Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Італьянскае капрычыа ў аперэтачным інтэр'еры (2010 г., Наша ніва)

Італьянскае капрычыа ў аперэтачным інтэр'еры (2010 г., Наша ніва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ІТАЛЬЯНСКАЕ КАПРЫЧЫА Ў АПЕРЭТАЧНЫМ ІНТЭР'ЕРЫ

press2010-143a 4 лістапада ў Музычным тэатры было не праштурхнуцца. Давалі "Італьянскае капрычыа" – цудоўны канцэрт, у якім саліраваў дырыжор Аляксандр Анісімаў і дзве вядомыя ў горадзе спявачкі: Аксана Волкава і Ірына Крыкунова.

На сцэне быў хор і аркестр Музычнага тэатра – персанаж занадта шматаблічны, каб прэтэндаваць на славу салістаў. І тым не менш, гэта быў іх дзень – хору і аркестру, – якія невядома для публікі здавалі вельмі складаны экзамен. І здалі яго амаль на выдатна.

Не, вядома ж, не ўсё было ідэальна! Не атрымалася ў хору Adagio Тамаза Альбіноні, хораша аранжыраванае і старанна вывучанае, але ўсё ж занадта цяжкае, каб не разгубіцца і дакладна ўтрымаць танальнасць. Затое амаль усё астатняе гучала цудоўна – і мяккія харавыя рэплікі ў знакамітай арыі Casta Diva, і вытанчанае харавое інтэрмецца з оперы "Мадам Батэрфляй", і асабліва хор з сцэны балю ў "Пікавай даме". Чайкоўскі стылізаваў гэты кавалачак музыкі пад араторыю Гендэля, і звычайныя оперныя хоры з ім не спраўляюцца: занадта "тлустыя" галасы. А маладыя харысты з Музычнага тэатра праспявалі чыста, ясна, стыльна і з гарачым унутраным пачуццём. Застаецца толькі павіншаваць іх настаўніцу – галоўнага хормайстра Святлану Пятрову. Хіба крыху горш атрымаўся вальс з "Яўгенія Анегіна" – сапраўдная жывая сцэнка, у якой розныя групы хору літаральна размаўляюць адна з адной. Але відаць, што хор на правільным шляху, і яму па плячы вялікія задачы.

А аркестр Музычнага тэатра мяне проста ўразіў. Канцэрт адкрываўся "Італьянскім капрычыа" Чайкоўскага – бліскучай віртуознай п’есай, у якой аркестр цалкам паказаў, на што ён здольны. Асабліва медныя духавыя – трубы, валторны, трамбоны. Самая праблемная група ў любым аркестры свету. 

А ў "Італьянскім капрычыа" кампазітар быццам знарок падрыхтаваў для іх галавакружныя цяжкасці – яркія віртуозныя сола, акорды (дзе заўжды нехта фальшывіць), мудрагелістыя рытмы… і ніводнай, нават дробнай хібы!

Затое мора энтузіязму і вельмі заразлівай радасці, якая тут жа перадаецца публіцы. У тым духу прайшоў і ўвесь астатні канцэрт. Нават не верылася, што гэты бліскучы, яркі аркестр, ідэальна паслухмяны руцэ дырыжора, шмат гадоў праседзеў у яме на ўбогім і нудным рэпертуары.

Бездакорны быў у гэты вечар і маэстра Анісімаў.

У апошнія гады ў яго дырыжаванні з’явілася элегантная стрыманасць, якая ідзе на карысць і музыцы, і відовішчу. У перапынках паміж п’есамі ён вельмі міла размаўляў з публікай, тлумачачы тое, што звычайнаму слухачу магло быць незразумела. Бо апроч вельмі вядомых твораў, у канцэрце прагучала і рэдкая рэч – адна з частак сюіты "Мацартыяна", а менавіта перакладзеная Чайкоўскім на аркестр маленькая кантата Моцарта Ave Verum. І зноў я здзівілася, як тонка аркестр перадаў у сваім выкананні стыль і дух гэтай натхнёна-ўзнёслай музыкі.

Што датычыць салістак, то яны пакінулі пра сябе змяшанае ўражанне. Салістка пермскага тэатра сп-ня Крыкунова – майстар і тонкі прафесіянал, але голас, ды і ўнутраная эмоцыя недастаткова магутныя ні для арыі Лізы з "Пікавай дамы" Чайкоўскага, ні тым больш для каватыны Нормы. Тэхнічна ўсё бездакорна, але чамусьці не кранае.

Не вельмі пераканаўча гучала ў Чайкоўскім і беларуская спявачка Аксана Волкава. У яе прыгожым і моцным голасе не хапае душэўнасці і шчырай слязы. Але калі дайшло да каватыны Арзачэ з оперы Расіні "Семіраміда", выявілася, што яе звонкі і гнуткі голас фантастычна кладзецца на галавакружныя расініеўскія каларатуры. Вось толькі шкада, што акрамя як у канцэртах у Анісімава, ёй гэтую прыгажосць няма дзе паказаць. Бо ў абодвух оперных тэатрах, дзе яна цяпер спявае, – у нашым і ў маскоўскім Вялікім – оперы belcanto амаль не ставяцца. Пару тыдняў таму галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балету РБ Міхаіл Панджавідзэ адкрыта сказаў, што ў Беларускай оперы і надалей будуць ісці адны і тыя ж назвы, абавязковыя яшчэ з савецкіх часоў. 

Для эканоміі сродкаў іх будуць закупляць у іншых тэатрах – прыкладам, у Маскве – і механічна пераносіць на нашу сцэну. Такая вось оперная франшыза.

А тым часам увесь астатні свет захапляецца новымі пастаноўкамі амаль не вядомых у былым СССР опер Расіні, Моцарта, Гендэля, Глюка…

І ў гэтым сэнсе ініцыятывы Музычнага тэатра ўспрымаюцца як глыток свежага паветра. Хацелася б, каб у горадзе быў тэатральны калектыў, які супрацьстаяў бы правінцыйнай затхласці і камерцыі ў афіцыйным оперным тэатры. Каб гэты "свежы" калектыў мог запрашаць спевакоў з розных тэатраў, у тым ліку з Нацыянальнага акадэмічнага. І не абавязкова гэта мусіць быць "чыстая" опера – хутчэй музычны тэатр шырокага профілю, дзе ставіліся б і класічныя аперэты, і мюзіклы, і балеты, і оперы. Наш музычны тэатр менавіта таму і завецца музычным (а не аперэты, музычнай камедыі і г.д.), што такая спроба ўжо рабілася. Гэта было амаль дваццаць гадоў таму, калі дырэктарам і мастацкім кіраўніком быў Сяргей Косцін. Тады ўзбунтавалася кучка тытулаваных актораў, якія ўмелі граць толькі ў савецкіх музычных камедыях. Большасць была на баку Косціна. Аднак "наверсе" падтрымалі бунтаўнікоў – маўляў, навошта нам гэтае "непралетарскае мастацтва". І тэатр на паўтара дзесяцігоддзя ператварыўся ледзь не ў правінцыйны кафэшантан.

І вось цяпер новы дырэктар Аляксандр Пятровіч і новы мастацкі кіраўнік Адам Мурзіч адраджаюць ідэю ўніверсальнага музычнага тэатру.

Першы крок да гэтага зроблены – распачынаюцца падрыхтоўчыя работы па пастаноўцы моцартаўскага "Дон Жуана". Відавочна, што аркестр тэатра да гэтага гатовы, асабліва з такім дырыжорам-пастаноўшчыкам, як маэстра Анісімаў. Спевакі належнай якасці ў горадзе ёсць – абы толькі ім не ставіліся адміністрацыйныя перашкоды.

Больш сумневаў выклікае запрашэнне ў якасці рэжысёра Мікалая Пінігіна.

Бо з яго словаў я зразумела, што моцартаўскага "Дон Жуана" ён не разумее і не любіць, а пастаноўку будзе будаваць на "дурным" (па яго ж словах) лібрэта, а зусім не на музыцы. Зрэшты, пажывем – пабачым! Мо паважаны рэжысёр жартуе ці какетнічае, і ў яго ў выніку атрымаецца выдатны спектакль.

Юлія АНДРЭЕВА.
Наша ніва. – 2010. – 8 лістап.


На здымку: маэстра Анісімаў.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: