Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Фантом мюзікла (2008 г., Мастацтва)

Фантом мюзікла (2008 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ФАНТОМ МЮЗІКЛА 

"Рускі фантом". Мюзікл у дзвюх дзеях па матывах рамана Аляксея Талстога "Гіпербалоід інжынера Гарына". 
Музыка Ігара Левіна (Расія). 
Лібрэта Васіля Пучаглазава (Расія). 
Музычная і літаратурна-сцэнічная рэдакцыя Аляксея Ісаева. 
Рэжысёр-пастаноўшчык, музычны кіраўнік пастаноўкі, аўтар сцэнаграфіі Аляксей Ісаеў. 
Балетмайстар-пастаноўшчык Галі Абайдулаў (Расія). 
Мастак па касцюмах Таццяна Каралёва (Расія). 
Хормайстар-пастаноўшчык Святлана Пятрова. 
Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. 


"Мастацтва – гэта прамень страсці…" – так абагульнена выказаўся Ігар Левін у дачыненні да свайго мюзікла, які стаўся прэм’ерным спектаклем Музычнага тэатра ў сёлетнім сезоне. Рэжысёр праекта і выканаўца галоўнай партыі Гарына – генія-вынаходніка, стваральніка унікальнага промня неверагоднай разбуральнай моцы – Аляксей Ісаеў увесь час, пакуль рыхтаваўся спектакль (4 гады), імкнуўся паўплываць на кампазітара, дамагаючыся пэўных удасканаленняў. Ігар Левін, у сваю чаргу, патрабаваў перапрацовак ад лібрэтыста, які ставіўся да гэтага з разуменнем. Шмат нумароў было скарочана. І нават пасля прэм’еры ўсе стваральнікі спектакля былі дастаткова самакрытычныя, маўляў, можна было б скарачаць і больш. А што тычыцца пастаноўкі, то наогул падкрэслілі: праца над спектаклем толькі пачалася. Надалей будзе ўзмацняцца і шліфавацца тэхнічнае вырашэнне, асабліва светлавое. Некаторыя танцавальныя нумары таксама вымагаюць пераасэнсавання, бо не заўсёды арганічна ўпісваюцца ў дзеянне: харэаграфія "Фантома" стваралася балетмайстарам-пастаноўшчыкам значна раней, чым пачалася агульная праца над яго сцэнічна-драматургічнай будовай. Аднак, на маю думку, галоўнае, чаго пакуль не хапае "Рускаму фантому", – гэта сапраўднага драматызму, напружанасці дзеяння, таго "промня страсці", пра які казаў кампазітар. Бо якраз у тым прыцягальнасць (і, дарэчы, складанасць) мюзікла, што ён імкнецца быць забаўляльным, вонкава эфектным і ў той жа час – змястоўным, дзейсна-драматычным. Ісаеў прызнаўся, што спектакль – даніна захапленасці творам Аляксея Талстога. Гэты "бульварны раман", магчыма, кожны прачытае па-свойму. Пісьменнік чатыры разы перапрацоўваў рукапіс, які нарэшце быў надрукаваны ў выдавецтве "Детгиз" – як твор для юнацтва. Аўтар меркаваў, што раман будзе авантурны, гераічны і утапічны адначасова. Тэму яго (якая, магчыма, не адразу прачытваецца ў пастаўленым мюзікле) можна акрэсліць як "геній і злачынства" – гэтым разам цалкам сумяшчальныя. Гарын валодае найвышэйшымі навуковымі здольнасцямі, але выкарыстоўвае іх не на карысць чалавецтву. І ўсё ж такі – хто ён? Авантурыст, рамантычны герой-палюбоўнік, дыктатар-самадур, геній, ліхадзей, славалюб, вынаходнік, які заблытаўся ва ўласных жаданнях, ці можа – проста вар’ят? Аднак тэма маральнай адказнасці генія перад чалавецтвам за вынік свайго вынаходніцтва адыходзіць у спектаклі на другі або трэці план. Бо на першым пануе лірычны пачатак, меладрама. Ісаеў не ўтойвае: "Галоўная ідэя твора – каханне, яно кіруе светам". Тыповы любоўны трохкутнік тут утвараюць прамысловы магнат Ролінг, закаханы ў рускую авантурыстку і арыстакратку Зою Манроз, якая ў сваю чаргу сустрэла і неўзабаве пакахала Гарына. Дарэчы, Зоя Манроз у выкананні прыгожай і прэзентабельнай артысткі Маргарыты Александровіч атрымалася жанчынай прывабнай, пачуццёвай, а таксама ўнутрана глыбокай, з ярка выяўленымі рысамі страснай натуры, якая ведае, чаго хоча. (Аўтары мюзікла свядома імкнуліся "палепшыць" вобраз, надзяліць яго высакароднасцю – у адрозненне ад талстоўскай гераіні.) У выніку ні Ролінг, ні Гарын не аказаліся вартымі такой жанчыны. Выканаўцы іх роляў Антон Заянчкоўскі і Аляксей Ісаеў, на жаль, пакідаюць уражанне скаванасці, што, пэўна, магла б кампенсаваць унутраная псіхалагічная дынаміка, якая прадугледжвае валоданне не толькі голасам і акцёрскім майстэрствам, але і свабоднай пластыкай сцэнічнага руху. На маю думку, шматлікія абавязкі Ісаева (рэжысёра, сцэнографа і г.д.) не спрыялі стварэнню такога вобраза Гарына, якім яго ўяўляў сам выканаўца. А Ролінг (Заянчкоўскі) у "Фантоме" пакуль мала нагадвае амерыканскага мільянера, хутчэй – яго расійскі варыянт з літаратуры ХІХ стагоддзя. Аднак акрамя трохкутніка ў спектаклі ёсць яшчэ вельмі прывабная пара – Шальга, прадстаўнік расійскіх спецслужб, і яго памочніца Маша. Яны надаюць "Фантому" не толькі неабходны дынамізм, але і асаблівы шарм, які ў рэшце рэшт аказваецца французскім – у працэсе пошукаў Гарына героі трапляюць у Парыж. Выканаўцы Віктар Цыркуновіч і Наталля Зубарава ў гэтым амплуа выступілі надзвычай удала. Іх танцы і спевы трэба бачыць і слухаць! Не менш каларытным атрымаўся ў выкананні Ігара Бычкова Гастон Качыны нос, акрэслены як французскі мафіёзі. Але ён хутчэй нагадвае тыповага ўраджэнца Адэсы. Дарэчы, другі план, якому падпарадкоўваецца дзейсна-драматургічнае разгортванне "Рускага фантома", у пэўным сэнсе змякчае шэраг пытанняў да пастаноўшчыкаў і выканаўцаў. Бо ўсё, што адбываецца на сцэне, можна ўспрымаць як фантастычны, вар’яцкі сон Гарына, чараду неверагодных, незвычайных прывідаў, якія з’яўляюцца ў свядомасці героя. Мяркую, дарэмна Ісаеў адмовіўся ад аўтарскага вызначэння "мюзікл-фантасмагорыя" (амаль тое самае, што і фантом): маўляў, хтосьці можа не зразумець, што гэта такое. Але ў той жа час і як рэжысёр, і як кіраўнік тэатра ён рабіў усё, каб атрымалася звышэфектнае відовішча-прадстаўленне. Кіраваў працай асвятляльнікаў, гукатэхнікаў, набываў касцюмы для выканаўцаў і тэхнічныя сродкі – інакш кажучы, сам шмат чаго прыдумваў і рэалізоўваў. Менавіта ён прапанаваў новы прыём сцэнаграфіі, закліканы ўзмацніць тэатральнае відовішча: у спектаклі выкарыстаны тры экраны і кінапраектары, якія ствараюць суперсучасныя эфекты.У рэшце рэшт, кінатэатральны "дыфузіянізм" вымагае адпаведнай рэфлексіі і пошуку, так бы мовіць, рэлевантнай логікі для вызначэння твора і характарыстыкі спектакля. Тут змяшаліся розныя віды мастацтва, розныя жанры і стылі. Ці можна казаць пра іх арганічны сінтэз, альбо – толькі пра сімбіёз? Меладрама і дэтэктыў, навуковая фантастыка і авантурна-прыгодніцкая плынь, трагедыйныя і камедыйныя элементы, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя моманты… Гэтак жа немагчыма вызначыць, чаго болей у "Фантоме": мюзікла ці мюзік-хола, аперэты ці рок-оперы? Як кажуць, выбірайце "на любы густ". Між іншым, аўтары цудоўна ўсведамляюць, што эклектычнасць – не на карысць твору. Таксама зразумела, што Музычны тэатр не надта прыстасаваны для тэхнічных навацый. Але ўсё гэта не перашкода для апантанага творчымі ідэямі Аляксея Ісаева, які ўпэўнены, што відавочныя хібы прэм’ернага спектакля праз нейкі час будуць ліквідаваны. Разам з тым, у тэатра ёсць падставы для гонару па іншых пазіцыях. Па-першае, такі спектакль існуе пакуль толькі ў Мінску ("Рускі фантом" рыхтуецца да пастаноўкі ў Іркуцку і Екацярынбургу), таму яго варта паглядзець. Па-другое, увесь праект ажыццёўлены за ўласныя сродкі тэатра. Нават засталіся грошы на пастаноўку "Бабінага бунту" Яўгена Пцічкіна (які, дарэчы, некалі ўжо ішоў на сцэне музычнай камедыі), а таксама на невялікі мюзік-хольны праект. Нарэшце, сцэнічнае ўвасабленне арыгінальнага музычна-тэатральнага твора – пэўная рызыка, тым больш, калі прапануецца рэжысёрскі эксперымент. Але ж трупа тэатра на чале з яго мастацкім кіраўніком відавочна імкнецца паказаць, што яна гатовая да ажыццяўлення самых неверагодных ідэй. Вось толькі вынікаюць яны часцей з замежных творчых кантактаў – у той час як уласна беларускія фантомы вандруюць недзе ў іншых краінах свету…

Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН. 
Мастацтва. – 2008. – № 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: