Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Рэцэпты поспеху (2010 г., Літаратура і мастацтва)

Рэцэпты поспеху (2010 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

РЭЦЭПТЫ ПОСПЕХУ

Заўтрашнім суботнім вечарам свой чарговы сезон адкрывае Музычны тэатр. Гэты папулярны ў сталічнай публікі творчы калектыў рыхтуе для сваіх прыхільнікаў сюрпрыз: прэм'еру музычнага рэвю ў двух дзеяннях пад назвай "Аднойчы ў Чыкага". Новы спектакль уяўляе сабой арыгінальнае відовішча паводле матываў брадвейскіх мюзіклаў, лібрэта і вершы якога напісала яго рэжысёр-пастаноўшчык Сусана Цырук. Сюжэт нагадае гледачу стары добры фільм "У джазе толькі дзяўчаты", а слых пацешыцца жывым гучаннем як знаёмых матываў з класікі сімфаджаза, так і малавядомай для нашага слухача, але вельмі прыгожай музыкай.

Вядомы афарызм "аперэта – гэта глыток шампанскага" здавён быў самай трапнай характарыстыкай класікі жанру, пакладзенага, можна сказаць, у творчы падмурак тэатра, вядомага цяпер як Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны. Афарыстычна-вобразнага вызначэння для жанру найноўшай пастаноўкі, прэм’ера якой адбудзецца на яго сцэне 11 верасня, пакуль няма. Тое відовішча, што на афішы сціпла пазначана словам "рэвю", па сутнасці – мюзікл, створаны шляхам адмысловай, не руцінна-механічнай, а крэатыўнай кампіляцыі. І стваральнікі спектакля "Аднойчы ў Чыкага" абяцаюць музычна-тэатральным гурманам, пераборлівым эстэтам дый звычайным, г. зв. сярэднестатыстычным гледачам арыгінальны кактэйль, які дорыць радасць і добры настрой і дапамагае скінуць з душы цяжар будзённасці. Мабыць, гэтае слова – "кактэйль" – і стане вызначальным для характарыстыкі жанравага ноу-хау таленавітай творчай каманды?

press2010-30b На чале гэтай каманды – Сусана Цырук. Музычна-тэатральны Мінск ведае яе як таленавітую дачку незабыўнага маэстра Юрыя Цырука, віяланчэліста, дырыжора, аднаго з заснавальнікаў і кіраўнікоў Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі, якая ў 1989 годзе скончыла факультэт "Рэжысура музычнага тэатра" Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі імя М. Рымскага-Корсакава і амаль 10 гадоў працавала рэжысёрам-пастаноўшчыкам у НАВТ оперы і балета Беларусі, затым выкладала ў вядучых творчых ВНУ Беларусі: акадэміі музыкі і акадэміі мастацтваў. З 1999 года яна рэжысёр Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. Немалы пералік оперных спектакляў, аперэт, мюзіклаў, пастаўленых Сусанай Цырук на сцэнах Мінска, многіх гарадоў Расіі і Еўропы, а таксама напісаных ёю лібрэта і хітоў да мюзіклаў.

Мюзікл Дж. Стайна "У джазе толькі дзяўчаты" С. Цырук увасобіла ў тэатрах Новасібірска ды Іркуцка. Для мінскай сцэны прапанавала свой варыянт меладраматычнай гісторыі пра захапляльныя прыгоды Дафны, Джазэфіны і Душачкі – з музыкай Дж. Стайна, Г. Мілера, Дж. Кандэра, К. Веласкес, Б. Стрэйзанд…

"Працуючы над пастаноўкай, я нічога не навязвала артыстам, проста прапаноўвала кожнаму той напрамак, у якім ярчэй раскрывалася б яго творчая індывідуальнасць. Тут няма другарадных роляў, таму дзейнічае прынцып ансамблевай ігры, уласцівы "зорнаму" спектаклю. І нікога з выканаўцаў мне не давялося па-рэжысёрску "прыкрываць". Усе яны "асуджаныя" на поспех. Трупа проста… падарункавая, і кожная рэпетыцыя для мяне – задавальненне!", – расказала Сусана Цырук падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні прэм’еры. Яе захапленне сцэнічнай універсальнасцю, пластычнасцю, творчай фантазіяй маладых артыстаў БДАМТа падзяліла балетмайстар-пастаноўшчык Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч. А дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў з прыемнасцю адзначыў, што ў працэс перапрацоўкі музычнага матэрыялу, стварэння новых аранжыровак "зацягнуў" многіх удзельнікаў гэтай незвычайнай работы. Над прэм’ерай працавалі таксама дырыжор Юрый Галяс, мастак-пастаноўшчык з Расіі Таццяна Каралёва, хормайстар Святлана Пятрова і, вядома ж, артысты…

press2010-30a Перад пачаткам 41-га сезона ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылося новае прызначэнне: на пасаду галоўнага балетмайстра сюды прыйшоў народны артыст Беларусі Уладзімір Іваноў. Маладзейшае пакаленне ведае яго пераважна як педагога. Як сааўтар лібрэта (з Юліяй Чурко) і балетмайстар-пастаноўшчык увасобіў на сцэне БДАМТа балет Уладзіміра Кандрусевіча "Мефіста". А вось тэатралы са стажам захоплена ўспамінаюць Уладзіміра Іванова як абаяльнага і па-акцёрску пераканальнага выканаўцу вядучых партый у спектаклях Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, аднаго з тых салістаў, што працавалі поруч з маэстра Валянцінам Елізар’евым. За час балетнай кар’еры (1971-1992) У. Іваноў бліскуча выступаў у такіх, напрыклад, спектаклях, як "Спартак", "Ціль Уленшпігель", "Курган", "Рамэо і Джульета", "Кармэн-сюіта", "Лебядзінае возера", "Шчаўкунчык"…

Уладзімір Іваноў прызнаўся журналістам, што не хацеў займаць пасаду галоўнага балетмайстра, бо не адчувае сябе здатным займацца арганізацыйнымі справамі. І толькі прадастаўленая яму магчымасць выбраць сабе надзейнага памочніка, добрага арганізатара дазволіла рашыцца на адказны крок. Прадставіўшы такога чалавека – свайго аднакласніка, колішняга саліста балета гэтага тэатра Вячаслава Казінца, якому давялося працаваць нават у цыркавых атракцыёнах знакамітага дрэсіроўшчыка Запашнага, – У. Іваноў вельмі коратка распавёў пра сваю пазіцыю: "Фарміруючы рэпертуар, буду выбіраць музыку, якая мне падабаецца, творы, у якіх самому хацелася б танцаваць, заахвочваць арыгінальныя работы, супрацоўнічаць з рознымі пастаноўшчыкамі, з беларускімі кампазітарамі. Не трэба займацца капіраваннем. Тэатр павінен арыентавацца на магчымасці ўласнай трупы, ствараць сваё, непаўторнае рэпертуарнае аблічча. Тады нас не будуць з кімсьці параўноўваць. А будуць паважаць і любіць за густ і арыгінальнасць".

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Фота аўтара.
Літаратура і мастацтва. – 2010. – 10 верас. – С. 10.

На здымках:

  • Творчая група спектакля "Аднойчы ў Чыкага" – рэжысёр Сусана Цырук, балетмайстар-пастаноўшчык Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч і дырыжор Андрэй Галанаў.
  • Галоўны дырыжор БДАМТ заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Анатоль Лапуноў, галоўны балетмайстар народны артыст Беларусі Уладзімір Іваноў.


Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: