Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Аднойчы ў… Музычным (2010г., Культура)

Аднойчы ў… Музычным (2010г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

АДНОЙЧЫ Ў… МУЗЫЧНЫМ

Монтэ-Крыста і Сонейка на адной сцэне

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр распачаў новы этап свайго развіцця. Перажыўшы ў першай палове 2010-га змену кіраўніцтва і ажыццявіўшы некалькі цікавых праектаў, з новага сезона тэатр літаральна "засыпае" журналістаў запрашэннямі чарговы раз напісаць пра Музычны.


Дый падзеі ўсе – выключна творчыя! За тры месяцы – два абсалютна новыя спектаклі (такіх найменняў у рэпертуары нашага тэатра яшчэ не было: "Аднойчы ў Чыкага", "Аршын мал алан"), некалькі канцэртных прэм'ер (найперш – з запрошаным дырыжорам Аляксандрам Анісімавым), два кастынгі (на мюзікл "Блакітная камея" і оперу "Дон Жуан"), прыезды замежных гасцей.А над усім – планы блізкія і далёкія. Пра гэта і пайшла размова з дырэктарам тэатра, дэлегатам ІV Усебеларускага народнага сходу Аляксандрам ПЯТРОВІЧАМ, мастацкім кіраўніком тэатра Адамам МУРЗІЧАМ і галоўным балетмайстрам Уладзімірам ІВАНОВЫМ.

– Цяпер, на мой погляд, тэатр імкнецца ахапіць самыя розныя жанры і стылёвыя кірункі, намацаць усе магчымыя шляхі свайго далейшага развіцця. Мабыць, каб вызначыць надалей, якія з іх акажуцца найбольш перспектыўнымі ў творчым і фінансавым плане?

press2010-151a Аляксандр Пятровіч: – Калі тэатр называецца "музычным" і носіць званне "акадэмічнага", ён павінен, пагадзіцеся, гэта апраўдваць. І цяперашнія рэпертуарныя пошукі накіраваны якраз на гэта. Думаю, пра нашы музычныя перспектывы лепей распавядзе мастацкі кіраўнік. Мне ж як дырэктару хацелася б засяродзіцца на матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстановы.

– Але ж ваш будынак не такі ўжо стары – 1981 года, некаторы час таму быў зроблены рамонт… 

Аляксандр Пятровіч: – Касметычнымі мерамі глабальных праблем не вырашыць. Неабходна тэрмінова замяняць сістэму пажаратушэння, старыя каналізацыйныя сеткі. Але гэта – толькі пачатак рэканструкцыі. Сёння, калі мы разгарнулі актыўны творчы рух, стала відавочна, што тэатру не хапае рэпетыцыйных памяшканняў, класаў для заняткаў… А таксама касцюмерных, склада для захоўвання дэкарацый. Таму трэба пачынаць праектаванне новага корпуса. Бо ўжо сёння ў тэатры ідзе праца адначасова над некалькімі творчымі праектамі.

– На прэс-канферэнцыях неаднойчы распавядалася пра "Блакітную камею", прэм'ера якой прызначана на 4-5 лютага. Сярод бліжэйшых сюрпрызаў – навагоднія гала-канцэрты з дырыжорам Андрэем Галанавым. 27 сакавіка, да Міжнароднага Дня тэатра, – прэм'ера "Сільвы" Імрэ Кальмана, над якой будуць працаваць рэжысёр Сусана Цырук і дырыжор Алег Лясун. На закрыццё гэтага сезона – ці адкрыццё наступнага, – наколькі мне вядома, плануецца даўно абяцаны балет "12 крэслаў" Генадзя Гладкова ў пастаноўцы Дзмітрыя Якубовіча. Пэўна, гэта – толькі частка таго, што рыхтуецца? 

press2010-151b Адам Мурзіч: – Насамрэч, запланаванага куды больш. Ужо дакладна вызначана, што дзесьці праз год на нашай сцэне з'явіцца "Дон Жуан" Моцарта, прычым на мове арыгінала – па-італьянску, з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, дырыжорам Аляксандрам Анісімавым і некалькімі запрошанымі опернымі салістамі – найперш басамі, якіх у нас няма. Калі ж закранаць яшчэ больш далёкія перспектывы, дык скажу пра мюзікл "Вестсайдская гісторыя" Леанарда Бернстайна. Думаем і пра такія партытуры, як "Утаймаванне наравістай" Шабаліна, "Лекар мімаволі" Гуно, "Раба кахання" і "Злачынства і пакаранне" Эдуарда Арцем'ева, "Граф Монтэ-Крыста" Леграна. Ну, а сярод бліжэйшых прыемных сюрпрызаў – сімфанічны канцэрт з твораў Рахманінава і Дворжака з удзелам французскіх музыкантаў: дырыжора Рыгора Пенцелейчука і піяніста Дзмітрыя Найдзіча. 

– Сімфанічных і камерных канцэртаў у афішы тэатра паболела настолькі, што ў хуткім часе ваша зала рызыкуе стаць дадатковай філарманічнай сцэнай… 

Адам Мурзіч: – Ці ж гэта дрэнна, што мы прапагандуем лепшае? Пастаянным зваротам да высокай класікі мы ўзнімаем, з аднаго боку, майстэрства сваіх артыстаў. З іншага – выхоўваем гледачоў: у наш тэатр цяпер прыходзяць, каб далучыцца да папулярнай класікі розных жанраў. Мы не "перахопліваем" філарманічную публіку, а ўзбагачаем сваю. Дый увогуле, канцэртамі зусім не злоўжываем. Бягучы рэпертуар складаецца паводле наступнай формулы: на кожны тыдзень павінна прыпадаць дзве класічныя аперэты або музычныя камедыі, два мюзіклы, адзін балет, адзін канцэрт і, па выхадных, дзіцячыя спектаклі.

– А што наконт балетаў? Як мне здаецца, нягледзячы на ўсе страты і ў артыстычным складзе, і ў рэпертуары, усё ж узяты цвёрды курс на аднаўленне моцнай балетнай трупы. Мінулы сезон завяршыўся новай рэдакцыяй вашага "Мефіста" на музыку Уладзіміра Кандрусевіча… 

press2010-151c Уладзімір Іваноў: – У студзеньскай афішы – прэм'ера адноўленай "Кармэн-сюіты" Шчадрына з харэаграфіяй Альберта Алонса. Гэты спектакль калісьці ішоў у нашым тэатры паралельна з аднайменным балетам Вялікага ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева і карыстаўся не меншым поспехам. Мы яго аднавілі літаральна за два тыдні, пакуль ставіўся "Аршын мал алан", у якім балет не мае звыклай нагрузкі. Зразумела, узнікла пытанне, з чым аб'яднаць гэтую аднаактоўку. Вырашылі далучыць другі акт "Шчаўкунка" з харэаграфіяй Васіля Вайнонена: сюіту характарных танцаў і па-дэ-дэ.

– Такое "класічнае мінулае" ў балетнай трупы ўжо было, прычым са шматлікімі замежнымі гастролямі. Пры гэтым неаднойчы паўставала пытанне, ці не зрабіць на аснове Музычнага тэатра своеасаблівы Цэнтр сучаснай харэаграфіі… 

Уладзімір Іваноў: – Хочацца абыходзіцца сваімі сіламі, узгадаваць сваіх салістаў новага пакалення. Дый увогуле, нашай трупе патрэбна, у першую чаргу, класіка, каб артысты маглі расці, удасканальвацца. Ідэал – мець універсальных танцоўшчыкаў, якім падуладны любыя кірункі, уключаючы хіп-хоп і брэйк-данс.

– Яшчэ лепшы варыянт – мець два склады, кожны з якіх меў бы сваю спецыялізацыю…

Аляксандр Пятровіч: – Такія прапановы ўжо луналі ў кулуарах тэатра, але цяперашнім штатным раскладам такая "раскоша" не прадугледжана. З запрошанымі на тую ж "Блакітную камею" заключаны дамовы, бо танцоўшчыкаў нам папраўдзе не стае.

– Класіка і пошук адметнасці праз свае нацыянальныя творы – формула, па сутнасці, універсальная, вечная. У вашых канцэртных праграмах беларуская музыка гучыць. А са спектакляў – толькі згаданы балет "Мефіста" і мюзікл "Шклянка вады" Уладзіміра Кандрусевіча. 

Адам Мурзіч: – Гэты кампазітар абяцаў літаральна да новага года завяршыць свой новы мюзікл – "Соня, Сонейка, Соф'я…" пра часы Вялікага Княства Літоўскага, легендарнага Ягайлу і ягоную маладую жонку. Ужо вызначана, што рэжысёрам выступіць Настасся Грыненка. Увогуле, на маім стале пабывала шмат беларускіх клавіраў і партытур – прыглядаемся, прыкідваем магчымыя варыянты. Пакуль магу канстатаваць, што галоўным недахопам амаль усіх беларускіх музычна-сцэнічных твораў застаецца лібрэта. Што ж да класікі, дык цэнтральнае месца ў рэпертуары па праве павінны займаць венскія і новавенскія аперэты, а таксама камічныя оперы. У апошнія гады тэатр крыху "зайграўся" на мюзіклах, часам не лепшага гатунку. Пастаянныя мікрафонныя спевы прывялі да таго, што аперэтачныя партыі даводзілася ледзь не вучыць наноў, бо некаторыя салісты з імі папросту не спраўляліся. Мы зрабілі працоўныя відэазапісы рэпертуарных спектакляў, спакойна, аргументавана прааналізавалі кожны з іх. Штосьці ўвогуле знялі з рэпертуару, над астатнім распачалася дэталёвая праца: і ў класе, і непасрэдна з рэжысёрамі і дырыжорамі. Стымулам для вакалістаў стала і запрашэнне на нашу сцэну оперных зорак: адразу ўзнікаюць і новыя крытэрыі, і здаровая канкурэнцыя, якая яшчэ нікому не перашкаджала.

Р.S. Акурат учора ў тэатры адбылося прадстаўленне трупе новага галоўнага рэжысёра. На гэтую пасаду запрошана Сусанна Цырук – колішняя выпускніца Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якая вучылася рэжысуры ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. На яе творчым рахунку – безліч пастановак на лепшых сцэнах свету, шэраг беларускіх спектакляў розных гадоў, прэм'ера мюзікла Аляксандра Дамарацкага паводле аповесці Дж.Б. Прыстлі "31 чэрвеня" ў Новасібірску…

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Юрыя ІВАНОВА.
Культура. – 2010. – 4 снеж.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: