Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Асэнсаванне падсвядомага? (2010 г., Літаратура і мастацтва)

Асэнсаванне падсвядомага? (2010 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АСЭНСАВАННЕ ПАДСВЯДОМАГА?

press2010-22a_th З нагоды прэм’еры балета "Мефіста (Разбуральнік Душ)" у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры

Прыгадайма, што "Мефістофель" паводле лібрэта В. Бутрымовіча быў пастаўлены ў 1995 годзе Ніжагародскім тэатрам оперы і балета (Расія). Праз сем гадоў прэм’ера балета У. Кандрусевіча пад назваю "Мефіста", з новай фабулай і ў новым сцэнічным абліччы (лібрэтыст Ю. Чурко, яе сааўтар і балетмайстар-пастаноўшчык У. Іваноў, дырыжор-пастаноўшчык Г. Праватораў, сцэнограф Д. Мохаў), адбылася ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. А сёлета, па ініцыятыве новага кіраўніцтва цяпер ужо Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, творчы калектыў звярнуўся да незаслужана забытай работы, і нядаўна публіка ўбачыла "Мефіста" ў новай рэдакцыі.

Так, стваральнікі спектакля Уладзімір Кандрусевіч, Юлія Чурко і Уладзімір Іваноў, дырыжор Мікалай Макарэвіч (ён быў асістэнтам у маэстра Г. Праваторава падчас ранейшай прэм’еры) адмовіліся ад простага ўзнаўлення, капіравання пастаноўкі 2002 года і прапанавалі новую канцэпцыю. Ідэйна-вобразны свет цяперашняга балета "Мефіста (Разбуральнік Душ)" не сілкуецца, як гэта было ў ранейшай версіі, зямнымі рэаліямі, спароджанымі сучасным агрэсіўным, дэгуманізаваным бізнесам. Паводле новага лібрэта герой, імя якога вынесенае ў назву, – ужо не той бяздушны, цынічны і разбэшчаны "мех з грашамі", які шалее ад ненатольнай бязмежнай усёдазволенасці, Марго – не ахвярная зорка мадэльнага бізнесу, Юнак – не доктар, які апынуўся на маральным раздарожжы і трапіў у псіхалагічную пастку. Адышоўшы ад парадыйна-спрошчанага паказу невынішчальнага сусветнага Зла ў абліччы гэткага "гаспадара жыцця" – караля мафіі, здатнага замовіць якую заўгодна музыку і прымусіць таньчыць пад яе каго заўгодна да знясілення, да вар’яцтва, – аўтары спектакля наблізіліся да невытлумачальнага абсягу чалавечай душы і падсвядомасці, спрадвек прыцягальнага для мастакоў, філосафаў і містыкаў.

press2010-22b_th Напярэдадні прэм’еры стваральнікі і ўдзельнікі балета "Мефіста…" распавядалі журналістам і крытыкам пра тое, што ў знаёмай музыцы з’явіліся новыя штрыхі: крыху змяніўся пралог, у партытуру дадаліся свежыя электронныя акцэнты; змянілася харэаграфія, пераважна, масавых сцэн, у стыль неакласікі ўвайшла іншая пластычна-танцавальная мова; у вобразе самога Мефіста пазначылася сувязь з іншым светам, выявілася гэткая "сіла нячысціка"… З імпэтам гаварылі пра сённяшнюю магчымасць ствараць свае, беларускія, арыгінальныя спектаклі. Уладзімір Іваноў, які, можна сказаць, поруч з маэстра В. Елізар’евым спрычыніўся да пачатку новай эпохі ў гісторыі беларускага балета, быў адным з вядучых салістаў тагачаснага Вялікага тэатра оперы і балета БССР, успамінаў: "У СССР да нашага тэатра ставіліся як да сярэднестатыстычнага перыферыйнага. І вось гастролі беларускага балета зрабілі нечаканы фурор: "Стварэнне свету", "Ціль Уленшпігель", іншыя пастаноўкі Елізар’ева – гэта былі свае, толькі нашы, спектаклі, і нас проста не было з кім параўноўваць! З таго часу я перакананы: кожны тэатр павінен мець свой рэпертуар. Прыемна прыгадаць, што спектакль "Мефіста", які нарадзіўся ў сценах Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра восем гадоў таму, Елізар’еў назваў падзеяй для краіны".

Дырыжор Мікалай Макарэвіч падкрэсліў важнасць з’яўлення складанай сучаснай партытуры ў рэпертуары аркестра – для творчага росту і самавыяўлення музыкантаў: "Уладзімір Іваноў называе сябе прыхільнікам музыкі ў балеце, маючы на ўвазе тое, што сучасная авангардная харэаграфія нярэдка ўвасабляецца пад "скрыгатанне жалеза па шкле", якое цяжка назваць музыкай. А хацелася б пачуць тэму, запомніць мелодыю. У Кандрусевіча ёсць музыка, якую і можна, і часам хочацца проста, незалежна ад сцэнічнага дзеяння, паслухаць. Усе тэмы індывідуалізаваныя, ёсць развіццё тэматызму. Адажыо з ІІ дзеі проста заварожвае! Радуе, што апошнім часам у тэатры адбыліся праграмы і сусветнай сімфанічнай класікі, і нашай беларускай музыкі. Гэта складаны пласт, да якога наш аркестр раней не дакранаўся. Заўважу, што на постсавецкай прасторы беларуская кампазітарская школа здолела захаваць сябе і развівацца на годным прафесійным узроўні, нашы сур’ёзныя творцы, у адрозненне ад многіх бліжэйшых суседзяў, не рынуліся ў шоу-бізнес. І я шчаслівы, што мы можам іграць сваё".

Неўміручы герой "Фаўста" Гётэ казаў пра сябе так: "Я – той, хто вечна хоча зла і вечна творыць добрае". Той Мефістофель і сапраўды, правакуючы людскія жарсці, падбухторваючы слабых духам на дзеянні, несумяшчальныя з адвечнымі паняццямі пра чалавечыя ідэалы, усчынаючы жыццёвы разлад, "тварыў дабро", караючы грэшнікаў. Мефіста – Разбуральнік Душ бязлітасна спакушае, адкрыта ловіць свае ахвяры, не пакідаючы ім альтэрнатыву. Гэткае абсалютнае "Зло ў белым" немаведама адкуль пранікае ў асяродак звычайнай, шараговай моладзі, якая, пабраўшыся ў пары, пачувае сябе вясёлай, бесклапотнай, самастойнай, упэўненай… Мефіста (Віталь Краснаглазаў), кожны рух якога адточаны і дасканалы, а позірк праніклівы, трапны і часам саркастычны, нібыта зачароўваючы маладых людзей нейкімі новымі яркімі рытмамі, масавымі забавамі, прыдумляе ўсё новыя пацехі для сябе. Ён адкрыта здзекуецца з гэтых бяздумных, урэшце – змардаваных, знечалавечаных, але ўсё яшчэ рухавых цел: укручвае іх у "чортаў карагод", ператварае ў карыкатурных дрэсіраваных балванчыкаў, вартых жалю марыянетак… А калі Юнак (Рыгор Крукоўскі), атрымаўшы самую моцную спакусу з "падарожнага багажу" вандроўніка-д’ябла – Марго (Рына Івакіры), яго захапленне гэтай, падобнай да яркай і дасканалай лялькі, незямной (ці замбіраванай?) істотай змяняецца сапраўдным пачуццём. Яно, здаецца, ахоплівае і ачалавечвае сам прадмет юначай жарсці (адажыо Марго і Юнака – пранікнёная лірычная вяршыня спектакля). Гэта ўжо не гульня. Гэта – нежаданне падпарадкоўвацца "рэжысуры" Мефіста, бунт індывідуальнасці, барацьба за свой выбар. У двубоі Чалавека са Злом з’яўляецца смертаносная зброя… Бялюткае адзенне Мефіста змяняецца крывава-пунсовым фракам… Усё сплывае, быццам сон, у падсвядомасць. Самотны Юнак – у вар’ятні; над галавой яго нібы лунаюць рукі лагоднай, безыменнай для нас, дзяўчыны…

А гледачы пачынаюць разважаць…

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Фота Віктара КАВАЛЁВА.
Літаратура і мастацтва. – 2010. – 16 ліп. – С. 10.

На здымках: народны артыст Беларусі У. Іваноў, кампазітар У. Кандрусевіч, дыпламант міжнароднага конкурсу В. Краснаглазаў; фінал спектакля "Мефіста…".



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: