Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сезон у музычных тэатрах распачаўся… што далей? (2010 г., Наша ніва)

Сезон у музычных тэатрах распачаўся… што далей? (2010 г., Наша ніва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

СЕЗОН У МУЗЫЧНЫХ ТЭАТРАХ РАСПАЧАЎСЯ… ШТО ДАЛЕЙ?

На мінулым тыдні ў абодвух музычных тэатрах Мінска распачаўся сезон. 

У Музычным тэатры ён адкрыўся прэм’ерай музычнага рэвю "Аднойчы ў Чыкага" (па матывах мюзікла "У джазе толькі дзяўчаты") у пастаноўцы Сусаны Цырук. Спектакль атрымаўся як феерверк – поўны дынамікі, зіхацення, танцаў, спеваў, віртуозна пастаўленых мізансцэн, – і ўсё гэта несупынна рушыць наперад з хуткасцю кур’ерскага цягніка.

Першая прыкмета рэжысёрскага прафесіяналізму – стыльнасць. Гэта калі сцэнаграфія пасуе да музыкі, музыка – да касцюмаў, касцюмы – да стылю акторскай ігры, дыялогі – да сюжэту і гэтак далей. У гэтым сэнсе ўсё атрымалася бездакорна.

У дыялогах – гумар без пошласці, у касцюмах і танцах – эратычнасць без вульгарнасці, у дэкарацыях – шыкоўнасць і адначасова лаканізм, плюс уменне рэжысёра на поўную катушку выкарыстоўваць кожны лапік сцэнічнай прасторы.

Дыялогі пісала сп-ня Цырук, танцы ставіла Алена Дмітрыева-Лаўрыновіч, дэкарацыі і касцюмы ладзіла Таццяна Каралёва, свет – Ірына Уторнікава, з хорам працавала Святлана Пятрова… Як у джазе – толькі дзяўчаты! Плюс дырыжор Андрэй Галанаў з яго беспамылковым пачуццём стылю і сардэчнай цеплынёй. Добра спрацаваная, дружная каманда, дзе ніхто не цягне коўдру на сябе, – і, як вынік, – гарманічнае цэлае.

Другая прыкмета добрай рэжысуры – якасная акторская ігра. 

"Аднойчы ў Чыкага" – гэта свята для актораў, сузор’е бліскучых акторскіх работ.

Хіба найбольшае ўражанне зрабілі два маладыя акторы – лаўрэаты міжнародных конкурсаў Зміцер Якубовіч (Джо – Джазэфіна) і Дзяніс Нямцоў (Джэры – Дафна). Паводле сюжэту, абодва яны, застаючыся мужчынамі, на нейкі час пераапранаюцца ў кабет і робяць гэта з надзвычайнай грацыяй і арыстакратызмам, без ценю гратэску і вульгарнай клаўнады. Атрымліваецца складаная, вельмі тонкая падвойная ігра: акторы граюць сваіх персанажаў, а персанажы граюць "дзяўчат з добрага таварыства", ні на хвіліну не страчваючы пры гэтым ані глыбіні перспектывы, ані глыбіні рэальных чалавечых пачуццяў, якой так часта не хапае выканаўцам эксцэнтрычных роляў.

Добрую кампанію ім склала лаўрэатка міжнароднага конкурсу Леся Лют (Шугар Кейн). У фільме гэтую ролю грае Мэрылін Манро. У мінскім спектаклі гэта кансерваторка – далікатнае, арыстакратычна вытанчанае, сарамлівае "нябеснае стварэнне" з фігурай балерыны і голасам нябеснай птушкі, якім заўжды была і застаецца сп-ня Лют. Здавалася б, як гэткая істота можа зграць ролю кафэшантаннай пяюхі? Аднак і гэтым разам рэжысёрка сп-ня Цырук трапіла ў яблычка з выбарам актора. Такую Лесю Лют мы яшчэ не бачылі – свабодную, смелую, юную, неадольна абаяльную ў сваёй жаноцкасці, з імгненнымі пераходамі ад павярхоўнай бесклапотнай весялосці да чорных глыбінь цярпення, ад плоскага меркантыльнага разліку да вышынь любові і чалавечнасці.

Цудоўна выглядалі ў сваіх ролях Аляксандр Асіпец (сэр Осгуд Філдынг), Святлана Маціеўская (Світ Сью), лаўрэат міжнароднага конкурсу Віктар Цыркуновіч (Бінстак), дый усе астатнія ўдзельнікі спектаклю.

Дарэчы, апошнім часам пайшлі чуткі, нібыта сп-ню Цырук запрашаюць на пасаду галоўнага рэжысёра Музычнага тэатра.

А што тым часам адбываецца ў Нацыянальным тэатры оперы і балета? 

Сезон распачаўся леташняй прэм’ерай "Набука" і прэс-канферэнцыяй, якая адбылася ў непрывычным для мяне фармаце – за рэстараннымі столікамі, з кавай, цукеркамі і печывам. Усё гэта адбывалася ў тэатральнай гасцёўні, якая з новага сезону носіць імя Л.П. Александроўскай.

Журналістаў, ахвочых да цукерак, аказалася аж задужа. А вось з кіраўніцтва тэатру былі толькі генеральны дырэктар Уладзімір Грыдзюшка і ягоны першы намеснік Уладзімір Рылатка, які за ўвесь час, наколькі памятаю, не сказаў ні слова. Спадар Грыдзюшка цікава расказваў пра планы тэатру. Аказалася, у сезоне 2010/2011 нас чакае ажно пяць прэм’ер. У кастрычніку – "Тоска" Дж. Пучыні (рэжысёр М. Панджавідзэ, дырыжор В. Пласкіна). У студзені – "Снягурка" М. Рымскага-Корсакава (рэжысёр С. Цырук, дырыжор В. Пласкіна). А пад канец сезону – "Аіда" Дж. Вердзі (рэжысёр М. Панджавідзэ, дырыжор В. Воліч). Адбудуцца таксама дзве балетныя прэм’еры: у лістападзе – "Трышчан і Іжота" на музыку Р. Вагнера, а потым яшчэ і "Сільфіда", якую будзе ставіць вядомы пецярбургскі харэограф Мікіта Далгушын.

Апрача таго, у снежні пройдзе новы міжнародны фестываль пад назваю "Першы калядны оперны форум". У ягоных рамках расійская "Новая опера" пакажа "Севільскага цырульніка" Дж. Расіні, Латвійская опера – "Травіяту" Дж. Вердзі. З беларускіх спектакляў будзе "Тоска", "Набука" і "Кармэн", а таксама гала-канцэрт з удзелам спевакоў з розных краін. Як заўжды, адбудзецца Вялікі навагодні баль і Вечар беларускай оперы і балета ў замку Радзівілаў у Нясвіжы.

Шкада толькі, што паразмаўляць пра гэтыя падзеі з творчымі кіраўнікамі тэатру не давялося. Усе яны праігнаравалі сустрэчу з журналістамі. Чаму? Няўжо ім няма чаго сказаць? Альбо іх не было ў Мінску? У кожным разе, такое стаўленне да публікі і прэсы не настройвае на аптымістычны лад.

Юлія АНДРЭЕВА.
Наша ніва. – 2010. – 15 верас.


тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: