Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сезон Адама Мурзіча (2011 г., Літаратура і мастацтва)

Сезон Адама Мурзіча (2011 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

СЕЗОН АДАМА МУРЗІЧА

11-132a Мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра заслужаны работнік культуры Беларусі Адам Мурзіч працуе з ліпеня мінулага года. Ён прыйшоў на гэтую пасаду ў складаны для калектыву час: тут на працягу многіх сезонаў рэй вялі канфліктныя высвятленні адносін, страчвалася пераемнасць акцёрскіх пакаленняў, спакваля разбураліся лепшыя традыцыі, размываліся творчыя крытэрыі, вызначальныя для статусу тэатра як беларускага, музычнага, акадэмічнага, дзяржаўнага… Імя новага мастацкага кіраўніка заставалася сакрэтам для тэатральнай грамады. А калі адбыліся "афіцыйныя ўваходзіны" і ён быў прадстаўлены творчаму калектыву, Мурзіча сустрэлі шчырымі апладысментамі.

І вось – мінуў яго першы сезон. Мінуў год, адметны для тэатра канструктыўнай прафесійнай працай, пошукам і здзяйсненнем свежых мастацкіх ідэй, новых праектаў, паспяховымі прэм’ерамі. Мурзічу зноў можна паапладзіраваць! Тым болей, што акурат сёння Адам Асманавіч прымае віншаванні з днём нараджэння: яму споўнілася 70.

У асяроддзі музыкантаў яго асоба знакамітая і паважаная: адзін з лепшых айчынных педагогаў па вакале, А. Мурзіч мае вялікія заслугі ў развіцці беларускай школы акадэмічных спеваў, у падрыхтоўцы спецыялістаў-выканаўцаў. Вядома нямала гісторый пра тое, як Адам Асманавіч літаральна "выратоўваў галасы", а ўрэшце – лёс маладых спевакоў, выпраўляючы чужыя прафесійныя памылкі. Ён доўгі час (чатыры дзясяткі гадоў!) працаваў у Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.І. Глінкі, узначальваў там вакальнае аддзяленне. Па запрашэнні маэстра М. Фінберга пабыў кансультантам групы салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Паралельна выкладаў сольныя спевы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, аднак ад прэстыжных прапаноў перайсці туды ў штат адмовіўся. Пры ім 80 працэнтаў выпускнікоў ММВ працягвалі навучанне спевам у лепшых кансерваторыях былога СССР. Вучняў, якія скончылі клас А. Мурзіча, і выхаванцаў, на чыё прафесійнае ўдасканаленне паўплывалі кансультацыі майстра, – не злічыць: пераможцы прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестываляў, яны працуюць у лепшых творчых калектывах краіны, спяваюць на музычных сцэнах Аўстрыі, Германіі, Расіі, Украіны, Францыі… Школу Мурзіча прайшлі вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Алег Мельнікаў, Ілья Сільчукоў, Станіслаў Трыфанаў, Дзмітрый Капілаў, Аляксандр Жукаў…

І раптам Яго Вялікасць Настаўнік пагадзіўся на круты паварот у сваёй дзейнасці. Ён прыйшоў у тэатр, вызначыўшы для сябе канкрэтныя задачы: павялічыць у рэпертуары колькасць класічных твораў, актывізаваць працу над беларускім нацыянальным музычным матэрыялам, паспрыяць павышэнню выканальніцкага майстэрства творчага калектыву. Прыроджаны лідар, інтэлігент і мудрэц, чалавек шчыры і ўраўнаважаны, А. Мурзіч адразу падкрэсліў, што ні "палачнай дысцыпліны", ні дыктату з боку мастацкага кіраўніцтва не будзе: "Я цалкам давяраю прафесіяналізму і досведу калег – дырыжора, рэжысёра, балетмайстра. Я павінен стварыць умовы для раскрыцця і развіцця высокамастацкіх ідэй, добрага густу, адпаведным чынам фарміруючы рэпертуар, дбаючы пра паўнавартасны склад і належны прафесійны ўзровень трупы. І "любімчыкаў" у мяне не будзе: яны будуць у публікі".

Пытаюся ў Адама Асманавіча, ці не расчаравала яго новая праца. "Чым больш уваходзіў у жыццё тэатра, тым цікавей рабілася! Раней займаўся выключна вакалам, рыхтуючы артыстаў да ўваходжання ў свет вялікага мастацтва. Цяпер – зусім іншае кола абавязкаў, бо я непасрэдна спрычынены да гэтага мастацтва, якое нараджаецца ў складаным спалучэнні жывой музыкі, харэаграфіі, сцэнічнага дзеяння, дэкарацый, касцюмаў і, вядома ж, спеваў. Я мушу спрыяць суладнасці індывідуальных мастацкіх намераў, творчаму камфорту ўсіх, хто працуе поруч".

Сам Адам Асманавіч ніколі не быў артыстам, хоць прырода падаравала яму багаты голас, а лёс – добрую вакальную школу (Брэсцкае музычнае вучылішча, Беларуская дзяржаўная кансерваторыя). У студэнцкія гады, задумаўшыся пра сольную кар’еру, бескампрамісны і самакрытычны А. Мурзіч пачаў сумнявацца: маўляў, для ўвасаблення галоўных оперных партый спеваку патрэбна іншая сцэнічная фактура. Невядома, чым скончыліся б тыя сумненні, але якраз паступіла прапанова працягнуць педагагічную практыку на прафесійнай аснове. І Мурзіч пачаў выкладаць у Мінскім музычным вучылішчы…

Нават змяніўшы прафесію, Адам Асманавіч застаецца, як ён кажа, педагогам на ўсё жыццё. Адной з першых ініцыятыў новага мастацкага кіраўніка сталася запрашэнне на працу ў БДАМТ у якасці педагогаў-кансультантаў па вакале знакавых асоб: Наталлі Гайды і Пятра Рыдзігера. Вядома, сёння і сярод салістаў, і ў тэатральным хоры нямала вучняў Мурзіча. Будуць і новыя, бо ён знаходзіць час для правядзення майстар-класаў, кансультацый. Працуючы ў тэатры, падрыхтаваў траіх артыстаў да І міжнароднага конкурсу вакалістаў "Гран-при Санкт-Петербурга", у якім удзельнічала больш як 200 выканаўцаў з розных еўрапейскіх краін. Беларусы выступілі паспяхова: Яўген Ермакоў стаў лаўрэатам ІІІ прэміі, Сяргей Суцько – дыпламантам.

Ён марыць і пра сваё прафесійнае спаборніцтва для спевакоў: у новым сезоне плануе заручыцца падтрымкай Міністэрства культуры ды Мінскага аблвыканкама і запачаткаваць у сценах тэатра ўсебеларускі конкурс маладых вакалістаў імя С. Манюшкі, па сутнасці адрадзіўшы на новым узроўні "Убельскую ластаўку". Ёсць і намер паставіць адну з Манюшкавых камічных опер. І правесці ўнутрытэатральны конкурс на лепшы твор сучаснага айчыннага кампазітара, напісаны на беларускую нацыянальную тэму.

Аўтар праекта "Барытоны Беларусі спяваюць пра каханне", кіраўнік летніх канцэртаў "Чарадзейная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам" ды "Вечар старадаўняга раманса ў Мірскім замку" Адам Мурзіч сабраў у гэтых праграмах не толькі лепшыя галасы двух сталічных тэатраў, але і некаторых нашых землякоў, якія паспяхова працуюць за мяжой. У канцэрце, прысвечаным памяці Лучана Павароці і замоўленым на 9 кастрычніка, майстар плануе зноў сабраць сузор’е беларускіх галасоў з усяго свету: з Гамбурга, Венскай оперы, "Марыінкі", Вялікага тэатра Расіі… І прызнаецца, што марыць вярнуць таленавітых землякоў на радзіму. Каб яны не толькі прыязджалі ў якасці гасцей – удзельнікаў праектаў, але і працавалі тут, што не перашкодзіла б ім заключаць прэстыжныя замежныя кантракты і рэалізоўваць сябе на міжнародным узроўні.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Фота Кастуся ДРОБАВА.
Літаратура і мастацтва. – 2011. – 19 жн. – С. 1.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: