Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ставіць на класіку! (2010 г., Літаратура і мастацтва)

Ставіць на класіку! (2010 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СТАВІЦЬ НА КЛАСІКУ!

Наўрад ці трэба разважаць пра тое, чаму сучасныя музычныя тэатры робяць стаўку на класіку і чым яна прыцягвае сённяшнюю публіку. Класіка – гэта музыка на ўсе часы, вартасць якой правераная ўжо некалькімі пакаленнямі, і класіка заўсёды – навіна. Яна ніколі не надакучвае, бо мае невычэрпны патэнцыял для духоўных, інтэлектуальных, вобразных, эстэтычных адкрыццяў і творчых эксперыментаў, для развіцця прафесійнага майстэрства выканаўцаў і культуры публікі.

Музыка абавязвае


Чатыры месяцы таму ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры змянілася кіраўніцтва. Факт нашым чытачам вядомы і пра яго не варта было б нагадваць, але… Але відавочныя змены пачалі адбывацца і ў творчым абліччы гэтага папулярнага сталічнага калектыву. Так, напрыклад, адзін з нядаўніх майскіх вечароў парадаваў публіку прэм’ерай гала-канцэрта, складзенага з хітоў сусветнай аперэты, прычым гучалі не толькі агульнавядомыя сёння класічныя фрагменты, але і незаслужана забытыя ў нас, дый за мяжой, старонкі прыгожай музыкі. У мінулую суботу тэатр прэзентаваў "Музычны калейдаскоп" – новую праграму, якая ўвабрала ў сябе адметны гукасвет беларускіх кампазітараў. Наступная сустрэча з класікай будзе таксама незвычайнай у кантэксце нядаўніх жанравых прыярытэтаў гэтага тэатра.

Як вядома, свае першыя тры дзесяткі гадоў ён існаваў пад шыльдай Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі. З 2000-га перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. Гэта не проста змена назвы, а іншы статус, падмацаваны ў мінулым сезоне яшчэ і званнем "акадэмічны". Творчы калектыў адчувае цяпер асаблівую адказнасць перад Музыкай. І новае кіраўніцтва, актывізуючы разам з ініцыятыўнымі музыкантамі, артыстамі працэс пашырэння жанравых межаў тэатра, шукае для гэтага перспектыўныя магчымасці.

press2010-11b Яркі прыклад – "Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым", доўгатэрміновы канцэртны праект, які БДАМТ распачынае 9 чэрвеня. Пра новую старонку, што адкрываецца ў творчым жыцці тэатра, распавялі яго дырэктар Аляксандр Пятровіч ды мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандр Анісімаў.

"Вечары класічнай музыкі адпавядаюць той спецыфіцы працы тэатра, што вызначаецца яго цяперашнім статусам, – мяркуе А. Пятровіч. – Музыка такога жанру прывабіць у нашу залу аматараў класікі, якія атрымаюць дадатковыя магчымасці для наведвання "жывых" канцэртаў. А галоўнае – дасць магчымасць раскрыць патэнцыял музыкантаў тэатра. Нам пашанцавала, што Аляксандр Анісімаў, чыё імя мае вагу не толькі на беларускім абсягу, прапагандыст класічнай музыкі, зацікаўленыў далучэнні да яе слухача маладога, адкрыты да стасункаў з публікай, – што такі дырыжор з прыемнасцю прыняў запрашэнне да супрацоўніцтва".

"Тое, што сёння адбываецца ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, яшчэ раз пацвярджае: старонкі яго творчага жыцця пішуць і перагортваюць канкрэтныя людзі, – перакананы маэстра А. Анісімаў. – Аналагічныя прыклады ёсць у гісторыі расійскіх тэатраў. Скажам, у Растове 70 гадоў быў вядомы тэатр аперэты. А калі ён стаў музычным тэатрам, у яго структуры побач з аперэтай пачалі развівацца балет і опера. Аляксандру Яўгенавічу раней давялося працаваць у розных установах культуры, прынамсі – у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у НАВТ оперы і балета. Думаю, у яго было прыхавана нейкае "маршальскае жазло", і вось на новай пасадзе пачалі спраўджвацца амбіцыі гэтага чалавека, які задумаў тут калі не альтэрнатыўны філармоніі ці оперы, дык не менш важкі музычны асяродак. Гэта заслугоўвае падтрымкі. Нягледзячы на маю занятасць у Акадэмічным сімфанічным аркестры Беларусі, на працу запрошанага галоўнага дырыжора ў Пермскім тэатры оперы і балета, іншыя замежныя праекты, я пагадзіўся супрацоўнічаць, бо паверыў у прафесіяналізм арганізатара і яго калег, адказнасць партнёра перад планамі. Калі мы зможам спецыфічныя прыхільнасці публікі гэтага тэатра павярнуць да класікі, будзе цікава. І зусім не насуперак аперэце. Спалучэнне ў межах адной сцэны розных музычных жанраў нагадае пра традыцыі Еўропы, у сталіцах якой існуюць разнапланавыя тэатры, з рознымі падыходамі нават да ўвасаблення опернай класікі: элітарным ці больш спрошчаным… Адзін з першых канцэртаў, арганізаваных сп. Пятровічам, – "Казкі Венскага лесу" пры ўдзеле запрошаных оперных дырыжора і салістаў, прысвячаўся класічным узорам аперэты. І гэта была радасць для ўсіх: для выканаўцаў, для публікі". 

Такім чынам, днямі прагучыць "уверцюра" ўжо новага праекта, у межах якога на сезон 2010-2011 гадоў запланавана пяць канцэртаў аркестра і хору тэатра з маэстра А. Анісімавым. Праграму 9 чэрвеня распачне ўзор італьянскага барока – "Паравіны года", знакаміты цыкл канцэртаў А. Вівальдзі, саліраваць у якім будзе скрыпачка Юлія Стэфановіч, канцэртмайстар Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Пасля антракта залу апануе стыхія французскага рамантызму: сімфанічнае скерца П. Дзюка "Вучань чарадзея", сюіта "Мая Кармэн" (складзеная А. Анісімавым з фрагментаў папулярнай оперы Ж. Бізэ і яго музыкі да драмы "Арлезіянка"), нумары з "Вальпургіевай ночы" ("Фаўст" Ш. Гуно), "Вакханалія" з оперы К. Сен-Санса "Самсон і Даліла".

У задумах маэстра – праграма з хорам і салістамі тэатра; "сямейны" вечар з выкананнем кампазіцыі паводле музыкі балета Я. Глебава "Маленькі прынц" і аднайменнай аповесці А. дэ Сент-Экзюперы; прадстаўленне сімфанічнай музыкі для драматычнага тэатра пры ўдзеле акцёраў; прэм’ера музычна-драматычнага твора (назва пакуль – сакрэт), на пастаноўку якога пагадзіліся рэжысёр М. Пінігін ды расійскі сцэнограф В. Окунеў… Словам, праз нейкі час традыцыйны рэпертуарны пласт аперэт, мюзіклаў і музычнах камедый дапоўняць нестандартныя пастаноўкі ў іншых жанрах, у тым ліку музычна-драматычныя і харэаграфічныя кампазіцыі, імпрэзы, складзеныя з харавых, аркестравых, вакальна-сімфанічных шэдэўраў.

Свой пачэсны пасад

"Ёсць у нашай сталіцы тэатр вельмі папулярнага жанру. Назва гэтага вядомага калектыву пачынаецца са слова "Беларускі", і пішацца яно, вядома ж, з вялікай літары, а яшчэ там ёсць слова "дзяржаўны", да якога нядаўна дадалося – "акадэмічны". Але ўжо даўно гэты мінскі тэатр жыве нібы з падсечанымі каранямі: са сцэны не гучыць роднае беларускае слова, не падтрымліваюцца тут колішнія плённыя традыцыі творчага супрацоўніцтва з беларускімі аўтарамі, нават сцэнографаў "выпісваюць" з блізкага замежжа. І няма тут ні душэўнага болю за беларускі рэпертуар, ні прафесійнай адказнасці за сённяшнюю нацыянальную безаблічнасць тэатра, у якім працуе столькі таленавітых і яркіх беларускіх артыстаў, музыкантаў… Вядома ж, можна па-абывацельску радавацца, калі афішу папаўняюць савецкія творы мінулага стагоддзя, чамусьці не надта запатрабаваныя там, дзе жывуць іх аўтары; можна задаволіцца тым, што для дзяцей ставяцца "кавер-версіі" савецкіх фільмаў, мульцікаў і пры гэтым ігнаруюцца, скажам, самабытныя беларускія казкі, набыткі айчыннай дзіцячай літаратуры, творчы патэнцыял нашых сучасных аўтараў… Аднак жа ці адпавядае такая афіша назве тэатра?" – гэта цытата з "ЛіМа" ("Тэатр сілкуецца любоўю", 13.11.2009 г.). Такі крытычны закід у бок БДАМТ я дазволіла сабе тады, разважаючы пра мінскія гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і яго яркую рэпертуарную знаходку – музычную камедыю "Ветрагоны" паводле беларускага класіка У. Галубка з музыкай У. Кур’яна. Сёння ж відавочна, што пафас маёй самацытаты страціў колішнюю актуальнасць. Новае кіраўніцтва БДАМТ скарэктавала акцэнты ў рэпертуарнай палітыцы, і ёсць надзея, што беларускі рэпертуар зойме свой пачэсны пасад між венскай класікай ды сусветным мюзіклам – як гэта, зрэшты, і было ў першыя дзесяцігоддзі творчай дзейнасці калектыву. 

Значным і прынцыповым набыткам тэатра сталася нядаўняя прэм’ера "Музычны калейдаскоп", ажыццёўленая па ініцыятыве маладых дырыжораў Мікалая Макарэвіча ды Юрыя Галяса пры падтрымцы дырэктара. Вынік іх самастойнага, сталага і перспектыўнага мыслення, іх дзейснай увагі да роднай культуры – унікальная праграма ў 2-х аддзяленнях зтвораў беларускіх кампазітараў. Сучасная айчынная сімфанічная музыка была прадстаўлена творамі В. Кузняцова (паэма для аркестра "Мая Беларусь"), Д. Лыбіна (тры часткі "Сюіты для горада Нясвіжа"), У. Каральчука (аркестравая фантазія "Мора"), М. Літвіна (сімфанічны эскіз "Горкі вырай"), П. Шведава ("Бітва на Нямізе" з цыкла "Старонкі беларускай гісторыі"), Я. Шымановіча (фантазія для кларнета з аркестрам "Па кім б’е звон", у якой сам аўтар, кларнетыст-віртуоз, выканаў сольную партыю). Другое аддзяленне канцэрта складалася з музыкі сучаснікаў старэйшага пакалення ды нашых класікаў. Тут гучалі, у прыватнасці, лепшыя вакальныя ды сімфанічныя фрагменты з музычна-сцэнічных твораў С. Манюшкі, Я. Глебава, Ю. Семянякі, У. Солтана, Д. Смольскага, Р. Суруса, У. Кандрусевіча. У "Музычным калейдаскопе", які разгарнуўся пад кіраўніцтвам М. Макарэвіча ды Ю. Галяса, публіка пачула натхнёныя спевы салістаў Маргарыты Александровіч, Наталлі Гайды, Ірыны і Антона Заянчкоўскіх, Лідзіі Кузьміцкай, Людмілы Станевіч, Яўгена Ермакова, а таксама хор тэатра ды квартэт драўляных духавых інструментаў "Рыв’ера".

26 чэрвеня адбудзецца прэм’ера адноўленага балета У. Кандрусевіча "Мефіста". Што далей? Кіраўніцтва БДАМТ сустракалася з беларускімі кампазітарамі, зацікаўленымі ў супрацоўніцтве, і ўжо абмяркоўваюцца магчымыя тэмы новых твораў для музычнай сцэны.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Фота Віктара КАВАЛЁВА.
Літаратура і мастацтва. – 2010. – 4 чэрв. – C. 10.

На здымку: дырэктар тэатра Аляксандр Пятровіч і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандр Анісімаў.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: