Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Шчаўкунок" з тлумачэннем і "навыраст" (2011 г., Культура)

"Шчаўкунок" з тлумачэннем і "навыраст" (2011 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"ШЧАЎКУНОК" З ТЛУМАЧЭННЕМ І "НАВЫРАСТ"

11-105aБеларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр не стамляецца здзіўляць сваіх прыхільнікаў усё новымі прэм’ерамі. "Шчаўкунок" П.Чайкоўскага, фрагмент з якога ўжо ўпрыгожваў балетныя вечары тэатра, цяпер выйшаў цалкам – у вядомай з савецкіх часоў харэаграфіі Васіля Вайнонэна і яе сцэнічнай рэдакцыі Уладзіміра Іванова.

Гэты балет, дарэчы, тут ужо ішоў– пад назвай "Драўляны прынц", каб не перагукацца са "Шчаўкунком", пастаўленым Валянцінам Елізар'евым у нашым Вялікім тэатры. Але цяперашняя пастаноўка не проста новая, але і крыху іншая. Яе самая, бадай, моцная якасць – прыгожая сцэнаграфія Любові Сідзельнікавай. Заднік сцэны ператвораны ў вялізнае акно. Марозны малюнак на "шкле", абрысы старадаўняга еўрапейскага горада – усё гэта адразу стварае адчуванне "паветранай" прасторы, асаблівай лёгкасці і прадчування свята. Настройвае на гэта яшчэ ўверцюра. Больш хуткі тэмп, узяты дырыжорам Алегам Лесуном, адточанасць штрыхоў у струнных, грацыёзная імклівасць меладычных ліній– разам з музыкай мы жывем радасным прадчуваннем цуду. Тым больш, што хутка з'яўляецца Чараўнік, які майструе лялькі… Да рэчаіснасці нас вяртае жудасны скрып мэблі, якую выкочваюць у закуліссе. Спачатку думаеш: маўляў, "недапрацовачка выйшла". Але чым далей, тым больш разумееш, што той "пазамузычны" гук – зусім невыпадковы, а нават вельмі сімвалічны.

Кантраст і нават канфлікт казкі і "правільнай" будзённай рэчаіснасці няўмольна становіцца лейтматывам спектакля. І гэта змяняе саму эстэтыку балета як віду мастацтва! Харэадрама, у жанры якой вырашана пастаноўка, і без таго поўная "жыццёвых тлумачэнняў" – жэстаў. Праз іх перадаецца сам змест. У нашай версіі яна дапаўняецца новымі рэаліямі– той жа вялізнай пасткай, якую Маша разам з лялькай Балерынай выкочвае на сцэну і… запіхвае туды ваяўнічага Караля мышэй. Перамога! Вось толькі – чаго над чым?

Падобная харэаграфічная мова, якая ўсяму дае рэальнае "апраўданне" і тым самым вучыць мысліць выключна рэалістычна, уводзіць не толькі ад фантасмагорыі, якой поўніцца паэтыка Гофмана (усё ж яго казка, хай і адаптаваная, пакладзена ў аснову!), але і нават ад рамантыкі. Але калі ўжо ўсё тлумачыцца так літаральна, дык як трэба разумець Па-дэ-дэ, дзе акрамя дваіх закаханых удзельнічаюць, паводле В.Вайнонэна, яшчэ чацвёра жаніхоў, якія перадаюць Машу "з рук у рукі"? Тым не менш, часам гэткая "матэрыялізацыя" балетнасці сапраўды дапамагае. Строі Сняжынак, да прыкладу, дапаўняюцца мяккімі шарыкамі, што звісаюць ад пляча да кісці кожнай артысткі. І мы адразу разумеем: перад намі не празрыстыя, няўлоўныя Сняжынкі, а добра збітыя снежкі – іх Вальс таму сведчаннем.

Гармонія паміж чараўніцтвам і рэальнасцю дасягаецца ў спектаклі вельмі проста. Калі дзеянне адбываецца "ў жыцці", мы больш зачараваны выкананнем. Радуемся мяккай пластыцы Машы (Міку Сузукі), якая нагадвае нават не падлетка, а дзяўчынку-дашкольніцу, максімум – малодшую школьніцу. Адзначаем чараўніцтва Віталя Краснаглазава – не толькі як танцоўшчыка, але і як артыста, які настолькі добра засвоіў "лялькаваджэнне", што мог бы працаваць паралельна ў лялечным тэатры.

Калі ж героі трапляюць у чароўную краіну, мы пачынаем так за іх хвалявацца, што становіцца не да зачараванняў. Дый аркестр становіцца ўсё менш збалансаваным, у ігры музыкантаў з'яўляецца механічнасць замест былога палёту. І хаця Людміла Кісялёва, пераўвасобіўшыся з маладой, поўнай любові да мужа і дачкі Маці Машы ў загадкавую ўсходнюю прыгажуню, яшчэ больш вабіць пластычнасцю і "стрэламі вачэй", а Кітайскі танец захапляе скокамі Ігара Вяршыніна, Пастараль (Танец пастушкоў) гучыць амаль трагічна, дый у танцы застаецца хіба лірыка – без дамесу грацыі і хітрынкі. У знакамітым Па-дэ-дэ Машы і Прынца пануе хіба адна эмоцыя– школьная: зрабіць усё правільна, без памылак. Якое ўжо тут каханне? Для фотагенічнага юнага бландзіна Дзмітрыя Лазовіка гэта партыя яшчэ крыху "навыраст". Але артысты так стараюцца, што сумневу няма: усё ў іх атрымаецца! Бо ўзысці да вяршынь балетнай класікі, не адолеўшы яе першых прыступак, немагчыма.

Такі балет, безумоўна, неабходны для выхавання трупы. Дый сваю мэтавую аўдыторыю, як пацвердзілі прэм'ерныя паказы, ён мае. Спектакль прызначаны, найперш, для дзяўчынак – аднагодак гераіні – і іх матуль, якія, магчыма, таксама ўсё яшчэ чакаюць свайго сапраўднага прынца.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Сяргея СУЛАЯ.
Культура. – 2011. – 17 снеж. – С. 10.

На здымку: сцэна з балета "Шчаўкунок".



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: