« Назад
БАЛЕТ "МЕФІСТА": ПЕРШАЯ ЛАСТАЎКА НОВАЙ ВЯСНЫ
Музкамедыя выходзіць з летаргічнага сну, у які яго загнаў былы мастацкі кіраўнік.
З’явіліся цікавыя канцэртныя праграмы. 9 чэрвеня Музычны тэатр пачаў доўгатэрміновы канцэртны праект "Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым". І вось, нарэшце, знакавая падзея для тэатра – узнаўленне балета "Мефіста" ў харэаграфіі выдатнага танцоўшчыка Уладзіміра Іванова на музыку Уладзіміра Кандрусевіча. Яго першая пастаноўка на сцэне Музычнага тэатра адбылася ў ліпені 2002 года. Для Уладзіміра Іванова гэта была дыпломная работа па заканчэнні балетмайстарскага аддзялення Акадэміі музыкі, але ў ёй ён паказаў сябе сталым, арыгінальным творцам.
Музыка Кандрусевіча таксама прайшла экзамен на творчую сталасць. Часткова яна выкарыстоўвалася ў балеце "Мефістофель" на музыку Шарля Гуно – Уладзіміра Кандрусевіча, які быў пастаўлены ў Ніжагародскай оперы (Расія). Для пастаноўкі ў Мінску кампазітар цалкам перарабіў музыку балета. Мастацтвазнаўца Юлія Чурко напісала да яго новае лібрэта. Дый харэаграфія стваралася зусім у іншым стылі, так што атрымаўся зусім іншы балет, цяпер ужо пад назваю "Мефіста".
Поспех быў агромністы. Аднак спектакль нядоўга трымаўся ў рэпертуары.
Мастацкі кіраўнік Музкамедыі Аляксей Ісаеў стаў заўзята змагацца з балетам.
Яму не падабалася, што балетная трупа Музычнага тэатра рэалізуе сур’ёзныя праекты – такія, як "Жызэль", "Шахеразада", "Мефіста". Магчыма, пэўны ціск быў з боку кіраўніка Опернага, спадара Елізар’ева. Бо напачатку 2000-х балет Музкамедыі ствараў занадта моцную канкурэнцыю балетнай трупе Вялікага тэатра, якая перажывае не найлепшы перыяд.
У выніку галоўны балетмайстар Музкамедыі, народная артыстка Ніна Дзячэнка, была звольненая, у тэатры запанаваў дух савецка-калгаснай музычнай камедыі, апафеозам якога стаў "Бабскі бунт".
Пасля сыходу Ісаева тэатр усё яшчэ балансуе між савецкім кітчам і мастацтвам, але перамога кітчу ўжо не відавочная. Хоць спусташэнні, пакінутыя ранейшым кіраўніцтвам, у адзін дзень не залатаеш. Тэатр апынуўся амаль у такім самым становішчы, як на пачатку 1990-х: без грошай у кішэні, без гастрольных кантрактаў. Але тады прыйшла моцная каманда, намаганнямі мастацкага кіраўніка Змітра Косціна для калектыву настаў сапраўдны залаты век. Правінцыйны Тэатр музычнай камедыі хутка стаў адным з найцікавейшых творчых калектываў краіны. У ім ставіліся оперы, аўтэнтычныя версіі класічных аперэт, цікавыя балеты. Яшчэ крыху – і Музкамедыя стала б для Беларусі нечым накшталт Музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі ў Маскве. Але яму падрэзалі крылы.
Цяпер перспектыўныя творцы ў тэатры таксама ёсць. Ёсць цудоўны аркестр зусім не "аперэтачнага" ўзроўню, яскравыя артысты. Нядаўна ўпершыню за шмат гадоў з’явіўся галоўны балетмайстар – Зміцер Якубовіч. І гэта дае надзею, што тэатр зноў стане прывабным і для гледачоў, і для тэатральных крытыкаў.
А пакуль 26 і 30 чэрвеня публіцы прапануецца "першая ластаўка" новай вясны – балет "Мефіста" харэографа Уладзіміра Іванова. У галоўных ролях – дыпламанты і лаўрэаты міжнародных конкурсаў Віталь Краснаглазаў, Рыгор Крукоўскі і Рына Івакіры. Сцэнаграфія Змітра Мохава. За дырыжорскім пультам – Мікалай Макарэвіч. І, зразумела ж, цудоўная музыка Уладзіміра Кандрусевіча.
Юлія АНДРЭЕВА. Наша ніва. – 2010. – 24 чэрв.
|