« НазадІТАЛЬЯНСКІ КВАРТАЛ У МІНСКУЗакрыццё сезону ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры прайшло ў стылі камедыі дэль-артэ і італьянскага неарэалізму 1960-х гг. Музычны феерверк у 2-х дзеяннях "Каханне па-італьянску" – гучная прэм'ера напрыканцы 41 тэатральнага сезону, пасля якой, перакананыя стваральнікі пастаноўкі, Мінскі музычны тэатр можа смела выязджаць на гастролі хоць у самую Італію! Вядомы італьянскі кампазітар Гаэтана Даніцэцці адкрывае беларускім артыстам акно ў свет. Пасля пастаноўкі Ганнай Матронай яго камічнай оперы "Званочак, або Шлюбная ноч аптэкара", якая адрозніваецца надзвычайнай складанасцю сольных і харавых партый, нашых артыстаў не страшыць ніякая канкурэнцыя. Забаўная гісторыя пра старога аптэкара, які ажаніўся з маладухай, каб атрымаць яе пасаг і заплаціць крэдыторам за аптэку, – своеасаблівае ненавязлівае маралітэ пра тое, што ўсе людзі заўжды маюць нейкія патаемныя карыслівыя намеры і нічога не робяць проста так. Бурлескнае опернае шоу з мноствам блёстак на касцюмах і перабольшанымі характэрнымі рысамі персанажаў кантрастуе з другім дзеяннем "Кахання па-італьянску", пастаўленым галоўным рэжысёрам тэатра Сусанай Цырук. Яна менш за год працуе ў Мінску на гэтай пасадзе, але мае сусветны досвед працы ў самых прэстыжных тэатрах. На яе думку, праца ў Мінскім музычным тэатры нічым не адрозніваецца ад працы, напрыклад, у славутым Марыінскім. – Адзінае, што тут артысты знудзіліся па сапраўднай творчай працы. І таму каэфіцыент іх аддачы тут значна вышэйшы, – дадае рэжысёр. Галоўнай яе мэтай пры стварэнні "капусніку ў стылі італьянскага неарэалізму 1960-х гг." было дабіцца таго, каб гледачы выходзілі з залы з замілаванымі ўсмешкамі на твары. Мілыя дзяўчаткі, якія заломваюць рукі ў стылі Сафі Ларэн, і хлопцы-гангстары з італьянскай мафіі спяваюць на гэтым "капусніку" вядомыя неапалітанскія песні: "O sole mіo", "O surdato nnammurato" і іншыя, назвы якіх наўрад ці згадае просты слухач, але калі пачуе – адназначна пазнае адразу. Прыемна было назіраць, як падчас прэм'еры у акадэмічным (!) тэатры гледачы падпявалі выканаўцам чароўных песень неапалітанскіх кварталаў. Цікава, што ў "Каханні па-італьянску" балетная трупа наогул не задзейнічана. І хоць пастаноўка ў асноўным вакальная, але ўсе танцавальныя нумары, якія ёсць у спектаклі, выконвае хор. Гэта сапраўды даволі вялікая, але і высакародная рызыка. Бо, як вядома, Музычны тэатр адрозніваецца танцавальным майстэрствам, а вось з вакальным ёсць праблемы. – І не толькі ў Музычнага тэатра, – перакананы Адам Мурзіч, мастацкі кіраўнік тэатра і, напэўна, адзін з найлепшых у Беларусі выкладчыкаў па вакале. – Я сам шмат гадоў выкладаў у кансерваторыі і ведаю, што ў Беларусі школа вакальнага майстэрства вельмі паслабела за апошнія гады. Будзем гэта выпраўляць. Дарэчы, часткова ўжо пачалі. У маі ў Музычным тэатры, які стане адным з заснавальнікаў вакальнага спаборніцтва, пройдзе конкурс імя Станіслава Манюшкі, што ўжо некалькі разоў праходзіў у рэгіёнах краіны. Цяпер гэты конкурс бярэ пад сваю апеку Музычны тэатр. – Гэта наша будучае пакаленне. І на конкурсе мы пастараемся адсочваць маладыя таленты для далейшага прасоўвання і працы ў нашым тэатры, – распавядае дырэктар тэатра Аляксандр Пятровіч. Сярод іншых планаў тэатра на наступны сезон – сумесны праект з амерыканцамі. Зараз праект знаходзіцца пад вялікім сакрэтам. Цьфу-цьфу-цьфу – каб не сурочыць. Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by