Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Лічылка" на тэму "Аднойчы…" (2010 г., Культура)

"Лічылка" на тэму "Аднойчы…" (2010 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"ЛІЧЫЛКА" НА ТЭМУ "АДНОЙЧЫ…"

press2010-25a "Аднойчы ў Чыкага" – зусім не мюзікл "Чыкага" Дж. Кандэра, як хтосьці мог бы падумаць. Пад гэтай назвай "зашыфравана" музычнае рэвю, у аснову якога пакладзены мюзікл Дж. Стайна "У джазе толькі дзяўчаты" (не блытаць з фільмам, бо там іншая музыка). Але, падкрэслю, згаданы мюзікл стаў хіба адпраўным пунктам у тым "падарожжы" (дарэчы, менавіта "вандроўная" тэма часцей за ўсё выкарыстоўвалася ў класічных рэвю): тут можна напаткаць папулярныя нумары з іншых брадвейскіх мюзіклаў (таго ж Г. Мілера) і нават мелодыю "Бесамэ муча". Чаго можна чакаць ад такой, прабачце, "салянкі"? У лепшым выпадку – "кампоту", як называюць музыканты больш смачныя, зробленыя з густам "нарэзкі". Ажно не – сапраўдны мюзікл! Ды яшчэ з адметнай драматургіяй. А ўсё таму, што "рэдагавала" сюжэтна-музычныя перыпетыі, пісала сваё лібрэта і вершы таленавіты рэжысёр Сусанна Цырук. І хаця пасля яе прозвішча ў дужках сёння трэба пісаць – Расія, насамрэч пастаноўшчыца наша.

Дачка знакамітага дырыжора Юрыя Цырука, яна скончыла Рэспубліканскі каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, потым Піцерскую кансерваторыю (на той час у нас музычных рэжысёраў не рыхтавалі). І 

аднойчы

(праўда, ужо пасля некалькіх гадоў працы ў Мінску) стала штатным рэжысёрам Марыінкі, паспяваючы быць запрошаным пастаноўшчыкам у тэатрах і на оперных фестывалях Балгарыі, Бразіліі, Германіі, Казахстана, Латвіі, Расіі, Швейцарыі. Гэтак жа "аднойчы" паставіла ў Новасібірску мюзікл беларускага кампазітара Уладзіміра Дамарацкага паводле аповесці Дж.Б. Прыстлі "31 чэрвеня" (сусветная прэм'ера). Там жа і ў Іркуцку – "У джазе толькі дзяўчаты". Апошнюю пастаноўку, прынамсі, Іркуцкі музычны тэатр прывозіў да нас на гастролі. І на цяперашняй прэм'еры "Аднойчы ў Чыкага" ўсе змаглі пераканацца: іхнія і нашы "… дзяўчаты" – адрозныя. А ўсё таму, што Сусанна звычайна працуе не адно са сваёй рэжысёрскай канцэпцыяй "у галоўнай ролі", а з канкрэтнымі артыстамі канкрэтнага тэатра, адштурхоўваючыся ад іх здольнасцей і магчымасцей. Паглядзіш яе пастаноўку двойчы з рознымі выканальніцкімі складамі – бы два розныя спектаклі.

А тройчы –

слабо? Я сапраўды глядзела тройчы, з трыма складамі – і штораз, бы ўпершыню. Ды ўвогуле хадзіла б на спектакль яшчэ ды яшчэ! Бо ў спектаклі няма катэгорый "лепш" ці "горш", а ёсць такія азначэнні, як "па-рознаму" ці "ў кожнага – сваё".

З дырыжорам Андрэем Галанавым спектакль будуецца на яркім кантрасце імпульсіўнай, энергетычна "выбуховай" першай дзеі – і лірычна-пачуццёвай другой. Юрый Галяс, наадварот, прыводзіць абедзве часткі да гарманічнай стрыманасці, акцэнтуе лірычныя кульмінацыі, з-за чаго спектакль становіцца больш цэласным, але, магчыма, менш інтрыгуючым.

Шугар у выкананні Лесі Лют, якая марыць знайсці маладога мільянера, – шчырая, чулліва сардэчная дзяўчына, апантаная ўзнёслымі марамі і паэтызаванай рамантыкай. Настасся Цялежнікава-Шапо ў той жа ролі – маленькая ласкавая драпежніца, якая вось-вось выпусціць свой мані-мані-кюр-р-р і пачне камандаваць не менш безапеляцыйна, чымсьці гэта робіць зараз кіраўніца жаночага біг-бэнда Сью – Святлана Маціеўская (Сью Ганны Бяляевай куды больш мякчэйшая і спагадлівая, кіраўнічыя захады для яе – толькі маска). Шугар Кацярыны Дзегцяровай з яе надзвычай пачуццёвымі інтанацыямі і рысамі не толькі лірычнай, але і характарнай гераіні – персанаж увогуле трагічны. Асабліва, калі саксафаніста Джо, пераапранутага "Джазэфінай", іграе Сяргей Спруць. Распаведзеная дзяўчынай гісторыя быццам паўтараецца: спявачка-прыгажуня зноў абірае "не таго", і разумее гэта пакуль толькі глядач. Бо герой яе рамана – чалавек, у сабе няўпэўнены, таму больш хітры ды дзёрзкі за сябра, і ўмее хіба падманваць, пры гэтым свята веруючы ў праўдзівасць сваіх слоў. Іншая справа – абаяльны, дзейны, з імгненнай рэакцыяй Дзмітрый Якубовіч. Такі сапраўды гатовы на ўсё, каб толькі яго каханай было добра.

У ролі кантрабасіста Джэры, пераапранутага Дафнай, абодва артысты дэманструюць вышэйшы пілатаж акцёрскай ігры, спеваў, танцаў і тонкага псіхалагізму. Але Дзяніс Мальцэвіч увасабляе лёгкага на пад'ём, заўсёды гатовага прыйсці на дапамогу юнака, а Дзяніс Нямцоў – вясёлага звонку і адзінокага ў душы чалавека, які прагне кахання і сардэчнага цяпла. Такая ж неадназначная асоба – мільянер Осгуд Фільдынг. У Аляксандра Асіпца ў гэтай ролі на першы план выходзіць тэма адзіноцтва, у Ігара Бычкова – экстравагантнасць героя (ці, у другім з убачаных мной спектакляў, больш "змякчэлыя" варыянты: незвычайнасць, неардынарнасць).

Мафіёзі Аляксандра Крукоўскага быццам не столькі забівае, колькі гуляе ў камп'ютарную "стралялку": гэткі хвацкі-заліхвацкі "ўлюбёнец публікі", гатовы ад добрага настрою круціць фуэтэ. Герой Руслана Сякацкага – больш сур'ёзны і спакойна разважлівы, а таму больш жорсткі. Ён таксама "не забівае", а ўсяго толькі будзённа "зачышчае тэрыторыю". Ад спектакля да спектакля змяняецца нават менеджар Бінстак: Віктар Цыркуновіч пачувае сябе ў гэтай ролі ўсё больш разняволена і гулліва, быццам "уваходзіць у смак", знаходзячы ў паводзінах свайго персанажа ўсё больш псіхалагічных адценняў.

Для такіх "паглыбленняў" у ролі трэба было, відаць, рэпеціраваць суткамі. Не толькі ўдзень, але і

ад ночы

да самага ранку. Дастаткова сказаць, што ў дзень здачы спектакля артысты прабылі на сцэне папраўдзе "зранку да поўначы": спачатку рэпетыцыя, потым дзённы канцэрт, і толькі а 21-й гадзіне – "Чыкага…". Пры гэтым ніхто не выглядаў ні стомленым, ні даведзеным "да апошняй кроплі". Усё рабілася на вялізным эмацыйным уздыме, з сапраўдным задавальненнем. Не ведаю, уночы ці ўдзень прыходзілі да пастаноўшчыкаў ідэі, адна за другую цікавейшыя, але ў спектаклі няма звыклай "масоўкі" – толькі яркія, каларытныя асобы, кожная з якіх развівае сваё "паралельнае дзеянне". Гэты рэжысёрскі прыём, узведзены ў прынцып, не дае сумаваць ні артыстам, ні гледачам. Апошнія становяцца бы сведкамі шоу "За шклом": удзельнікі спектакля фліртуюць, даюць інтэрв'ю, пазіруюць перад фотакамерамі – усё, як у жыцці. Сцэнаграфічны ж "рэалізм" (мастак Таццяна Каралёва) намацаны хіба асобнымі дэталямі: семафор – і мы на вакзале, шэзлонгі – на пляжы, жырандолі – у рэстаране, ветразі – на яхце, дзе прадугледжана нават такая дробязь, як вентылятар, што трэпле спадніцу і ўвасабляе "павевы кахання".

Балетмайстар Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч здолела знайсці для кожнага сваю пластыку – зноў-такі, зыходзячы з таго, хто і што ўмее. Так, "гангстарскаму" мужчынскаму хору яна прапануе паболей рэпу. "Біг-бэндаўскаму" жаночаму хору – бальных рухаў. Балетным артыстам – неакласікі (салісты Віталь Краснаглазаў і Рыгор Крукоўскі выступаюць адразу ў некалькіх запамінальных эпізодах – у розных партыях, вядома). Усё гэта не выключае такога мадэрнісцкага прыёму, як танцавальнае абыгрыванне прадметаў: у аўтамайстэрні – шынаў, сярод адпачываючых мільянераў – інваліднага крэсла, якое коціць фрывольна апранутая медсястра. Пры гэтым замест эклектыкі атрымліваецца шыкоўная "поліфанія стыляў" – свабодны палёт творчых фантазій, куды ўключаны і самі артысты.

Дасягнуць такога можна толькі адным спосабам: пачынаючы не ад "трох фортэ" каманднага голасу, а менавіта з давяральнага піяна, піянісіма і, галоўнае,

ад dolce –

музычнага тэрміна, што азначае "пяшчотна". Такі "кранальна трапяткі" падыход да артыстаў, заахвочванне іх не рэжысёрскімі пагрозамі, а спагадлівай упэўненасцю, што ў іх усё атрымаецца, – таксама "ноу-хау" С. Цырук і яе каманды, а таксама новага кіраўніцтва тэатра. Ці, можа, dolce – яшчэ і новы, усё больш распаўсюджаны апошнім часам падыход да джаза? Бо калі замест рэзкага "аднамернага" гуку з'яўляецца туманова-санорная аблачынка, усё навокал уяўляецца больш "розным і ўсялякім", за выключэннем аднастайна плакатнага.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Сяргея СУЛАЯ.
Культура. – 2010. – 2–8 кастр. – С. 8.


На здымках: сцэна са спектакля "Аднойчы ў Чыкага".



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: