« Назад
СВЯТОЧНЫ "БАЛЬ…" НАТАЛЛІ ФУРМАН
Сярод вучняў Валянціна Елізар’ева як балетмайстар ці не найбольш рэалізавала сябе ў Беларусі Наталля Фурман. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра балета паспяхова ідуць яе спектаклі "Макбет" на музыку В. Кузняцова і "Беласнежка і сем гномаў" на музыку Б. Паўлоўскага. З яе мініацюрамі "Марыя Сцюарт" і "Афелія" салістка таго ж тэатра К. Алейнік ў 2007 годзе стала дыпламантам міжнароднага балетнага конкурсу ў Шанхаі (Кітай). У мінулым годзе Н. Фурман была прызначана галоўным балетмайстрам Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Напрыканцы сакавіка 2008 года тэатр запрасіў гледачоў на прэм’еру балета "Баль кветак".
Яна цікавая найперш тым, што доўгі час прэм’ер у балетнай трупе не было, а сам калектыў пэўны перыяд перажываў не лепшыя часы разгубленасці і няпэўнасці, калі балетная афіша скарацілася літаральна да некалькіх назваў.
Новы балет пастаўлены Н. Фурман па матывам казкі Г.Х. Андэрсена "Кветкі маленькай Іды" на музыку Ф. Шапэна, Э. Грыга і Р. Марана. У творы аднаго з самых знакамітых ў свеце казачнікаў расказваецца, як кветкі чакаюць моманту, пакуль іх гаспадары (кароль і прыдворныя) з’язжаюць у горад, пасля чаго збягаюць з саду ў палац. "Дзве самыя прыгожыя ружы сядаюць на трон – гэта кароль з каралевай. Потым прыходзяць іншыя прыгожыя кветкі, і пачынаецца баль".
Першы варыянт "Балю кветак" давялося пабачыць яшчэ ў маі 2007 года ў межах канцэрта-справаздачы Беларускага харэаграфічнага каледжа. У ранейшай версіі многія нумары выконваліся ў суправаджэнні фартэпіяна або над запіс. Цяпер "Баль" выконваецца, як і належыць, у суправаджэнні сімфанічнага аркестра (музычны кіраўнік і дырыжор – А. Лапуноў).
На маю думку, калі параўнаць дзве версіі, дык спектакль зрабіўся больш маштабным і маляўнічым (сцэнаграфія Л. Сідзельнікавай, касцюмы – яе ж і харэографа). Да падрыхтоўкі прэм’еры "Балю кветак" прыклалі намаганні цэлая плеяда былых салістаў нашага балета, яго сапраўдных зорак: асістэнт балетмайстра-пастаноўшчыка А. Фурман, рэпетытары Н. Дадышкіліані і Ж. Лебедзева.
У першай версіі "Балю" танцавалі тыя выпускнікі каледжа, якія зараз з’яўляюцца надзеяй беларускага балета. Так, партыю Лілеі выконвала К. Алейнік, якая нядаўна стала дыпламантам конкурса імя Р. Нурыева ў Будапешце і лаўрэатам спецыяльнага прыза М. Плісецкай "За інтэрпрэтацыю партыі Адыліі", партыю Ружы – яе партнёр Я. Азаркевіч (Ягор, як і Кацярына, цяпер танцуе ў трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра). Па іх шляху, відавочна, рушыць і сёлетняя выпускніца М. Парамонава (Фіялка), якой прадказваюць не менш слаўную будучыню (яна ўжо дэбютавала ў трупе В. Елізар’ева, выканаўшы партыю Дульцынеі ў балеце "Дон-Кіхот").
У параўнанні з першай версіяй балетмайстрам крыху зменены пачатак балета: калі раней Мак (кветка-Марфей, бог сноў) як гаспадар сустракаў іншыя кветкі ў сваіх уладаннях, дык цяпер спачатку перад гледачом паўставаў своеасаблівы "стоп-кадр", карціна прасякнутага сонцам саду кветак, якая потым змянялася начной цемрай. Вобраз Мака з’яўляецца адным з цэнтральных у балеце, і нездарма, бо "Баль кветак" пазначаны як балет-фантазія, а апошнія, на жаль, часам ажываюць толькі ў сне. У трактоўцы пластычнага і гнуткага Г. Крукоўскага ён паўстаў сапраўды казачнай істотай, якая то з’яўлялася між кветак, то знікала, амаль не кранаючыся да зямлі.
"Баль…" – спектакль, прысвечаны знакамітаму амерыканскаму балетмайстру Д. Баланчыну, чыё стагоддзе не так даўно шырока адзначалася дзеячамі мастацтва. Сама Н. Фурман прызнаецца, што як харэограф яна спавядае прынцыпы Баланчына, які наўмысна адмаўляўся ў сваіх спектаклях ад сюжэтнасці, захоўваючы пры гэтым псіхалагізм. Харэограф сцвярджаў, што сапраўдны партнёр балета – гэта партытура, і задачы танца – ахапіць і паказаць музыку.
Таму Мак, які ўдзельнічае ва ўсіх гульнях і танцах кветак, з’яўляецца скразным вобразам. Кветкі танцуюць, размаўляюць, паміж імі ўзнікае каханне. Любоўная лінія, на першы погляд, не дамінуе ў "Балі", але ў спектаклі адлюстравана і першае, рамантычнае каханне Ландыша (навучэнец каледжа К. Фурман) да Лілеі, кветкі дасканаласці і беласнежнага ззяння (Р. Івакіры); і пяшчотныя ўзаемаадносіны двух Ружаў, кветак боскай сімфоніі шчасця, якія ўжо прайшлі выпрабаванні часам (Т. Ермалаева і В. Краснаглазаў); і дуэт Мака і Фіалкі (А. Максімовіч) – апошняя сімвалізуе прыгажосць, што не паддаецца тлумачэнню, а таксама зменлівасць, міраж, і знікае, калі хтосьці імкнецца наблізіцца да яе і зразумець яе ўнутраны свет.
Другое аддзяленні вечара было названа такім чынам – "Шэдэўры сусветнай харэаграфіі". Але толькі тры нумары з іх (з "Дон-Кіхота", "Гаянэ" і, у пэўнай ступені, "Марнай перасцярогі") прэтэндавалі на цэласнасць успрымання. Астатнія, нягледзячы на іх знешнюю эфектнасць, успрымаліся хутчэй як прыкладны план будучых пастановак балетнай трупы тэатра. Сапраўдны шквал эмоцый у публікі выклікаў гапак з балета "Тарас Бульба". З’яўленне на сцэне Г. Крукоўскага ў казачым адзенні і знаёмая мелодыя выклікалі такі нечакана-бурны эфект, які можна параўнаць з рэакцыяй на танец маленькіх лебядзяў. Рэакцыя гледачоў сведчыла пра тое, што наша публіка вельмі любіць знаёмыя харэаграфічныя нумары і крыху насцярожана ўспрымае новае, да якога часам гатовая, а часам – і не… Таксама былі паказаны ўрыўкі з "Карсара", невялікія сольныя нумары з "Эсмеральды" (А. Максімовіч) і "Арлекінады" (А. Кажухоў).
Сярод класічных нумароў другога аддзялення запомніўся і ўрывак са "Спячай прыгажуні", дзе партыю прынцэсы Аўроры танцавала народная артыстка Беларусі К. Фадзеева. Знакамітая танцоўшчыца знаходзіцца ў цудоўнай форме. У праграмцы "Балю кветак" праанансаваны яе магчымае выкананне партый Фіалкі і Ружы. І гэта пакідае надзею, што балетная кар’ера К. Фадзеевай не закончыцца па-за межамі сцены Нацыянальнага акадэмічнага тэатра, дзе яшчэ летась яна танцавала.
Трэба прызнацца, што ў шэрагу гледачоў канцэртныя нумары другой дзеі, асабліва тыя, што мелі камедыйны характар, або суправаджаліся характарнымі танцамі, выклікалі больш жвавую рэакцыю, чым, несумненна, больш таленавіты балет Н. Фурман. І гэта не дзіўна: за апошнія дзесяцігоддзі поспех спектакляў В. Елізар’ева і дастаткова рэдкія гастролі замежных труп, якія б спавядалі іншую балетную філасофію, прывёў да таго, што публіка часам з насцярожанасцю ўспрымае любыя спробы адмовіцца або адысці ад традыцый. Можна толькі здагадвацца, якую нечаканую рэакцыю маглі б выклікаць экстравагантныя пастаноўкі Р. Паклітару, у параўнанні з якім Фурман, несумненна, здалася б не такім радыкальным балетмайстрам.
Фактычна, перад Наталляй Фурман як галоўным балетмайстрам паўстаюць два шляхі. Можна працягваць ранейшую лінію, якая прадугледжвае паступовае аднаўленне класічных спектакляў, што, несумненна, прыцягне ўвагу публікі. Але тады шэраг фактараў (скіраванасць рэпертуару тэатра на пастаноўку аперэт і мюзіклаў, а не балетаў, не самыя лепшыя фінансавыя магчымасці, не вельмі прасторная сцэна, не надта вялікі калектыў) яшчэ больш замацуе за балетным калектывам музычнага тэатра ўзровень, які пакуль складана параўноўваць з акадэмічнай трупай. Можна паспрабаваць працягваць лінію на новыя пастаноўкі, эксперыментаваць, здзіўляць публіку і замацоўваць у яе свядомасці ўласны, адметны імідж сваёй трупы. Праўда, тут балетмайстур і артыстам адначасова давядзецца змагацца з традыцыяналізмам глядацкага ўспрымання. Бо ўзнікае рызыка страціць кантакт з гледачамі, якія прызвычаіліся да сюжэтных спектакляў. Відаць, балетмайстар паспрабуе і задаволіць публіку, і не наступіць на горла ўласнай песні.
У любым выпадку, "Баль" Наталлі Фурман прайшоў паспяхова. Таму назіраць за далейшым развіццём музычнага тэатра ў бліжэйшых сезонах, несумненна, будзе цікава.
Дзяніс МАРЦІНОВІЧ. Настаўніцкая газета. – 2008. – 10 крас. – С. 4.
|