« НазадНАТАЛЛЯ ГАЙДА: "ЛЮБЛЮ АДКРЫТЫХ І ЎСМЕШЛІВЫХ ЛЮДЗЕЙ"Пра яе так многа напісана i сказана, што, права, цяжка не паўтарыць эпітэты, якімі за пяцьдзясят гадоў творчай дзейнасці актрысы надзялілі яе захопленыя прыхільнікі таленту, калегі, крытыкі. Багіня сцэны, зорка кахання i аперэты, прымадонна, "каралева чардаша", душа тэатра… Усе кампліменты небеспадстаўныя, усе падсілкоўваюцца сімпатыяй і любоўю да гэтай дзіўнай жанчыны і актрысы, у якой самым цудоўным чынам злучыліся прыродныя таленты: спяваць, танцаваць і пры гэтым перадаваць глыбокія пачуцці – Сільвы, Баядэры, Раксаны, Карамбаліны, Джуліі… Надзвычай вобразна ў свой час выказаўся пра Гайда знакаміты оперны тэнар Іван Казлоўскі: "Вы – шампанскае…" Вытанчаны камплімент ад мэтра сцэны тут жа стаў здабыткам тэатральнай грамадскасці. Я ведаю актрысу па яе ролях, назіраю ў жыцці, таму адважуся выказаць здагадку, што такія асацыяцыі ўзніклі ў Казлоўскага таму, што Наташа – жанчына, якая нясе сваёй творчасцю свята: іскрыстая, бліскучая, якая радуе слых, вока і пачуцці. Адкуль у ёй гэта? Можа быць, ад бацькі-геолага, які аперэту і паэзію любіў і сам выдатна спяваў і танцаваў? Або ад маці, таленавітай уладальніцы драматычнага сапрана? Сёння многае тлумачыцца генамі. I выхаваннем. I асяроддзем. Спрабую ўслухацца ў тое, аб чым гаворыць мая субяседніца, чарговы госць рэдакцыі. Яна расказвае, як у дзяцінстве жыла нейкі час у бабулі. Пра дзядулю, віртуоза-шаўца, якім быў Феранц Іахан Гайда, венгр, які трапіў да рускіх у палон падчас Першай сусветнай вайны, стаў потым Францам Іванавічам. Я жыва ўяўляю карціну з далёкага мінулага маленькай сібірскай дзяўчынкі ў вяснушках… Вось яна мімаволі выпроствае спіну, цягнецца ўвысь і ганарліва ўскідвае галаву, калі яе маленькія ножкі аказваюцца ў лакавых цуда-туфліках, сшытых дзедам. Не ведаю, ці бачыла яна тады сябе актрысай – або, быць можа, Папялушкай на балі… – але добра разумею яе пачуцці: у мяне ў жыцці таксама былі першыя лакіраваныя туфлі з бантамі, сапраўдныя французскія ад "Како Шанэль", якія маці падарыла ў Кіеве з нагоды паступлення ва ўніверсітэт… Дзед потым кожны год дарыў Наташы туфлі. Але тыя, першыя, забыць яна не можа: такія яны былі цудоўныя на фоне пасляваеннай беднасці, нібы адрывалі іх уладальніцу ад зямлі і адносілі ў іскрысты свет музыкі – у будучыню, пра якую яна яшчэ не ведала, але прадчувала: яна ж – жанчына. Музыкай прасякнута ўсё жыццё Наталлі Віктараўны, музыкай дзівоснай і захапляльнай, як і сам жанр аперэты. У верасні, калі ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адкрыецца чарговы тэатральны сезон, народная артыстка Беларусі Наталля Гайда будзе спяваць па-італьянску ў сцэнічнай версіі Сусанны Цырук "Шлягеры неапалітанскага квартала" на сцэне роднага тэатра. I, вядома, зноў будзе і "Сільва", і "Чырвоная Шапачка. Пакаленне next". Можа быць, нешта з'явіцца яшчэ… Інакш і быць не павінна. Таму што актрыса, якую яшчэ называюць сімвалам беларускай музычнай камедыі, поўная творчай энергіі. Да таго ж захоплена прафесіяй, сутнасць якой дарыць людзям радасць. А што можа быць лепш! Бо як сказаў мудрэц, таямніца – у радасці: спазнаеш радасць – спазнаеш таямніцу быцця. Гэтаму Гайда вучыцца і ў чатырохгадовага ўнука Данііла, які пры сустрэчы са сваёй знакамітай бабуляй усякі раз захапляецца: "Бабуля, ты такая прыгожая!" I яе сэрца, як яна прызналася, напаўняецца любоўю. I я бачу, як у гэты момант іскрацца і адначасова становяцца вільготнымі вочы маёй візаві, якія здаюцца вялізнымі на фоне гладка зачэсаных валасоў, а святло падае на цудоўныя вяснушкі, якімі ўсыпаны яе акруглы твар. I мне падаецца – перада мною тая Наташа, якая выцягвалася ў струнку і радавалася дзядулеваму падарунку. I я мімаволі думаю: а можа быць, увесь сакрэт у тых чароўных туфліках? – Наталля, калі б вам сёння сказалі не спяваць, што б вы зрабілі? – Калі б у мяне прапаў голас, выкладала б. А калі па нейкіх іншых прычынах мне б забаранілі спяваць, усё роўна б спявала, нават калі б гэта скараціла мае жыццё. – Як даўно вы спяваеце? – З трохгадовага ўзросту. Добра памятаю той час: была вайна, бацька ваяваў на фронце, мы з маці жылі ў Свярдлоўску. Ёй давялося пакінуць вучобу ва Уральскай кансерваторыі і ўладкавацца на працу ў філармонію салісткай. I хоць я была малая, маці часта пакідала мяне дома пад наглядам падселенай да нас сям'і, эвакуіраванай з Масквы. Гэтыя людзі мяне і кармілі, і апраналі. Але займала я сябе сама, памятаю як спявала папулярную песню "Яблычак" і танцавала. Пасля вайны мы жылі ў Сяміпалацінску (Казахстан. – Аўт.), маці хадзіла ў Дом настаўніка, дзе збіралася інтэлігенцыя. Там быў хор, маці спявала арыі. I я там таксама спявала, зрэшты, як і ў дзіцячым садзе, а потым – у школе. З задавальненнем выконвала маміны арыі і ўкраінскія песні. Уяўляю, як было забаўна слухаць дзіця, якое чысценька выводзіла: "Анегін, я тады была маладзейшай, я лепшай, здаецца, была…" I, дарэчы, у балетную студыю я хадзіла, і ў драмгурток. Калі ўжо вучылася ў старэйшых класах, адзін з педагогаў сказаў мне: табе трэба сур'ёзна спяваць. I я вырашыла: паеду ў Маскву і паступлю ў Гнесінскае музвучылішча. Але ў Маскве мяне не зразумелі. Два гады запар туды ездзіла і вярталася ні з чым, хіба што з набытым жыццёвым вопытам. Потым я выбрала юрыдычны інстытут і паехала з Іркуцка, дзе мы тады жылі, у родны Свярдлоўск, паступіла. А калі перайшла на трэці курс, паступіла яшчэ і ва Уральскую кансерваторыю на вячэрняе аддзяленне. Вучылася і паралельна нават юрысконсультам нейкі час працавала. А потым ужо падчас вучобы на чацвёртым курсе кансерваторыі пачала працаваць у Свярдлоўскім оперным тэатры. Гэта была вялікая школа: за чатыры з паловай гады я праспявала 15 оперных партый, хоць вакальна і тэхнічна была "зялёнай". – У адным з інтэрв'ю праскочыла, што вам ваш голас не падабаецца… – Абсалютна верна. Ёсць такое паняцце лёгкага голасу – гэта пра мяне. Такім лірычным голасам цяжка перадаць глыбокі запал. Я і маці, у якой было моцнае драматычнае сапрана, часта гаварыла: вось бы мне твой голас… – Так і ёсць. Таму што ў музычным тэатры глыбокія пачуцці, драматызм вобразаў гераінь можна перадаць у маўленні, танцы, пластыцы. I мне заўсёды гэтага хацелася. Але я разумела, што не магу раскрыцца ў оперы. Калі б у мяне было сапрана, як у маці, я, напэўна, і па гэты дзень спявала б на радзіме разам з мужам, у якога – выдатны барытон. (Юрый Бастрыкаў, народны артыст Беларусі. – Аўт.). У Свярдлоўску вельмі добры тэатр, працаваць у якім было вялікім шчасцем. Бо тут пачыналі і нейкі час спявалі такія зоркі, як Іван Казлоўскі, Сяргей Лемешаў, Ірына Архіпава. – Не шкадуеце, што не сталі юрыстам? – Ніколькі. Думаю, я правільна распарадзілася сваімі магчымасцямі, калі прыйшла ў аперэту. Бо інакш магла наогул не адбыцца як актрыса, як спявачка. – І як вы трапілі ў мінскую аперэту? – Шлях ляжаў зноў праз оперу, але ўжо мінскую, куды ў свой час з'ехаў галоўны дырыжор свярдлоўскай оперы Кірыл Ціханаў. Вось ён і паведаміў нам, што Беларускі оперны тэатр абвясціў "конкурс на барытон". Муж праспяваў партыю Рыгалета ў спектаклі "Рыгалета", спадабаўся, а мяне ўзялі, як часта гавару, бясплатным дадаткам да мужа. Амаль год я прарабіла, потым паехала на чатыры месяцы ў Свярдлоўск на здымкі фільма па адной з аперэт, а ў той час якраз вырашалася пытанне аб стварэнні Дзяржаўнага тэатру музычнай камедыі. Калі я вярнулася ў Мінск, мяне запрасілі туды працаваць. – Лёс? – Напэўна! Бо і ў Свярдлоўску мяне двойчы запрашалі спяваць у аперэце. Мяне аформілі пераводам у новы тэатр. Але я яшчэ настаяла на праслухванні разам з усімі прэтэндэнтамі ў трупу. Спявала арыёза Тоні з "Белай акацыі" Дунаеўскага і танцавала Карамбаліну з "Фіялкі Манмартра" Імрэ Кальмана. – Іншы раз даводзіцца чуць, што аперэта – гэта несур'ёзна, маўляў, музыка не элітарная… – Абсурд! Можа састарэць лібрэта, п'еса, але музыка застаецца цудоўнай. Сяргей Рахманінаў, напрыклад, гаварыў, што лепш за "Вясёлую ўдаву" ён нічога не чуў, і што можа быць больш чароўнае за гэту музыку. А ўзяць хоць бы савецкі перыяд, калі былі створаныя музычныя шэдэўры. Гэта ж быў росквіт аперэты! Гэта цудоўны дэмакратычны жанр, дзе ёсць прыгожае каханне і ўсё тое, што складае жыццё – ад кахання да нянавісці і здрадніцтва. Верагодна, гэта меркаванне мусіруюць людзі, цалкам далёкія ад аперэты. Магчыма, іх першае знаёмства з аперэтай "не ўдалося": не зусім паспяховая пастаноўка, дрэннае выкананне. Возьмем мюзіклы, якія цяпер у модзе, гэта больш з'ява заходняй культуры. Мне давялося паглядзець мюзікл "Чыкага", праект Філіпа Кіркорава – з якім ён прагарэў. Так, я бачу, як нядрэнна працуюць артысты, як зладжана танцуюць і спяваюць. Але яны далёкія ад пластыкі і ментальнасці чарнаскурых амерыканцаў. Струны маёй душы выканаўцы не закранулі, верагодна, варта было не капіраваць чужую ментальнасць, а паспрабаваць прыўнесці нешта сваё. Але не стану ж я гаварыць, што мюзікл – дрэнны музычны жанр. – Вы сыгралі шмат роляў: Баядэра, Сільва, Марыца… Якія з іх на ганаровых месцах? I якая ваша любімая? – Ёсць ролі, якія ўбіраюць у сябе ўвесь сусвет чалавечых перажыванняў – ад радасці да глыбокай пакуты – і даюць акцёру магчымасць найбольш поўна сябе выказаць. Такія ролі можна іграць шмат гадоў, і яны не надакучаюць. У класіцы ёсць тыпы жанчын, якія адна да адной падобныя. Дзесьці больш моцная драматургія, дзесьці сюжэт, дзесьці больш вакальных магчымасцяў. Але, мабыць, сярод іх для мяне самая значная – Сільва. У гэтай ролі моцны сацыяльны аспект, які дагэтуль актуальны. I ролі ў савецкай аперэце мне цікавыя: там ёсць свае характары, якія праяўляюцца ў пэўных абставінах. – Паўлінка – адна з вашых першых роляў у Мінску? – Спачатку я сыграла Ірыну – дзяўчыну-разведчыцу ў аперэце беларускага кампазітара Юрыя Семянякі "Спявае жаваранак". Ёю адкрыўся наш тэатр 17 студзеня 1971 года. А потым была Паўлінка, якую Семяняка напісаў для мяне. У ролях Ірыны і Паўлінкі мне было дзе разгарнуцца і як актрысе, і як спявачцы. Я вельмі потым ганарылася, што мне выпала шчасце – іграць гэтую ролю. Бо спектакль "Паўлінка" ішоў і ў тэатры імя Янкі Купалы, гэта і цяпер яго візітная картка. Калі мы пераехалі ў Мінск, то адразу ж з маці пайшлі ў гэты тэатр. – А як складваліся вашы адносіны з беларускай мовай? – Ды добра складваліся! Мяне нават нейкая сваячка Янкі Купалы на прэм'еры пахваліла за бездакорную літаратурную беларускую мову. Яна нават здзіўлялася, як я, расіянка, так хутка яе асвоіла. Дарэчы, у мяне па мамінай лініі ёсць і ўкраінскія карані, або, як гаворыцца ў такіх выпадках, спрацоўвае нядрэннае моўнае чуццё. – Ці ўсё вас у вашым творчым жыцці задавольвае? – Напэўна, чалавек ніколі не можа быць цалкам усім задаволены. I я не выключэнне. Калі глабальна паглядзець, то, вядома, жыццё маё адбылося. У мяне ёсць прафесія, якую я люблю і без якой сябе не ўяўляю. Вядома, чагосьці ў мінулым мне шкада, хацелася б не рабіць нейкіх памылак. Але, дзякуй Богу, прайшла той шлях без асаблівых страт. Усё роўна, як бы мы ні хацелі вучыцца на чужых памылках, у рэальнасці вучымся на ўласных. Шкадую яшчэ, што ўпусціла магчымасць авалодаць фартэпіяна – гэта б вельмі спатрэбілася. Часам думаю, як цудоўна было б сесці – і самой іграць і спяваць. Падчас вучобы ў кансерваторыі я, вядома, магла б навярстаць упушчанае ў пасляваенным школьным юнацтве. Але, напэўна, перашкаджала і занятасць, і яшчэ… лянота. А яна, як гаворыць прыказка, раней за нас нарадзілася. – А цяпер не хочаце асвоіць? – Напэўна, не: у мяне ж ёсць канцэртмайстар. А нямецкую мову, якую вывучала ў кансерваторыі, асвоіць хацела б больш поўна, збіраюся пайсці на курсы. Дарэчы, у сольных канцэртах я спявала Брамса, Шапэна, Моцарта, Рыхарда Штрауса на нямецкай. I італьянская, якую цяпер вучу, мне таксама патрэбна: новы тэатральны сезон адкрыецца спектаклем, дзе я буду спяваць на італьянскай. – Педагагічная дзейнасць вам падабалася? – У дыпломе ў мяне запісана: оперная, канцэртная спявачка, выкладчык сольных спеваў. Гэта пісалі толькі таму, хто праявіў здольнасці да выкладання, калі быў студэнтам. Я выкладала дваццаць гадоў. Яшчэ ў Свярдлоўску пасля заканчэння кансерваторыі – вакал у дырыжораў-харавікоў. Першыя гады работы ў аперэце было не да педагогікі. А з 90-х выкладала ў Акадэміі мастацтваў, вяла і курс, які набіралі для музычнага тэатра. У кансерваторыі вяла камерны клас, пазней – вакал ва Універсітэце культуры. Выкладанне давала мне вялікае задавальненне. Скажу без ілжывай сціпласці: я добра ўмею бачыць, у які бок развіваць вакальныя дадзеныя студэнта. Але ў мяне не хапае вытрымкі! Заўсёды хочацца, каб цябе разумелі з лёту. А на цярпенне і вытрымку, як вядома, патрэбныя вялікія душэўныя сілы, калі ты ад прыроды эмацыянальны. Вось я і вырашыла захаваць каштоўную энергію для работы ў тэатры. Тым больш што кіраўніцтва тэатра даручыла мне курыраваць маладых выканаўцаў. А гэта ўжо іншы ўзровень выкладання. I мне гэты занятак даспадобы. – Ці адчуваеце вы якія-небудзь асаблівыя, скажам так, містычныя пачуцці, калі іграеце спектакль? – Ёсць дзіўны стан душы – натхненне, якое мне знаёмае і зразумелае. Але яно ж не ўзнікае з нічога. Натхненне з'яўляецца, калі супадае твой сённяшні стан, эмацыянальны настрой са станам і настроем партнёраў па сцэне, з настроем публікі. I вось калі супадае ўсё – узнікае незвычайны спектакль. Гэта вельмі рэдкая з'ява. Памятаю, у 1982-м на гастролях у Санкт-Пецярбургу, тагачасным Ленінградзе, мы ігралі "Сільву". Гэта якраз і быў такі спектакль, які памятаюць усе, хто быў з ім звязаны. Ён заявіў пра сябе з першых акордаў, і я тады падумала: "Сільва" будзе прынята на "біс". Я не памятаю за ўсё маё творчае жыццё такога шквалу авацый і каб так доўга зала не адпускала акцёраў са сцэны ўжо пасля першага акта. – Ці ўсе планы вы як спявачка рэалізавалі? – Хацелася б знайсці п'есу, а ў ёй ролю для мяне, вось такой, якая я цяпер ёсць, гэта значыць для жанчыны майго ўзросту. У драме мноства такіх роляў, а вось у аперэце – на жаль… Я бясконца ўдзячная кампазітару Уладзіміру Кандрусевічу, які прадоўжыў сваімі спектаклямі на сцэне музычнага тэатра жыццё маіх узроставых гераінь у розных спектаклях. Для аперэты цяпер, на жаль, мала пішуць. – Што заахвоціла вас прыйсці ў драмтэатр? I наколькі ўдачным падаецца вам сумяшчэнне работы ў музычным і драматычным тэатрах? – Думаю, гэта вялікі падарунак лёсу – паспрабаваць сябе ў якасці драматычнай актрысы. Марыя Захарэвіч, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, якой падарылі перакладзеную на рускую мову п'есу Саймана "Інструкцыя выжывання для пажылых лэдзі", шукала сабе партнёра для работы ў гэтым спектаклі. Я набралася смеласці і гавару Машы: "Вазьмі мяне дублёрам…" Вось так я выйшла на сцэну драматычнага тэатра. Я ганаруся тым, што вытрымала гэты экзамен: спектакль іграецца ўжо дзевяты сезон. А потым яшчэ быў і "Валянцінаў дзень" у Рускім тэатры, і яшчэ… Гэта сумяшчэнне ніколькі не перашкаджае, наадварот, робіць маё творчае жыццё больш напоўненым. I ў далейшым я не выключаю падобных прапаноў. – Як вы ставіцеся да іншых падарункаў лёсу? – Я іх вітаю! Любую творчую прапанову разглядаю як падарунак лёсу, ці датычыцца гэта драмы, музычнага тэатра, ці канцэртнай дзейнасці. У савецкія часы ў мяне было шмат сольных канцэртаў, я шмат ездзіла і па Беларусі, і па Расіі. Цяпер у мяне цесны творчы кантакт з мастацкім кіраўніком "Музычнай гасцёўні" Таццянай Старчанка, удзельнічаю ў яе праграмах. – Хто з дзяцей і ўнукаў атрымаў у спадчыну ваш запал і талент да спеваў? – Ні дачка, ні ўнукі. Яны спяваюць, вядома, але для сябе. – Ці лёгка ў сямейным побыце ўжывацца двум народным артыстам? – У маладосці мне падавалася, што ніколі не выйду замуж: вельмі хутка я расчароўвалася ў прадстаўніках моцнага полу, калі бачыла хоць самы нязначны недахоп то ў адным, то ў іншым прэтэндэнце на маё сэрца. Але потым, мабыць, наступіў перыяд, калі мне, як і іншым дзяўчатам майго ўзросту, захацелася надзейнасці і сталасці. Так з'явіўся Юрый. Нам з ім камфортна па жыцці. Думаю, што мне пашанцавала. Ён – уважлівы муж, клапатлівы бацька і выдатны дзядуля. Як сябар я яму вельмі падыходжу, але як жонка, так я гавару часам, не вельмі. Чаму? Я – дрэнная гаспадыня: не люблю гатаваць. Вось прыбіраць дом, мыць, гэта калі ласка, але толькі не кухарыць… Як толькі мы з Юрыем вырашылі пажаніцца, я яго папярэдзіла: гатаваць не буду. Вось гэтую ношу ён нясе дагэтуль, а я з задавальненнем ем тое, што мне дадуць. Я не пераборлівая, але паесці смачна – люблю. А самы галоўны ўчынак мужа, калі ён дзеля мяне адважыўся пакінуць свярдлоўскую оперу, хоць становішча ў яго там было вельмі трывалае. А званні народных, вядома ж, у побыце нам ніколькі не перашкаджаюць. Мы проста радуемся адно за аднаго. – Не так даўно вы былі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны… – Так, гэта вельмі прыемны момант у маім жыцці. Прызнанне такога роду важныя. Акцёрам жа патрэбныя не толькі апладысменты гледачоў, але і тое, што кіраўніцтва тэатра, краіны нас ацэньвае. Я адчуваю ўдзячнасць за тое, што нас глядзяць кіраўнікі культуры вышэйшага рангу, прадстаўнікі дзяржулады. Мы заўсёды радуемся, калі бачым іх на нашых прэм'ерах. Бо іх прысутнасць у зале, іх ацэнка спектакляў важная яшчэ і для таго, каб гледачы бачылі ў іх граматных кіраўнікоў, якія разумеюць, наколькі важная культура ў жыцці грамадства. Бо нездарма па ўзроўні культуры ацэньваюць усю краіну. – Наколькі я ведаю, вы чалавек шчыры і адкрыты. Што скажаце пра сваіх калег па тэатры, любімых і нелюбімых? – Тут я зноў не магу не ўспомніць мінулае. Шчырасць і адкрытасць была нормай у свярдлоўскай оперы. Як звычайная рэч там успрымаліся кампліменты адзін аднаму пасля паспяхова сыгранага спектакля. I ў гэтым была вялікая заслуга кіраўніцтва тэатра. Акцёры перажывалі за калег, прыходзілі на спектаклі, калі былі не занятыя. Ніхто не злараднічаў, калі ў кагосьці нешта ў спектаклі не склалася. Потым я зразумела, што, на жаль, гэтак не ўсюды і не заўсёды так. А ў аперэце была адзіная сям'я, мы былі маладыя, апантаныя ідэяй стварэння новага тэатра. I атмасфера панавала выдатная. – А цяпер? – Мне падабаецца ўсё, што ёсць у маім тэатры. З узростам я ўсё больш цаню сваіх партнёраў па сцэне. Усе тыя, з кім іграю спектакль, і тыя, хто яго ставіць, мною любімыя. Натуральна, у жыцці да кагосьці я стаўлюся з большай сімпатыяй. Люблю адкрытых і ўсмешлівых людзей, але разумею: не ўсе такія. Я, вядома, навучылася разумець і прымаць людзей такімі, якія яны ёсць. Але для сябе я зрабіла высновы, што ўсмешка робіць свет святлейшым, нават калі табе не хочацца ўсміхацца. Акрамя таго, мы істоты грамадскія, не маем права абцяжарваць навакольных людзей сваім маркотным, прыгнечаным выглядам. – Як вы аднаўляеце свае сілы? – У адзіноце. Адна я адпачываю і душэўна, і фізічна. У адзіноце ёсць магчымасць паглядзець на сябе збоку, асэнсаваць нейкія дзеянні, настроі. Мне падабаецца адной хадзіць у тэатр, кіно. Можа быць, цяга да адзіноты ідзе з юнацтва, тады рэдка атрымлівалася адасобіцца. Гэта былі гады жыцця ў інтэрнаце, пабытовай неўладкаванасці. Але пабыўшы нейкі час адна, я пачынаю сумаваць па людзях. I тады разумею: мае сілы аднавіліся, я гатова ўсміхнуцца ўсім, каго сустрэну ў гэты дзень. Але калі мне сумна, я сумую, толькі не раблю гэта "здабыткам публікі". – У вас ёсць яшчэ жаданне ўдасканальваць сябе? – Калі няма жадання рабіць сябе лепшай, тады ўзнікаюць няпростыя сітуацыі як у сям'і, так і на працы, у творчасці. Я разумею сваю недасканаласць і імкнуся быць больш стрыманай, не такой катэгарычнай, вучуся ўменню дараваць людзям іх слабасці. I на гэтай ніве ў мяне ёсць поспехі. – Жаноцкасць і какецтва – наколькі яны важныя для вас? – Жаноцкасць і абаяльнасць даецца нам ад прыроды, а вось какецтва – гэта ўжо здольнасць набытая. Я какецтву вучылася. Спачатку яго адмаўляла, лічыла яго забароненай зброяй, але з гадамі зразумела: яно мне неабходна. I як жанчыне, і як актрысе. Разумнае какецтва здольнае тварыць цуды і ў жыцці, і ў ролях. – Ці можаце вы параўнаць свае адчуванні ад жыцця ў юнацтве і цяпер, калі ў вас двое ўнукаў? – У юнацтве – крылы лёгкія, таму што ты думаеш толькі пра сябе. А з гадамі яны цяжэюць: павялічваецца адказнасць за сям'ю, за дзяцей, унукаў. I за творчасць таксама. Але ж і ты стаў ужо больш мудрым і моцным, а таму ноша падаецца не такой цяжкай. Гэта бясцэнны час, калі ўсведамляеш сваю сілу. I я таму адчуваю сябе шчаслівай. Валянціна ЖДАНОВІЧ. На здымках: |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by