Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Сваім голасам заўжды была незадаволена…" (2009 г., Настаўніцкая газета)

"Сваім голасам заўжды была незадаволена…" (2009 г., Настаўніцкая газета)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НАТАЛЛЯ ГАЙДА: "СВАІМ ГОЛАСАМ ЗАЎЖДЫ БЫЛА НЕЗАДАВОЛЕНА…" 

У першы дзень мая яна адзначыла свой юбілей. Хіба гэта не сур'ёзная нагода пагутарыць з прымай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, народнай артысткай Беларусі? Пагутарыць пра яе няпросты шлях на сцэну, пра яе педагогаў і вучняў, пра любімыя партыі, пра адметнасць жанраў аперэты і мюзікла. 

– Наталля Віктараўна, не так даўно наша тэлебачанне паказала выдатны фільм пра вас. Былі ў ім і даўнія кінакадры, і цяперашнія. Уразіла і здзівіла тое, наколькі ярка і выразна ваш голас гучыць на працягу многіх гадоў. Справа ў спадчыннасці, генах? У школе, атрыманай ва Уральскай кансерваторыі? У рабоце над сабой, у асаблівых пеўчых сакрэтах? 


– На некаторыя пытанні вы ўжо адказалі. Вядома, штосьці Бог адразу дае. Але сваім голасам я заўсёды была незадаволена, таму што вельмі люблю моцныя галасы тыпу драматычнага сапрана або мецца. У оперы гэта дае такі прастор для паглыблення ў адметныя характары! У такім выпадку оперы я ніколі б не здрадзіла! А аперэту люблю і любіла заўсёды. 

Што датычыць школы… У мяне быў вельмі добры педагог. Хоць я спявала, у мяне быў дыяпазон, але голас не выклікаў асаблівага захаплення. У Маскву двойчы ездзіла, не ўзялі. Паступала ў Гнесінскі інстытут, у музычнае вучылішча… Перыяд станаўлення быў даволі доўгім. Добра, што педагог не сапсаваў голас, а дабавіў яму новых фарбаў… Была шчаслівая, калі на IV курсе мяне запрасілі ў Свярдлоўскі тэатр оперы і балета. Аднак ішла да такога выніку я доўга. 

– Гэты тэатр заўсёды лічыўся адным з найбольш моцных у Савецкім Саюзе… 

– Там у свой час спявалі і Казлоўскі, і Лемешаў. Першыя гады на сцэне працавала Архіпава, у 1956-м яна паехала са Свярдлоўска. Я ўсведамляла – многім яшчэ не валодаю. Працавала там чатыры сезоны і за гэты час паспела выканаць пятнаццаць вядучых партый. Год спявала ў Беларускім тэатры оперы і балета. 

– У оперы вам, хутчэй за ўсё, даручалі партыі лірыка-каларатурнага сапрана? 

– Так, Марфу ў "Царскай нявесце", Людмілу ў "Руслане і Людміле", Снягурку, Джыльду ў "Рыгалета". Вядома, была незадаволена сабой, сваім узроўнем выканання. Але, напэўна, нешта ў ва мне было, што падабалася кіраўніцтву тэатра, гледачам, калі мне даручалі гэтыя партыі. 

Жыццё падаравала сапраўднае шчасце – перайсці ў аперэту… Бо я ўсведамляла, што ў гэтым жанры больш магчымасцей. Памятаю, Уладзімір Акімавіч Курачкін, галоўны рэжысёр свярдлоўскай аперэты, неяк сказаў: "Ну і што ты са сваім голасам будзеш пяць оперных партый выконваць усё жыццё?! А ў аперэце зможаш кожны сезон па пяць-шэсць новых спяваць!" 

Сапраўды, мяне вабіла аперэта. Калі займалася ва Уральскай кансерваторыі, дык увесь час бегала на заняткі на аддзяленне музычнай камедыі і танцавала там… Калі ў Беларусі арганізаваўся тэатр музычнай камедыі, зразумела, што ўласны голас трэба "пераўтвараць". Бо такой лёгкай каларатурай нельга спяваць гераінь. Даводзілася шмат працаваць, каб зрабіць голас больш моцным і аб'ёмным. 

– Вы займаліся самі? 

– Сама. Без педагога, але з канцэртмайстрам. Адчувала, слухала іншых выканаўцаў, пласцінкі. I гэта ў рэшце рэшт дало вынік. Справа ў тым, што першая актава ў мяне заўсёды добра гучала. А за кошт таго, што ў оперным жанры трэба было дыяпазон трымаць, развіваліся высокія ноты. Я ўсведамляла, што ў аперэце трэба спяваць больш "буйным" гукам. Больш моцным, аб'ёмным… Сам тэатр, спектаклі, ролі дапамагалі. Лічу, што гадоў у 50 пачала добра спяваць! (Смяецца.) Атрымлівала задавальненне ад таго, як пяю. Бо калі сваёй каларатурай "свістала", як Бураціна, дык сябе проста ненавідзела! 

– Нават цяжка паверыць! Адметнасць жанру музычнай камедыі ў тым, што артыст павінен быць шматгранным і "сінтэтычным", умець спяваць, танцаваць, весці размоўны дыялог. У якой ступені складана або лёгка спяваць, танцуючы? Ці былі вы навучаны? 

– У жыцці, паколькі мы не сочым за дыханнем, ад доўгіх размоў па-за межамі сцэны я стамлялася. Нават чытаць дачцэ казкі… Разважаю пра перыяд, калі была звязана з операй. Калі ж прыйшла ў аперэту, дык заўважыла: пасля таго як шмат размаўляю на сцэне, а яшчэ калі і крычаць даводзілася, у мяне стамляецца голас – менавіта размоўны, не спеўны… Якая цяжкасць узнікае, калі оперны спявак прыходзіць у аперэту? Ён усведамляе: размаўляць, а потым заспяваць – няпроста. Галасавыя і размоўныя перапады таксама існуюць – ад піяна да мецца-фортэ і сапраўднага крыку. Тут дыханне таксама павінна быць пастаўлена. Пачала звяртаць большую ўвагу, займацца, і пазней праблем не было. 

– Наталля Віктараўна, на сцэне вы заўсёды выдатна рухаліся. Гэта вынік трэнажу, заняткаў у балетным класе? 

– Мой бацька, геолаг, вельмі любіў аперэту. Ён заўжды добра танцаваў і быў першым танцорам у Томскім універсітэце. На ўсіх вечарах, балях дзяўчаты ганарыліся адна перад адной: "Ой, я сёння з Віцькам Гайдам танцавала!" Калі мы жылі ў Сяміпалацінску, я вучылася ў 2-м класе і бегала ў балетную студыю, якая была пры Доме піянераў. Там нават марлевыя пачкі шылі. Выкладчыцай з'яўлялася былая балерына, хутчэй за ўсё, сасланая па 58-м артыкуле. У Казахстане сасланых заўсёды было шмат. Дзяўчаты ў двары потым крыху іранічна падсмейваліся: "Ты што, балерынай будзеш?!" А педагог мяне хваліла і гаварыла іншым навучэнцам: "Глядзіце на Наташу!" Я гэтым вельмі ганарылася. У Іркуцку хадзіла ў Дом піянераў, у вакальны і драматычны гурткі. 

Што датычыць таго, цяжка або няцяжка спяваць і танцаваць, дык усё даецца працай і рэпетыцыямі. Оперны спявак, нават самы выдатны, калі рыхтуе новую партыю, павінен яе "ўпець" (існуе такі прафесійны тэрмін). Таму што адразу ніколі не атрымліваецца так, як трэба. Усе мышцы павінны прызвычаіцца, неабходна пабудаваць ролю. Калі ты танцуеш і спяваеш кожны раз на рэпетыцыі, арганізм да гэтага прыстасоўваецца. Цяпер, калі гляджу на маладых артыстаў, вельмі пластычных, добра падрыхтаваных, дык думаю: "Магчыма, я б так не зрабіла!" Пэўна, кожны час нараджае свае правілы. Але тое, што прапаноўвалі пастаноўшчыкі, я магла зрабіць. 

– Давайце ўспомнім час, калі вы толькі прыйшлі ў трупу тэатра музкамедыі. Тады яна яшчэ не мела нават свайго дома… 

– Мы былі вандроўным тэатрам. Спектаклі ішлі ў Доме афіцэраў, у Палацы прафсаюзаў, у Палацы культуры трактарнага або аўтазавода. Акустыка ўсюды вельмі розная, часам далёкая ад ідэальнай. Некаторыя глядзельныя залы не надта ўтульныя. Сёння ўспамінаеш тое і думаеш: адкуль хапала энтузіязму?! А тады ўсе былі лёгкія на пад'ём, цяжкасці здаваліся натуральнымі… У грымёрных, напрыклад, размяшчаліся і салісты, і артысты хору. Чалавек дваццаць. I ўсе няспынна размаўляюць. А перад выхадам на сцэну я звычайна думала: "Ну хоць бы крыху памаўчалі і далі магчымасць засяродзіцца на ролі!" Калі тэатр ужо пабудавалі і мне далі асобную грымёрную, гэта здавалася проста шчасцем! 

– Вашы гераіні ў класічных аперэтах, у музычных камедыях савецкіх кампазітараў, у творах беларускіх кампазітараў, як правіла, асобы аптымістычныя, жыццярадасныя, лёгкія, светлыя… Здаецца, нават прастора вакол іх літаральна зіхаціць і пераліваецца фарбамі вясёлкі. Гэта адзнака жанру ці выяўленне вашага характару? 

– У мяне былі розныя гераіні, шмат вобразаў і ў класічных, і ў савецкіх аперэтах. У іх была і доля аптымізму, і трагізму. У кожным чалавеку і ў кожным персанажы шмат усяго. Жыццёвыя абставіны і сітуацыі даюць магчымасць выявіць пэўныя якасці. У мяне таксама ёсць усяго патроху. Усё роўна кожную ролю бярэш з сябе. Шукаеш у сабе і думаеш: а як бы я паводзіла сябе ў такой сітуацыі? У кожнай гераіні штосьці ёсць ад мяне. Але штосьці і з тых назіранняў, якія назапашваюцца ў кожнага артыста… 

– У жыцці кожнага выдатнага артыста акрамя творчых перамог надараюцца і няпростыя сітуацыі, калі тэатр перажывае спад, крызісны перыяд. Быў такі і ў вас, калі давялося часова развітацца з тэатрам… 

– Сапраўды, год не працавала ў тэатры, з'яўлялася салісткай Гродзенскай філармоніі, выступала з сольнымі праграмамі. Працавалі мы разам з канцэртмайстрам Жаннай Навумаўнай Габа, якую я добра ведала яшчэ з часоў работы ў Свярдлоўску. "Ну вось, – меркавала я, – цяпер буду спяваць толькі тое, што мне падабаецца!" Бо здараецца, на рэпетыцыі сваю ролю вядзеш і робіш так, як ты задумаў, а выходзіш на сцэну, і на агульны вынік уплывае шмат розных акалічнасцей, якія не заўсёды ад цябе залежаць. 

Згадваю, як Габа папярэджвала: "Наташа, не сыходэь з тэатра! Ты не зможаш без яго…" I сапраўды, падчас канцэртаў спявала, атрымлівала задавальненне ад музіцыравання. Але тэатр – гэта тэатр! Мяне вабіць сцэна, магчымасць акцёрскай ігры. I калі ў якасці дырэктара ў тэатр прыйшоў Сяргей Рыгоравіч Косцін, першае, што ён зрабіў, прапанаваў мне вярнуцца ў трупу. I тады я адчувала сябе шчаслівай! Для сябе вырашыла: "Няхай іншыя сыходзяць з тэатра, а я застаюся!" 

– Для кожнай вядучай артысткі заўсёды нялёгкі перыяд развітання з партыямі маладых гераінь. У вас ён быў не такі драматычны. Напэўна, таму, што айчынныя кампазітары, найперш У. Кандрусевіч, прапанавалі тэатру некалькі мюзіклаў, дзе галоўныя ролі ствараліся з разлікам на вашу індывідуальнасць. Маю на ўвазе "Джулію" і "Шклянку вады"… 

– Сапраўды, калі былі пастаўлены тыя спектаклі, дык я зусім не пакутавала ад таго, што больш не спяваю партыі гераінь у класіцы, а перайшла на іншыя ролі. Бо і там з'яўлялася галоўнай гераіняй. 

– Ваша герцагіня ў "Шклянцы вады" аказалася надзвычай шматграннай. Згадваю фільм рэжысёра Ю. Карасіка, дзе гэтую ролю выконвала славутая Ала Дзямідава, дык яе герцагіня паўставала істотай халоднай, рацыянальнай, з мужчынскім розумам. Інтрыганка высокага кшталту. Ваша герцагіня была па-жаночаму абаяльнай! I больш небяспечнай… 

– Дзямідава не іграла жанчыну. А я заўсёды лічыла, што кожны палітык-жанчына, нават мудрая, самая незвычайная інтрыганка, – усё роўна жанчына. I час ад часу жаночая сутнасць выяўляецца. А музыка якраз дае такую магчымасць… 

– Згадваю вашу мадам Рэнесанс у сатырычным "Клапе", галоўныя партыі ў мюэіклах "Хэло, Долі!" і "Мая цудоўная лэдзі". Яны засведчылі, што вы – бліскучая характарная актрыса. У апошнім спектаклі вы не баяліся з'явіцца на сцэне не вельмі прыгожай, запэцканай, у лахманах. Цікава было назіраць, як неадукаваная папялушка з жахлівымі манерамі і адпаведнай лексікай паступова ператвараецца ў велікасвецкую лэдзі. Вашы якасці яркай характарнай актрысы да таго перыяду так відавочна не выяўляліся… 

– Напэўна, усяму свой час. Калі перастаеш іграць гераінь і не сыходзіш з тэатра, значыць, трэба шукаць іншыя фарбы. Лічыцца, што не кожная гераіня можа перайсці на характарныя партыі. Лічыла і да гэтага часу лічу, што магу іграць такія ролі. А яшчэ высакародных матуль, трагічных старых… Аднак заўсёды меркавала, што не магу быць камічнай старой. А цяпер думаю: калі б мела адпаведны матэрыял, то паспрабавала б, можа, і атрымалася б. Рада, што ёсць магчымасць спрабаваць. Але заўжды хвалююся: атрымаецца ці не? 

– Думаю, што вы заўсёды даволі хутка вучылі свае партыі. Бо ў вас проста фантастычная працаздольнасць… 

– Заўсёды вучыла хутка. Справа ў тым, што паступіла ў кансерваторыю без усялякай музычнай падрыхтоўкі. Шкада, што не валодаю інструментам. У працэсе засваення партыі вялікая роля належыць канцэртмайстру, які дае магчымасць адчуць гармонію, фактуру. А потым ужо лягчэй вучыць мелодыю. 

– Наколькі ведаю, пэўны час вы выкладалі ў Акадэміі мастацтваў. 

– У 2000 годзе ў акадэміі адбыўся выпуск студэнтаў, набраных рэжысёрам Барысам Пятровічам Уторавым на курс "акцёр музычнага тэатра". Такім чынам, у тэатр прыйшлі рэжысёр Настасся Грыненка, Дзмітрый Якубовіч (нядаўна ён набыў яшчэ адну адукацыю – харэограф – у БДУ культуры і мастацтваў). Разам з імі займалася Кацярына Дзегцярова, мая вучаніца (не так даўно стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу артыстаў мюзікла і аперэты ў Екацярынбургу). Маёй вучаніцай з'яўляецца і салістка нашага тэатра Ілона Казакевіч. Цяпер выкладаю ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУ культуры і мастацтваў. Займаюся з вакалістамі і педагогамі, якія або самі хочуць спяваць, або кіруюць калектывамі. 

– Добра памятаю вашу творчую вечарыну, калі адзін з нумароў, "Рэгтайм", вы выконвалі разам з дачкой Настассяй. Яна вельмі добра спявала і танцавала. Дачка не абрала вашу прафесію? Тым больш што гены ў яе з абодвух бакоў пеўчыя. Ваш муж, Юрый Бастрыкаў, народны артыст Беларусі, уладальнік надзвычай прыгожага барытона, шмат гадоў быў адным з вядучых салістаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Беларусі… 

– Дачка атрымала музычна-педагагічную адукацыю, працавала ў школе, потым у гімназіі. Пазней набыла яшчэ адну вышэйшую адукацыю – па спецыяльнасці "культуралогія". Выкладае этыку, эстэтыку, культуралогію ў Інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва. Сапраўды, яна музычна адораная. У свой час скончыла музычную школу на выдатна, танцавала з дзяцінства. Магла паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут, стаць цікавай драматычнай актрысай, але не захацела. Сказала: "Не! Вось калі б голас быў, дык я ў аперэту б пайшла…" Голас, каб спяваць на эстрадзе, у яе ёсць, але класічнага няма. Відаць, і моцнага жадання трапіць на сцэну, як у мяне, не было. 

Маёй унучцы 15 гадоў, а ўнук зусім маленькі. Шкада, што ўнучка не спявае. Мяне гэта нават засмучае. Праўда, дзяўчына займаецца спортам – таэквандо. Кандыдат у майстры спорту, нават ездзіла ў Лас-Вегас на адкрыты чэмпіянат Амерыкі. Але яшчэ спадзяюся: раптам унук заспявае, і я нарэшце яго вучыць буду? А то іншых вучу, а сваіх?.. Заўжды крыху зайздросціла нашым салістам, у якіх дзеці таксама сталі спевакамі (як, напрыклад, у Ірыны Шыкуновай) або асабістымі канцэртмайстрамі. 

– Калі вярнуцца да вашага тэатральнага лёсу, дык варта нагадаць, што надзвычай паспяховым аказалася ваша выступленне на драматычнай сцэне, дзе вы сыгралі дзве разгорнутыя, псіхалагічна складаныя ролі ў Купалаўскім спектаклі "Не пакідай мяне", пастаўленым М. Захарэвіч. У тэатры імя Горкага – "Валянцінаў дзень", увасоблены В. Ераньковай. У адной з апошніх прэм'ер тэатра, музычнай камедыі Я. Пцічкіна "Бабін бунт", у вас надзвычай яркая роля Сямёнаўны. Не так даўно, 21 сакавіка, у Малой зале філармоніі з поспехам прайшоў ваш сольны канцэрт… 

– Раней наогул шмат канцэртавала, бо ў мяне назапашаны вялікі камерны рэпертуар. Мела права ладзіць сольныя канцэрты ў двух аддзяленнях. Тады працавала з канцэртмайстрамі тэатра оперы і балета Жаннай Габай і Георгіем Карантам. Напярэдадні апошняга сольнага канцэрта вельмі хвалявалася: два аддзяленні – гэта ж трэба вытрымаць! Думаю, у бліжэйшы час "сольнікі" ладзіць не буду. Я – як Кабзон… Ён спявае, але не дае сольныя канцэрты па краіне. А выконваць асобныя нумары ў канцэртах зборных ці іншых выканаўцаў усё-такі прасцей і лягчэй. Дзякуй Богу, і цяпер ёсць ролі. Няхай у сваім, музычным, тэатры няма маштабных. Але спадзяюся: раптам з'явяцца новыя?..

Гутарыла 
Таццяна МУШЫНСКАЯ.
Настаўніцкая газета. – 2009. – 8 мая. – С. 7.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: