Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Тэатр Віктара Цыркуновіча (2011 г., Літаратура і мастацтва)

Тэатр Віктара Цыркуновіча (2011 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ТЭАТР ВІКТАРА ЦЫРКУНОВІЧА

11-139a Яны знайшлі адно аднаго: артыст — свой тэатр, тэатр — свайго акцёра. Ці не таму гэтак шчасліва складваецца лёс Віктара Цыркуновіча ў мастацтве, а родны творчы калектыў прызнае ўнікальнасць яго таленту і шчыра шануе за высокае майстэрства?

Прыйшоў ён у Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр восем гадоў таму, адразу пасля заканчэння альма-матар. Выпускнік вакальна-харавога факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (клас незабыўнага майстра айчыннай опернай сцэны, народнага артыста СССР Аркадзя Саўчанкі), Віктар Цыркуновіч вылучаўся не толькі адметнымі вакальнымі ды акцёрскімі здольнасцямі, але ўжо і прафесійнымі дасягненнямі. У гады студэнцтва стаў лаўрэатам Мінскага абласнога конкурсу вакалістаў "Убельская ластаўка", прысвечанага Станіславу Манюшку, і лаўрэатам міжнароднага конкурсу маладых оперных выканаўцаў "Салаўіны кірмаш" імя Анатоля Салаўяненкі (Данецк, Украіна).

Першыя ролі? Стойкі алавяны салдацік у аднайменным спектаклі для дзяцей, афіцэр Макараў у рок-оперы "Юнона" і "Авось", Даніэль у класічнай аперэце "Капялюш Напалеона". Дастаткова было і гэтых трох разнапланавых вобразаў, увасобленых дэбютантам, каб і калегі, і знаўцы музычна-тэатральнага мастацтва зразумелі: на беларускай сцэне з’явіўся сапраўды ўніверсальны малады артыст з багатым творчым патэнцыялам.

Цяпер у рэпертуары вядучага майстра сцэны больш як тры дзясяткі шматстайных роляў.

Яркая індывідуальнасць Віктара Цыркуновіча, тонкае адчуванне сінтэтычнай прыроды музычнасцэнічнага мастацтва, стылістыкі пэўных жанраў, высокая культура і густ, прафесійная сумленнасць, працаздольнасць — як усё гэта адпавядае сучаснаму статусу аднаго з самых папулярных творчых калектываў нашай сталіцы: акадэмічнага, музычнага, дзяржаўнага! Тэатр апошнім часам вядзе грунтоўную рэпертуарную палітыку, скіраваную на ўзбагачэнне жанравага дыяпазону і найбольш поўнае выяўленне творчага патэнцыялу ўсіх "складнікаў" дзівоснага сінтэзу музыкі і сцэны. А менавіта — сімфанічнага аркестра, хору, балета, салістаў. Віктар Цыркуновіч арганічна існуе ў гэтым жанравым сінтэзе: адпаведна законам партытуры, задуме рэжысёра, звышзадачы спектакля. І ў дыяпазоне сваіх багатых вакальных ды акцёрскіх магчымасцей стварае характары запамінальныя, якія не выбіваюцца з ансамбля, але ўжо з першых жа хвілін з’яўлення артыста на сцэне прывабліваюць увагу і спрыяюць глядацкай сімпатыі да відовішча ў цэлым.

"А Цыркуновіч там будзе?" — я неаднойчы міжволі чула такое пытанне ад заўсёднікаў тэатра, якія цікавіліся білетамі на бліжэйшыя спектаклі. Атрымаўшы ад касіра станоўчы адказ, ужо не вагаючыся набывалі білеты. І не мела значэнне, у якім вобразе выходзіў на сцэну іх кумір.

Пазбягаючы штампаў, скарыстоўваючы сцэнічную імправізацыю, трапныя знаходкі ў пластычным малюнку ролі, у галасавых інтанацыях, ён стварае пераканальныя вобразы-характары ў прэм’ерах 2010–2011 гадоў. Віктар Цыркуновіч непераймальны ў вобразе Паляўнічага з "сямейнага" мюзікла "Чырвоны Каптурок. Пакаленне NEXT". У спектаклі "Мая жонка — падманшчыца" інжынер Джымі Джэксан у выкананні гэтага артыста выглядае то інфантыльным завадатарам "лёгкага" жыцця, то вартым жалю недарэкам, то добрым дзіваком, здатным на братэрскую самаахвярнасць...

А паспрабуйце ўявіць акцёрскі ансамбль расійска-беларускага праекта "Блакітная камея" без В. Цыркуновіча ў ролі дыпламата Шустава, расійскага рэзідэнта сакрэтнай службы! Шустаў — Цыркуновіч уносіць у сцэнічныя стасункі псіхалагічную завостранасць, непрадказальнасць каварства і... флёр суровай, але не "фельдфебельскай" мужнасці, здатнай уразіць і легкадумную какетку, і пачуццёвага Нуарэ, і, мабыць, саму імператрыцу. Нездарма кампазітар і прадзюсар Кім Брэйтбург, параўноўваючы і расійскія, і мінскую версіі пастаноўкі "Блакітнай камеі", прызнаўся, што з усіх іх толькі Віктар Цыркуновіч вылучаецца як артыст, найбольш адэкватны аўтарскай задуме і ў вакальным, і ў акцёрскім сэнсах — сваім высокім класам выканання, трапным іміджам.

Тэатр Віктара Цыркуновіча — гэта і канцэртныя выступленні, дзе артыст мае магчымасць паказаць сваё майстэрства ў выкананні камернага рэпертуару, оперных арый, старадаўніх рамансаў, песень пра вайну і нават эстрадных шлягераў. Для яго важны ўдзел у такіх праектах, як "Чарадзейны свет аперэты", "Мюзікл-ГАЛА", "Барытоны Беларусі пяюць пра каханне", "Чароўная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам", "Музычныя вечары ў Мірскім замку".

А яшчэ яго тэатр — гэта людзі. Тыя, што ў зале. І тыя, што працуюць поруч: калектыў, падтрымка якога столькі значыць для творчага чалавека! Менавіта калектыў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, рупная ўвага яго мастацкага кіраўніцтва і прафсаюзнай арганізацыі паспрыялі вылучэнню В. Цыркуновіча на ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства работнікаў культуры "Лепшыя імёны-2011". Ён перамог у сваёй намінацыі, і атрыманне прафсаюзнай прэміі разам з прэстыжным званнем "Лепшы акцёр года" за серыю тэатральных работ у сезоне 2010/2011 гг. з’явілася важным сведчаннем прызнання артыста ў прафесійным асяроддзі — як майстра ў творчым "цэху".

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 2011. – 24 чэрв. – С. 23.

На здымку: дыплом конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў культуры "Лепшыя імёны-2011" у намінацыі "Лепшы акцёр года" Віктару Цыркуновічу ўручае старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Віктар Маліноўскі.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: