« Назад
ЯК ЧЫРВОНАЯ ШАПАЧКА Ў ІНТЭРНЭЦЕ ЗАБЛУКАЛА
Такога вы яшчэ не бачылі – скажу з упэўненасцю! Ваўкі-готы (а Тоўсты Воўк нават эма-гот!), Чырвоная Шапачка – у "прыкідзе" сучасных японскіх падлеткаў, паляўнічыя – у шатландскіх строях, бабуля – у джазоўках і нагавіцах, якія спачатку здаюцца спадніцай са звычайных народных хустак. Па казачным лесе вандруюць дзіўныя белыя Чабурашкі, пырхаюць незвычайна прыгожыя матылькі, танцуюць зоркі ў бліскучых цыркавых касцюмах. У цэнтры сцэны круціцца чароўная карусель дзяцінства з белым канём. Яркі, эклектычны, запамінальны казачны сусвет!
Гэта мы пра нядаўнюю прэм'еру Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра – мюзікл "Чырвоная Шапачка. Пакаленне next". Паставіла яго малады таленавіты рэжысёр Анастасія Грыненка. Яна ж і аўтар лібрэта.
Неверагодна, але ў знакамітага кампазітара Аляксея Рыбнікава, аўтара музыкі да папулярнага фільма Леаніда Нячаева, не захавалася ні нот, ні запісаў свайго твора. Давялося беларускаму дырыжору Мікалаю Макарэвічу самому "здымаць" музыку з кінастужкі і рабіць свой – адзіны ў свеце! – клавір. Цудоўныя сучасныя аранжыроўкі зрабілі вядомыя музыканты заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка, Леў Карпенка, а таксама гурт "Логіка метро". Аўтар апісаных у самым пачатку гэтых нататак касцюмаў – Юлія Бабаева.
Незвычайны сюжэт мюзікла. Любімая ўсімі казачная гераіня Чырвоная Шапачка вырасла і трапіла ў наш сучасны свет, дзе час бяжыць у 10 разоў хутчэй, і стала… бізнес-лэдзі (Наталля Глух выдатна пераўвасобілася ў добрую, але вельмі занятую сучасную маці). У яе расце дачка, таксама Чырвоная Шапачка (юную гарэзу цудоўна сыграла Ілона Казакевіч). Гэта звычайная дзяўчынка-падлетак, гэтак жа, як і вы, захопленая Інтэрнетам.
Аднойчы, калі маці паляцела ў камандзіроўку ў Афрыку (памятаеце яе юнацкую мару аб краіне, дзе "горы вось такой вышыні"?), на іх хатні камп'ютэр нехта прыслаў паведамленне, што захварэла бабуля. Праз Інтэрнет-партал дзяўчынка апынулася ў казцы. Але, аказваецца, у казачны свет яе заманілі ваўкі, якія марылі адпомсціць сям'і Чырвоных Шапачак за таго самага забітага дрывасекамі сабрата.
Бабуля, якая жыве ў Чарадзейным каралеўстве, – надзвычай сучасная і "прасунутая" жанчына, валодае прыёмамі японскіх ніндзя і ўвесь час сочыць за ўнучкай з дапамогай Інтэрнета ў рэжыме on-line. Бабулю бліскуча сыграла любімая актрыса прыхільнікаў музычнага тэатра народная артыстка Беларусі Наталля Гайда.
Несправядліва было б не адзначыць і самую юную ўдзельніцу мюзікла – шасцігадовую Алесю Брагінец. Яе выкананне ролі свавольнага Дзіцяці – арганічнае і яркае.
Увогуле, усе акцёры "Чырвонай Шапачкі", як дзеці, шчыра вераць у тое, што робяць. I таму новая пастаноўка музычнага тэатра вылучаешца непасрэднасцю, адкрытасцю, абаяльнасцю. Але разам з тым – і прафесіяналізмам!
За прыгодамі казачных герояў сачыла Вольга НАВАЖЫЛАВА. Фота аўтара. Бярозка. – 2010. – № 6/7. – С. 60–61.
|