Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Наталля Гайда. Прыма (2009 г., Мастацтва)

Наталля Гайда. Прыма (2009 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НАТАЛЛЯ ГАЙДА. ПРЫМА

press2009-17a

Шматлікія вобразы, створаныя гэтай артысткай, увасабляюць мару і ідэал. Прывабны, зіхатлівы, недасяжны. Той, які, магчыма, так ніколі і не сустрэнуць у рэальным жыцці прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва.

Той, да якога, магчыма, так і не ўздымуцца ў паўсядзённасці прадстаўніцы лепшай яго паловы. Ролі, сыграныя ёю, успрымаюцца як разнастайныя праявы прывабнай і невытлумачальнай жаноцкасці – пяшчоты і летуценнасці, моцнага кахання і абаяльнасці, гарэзнасці і журбы.

Яна не проста вядомая, славутая, знакамітая артыстка. Яна – амаль што сімвал, брэнд. А што думае пра сваіх гераінь, свой багаты артыстычны вопыт, пра сучасны стан музычнага тэатра прыма нашай аперэты, народная артыстка Беларусі, непараўнальная Наталля Віктараўна Гайда?

– Вы праспявалі, напэўна, усе галоўныя партыі ў класічных аперэтах. Сярод іх і Віялета ў "Фіялцы Манмартра", і Адэта ў "Баядэры", Сільва і Марыца. Акрамя святочна-зіхатлівай музыкі, запамінальных арый і дуэтаў, у жанры, якому вы прысвяцілі жыццё, існуе яшчэ і аперэтачны штамп. Ён вам перашкаджаў, дапамагаў ці вы яго не заўважалі?


– Я выканала не ўвесь класічны рэпертуар. Спявала толькі тыя спектаклі, якія ішлі ў нашым тэатры. Але мела справу з дастаткова вялікай колькасцю гераінь. Пэўная драматургічная схема не перашкаджала па той прычыне, што я разумела: Сільва, Марыца, Ганна Главары, Тэадора Вердзье – не характары (такія, як у драме). Гэта тып жанчыны-гераіні, абумоўлены музыкай. Усе згаданыя вобразы надзелены яркімі музычнымі характарыстыкамі, запамінальнымі мелодыямі. Нярэдка аперэты названы ў адпаведнасці з іх імёнамі. Такія жанчыны павінны валодаць прыгожым, прыемным голасам. Не толькі спявацкім, але і размоўным. Павінны быць абаяльнымі, добрымі. Здатнымі на моцныя пачуцці, на самаахвярнасць. У гэтых гераінь шмат агульных рысаў. Розніца – у адметнасцях часу і месца, у якія іх ставіць сцэнарыст ці аўтар лібрэта.

Для мяне агульнасць іх лёсаў не была складанай. Я ішла ад музыкі, ад падзей, ад чыста жаночых пачуццяў. Нават ад сябе… Згадайце меркаванне Станіслаўскага: роля – гэта спачатку "я" ў прапанаваных абставінах. А што нас, усіх жанчын, аб’ядноўвае? Рысы, якія ўласцівы нам, якія жанчына павінна мець. Каб заваёўваць мужчын, заваёўваць любоў і дзяцей, і ўсіх навакол. Увогуле галоўныя гераіні класічнай аперэты ўвасабляюць лепшыя якасці жаночага характару.

– Хто вам бліжэй з класікі? З кім вы псіхалагічна, эмацыйна супадалі? 

– Па разнастайнасці сюжэтных ліній і акалічнасцей, пэўна, Сільва… Хоць усіх астатніх таксама спявала з задавальненнем.

– Многія спявачкі, якія пачыналі сцэнічную кар’еру разам з вамі, даўно сышлі са сцэны. Ваш голас гучыць ярка і выразна на працягу многіх гадоў. Для вядучай артысткі музычнага тэатра голас – рэч вызначальная. Справа ў спадчыннасці? У школе, атрыманай ва Уральскай кансерваторыі? У працы над сабой, у спеўных сакрэтах?

– Вядома, штосьці Бог адразу дае. Але сваімі вакальнымі данымі заўсёды была незадаволеная. Бо вельмі люблю моцныя галасы – тыпу драмсапрана або мецца-сапрана. Яны ў оперы даюць такі прастор для паглыблення ў цікавы характар! І ў аперэту я ніколі б не сышла…

– Вы згадвалі, што ў вашай мамы быў адметны спеўны голас…

– Яна мела прыгожае, моцнае сапрана. Скажу шчыра, пазней мамінаму голасу нават зайздросціла! З першага класа ведала яе рэпертуар – мама ішла на працу, а я дома спявала арыю Таццяны з "Яўгенія Анегіна" або арыю Тоскі. Яна скончыла тры курсы Томскага музычнага вучылішча, а потым яе, як адну з лепшых студэнтак, накіравалі ва Уральскую кансерваторыю. Яна вучылася на 2-м курсе, калі пачалася вайна. Я – маленькая, муж на фронце… Давялося пакінуць кансерваторыю, спявала ў філармоніі. Калі скончылася вайна, бацька працаваў геолагам і маці ездзіла разам з ім. Караганда, Сяміпалацінск… У такіх гарадах звычайна не было тэатраў, а існаваў толькі Дом настаўніка, дзе збіралася інтэлігенцыя. Ладзіліся музычныя вечары, мама спявала. Урыўкі з "Пікавай дамы", іншых опер…

– Ваша дзяцінства прайшло на фоне музыкі?

– Тады класіка няспынна гучала па радыё. У тым ліку і класічная аперэта. Слухала я салістаў Вялікага тэатра, якія спявалі арыі, народныя песні. Арыю Снягуркі ведала змалку. Калі вучылася ў 9-м класе, мы пераехалі ў Іркуцк, і там я пачала хадзіць у аперэту. Бабуля мяне вадзіла…

– На сцэне вы заўсёды выдатна і лёгка рухаецеся. Гэта вынік прыроднай пластычнасці або заняткаў у балетнай зале?

– Бацька, геолаг, надзвычай любіў аперэту. Ён вельмі добра танцаваў і на вечарах, балях у Томскім універсітэце лічыўся першым кавалерам. Дзяўчаты з гонарам пераказвалі адна адной: "Ой, я сёння з Віцькам Гайдам танцавала!" Калі жылі ў Сяміпалацінску, я вучылася ў 2-м класе і бегала ў балетную студыю пры Доме піянераў. Мы нават марлевыя пачкі шылі! Кіравала студыяй колішняя балерына. Думаю, хутчэй за ўсё сасланая па 58-м артыкуле. У Казахстане сасланых заўжды аказвалася шмат. Дзяўчаты ў двары потым іранічна падсмейваліся: "Ты што, балерынай будзеш?!" Але педагог мяне хваліла і казала іншым студыйкам: "Глядзіце на Наташу!" Гэтай увагай я вельмі ганарылася. У Іркуцку хадзіла і ў вакальны гурток, і ў драматычны ў Доме піянераў.

– Ведаю, што засваенне вакальных сакрэтаў не было для вас лёгкім…

– Што датычыць школы… У Маскву двойчы ездзіла, не ўзялі. Паступала ў Гнесінскі інстытут, у музычнае вучылішча. Хоць спявала, быў дыяпазон, але голас не выклікаў захаплення. У мяне аказаўся вельмі добры педагог, які не сапсаваў голас, а дадаў яму новыя фарбы. Але да такога выніку ішла дастаткова доўга. Была шчаслівая, што на 4-м курсе запрасілі ў Свярдлоўскі тэатр оперы і балета.

– Ён заўжды лічыўся адным з найбольш моцных у Савецкім Саюзе…

– Там спявалі і Іван Казлоўскі, і Сяргей Лемешаў. Першыя гады на сцэне працавала Ірына Архіпава, у 1956-м яна паехала са Свярдлоўска. Я ўсведамляла: многімі якасцямі яшчэ не валодаю. За чатыры сезоны паспела выканаць пятнаццаць вядучых партый. І да таго, як трапіць у беларускую аперэту, год спявала ў нашым Тэатры оперы і балета.

Так склалася жыццё, што ў тэатры стала "гераіняй". Хоць цвяроза сябе ацэньвала і лічыла, што ў мяне, курносай, знешнасць субрэткі. Страшэнна перажывала, асабліва на першых спектаклях: як буду выглядаць?! Праўда, Бог даў рост нармальны. Магла быць і высокай, і не надта… Разумела, што трэба, каб зрабіцца "гераіняй", і шмат працавала.

– Вам надзвычай пашанцавала з багатым нацыянальным рэпертуарам. Згадаць хоць бы Паўлінку ў аднайменным спектаклі і Ірыну ў гераічнай камедыі "Пяе "Жаўранак", Кацю ў "Тыдні вечнага кахання", творах нашага класіка Юрыя Семянякі. Партыі пісаліся з разлікам на вас?

– Удзячна лёсу, што ён своечасова звёў мяне з Юрыем Уладзіміравічам. У музкамедыю мяне хацелі ўзяць з опернага пераводам, але я прыйшла на праслухоўванне. Быў конкурс, усе праслухоўваліся. І хацелася, каб мяне пачулі ў новай, іншай якасці. У камісію ўваходзіў і Семяняка. Ён падышоў, падзякаваў за Дунаеўскага. Бо я спявала арыёза Тоні з "Белай акацыі" і сцэну "Карамбаліна" з "Фіялкі Манмартра". У той час, калі ўтвараўся наш Тэатр музкамедыі, мне споўнілася 30 гадоў.

Калі Юрый Уладзіміравіч працаваў над "Паўлінкай" (а падахвоціў яго рэжысёр Сёмен Аляксандравіч Штэйн), дык вобраз галоўнай гераіні быў разлічаны на мае вакальныя магчымасці. Партытура нараджалася ў супрацоўніцтве з тэатрам. Напрыклад, рэжысёр мог сказаць кампазітару: "У дадзенай сцэне патрэбны яшчэ восем тактаў…" Адна са сцэн з’явілася дзякуючы мне. Фінал першай дзеі досыць драматычны, а другая дзея адкрываецца кірмашом. І я прапанавала аўтару музыкі і рэжысёру: на пачатку яе павінна быць вялікая разгорнутая арыя Паўлінкі! Так яно ўрэшце і атрымалася.

Што да астатніх роляў, дык кампазітары не заўсёды пісалі для мяне. Але гэты час успамінаецца як выдатны перыяд, калі столькі аўтараў стваралі музыку для нашага тэатра! І калектыў меў магчымасць нават выбіраць. На жаль, такога цяпер няма… Апошні айчынны кампазітар, які мэтанакіравана працаваў для нас, – Уладзімір Кандрусевіч. У "Шклянцы вады" выканаўцай ролі герцагіні Мальбара ён бачыў менавіта мяне.

– Праз пэўны час у вашым рэпертуары з’явіліся партыі ў мюзіклах. Эпіфанія ў "Мільянерцы" Яўгена Глебава, Джулія ў аднайменным спектаклі, згаданая герцагіня Мальбара. Мюзікл для вас па прыродзе іншы?

– Калі ў аперэце пачынаецца лірычная сцэна або гучыць арыя, дзеянне спыняецца. А ў мюзікле яно працягваецца, і падчас спеваў доўжыцца развіццё. У мюзікле ў большай ступені выяўлены рысы шоу. Хор і балет не існуюць паасобку, артысты павінны і спяваць, і танцаваць. Але тое прадугледжвае зусім іншы ўзровень падрыхтоўкі, з самага пачатку адукацыі, чаго ў нас пакуль няма. Многія драматычныя акцёры могуць выдатна працаваць у мюзікле, валодаюць целам, танцуюць, спяваюць. Але гэта дадзена ім ад прыроды.

– І ваша Эпіфанія, і Джулія, і герцагіня Мальбара ўспрымаліся надзвычай інтэлектуальнымі, разумнымі, а ў нечым і парадаксальнымі жанчынамі. Спектаклі атрымаліся маштабнымі, моцнымі па драматургіі, а вобразы вашых гераінь – надзвычай шматграннымі і сучаснымі па духу…

– Ідэя музычнага ўвасаблення рамана Моэма і вобраза Джуліі Ламберт узнікла яшчэ ў 1980-м, калі творы англійскага пісьменніка толькі выйшлі ў перакладзе на рускую мову. Прачытала "Тэатр" і, памятаю, сказала свайму партнёру Рыгору Харыку: "Дык гэта ж сапраўдны мюзікл!" Дарэчы, два надзвычай цікавыя нумары з будучага спектакля паказаў кампазітар Эдуард Зарыцкі. Увасабленне ідэі адклалася амаль на дзесяцігоддзе. Калі ў Маскве мы сустракаліся з Таццянай Іванаўнай Шмыгай, яна ведала, што і ў нас ідзе праца над "Джуліяй", але з музыкай Кандрусевіча. Шмыга заўважыла: "Не ўсё ж вам першымі быць!" У нас і ў Маскве прэм’еры выйшлі амаль адначасова. Калі Аляксей Ісаеў прыйшоў у тэатр, у яго з’явілася ідэя аднавіць "Джулію", але я не рызыкнула. У адну і тую ж раку нельга ўвайсці двойчы. Няхай лепей застанецца легенда…

– І "Джулія", і "Шклянка вады" літаральна зіхацелі каскадам незвычайна яркіх акцёрскіх работ…

– "Шклянка вады" – сапраўды вельмі стыльны, элітны спектакль. Добра, што яго цяпер аднавілі. Адзінае, што не зусім падабаецца, – мікрафоны. Тады яны былі. Праўда, адразу ўся кампазіцыя спектакля рабілася з разлікам на іх. І ніхто іх не заўважаў…

– У цэнтры музычнага спектакля, як правіла, гісторыя кахання. А таму вельмі важныя дуэты і ансамбль – гераіня і герой. Герояў у дуэтах з вамі спявалі розныя артысты, больш ці менш таленавітыя. Час ад часу здавалася, што вашай эмацыйнасці і закаханасці хапае і на вас, і… на яго. Здаралася, ён амаль адпавядаў вам – па маштабе, па яркасці, здаралася, толькі набліжаўся. Але ўласным высакародствам вы ставілі яго побач…

– Згодна, што ўвасабляць на сцэне каханне вельмі складана. Магчыма, не кожны на тое здольны… Скажу без залішняй сціпласці: так, я магу іграць любоўнае пачуццё! Магу ім жыць. І люблю свайго партнёра на сцэне. У мяне іх было шмат. І добрых… Калі тэатр толькі арганізаваўся, "Паўлінку", "Вольны вецер", "Фіялку Манмартра" мы ігралі разам з Вілам Бурцавым. Ён вельмі ўважлівы артыст. Пазней атрымліваліся цудоўныя спектаклі з Канстанцінам Лосевым, Уладзімірам Лінкевічам… Іншым разам магла і не заўважаць, што герой любіць мяне не так, як я яго. Што мяне ён не так адчувае… Бо я паглыблялася ў пачуццё. Аднойчы хтосьці з сяброў пасля спектакля сказаў: "Слухай, ты любіш і за сябе, і за таго хлопца!" З гадамі, вопытам, узростам, калі ўжо не так захоплены эмоцыямі, калі робішся… не тое каб больш рацыянальным, але, магчыма, глыбей асэнсоўваеш партыю і ўзаемаадносіны, – тады, зразумела, больш заўважаеш, бачыш, адчуваеш. І шмат што бянтэжыць і засмучае…

– У выканальніцтве?

– У тым, як ідзе спектакль. Не толькі той, дзе я іграю. У якасці гледача таксама часам адчуваю незадаволенасць. Але ёсць і вельмі цікавыя, неардынарныя пастаноўкі. Прычым адзін і той жа спектакль можа ісці ярка, на ўздыме, а можа і кепска, без настрою. Іншым разам думаеш – мо пакінуць ужо гэтую прафесію? Здаецца, найгралася… Але як жа буду без сцэны?! Страшна робіцца…

– Адным з выдатных партнёраў, які вас глыбока разумеў і адчуваў падчас спектакля, быў Рыгор Харык, сапраўды харызматычная асоба. У "Джуліі", "Сірано", іншых пастаноўках… На жаль, больш як 15 гадоў таму ён з’ехаў з Беларусі ў Злучаныя Штаты. Але вашы сумесныя спектаклі помняцца. У тым ліку – пачуццём нязмушанай імправізацыі…

– Каб узнікла адчуванне імправізацыі, трэба шмат разоў прарэпеціраваць. Харык быў выключна патрабавальны да сябе. І мы з ім вельмі сур’ёзна працавалі. Паколькі ён прыйшоў у тэатр пасля кансерваторыі, дзе акцёрская падрыхтоўка магла б быць і лепшай, дык усведамляў, чаго яму не хапае. Заўжды меў уласнае бачанне партыі. Мы часта спрачаліся, але пры гэтым разумелі адзін аднаго і прыходзілі да агульнага творчага выніку.

Вядучыя партыі Рыгор пачаў выконваць дзесьці ў 1980 годзе. Якраз тады аказаўся запатрабаваным новы герой. Амаль дванаццаць гадоў доўжылася наша надзвычай цікавае партнёрства! Ягоны ад’езд супаў з сыходам з тэатра Канстанціна Лосева, не стала Уладзіміра Лінкевіча – усё гэта прадстаўнікі пакалення, якое цяпер лічыцца старэйшым. Менавіта тады і я перастала спяваць маладых гераінь. Адмовілася ад іх недзе ў 1991-м. Праўда, з’явіліся "Джулія", "Шклянка вады". Пазней – "Дарагая Памэла", "Хэлоў, Долі!". З’явіліся і характарныя партнёры…

– Напэўна, вы заўсёды хутка вучылі свае партыі? Бо ў вас фантастычная працаздольнасць…

– Заўжды вучыла хутка. Справа ў тым, што паступіла ў кансерваторыю без усялякай музычнай падрыхтоўкі. Шкада, што не валодаю інструментам. Таму вялікая роля канцэртмайстра, які дае магчымасць адчуць усю гармонію, фактуру. А потым лягчэй вучыць мелодыю…

– У друку прайшоў шэраг вострых публікацый, якія датычылі канфлікту ўнутры Беларускага музычнага тэатра, узаемаадносін дырэктара і групы салістаў, якія з калектывам развіталіся. Як можна сітуацыю пракаменціраваць, на чыім баку праўда?

– Наогул не хацелася б яе каменціраваць. Кіраўніцтва тэатра мае права пенсіянераў адпраўляць на пенсію. Магу быць згодная, магу быць нязгодная, але з гэтым нічога не зробіш… Калі дырэктар мае гэткае права, ён яго ажыццяўляе. Іншае пытанне, што мне шкада некаторых артыстаў, якія пайшлі з тэатра, але яшчэ маглі б іграць. Стаўлю пытанне так: калі выканаўца можа і хоча заставацца ў тэатры, значыць, трэба быць гатовым да кампрамісаў. Калі на кампраміс ісці не атрымліваецца, значыць, трэба сыходзіць з калектыву. Іншага выйсця няма…

Наш жанр такі, што ў музычных спектаклях ёсць шмат узроставых роляў, якія павінны іграць немаладыя артысты. Менавіта пенсіянеры… І на такія ролі не варта спяшацца ўводзіць маладых. Напрыклад, ролю дзеда Захара ў "Бабіным бунце", бясспрэчна, павінен іграць пажылы акцёр. І калі прызначаюць маладога, які звычайна іграе "прасцякоў", вядома, яму складана. Ці трэба гэта? Ён яшчэ паспее! Калі зможа… Яшчэ адзін варыянт рашэння праблемы: дырэктар можа запрасіць артыста на выкананне разавых роляў. 

– Вернемся да вашага акцёрскага лёсу. На драматычнай сцэне вы сыгралі дзве разгорнутыя, псіхалагічна складаныя ролі. У Купалаўскім тэатры – у спектаклі "Я не пакіну цябе", пастаўленым Марыяй Захарэвіч. У Рускім тэатры – у "Валянцінавым дні" ў рэжысуры Валянціны Ераньковай. Як прыйшлі да такой ідэі? Чыя была ініцыятыва?

– У першым выпадку – мая. Сустрэліся з Марыяй Георгіеўнай на ўрадавым канцэрце, прысвечаным 8 Сакавіка, разгаварыліся. Яна сказала, што збіраецца ставіць цікавую п’есу з дзвюма жаночымі ролямі. Адну з іх будзе іграць сама, а на другую шукае выканаўцу. Сцісла пераказала сюжэт. "Не ведаю, каму прапануеш ролю, – сказала я, – але вазьмі мяне дублёркай – паспрабаваць…" Марыя Георгіеўна паглядзела на мяне: "А гэта ідэя!" І ўжо больш нікога не шукала. Так нарадзіўся спектакль "Я не пакіну цябе", для мяне – сапраўдны падарунак лёсу. Здавалі спектакль на малой сцэне, але мастацкая рада прыйшла да высновы, што яго трэба паказваць на вялікай. У 2003-м адбылася прэм’ера, і мы дасюль іграем "Я не пакіну цябе". Вялікі дзякуй за гэта Марыі Захарэвіч!

А "Валянцінаў дзень" узнік спачатку як антрэпрыза, у якой удзельнічалі акцёры Рускага тэатра і ТЮГа. І рэжысёр Валянціна Еранькова мне прапанавала ролю. Але спектакль нядоўга ішоў як антрэпрызны. Калі надыходзіў юбілей Бэлы Масумян і тэатр выбіраў для яе п’есы, дык з усіх прапаноў актрыса спынілася менавіта на "Валянцінавым дні". Так спектакль трапіў у афішу тэатра, і мяне зноў запрасілі. Вядома, прыемна. З вялікім задавальненнем у ім іграю. Пры аншлагах…

– Беларускі музычны тэатр нядаўна атрымаў званне "акадэмічны". Яно шмат да чаго абавязвае. Што за ім стаіць? Іншы ўзровень патрабаванняў? Гледачоў – да тэатра, калектыву і выканаўцаў – да сябе?

– Спадзяюся, што званне адлюстроўвае нашы поспехі. Бо проста так яно не даецца. Званне, напэўна, важнае і для таго, каб узняць статус тэатра, каб пашырыць склад хору, аркестра. Вырашыць пэўныя фінансавыя пытанні. У любым выпадку такое прызнанне прыемнае. Тым больш, што мы – адзіны музычны тэатр у краіне. На Украіне музычна-драматычных тэатраў вялікая колькасць.

– Пра дасягненні тэатра, можна лічыць, мы пагаварылі. А чаго, на ваш погляд, яму не стае?

– Вядома, хацелася б мець сучасны рэпертуар. Каб кампазітары пісалі спецыяльна для нас. Не ведаю, што для гэтага трэба. Магчыма, заказваць творы? Думаю, не хапае разнастайнасці ў рэжысуры. Чаму з задавальненнем адгукаюся на прапановы драматычных тэатраў, іншых рэжысёраў? Бо гэта вельмі цікава! І хочацца, каб так было ў нашым тэатры. Увогуле нам заўжды не надта шанцавала на галоўных рэжысёраў. Але ў ранейшыя часы запрашалі – з Масквы, з Кіева…

– Калісьці Вікцюк увасабляў на гэтых падмостках "Гора ад розуму"…

– Акрамя таго, у 1982-м на мяне і Харыка пачынаў ставіць і спектакль "Сямейная ідылія", які да сцэны не дайшоў. Мы паказалі толькі першую дзею. Дарэчы, нядаўна Вікцюк у інтэрв’ю сказаў, што ахвотна паставіў бы спектакль са мной. Але яго не завуць… Напэўна, у матэрыяльным сэнсе гэта не так проста, але, думаю, усё ж варта неяк знайсці грошы і запрашаць вядомых музычных рэжысёраў.
У нашым тэатры акустыка – так сабе. Ведаю, бо ўсё жыццё спявала без мікрафона. Разумею, што сучасныя спектаклі, мюзіклы патрабуюць падгучвання. Тады больш выразных сродкаў на ўзбраенні ў артыста. Гэтага патрабуюць музыка і жанр. Але "дужкі" псуюць твар, асабіста мяне яны раздражняюць. Якасць гуку таксама выклікае пытанні…

– Слухаць мюзікл, закрыўшы адно вуха, бо паабапал сцэны стаяць магутныя калонкі, – не лепшы варыянт…

– Калі Вікцюк прывозіць спектакль, ягоныя артысты працуюць з мікрафонамі. Ды толькі ніхто іх не бачыць! Выканаўца спявае, шэпча, гаворыць – і ўсё чуваць. Хацелася б, каб узровень нашай гукаўзмацняльнай апаратуры быў іншы. Таму трэба або адмовіцца ад мікрафонаў, што цяпер ужо немагчыма, або зрабіць так, як у Маскве. Калі ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў доўгі час ішлі оперныя і балетныя спектаклі, там таксама ладзілася падгучванне, але мікрафоны не кідаліся ў вочы. Яны ўманціраваны, але дзе – ніхто не бачыць. І якасць гуку – выдатная…

Што да рэпертуару, дык тут хацелася б большай разнастайнасці. Глянеш на афішу – як быццам усяго шмат. Але патрэбны спектаклі для развіцця вакальнай школы. Усё-такі мы называемся – "музычны тэатр". Існуе шмат аднаактовых камічных опер. Чаму б не паставіць якую-небудзь з іх, не дубліруючы рэпертуар Тэатра оперы і балета?

– Калі бачыш спіс выкананых вамі партый, разумееш, што Наталля Гайда – чалавек надзвычай арганізаваны і дысцыплінаваны. Абавязковы…

– Сапраўды, цаню час свой і іншых. Імкнуся нікуды не спазняцца і ў людзях паважаю гэтую якасць. Нават на спатканні прыходзіла своечасова. Хоць сяброўкі іншым разам пакеплівалі: "Ну, няхай панервуецца. Паперажывае!" А навошта?..

– Уражанне, што крыніца радасці заўсёды бруіцца ў вашай душы…

– Жартам сцвярджаю, што я – песімістычны аптыміст. Вельмі хутка змяняецца настрой. Ён розны, але не хачу на людзях паказваць, што ў пэўны момант ён не найлепшы. Так, я аптыміст, але амаль усё жыццё ў мяне сумныя вочы. Бацькі нават называлі мяне "рыцар журботнага вобраза". Я – жыццярадасны чалавек. Пэўна, таму, што адкрыты… Хоць разумею, што гэта не заўсёды патрэбна. Здараецца, прыйдзеш заклапочаная. І адразу – устрывожаныя пытанні: "Наталля Віктараўна, што-небудзь здарылася?" Але ж не магу я ўвесь час ўсміхацца! (Смяецца.) А сама думаю: вось, прывучыла…

press2009-17b press2009-17d press2009-17g

press2009-17c press2009-17f

press2009-17e press2009-17i_th press2009-17h



Таццяна МУШЫНСКАЯ.
Фота Аляксандра ДЗМІТЫЕВА, Андрэя СПРЫНЧАНА.
Мастацтва. – 2009. – № 3. – С. 18–23.


На здымках:

  1. "Лятучая мыш". Разалінда.
  2. "Мая чароўная лэдзі". Эліза.
  3. Джулія ў аднайменым мюзікле.
  4. "Хэлоў, Долі!". Долі.
  5. Паўлінка ў аднайменнай аперэце. (Вячаслаў Фаменка – пан Быкоўскі).
  6. "Сірано". Раксана. (Рыгор Харык – Сірано).
  7. "Шклянка вады". Герцагіня Мальбара. (Васіль Мінгалёў – Артур Мэшэм).
  8. "Каралева чардаша". Цэцылія. (герман Казлоў – Фэры).
  9. "Я не пакіну цябе". Шпрынцы.


Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: