« НазадНОЧ У СКАНСЕНЕОпера ў шляхетным атачэнні — справа звыклая. А ў фальклорным? "Чароўная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам" прайшла ўпершыню ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. І не расчаравала! Яно і зразумела: лета і свежае паветра — паняцці непадзельныя. А калі яшчэ дадаць сюды і музыку! Таму чэрвень так багаты на канцэрты і спектаклі пад адкрытым небам. Учора-сёння-заўтра ў Нясвіжы — "Вечары Вялікага тэатра Беларусі ў замку Радзівілаў". Днямі прайшлі традыцыйныя "Музычныя вечары ў Мірскім замку", што транслюе АНТ. Адзін з іх, прысвечаны старадаўнім рамансам, правялі салісты і аркестр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Літаральна ж напярэдадні артысты гэтай трупы разам з запрошанымі спевакамі, у тым ліку з Масквы і Санкт-Пецярбурга, стварылі "Чароўную ноч класікі" ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, які многія ведаюць па назве вёскі, што знаходзіцца непадалёк, — Строчыца. Каб усё адбылося, адной ідэі было замала. Вялікую падтрымку аказалі Міністэрства культуры краіны, Мінгарі Мінаблвыканкамы. У будучым такі "музычны пленэр Музычнага тэатра" павінен пашырыцца да некалькіх вечароў запар. Бо акустычныя ўмовы на музейным полі- выдатныя. Ледзь пачалася рэпетыцыя, усе адразу заўважылі, як па-асабліваму гучаць на адкрытым паветры духавыя: ну проста ў сваёй стыхіі! І- як увогуле пасуе краявідам любая добрая музыка. Канцэрт шмат у чым можна было назваць эксперыментальным, зробленым у парушэнне звыклых правілаў "спеўна-гасцявога прыёму". Замест формулы "гасцей — на дэсерт, бо іначай публіка разбяжыцца", запрошаныя салісты выступалі ў пачатку, адразу задаўшы найвышэйшую планку. Дый падбіралі гасцей зусім не паводле распаўсюджанага прынцыпу: "А нашы зоркі на іх фоне — мега-супер!". Салістка Марыінскага тэатра, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ларыса Юдзіна паказала такі клас, што нават самыя заўзятыя аматары кпінаў вымушаны былі пагадзіцца: гэта — бездакорна! Уразілі не толькі яе віртуозныя каларатуры, але і тое, як змяняўся сам тэмбр ейнага голасу ў залежнасці ад музыкі: у "Салаўі" А.Аляб'ева адчуваліся галасы прыроды, у арыі Царыцы Ночы — бліскаўкі металу, а ў "Казках Венскага лесу" І.Штраўса — какетлівыя рэверансы балю. Сярод запрошаных салістаў Вялікага тэатра Беларусі канчаткова скарыў Станіслаў Трыфанаў. Да імгненных пераўвасабленняў таго ж Эдуарда Мартынюка, які некалькі гадоў таму змяніў Музычны тэатр на Вялікі, усе ўжо прызвычаіліся. С.Трыфанаў, здавалася б, зрабіў на гэтай вечарыне зваротны крок: з оперы ў аперэту. Выйшаўшы спачатку Тарэадорам з "Кармэн" Ж.Бізэ, ён хутка, без аніякіх аперэтачных штампаў, пераўвасобіўся ў графа Аманая з "Цыганскага барона" І.Штраўса і ў падвыпіўшага гусара, пра якога той спявае. І ўсё — на выдатным оперным вакале, як і павінна быць у класічнай аперэце. Але ж самым нечаканым адкрыццём стаўся наш аркестр, прынамсі, калі ім кіраваў амерыканскі дырыжор Філіп Сіманс. Ён прыехаў да нас вырашаць пытанні з будучай пастаноўкай мюзікла "Вестсайдская гісторыя" Л.Бернстайна. Дык чаму б не пазнаёміцца з трупай бліжэй? Тым больш, што менавіта Ф.Сіманс будзе дырыжорампастаноўшчыкам будучай гучнай прэм'еры, запланаванай на наступны сезон. Побач з госцем у канцэрце ўдзельнічалі чацвёра нашых дырыжораў, прычым усе — выхаванцы нашай беларускай школы. Нашы дырыжоры надавалі максімум увагі знешнім праявам: выразнасці рук, эмацыйнасці твару, намагаліся не пакінуць без свайго удзелу ніводнай ноты. Госць жа, на першы погляд, зусім не карпацеў, змахваючы пот ад цяжкой працы, — наадварот, толькі і рабіў, што радаваўся жыццю і музыцы, зараджаючы ўнутранай энергетыкай астатніх. Але як зазіхацелі вядомыя творы! Бо ў кожным замест аднолькавых па значнасці нот і фраз з'явіўся лагічны і просты падзел на "падзеі" і "фон". Практычна без аніякіх залішніх рухаў! Дык, можа, і нашых дырыжораў трэба часцей накіроўваць у Санкт-Пецярбург? Бо менавіта тамтэйшую школу прайшоў амерыканскі госць, які лічыць сваім кумірам і галоўным настаўнікам Юрыя Цемірканава. Адлюстраваў канцэрт і іншыя "праблемныя зоны" Музычнага тэатра. Адну з іх можна было б выявіць вядомай аперэтачнай назвай: "Патрабуецца гераіня!". У прыватнасці — Сільва. Хаця гэтую партыю спяваюць ажно чатыры салісткі тэатра, "другой Наталлі Гайды" (і гэта добра было бачна на канцэрце) сярод іх пакуль няма. Можа, "другая" і не патрэбна! Але патрэбна такая ж яркая індывідуальнасць, здольная замяніць традыцыйны меладраматызм і напластаваныя жанрам штампы на сапраўдную моц характару. Так, як гэта робіць у кожнай сваёй ролі тая ж Леся Лют. Выявіліся і "мужчынскія" вакальныя недахопы: параўнаўшы сябе з зоркамі, многім было над чым задумацца. І вызначыць, куды трэба рухацца надалей! Падобна на тое, што такая "шокатэрапія", нябачная для шырокага кола гледачоў, становіцца творчым крэда мастацкага кіраўніка тэатра Адама Мурзіча: ён планамерна, праграму за праграмай, "сутыкае" сваіх салістаў з зоркамі сусветнага ўзроўню, ствараючы своеасаблівыя "майстар-класы". Гэта, дарэчы, ніколькі не перашкаджае прызнанню "сваіх": на той жа вечарыне ў Строчыцы Віктар Цыркуновіч быў урачыста ўзнагароджаны дыпломам Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры "Лепшы акцёр года". Надзея БУНЦЭВІЧ. На здымку: артысты тэатра на open-air. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by