якія выконваюць другі лірычны дуэт. А вось Маргарытка (Вікторыя Трэнкіна), "кветка прывабнага какецтва", – вобраз, народжаны шматлікімі літаратурнымі алюзіямі ("Страчаныя мроі" Бальзака, "Каралева Марго" Дзюма) і этымалогіяй імені: Маргарыта, што значыць – "жамчужына". Менавіта з музыкі Санаты для скрыпкі і фартэпіяна Грыга нарадзіўся танцавальны малюнак Маргарыткі, дзе яднаюцца вярчэнні і палётныя скачкі.

Сапраўднай каралевай балю з'яўляецца Ружа (Таццяна Ермалаева), "боская сімфонія шчасця". Разам са сваім партнёрам (Віталь Краснаглазаў) яна выконвае трэцяе Адажыо. А завяршальны прахад Ружы і Мака ўздоўж строю кардэбалету пад гімнічнае гучанне коды падкрэслена святочны і радасны. Менавіта Ружа велічнаўзвышаецца над кветкавай кампазіцыяй, што ўспрымаецца як фотаздымак на памяць пра цудоўны танцавальны вечар.

Раяль і струнны квартэт размешчаны на сцэне з двух бакоў ля куліс. Кіраваць такім выканальніцкім складам з аркестравай ямы дырыжору вельмі няпроста, але Анатоль Лапуноў падтрымаў задуму балетмайстара. Тэатральна-канцэртная форма выканання надае сцэнічнаму дзейству падвойную эмацыйную сілу ўздзеяння, прычым тэатральная форма ўзбагачае канцэртную – і наадварот. Што да сюітна-нумарнага прынцыпу – асновы музычна-харэаграфічнага дзеяння балета, – дык у "Балі кветак" ён ледзь прыкметны. Гэта адбываецца дзякуючы плаўным пераходам, перацяканням частак адна ў адну, дзякуючы незаўважнасці з'яўлення і знікнення выканаўцаў, найтанчэйшай, далікатнай нюансіроўцы танцавальна-пластычных выказванняў, а таксама таму, што колеравая гама касцюмаў вытрымана ў адным эмацыйным ладзе – лілова-пачуццёвым, ружова-летуценным… Усё гэта, разам са свежай неакласічнай стылістыкай танца, стварае ідэальны душэўны стан, прасякнуты святлом, асалодай, гармоніяй, спакоем і радасцю – пачуццямі, якімі кіруе Прыгажосць – як неад'емная частка Сусвету і Космасу. Таму "Баль кветак" – з шэрагу твораў, якія сваёй гармоніяй і суладдзем нагадваюць пра тое, што прыгажосць – адзіная вечная каштоўнасць…

Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН.
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА.
Мастацтва. – 2008. – № 8. – С. 14–15.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: