Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Алег Прохараў: "Не прапусціць момант…" (2011 г., Маладосць)

Алег Прохараў: "Не прапусціць момант…" (2011 г., Маладосць)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АЛЕГ ПРОХАРАЎ:
"НЕ ПРАПУСЦІЦЬ МОМАНТ..."

11-190a Знакаміты італьянскі кінарэжысёр Федэрыка Феліні аднойчы выказаў трапную думку: "Маладыя не ведаюць, чаго хочуць, але поўныя рашучасці дабіцца гэтага". Малады артыст Алег ПРОХАРАЎ наўрад ці пагадзіўся б з меркаваннем сеньёра Феліні. Прынамсі, з першай часткай сцвярджэння: Алег яшчэ ў дзяцінстве зразумеў, чаго хоча ад жыцця — стаць музыкантам, артыстам, спеваком, а нястрымнай энергіі і ўпартасці для дасягнення мары ў яго ставала...

Ураджэнцу Клецка Алегу Прохараву хутка споўніцца 28 гадоў. Яго прыгожы барытон ужо некалькі сезонаў гучыць са сцэны Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Артыст паступова ўводзіцца ў спектаклі класічнага і сучаснага рэпертуару, выступае ў маштабных канцэртных праектах тэатра, такіх як "Чароўная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам" і "Вечар старадаўняга раманса" у рамках "Музычных вечароў у Мірскім замку". Сярод лепшых роляў Алега Прохарава сёння: князь Арлоўскі ў аперэце "Летучая мышь" І. Штрауса і менеджар аркестра Бінстак у музычным рэвю "Однажды в Чикаго" Дж. Стайна. У 2009 годзе ён пачаў займацца педагагічнай дзейнасцю, а ў 2010-м Алег Прохараў стаў лаўрэатам XIV Маскоўскага міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў рускага раманса "Рамансіяда — 2010". А пачынаўся творчы шлях з удзелу ў школьных канцэртах і спеваў у маладзёжных эстрадных гуртах.

"МУЗЫКАЙ ТРЭБА ЗАЙМАЦЦА ЎСІМ ДЗЕЦЯМ..."

— У нашай сям’і галоўнай заўсёды была маці, — расказвае Алег Прохараў, — яна аддала майго старэйшага брата Дзіму ў музычную школу, дзе ён пачаў вучыцца ігры на фартэпіяна. Потым і мне таксама захацелася, чым жа я горшы за брата? І вось у пяць гадоў я ўжо зрабіў сур’ёзны выбар — буду займацца музыкай! Вядома, былі і крыкі, і слёзы, і ўтойванне дзённікаў — усё, як у нармальнага дзіцяці. Але гэты перыяд я шчасліва перажыў і зараз упэўнены: музыкай трэба займацца ўсім дзецям проста для самаадукацыі. Яна пакідае свой добры след у душы любога чалавека.

— Заняткі музыкай не перашкаджалі вучобе?

— На агульнаадукацыйныя прадметы я звяртаў менш увагі, чым трэба, таму што пачаў рана выступать на сцэне. Яшчэ ў дзіцячым садку ўдзельнічаў у канцэртах, якія праходзілі ў будынку Клецкага кінатэатра. Памятаю свой першы выхад да публікі: я павінен быў чытаць верш, але спалохаўся, забыў словы і заплакаў... Пазней, ужо ў школе, мы з братам дуэтам спявалі песню "Пожалуйста, не жалуйся". З таго часу без нас не абыходзіўся ні адзін канцэрт, а гэта таксама перашкаджала вучобе. Мы пастаянна прападалі ў актавай зале на рэпетыцыях. Але, паколькі мы адстойвалі гонар школы, настаўнікі заплюшчвалі вочы на нашыя не самыя лепшыя адзнакі.

— Ад канцэртаў у школьнай актавай зале да выступленняў на прафесійнай сцэне трэба было прайсці доўгі шлях. Якім ён быў для Вас?

— Я паступіў у Баранавіцкае музычнае вучылішча на спецыяльнасць "харавое дырыжыраванне", а затым педагогі параілі перавесціся ў Мінск, у Музычнае вучылішча імя Глінкі ўжо на вакальнае аддзяленне. Голас ёсць, чаму б не паспрабаваць? Тут я і пазнаёміўся са сваім будучым педагогам, а цяпер мастацкім кіраўніком Музычнага тэатра, Адамам Асманавічам Мурзічам. Ён мяне праслухаў і ўзяў да сабе ў клас. Пасля музычнага вучылішча заканамерным стала і атрыманне вышэйшай адукацыі — я скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, клас заслужанага артыста Расіі Мікалая Маісеенкі.

— А ў юнацтве не страшна было пакідаць дом, станавіцца самастойным чалавекам?

— Мы з братам стараліся апраўдаць надзеі нашай маці, якая гадавала нас адна. Яна імкнулася стаць нам апорай, выхаваць як мага лепш, а гэта неверагодная праца. Я вельмі шаную ўсё, што для нас зрабіла маці. Калі мы пераехалі з Клецка ў Баранавічы вучыцца, мне было 15 гадоў. Здымалі пакой і аплачвалі яго самі, разумеючы, што павінны атрымліваць стыпендыю, інакш не будзе чым разлічыцца за жыллё. У маці бралі толькі прадукты, яна нас карміла, а прасіць у яе яшчэ і грошай не дазваляла сумленне. Таму ўвесь час знаходзілі нейкія падпрацоўкі, а ўлетку ездзілі ў вёску збіраць ягады. Я разумеў, што так трэба, каб выжыць у чужым горадзе, і ніколі не скардзіўся. Акрамя таго, у Баранавіцкае музычнае вучылішча я прыйшоў не зусім падрыхтаваным чалавекам і першы час клаўся спаць у дзве гадзіны ночы, а ўставаў а чацвёртай раніцы, каб займацца музыкай. Саступак не было: пасля таго, як педагогі паказалі мне ўзровень майго няведання, я вырашыў даказаць, што змагу лепш! Я "грыз граніт навукі" і да канца першага курса выйшаў з двойкі на моцную чацвёрку.

"ЧАС НЕШТА МЯНЯЦЬ"

Алег Прохараў не адразу вызначыўся з напрамкам сваёй прафесійнай дзейнасці. Пасля пераводу ў сталіцу на вакальнае аддзяленне Мінскага музычнага вучылішча ён спрабаваў сябе ў розных эстрадных калектывах. Аднак час паказаў, што бліжэй яму ўсё ж акадэмічныя музычныя жанры, і Алег спыніўся на аперэце і мюзікле.

— Напэўна, я ўмею знаходзіць агульную мову з людзьмі, — разважае ён, — таму што цяжкасцей з пошукамі працы ў мяне ніколі не ўзнікала. Дзверы паўсюль былі адчынены. І вось у 2003 годзе я прыйшоў у Музычны тэатр, у харавы калектыў. Працаваў тут паўтары гады і вырашыў, што час павышаць свой прафесійны ўзровень — атрымліваць вышэйшую адукацыю. Паступіў у Акадэмію музыкі, падчас вучобы мне захацелася паспрабаваць свае сілы ў оперным мастацтве... Так, новым этапам майго жыцця стала праца ў хоры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. А праз пяць гадоў я, як блудны сын, вярнуўся ў Музычны тэатр. Мне патэлефанавала Святлана Пятрова, галоўны хармайстар, і прапанавала праслухацца ў штат салістаў. Праца ў хоры — гэта цікава, але ў гэтай прафесіі я ўжо ўзяў для сябе ўсё, што мог. Канечне, у любой справе можна развівацца бясконца, але на той момант для мяне было зразумела, што прыйшоў час нешта мяняць. Каб дамагчыся поспеху ў сольнай кар’еры, у маладога спевака не так ужо шмат часу. І трэба не прапусціць момант, інакш можа быць позна.

— У харавых калектывах можна знайсці шмат перспектыўных людзей: з галасамі, артыстычных. Але далёка не ўсе становяцца салістамі. Як Вы лічыце, чаму?

— Адзін мой сябра працуе ў тэатры, у хоры. У яго шыкоўны голас — нізкі бас. Я яму неяк задаў пытанне: чаму ты не спрабуеш стаць салістам, чаму не жадаеш ісці далей? З такімі дадзенымі кожны тэатр возьме цябе адразу ж на вядучыя партыі! На што ён адказаў проста — "не хачу"! Я гэтага не магу зразумець. У яго было некалькі цікавых прапаноў, але ніводнай магчымасцю выйсці да рампы ён не скарыстаўся... Мне здаецца, віной усяму комплексы, сарамлівасць, нежаданне браць на сябе адказнасць...

11-190b— А як для Вас прайшоў пераход з хору да сольнай кар’еры на сцэне Музычнага тэатра?

— Вядома, не ўсё было гладка. У хоры ты знаходзішся ў калектыве, у масе. Так, ты працуеш, спяваеш, ствараеш нейкі вобраз. Пры гэтым ты адчуваеш сябе абароненым, ведаеш, што калі што-небудзь здарыцца, табе дапамогуць калегі. Саліст выходзіць на сцэну і сам адказвае за ўсё! Ён застаецца сам насам з гледачом, з дырыжорам! Адказнасць палохае. Сцэна — вялікі стрэс, але яна ж і наймацнейшы наркотык.

— Ці патрэбна было Вам пераадольваць псіхалагічныя або прафесійныя бар’еры, каб паспяхова працаваць?

— Спачатку ў мяне не атрымлівалася расслабляцца на сцэне. Артысту абавязкова трэба мець унутраную свабоду, але не губляць пры гэтым раўнавагі. З часам гэтае пачуццё балансу прыйшло да мяне, але я разумею, што трэба працаваць над сабой. Адразу разняволіцца і адчуць сябе ўпэўнена не атрымаецца ні ў каго. Маладому артысту трэба прывыкнуць да гледача, а для гэтага неабходна пастаянна выходзіць на сцэну.

11-190c— Вы па адукацыі — спявак, але праца ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры прадугледжвае як вакальную, так і драматычную, харэаграфічную падрыхтоўку. Як развіць у сабе неабходныя для гэтай сінтэтычнай прафесіі якасці?

— Толькі на практыцы! Мець добры творчы кантакт з партнёрамі па сцэне, імкнуцца настроіцца на адну эмацыйную хвалю з аўдыторыяй. Навучальная ўстанова — толькі аснова, вельмі важную ролю адыгрываюць самаадукацыя і праца з таленавітымі людзьмі. Мне пашанцавала супрацоўнічаць са многімі цікавымі рэжысёрамі, дырыжорамі, балетмайстрамі, хармайстрамі, артыстамі. Ты бачыш іх творчыя метады, а потым назапашаны вопыт у патрэбныя моманты матэрыялізуецца на рэпетыцыі ці на сцэне і пераўтвараецца ва ўдалую імправізацыю, дакладную акцёрскую інтанацыю, лёгкае танцавальнае па...

А ў нашым калектыве, напэўна, адным з самых маладых у рэспубліцы, працаваць і ствараць нешта цікавае на сцэне радасна і прыемна! Менавіта тут я адчуў, што артыст аперэты і мюзікла — гэта мой шлях! Чым больш я працую, тым больш мне падабаецца мая прафесія.

ВЫКЛАДЧЫК І ПЕРАМОЖЦА

У 2009 годзе педагог Алега Прохарава па Мінскім музычным вучылішчы Адам Мурзіч прапанаваў яму паспрабаваць свае сілы ў выкладчыцкай дзейнасці. Алег, чалавек вясёлы, дзесьці нават легкадумны, ніколі і не думаў, што будзе вучыць студэнтаў.

— Калі б мне хто-небудзь сказаў, што я стану выкладчыкам, я рассмяяўся б гэтаму чалавеку ў твар! А тут кінулі мяне ў гэтае мора — і выплывай, як хочаш! Напачатку дапамагаў і падказваў Адам Асманавіч, а потым я пачаў успамінаць свае заняткі з педагогамі і спрабаваць перадаць уласны досвед студэнтам. Я вельмі дэмакратычны педагог, аднак лічу, што трэба цікавіцца мастацтвам, чытаць, глядзець і слухаць, хадзіць у галерэі, тэатры, быць актыўным у спасціжэнні прафесіі.

Менавіта творчая актыўнасць і жаданне адкрываць для сябе новыя прафесійныя гарызонты сталі для Алега Прохарава стымулам, каб узяць удзел у XIV Маскоўскім міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў рускага раманса "Рамансіяда — 2010". Выканальніцкае майстэрства беларускага артыста было адзначана трэцяй прэміяй у фінальным этапе творчага спаборніцтва. У конкурсе бралі ўдзел студэнты музычных навучальных устаноў, маладыя артысты тэатраў і канцэртных арганізацый з Масквы, Падмаскоўя, Санкт-Пецярбурга, гарадоў Расіі, а таксама Украіны, Беларусі, Малдовы, Балгарыі і Польшчы.

— Адбор на гэты конкурс праходзіць паэтапна, — тлумачыць Алег Прохараў, — праслухоўваюцца канкурсанты з рэгіёнаў Расіі, а таксама краін блізкага замежжа. У нашай краіне гэта народная артыстка Беларусі Наталля Руднева, яна шукае цікавыя галасы і запрашае маладых выканаўцаў на конкурс. На гэты раз прапанову паспрабаваць свае сілы яна адрасавала мне. Спачатку я выступіў на рэгіянальным адборачным туры — Мар’інскай рамансіядзе, дзе заняў добрае, але не прахадное для фіналу трэцяе месца. Аднак, калі ў фінале не набіраецца патрэбная колькасць выканаўцаў з іншых рэгіёнаў, то запрашаюць тых, хто добра сябе паказаў на адборах. І вось праз месяц званок: Наталля Руднева паведамляе, што мастацкі кіраўнік "Рамансіяды", знакамітая Галіна Праабражэнская, хоча пачуць мяне ў фінале як прадстаўніка Беларусі! Была адна ўмова — змяніць конкурсную праграму. Я літаральна за тыдзень падрыхтаваў новую і  паехаў у Маскву. Гэта быў цяжкі конкурс з моцным складам удзельнікаў. Тыя, хто заняў прызавыя месцы, — сапраўдныя прафесіяналы, і мне варта было патрапіць туды, хаця б каб паслухаць і паглядзець. А атрымалася так, што і сам вярнуўся не з пустымі рукамі — пацвердзіў свой першы поспех і стаў лаўрэатам трэцяй прэміі. Цяпер я мару пра удзел у іншых вакальных конкурсах, і, вядома ж, не ўяўляю сябе без тэатра і выкладчыцкай працы.

Гутарыла
Вольга НІКАЛАЕЎСКАЯ.
Маладосць. – 2011. – № 9. – С. 126–130.

На здымках:
Алег Прохараў.
"Летучая мышь". Алег Прохараў у ролі князя Арлоўскага (справа).
"Однажды в Чикаго". Алег Прохараў у ролі Бінстака.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: