« Назад"ГАДЗІННІК" СПЫНІЎСЯ: РАНІШНІКІ СКОНЧАНЫ?Нарэшце збылося! Такімі словамі Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр мог бы прэзентаваць прэм’еру спектакля "Чароўны гадзіннік, ці Хто выратуе Новы год". Сціпла акрэслены як "мюзік-фэнтэзі" (іншымі словамі, усяго толькі "музычная фантазія"), ён стаўся доўгачаканай беларускай пастаноўкай у тэатры, дзе з нацыянальным рэпертуарам зусім няпроста. Але... Вось тут і пачынаецца самае цікавае. Прэм’ера быццам бы была, але пастаноўкі... ужо даўно няма. Спектакль, які прайшоў на шырокай публіцы 15 разоў, планаваўся як часовы праект — штосьці накшталт святочнага ранішніка. Зімовыя канікулы скончыліся, а з імі завяршыліся і паказы. Таму, відаць, тэатр і не рабіў "Чароўнаму гадзінніку" ніякай прэзентацыі: ні прэс-канферэнцыі з займальным аповедам пра "гісторыю напісання", ні шматлікіх анонсаў (як гэта было, да прыкладу, з "праектам стагоддзя" — расійскім мюзіклам Кіма Брэйтбурга). Затое літаральна адначасова распачалася максімальная раскрутка аб’яўленага калектывам конкурсу на стварэнне беларускіх музычных камедый, аперэт ды мюзіклаў. І на "круглым стале", якім адзначаўся старт гэтага спаборніцтва, прадстаўнікі тэатра канстатавалі: асобнай намінацыі "Дзіцячы беларускі спектакль" не будзе, бо з гэтым у трупе — усё ў парадку. Дзе ж логіка? Ці, можа, "Чароўны гадзіннік" уяўляўся гэткім "слабым звяном": маўляў, чым меней увагі, тым лепей? Але ж атрымаўся сапраўды добры спектакль! Музыка Алены Атрашкевіч, больш вядомай па шматлікіх дзіцячых і падлеткавых песнях, зайздросна "хрумсціць" свежымі мелодыямі, дражніць добра прыпраўленымі гармоніямі, заводзіць харызматычнымі рытмамі, ззяе каларытнай аранжыроўкай. Ужо на сярэдзіне многіх нумароў зала пачынае пляскаць у такт і нават падпяваць. Гледзячы на арыгінальныя скокі, прыдуманыя Дзмітрыем Якубовічам, хочацца не толькі прытупваць, але і танцаваць разам з героямі. А колькі цікавых рэжысёрскіх знаходак! Снягурка — гэткая гарэзлівая, не самая паслухмяная і дужа неасцярожная дзяўчынка — катаецца па сцэне на роліках. Снегавікі шпацыруюць на лыжах. Цётухна Прастуда раз’язджае на крэсле. Ніводнага "проста дыялога", пабудаванага на "гаворачых галовах", як звычайна называюць пастаноўкі, дзе артысты не ведаюць, чым ім заняцца ў час размовы. Усё — рухава, ярка, займальна, з пастаянным інтэрактывам, калі героі звяртаюцца да залы па дапамогу. Сцэнаграфія Любові Сідзельнікавай, як і заўсёды, на мяжы фантастыкі. Не таму, што пануе адно "фэнтэзі", а з-за небывалых суадносін кошту і якасці: пры мінімуме затрачаных сродкаў — максімум эфекту. А з якой радасцю і сапраўднай апантанасцю іграюць артысты! Слова "працуюць" у гэтым спектаклі не "спрацоўвае" — менавіта іграюць і нават "гуляюць", быццам адчуўшы сябе такімі ж дзецьмі, як і тыя, што сядзяць у зале. Спектакль трымаецца на моладзі, сярод якой шмат папраўдзе зорных салістаў (Кацярына Дзегцярова, Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова, Дзяніс Нямцоў, Дзмітрый Якубовіч, які з-за некалькіх пераўвасабленняў мае ледзь не бенефіс, прызнаная травесці Ала Лукашэвіч і іншыя). Усе гэтыя "расквечванні", надзвычай вольны рускамоўны пераклад і вершы, напісаныя рэжысёрам Настассяй Грыненка, максімальна хаваюць галоўны недахоп казкі Наталлі Марчук — адсутнасць логікі ў паводзінах герояў. І хоць у многіх старадаўніх казках (у тым ліку народных) з логікай сапраўды бывае цяжкавата, у цяперашніх "фантастычных апавяданнях" героі, асабліва станоўчыя, проста павінны прытрымлівацца элементарнай этыкі. Але... "добры" Дзед Мароз, уцяміўшы, што навагоднія падарункі і, галоўнае, стрэлкі чароўнага гадзінніка скрадзены, не спяшаецца на пошукі злачынцаў. У рызыкоўны шлях, клапатліва папярэдзіўшы пра магчымыя небяспекі, ён адпраўляе ўнучку Снягурку пад аховай Снегавіка. І толькі калі іх пагібель здаецца немінучай, прыходзіць нарэшце на дапамогу. Ну, проста даўно забыты жанр "оперы выратавання"! Між тым, Снягурка магла пайсці сама, не папярэдзіўшы дарослых. І казка адразу набыла б ненадакучлівы элемент павучальнасці: перш чым набіваць гузы на роўным месцы, няблага параіцца з дарослымі. Кінутай аказваецца і лінія пляменнікаў Прастуды — Насмарка і Кашля. Яны такія розныя паводле характараў, але ў фінале Дзед Мароз дзьме на іх без разбору: няма герояў — няма праблем. Такіх нестыковак на працягу п’есы — безліч. І гэта пры тым, што на фоне іншых навагодніх праектаў, якіх багата ладзіцца кожны год, яна сярод лепшых. Дык, можа, ёсць сэнс дапрацаваць спектакль і пакінуць у рэпертуары? Прастуда са сваімі памочнікамі можа "прычапіцца" да дзяцей калі заўгодна, а не толькі на Каляды. А вось новыя беларускія дзіцячыя пастаноўкі, тым больш — добрай якасці, штосьці не звальваюцца на нас, бы снег на галаву. Навошта ж імі раскідвацца? Надзея БУНЦЭВІЧ. На здымку: Ала Лукашэвіч (Снегавік), Дзмітрый Якубовіч (Ваўкалак), Алена Гаўрылава (Снягурка). |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by