« НазадКАЗКА ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ I ДАРОСЛЫХМаё знаёмства з гэтым унікальным калектывам адбылося яшчэ дваццаць гадоў таму, калі ён пачынаў сваё жыццё на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі. Цяпер Дзіцячы музычны тэатр "Казка" дзейнічае на базе Цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў Фрунзенскага раёна г. Мінска. Пабываўшы нядаўна на паказе мюзікла "Лясная школа, ці Сон першакласніцы" вядомага беларускага кампазітара Віктара Войціка, я ўмацавалася ў думцы, што светам кіруюць дабрыня, сяброўства, прыгажосць. Юныя акцёры сваёй шчырасцю, талентам і задорам пакарылі сэрцы ўсіх без выключэння гледачоў. Дваццаць гадоў таму я была падлеткам, і добра памятаю ўражанні, якія выклікалі ў мяне тагачасныя спектаклі "Казкі" — "Асцярожна! Баба Яга!", "Гісторыя Кая і Герды", "Чараўнік", "Дзіцячы альбом", "Прыгоды ў замку Алфавіт". Мяняліся сцэнічныя пляцоўкі, на якіх выступала трупа тэатра, мяняўся склад юных артыстаў, прэм'ера ішла за прэм'ерай, але нязменнай заставалася высокая якасць пастановак і абсалютная бескарыслівасць людзей, якія стаялі на чале тэатра. У першую чаргу гэта яго заснавальнік і кіраўнік — вядомы музыкант Глеб Гаўрылавіч Аляксандраў. Цаной тытанічнай працы ён здолеў узняць калектыў свайго тэатра на вельмі высокі ўзровень. На прафесійных тэатральных конкурсах у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе "Казка" шэсць разоў выходзіла пераможцай у творчым спаборніцтве нават з вядомымі калектывамі, напрыклад, такімі як "Опера Галіны Вішнеўскай" або "Дзіцячы музычны тэатр імя Наталлі Сац". Прэзідэнт Міжнароднай акадэміі тэатра Дзмітрый Фёдаравіч Уласаў, уручаючы Глебу Аляксандраву ў Маскве медаль і дыплом, адзначыў: "Беларускі дзіцячы музычны тэатр "Казка" — гэта ўнікальная з'ява на ўсёй постсавецкай прасторы! За ім будучыня! У беларусаў варта вучыцца, як выхоўваць падрастаючае пакаленне з дапамогай музыкі і тэатра". Глеб Гаўрылавіч любіў паўтараць: "Усе дзеці — геніі!" Гэтыя словы можна лічыць дэвізам яго тэатра. На вялікі жаль, два гады назад Маэстра пайшоў з жыцця. Але яго тэатр жыве і сёння. Цяперашні мастацкі кіраўнік "Казкі" і педагог па вакале Аляксандр Мікалаевіч Арцем'еў — прафесійны артыст, сыграў больш за 30 роляў у спектаклях музычнага тэатра, сярод якіх былі і класічныя аперэты, і мюзіклы, і дзіцячыя пастаноўкі. Аляксандр Мікалаевіч выхоўвае ў дзецях культуру спеваў, імкнецца раскрыць у кожным юным акцёры творчую індывідуальнасць. — 3 Глебам Гаўрылавічам Аляксандравым мы шмат працавалі разам, былі ў добрых сяброўскіх стасунках, разам рабілі многія спектаклі. Калі ён стварыў "Казку", то часта запрашаў мяне для ўдзелу ў пастаноўках і канцэртах, — расказвае А.М. Арцем'еў. — Я вельмі паважаў Глеба Гаўрылавіча, і гэта пачуццё застанецца са мной на ўсё жыццё. Ён быў унікальным чалавекам, надзвычай таленавітым музыкантам, сапраўдным майстрам сваёй справы. Ён здолеў стварыць гэты цудоўны дзіцячы тэатр "з нуля". I мы ў сваю чаргу імкнёмся трымаць той высокі выканаўчы і пастановачны ўзровень, якога дасягнуў тэатр "Казка" пры Глебе Гаўрылавічы. У гэтым годзе мы ўдзельнічалі ў міжнародным фестывалі "Новая хваля ідэй" у балгарскім Краневе і заваявалі там галоўны кубак і званні лаўрэатаў ва ўсіх намінацыях. Другі дом — Нашым акцёрам ад 6 да 18 гадоў. Дзеці займаюцца тут з вялікім задавальненнем, і нават закончыўшы школу, не пакідаюць нас. Напрыклад, Кацярына Баравік і Яна Дуда у "Казцы" больш за 10 гадоў, яны ўжо студэнткі, але па-ранейшаму ўдзельнічаюць у нашых спектаклях, выконваюць вядучыя ролі, прыходзяць сюды, як у родны дом! Ёсць дзеці, якія па 6–8 гадоў займаюцца ў нас, і кожную вольную гадзіну бягуць у "Казку". Сёння ў трупе 51 чалавек. Гэта амаль у два разы больш, чым патрэбна для нашых спектакляў. Але так цяжка адмовіць дзецям, калі бачыш, як гараць у іх вочы! Кожны год у жніўні-верасні мы праводзім кастынг, дзе адбіраем юных артыстаў. Адбываецца, зразумела, і "натуральны адбор", калі нехта развітваецца з намі, не вытрымаўшы нагрузкі. Бо тэатр — гэта цяжкая праца! Заняткі ў нас вядуць прафесіяналы, вопытныя педагогі. Са дня заснавання "Казкі" харэаграфію выкладае Лілія Мікалаеўна Харламава. Ірына Уладзіміраўна Заянчкоўская, актрыса музычнага тэатра, вучыць нашых выхаванцаў акцёрскаму майстэрству. Наш новы хармайстар Святлана Генадзеўна Андзікхоў — таленавіты музыкант. У "Казцы" тры групы — малодшая, сярэдняя і старэйшая. У кожнай заняткі тры разы на тыдзень па тры гадзіны. Але ў час падрыхтоўкі новай пастаноўкі мы прызначаем дадатковыя заняткі, і ў выніку атрымліваецца, што займаемся штодзённа, акрамя чацвярга і нядзелі. Шчырасць i самааддача — Усе мы — і дзеці, і педагогі — вучымся адно ў аднаго. Аднойчы я запрасіў на наш спектакль "Стойкі алавяны салдацік" сяброў-акцёраў, якія калісьці самі ігралі ў гэтым спектаклі. Пасля прагляду яны сказалі мне, што многім дарослым акцёрам ёсць чаму павучыцца ў дзяцей. Чаму, спытаеце вы? Шчырасці і самааддачы! Дзеці не хлусяць — калі ім падабаецца тое, што яны робяць, ад іх зыходзяць святло і такая энергетыка! Вось мы і вучымся ў іх гэтай шчырасці, а яны ў нас — акцёрскаму майстэрству. У нашым рэпертуары багата спектакляў. Вялікай папулярнасцю ў гледачоў карыстаюцца казка "Лясная школа" Віктара Войціка, мюзікл "Стойкі алавяны салдацік" Сяргея Баневіча, які ў мінулым годзе мы паказвалі на сцэне Белдзяржфілармоніі, спектакль "Марыя Магдалена", з якім мы выступалі перад дзецьмі-інвалідамі з усёй рэспублікі. Цяпер мы рыхтуем новую пастаноўку — "Тайна сіняй пантэры" Станіслава Важова. Яе аўтар — прафесійны рэжысёр музычнага тэатра Ганна Маторная. Я вельмі ўдзячны Ганне Дзмітрыеўне, бо яна згадзілася нам дапамагчы на дабрачыннай аснове. Спектакль павінен атрымацца цікавы — у ім своеасаблівая музыка, на якую вельмі арганічна кладзецца пластычнае вырашэнне дзеі. Гэта вельмі карысна для юных акцёраў, бо яны вучацца прыгожа рухацца, адточваюць пластыку, набываюць свабоду рухаў... Мы імкнёмся развіваць нашых выканаўцаў рознабакова — вучым правільнаму сцэнічнаму маўленню, спевам, акцёрскаму майстэрству, танцам і іншым важным для акцёра музычнага тэатра навукам. Спектаклі афармляем самі, з дапамогай бацькоў юных артыстаў. Напрыклад, маці Дашы Шарай Валянціна Валянцінаўна — спрактыкаваны дызайнер, майстар па пашыву аддзення — стварыла для нас многія цудоўныя касцюмы. Увогуле я вельмі ўдзячны нашым бацькам за заўсёдную падтрымку і ўзаемаразуменне. У будучыню — з надзеяй! — Калі я працаваў у тэатры, то адказваў толькі за сябе, мне трэба было зрабіць ролю як мага больш паўнавартаснай, каб было цікава не толькі мне, а ў першую чаргу гледачам. Я выконваў задачы, якія ставілі рэжысёры і дырыжоры. А цяпер мне трэба думаць пра кожнага вучня, я заўсёды падкрэсліваю, што кожнае дзіця таленавітае, кожны наш артыст — ранімы і далікатны, таму да кожнага неабходны асаблівы падыход. Хочацца дапамагчы раскрыцца кожнаму, раскрыць яго душу, сэрца. Мы прыдумалі новую эмблему дпя нашага калектыву: муза і нотны стан. У будучыню мы глядзім з верай, надзеяй, любоўю. Вольга НАВАЖЫЛАВА. На здымках: |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by