Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Куды больш "круты" "Алека" (2012 г., Культура)

Куды больш "круты" "Алека" (2012 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

КУДЫ БОЛЬШ "КРУТЫ" "АЛЕКА"

12-23Адзінота па-чэхаўску: стрыманая знешне, палымяная знутры

"Полымя кахання" — пад такой назвай Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр "схаваў" прэм’еру канцэртна-сцэнічнай версіі аднаактовай оперы "Алека" С. Рахманінава і тэатралізаванай праграмы рамансаў гэтага кампазітара. Сапраўды, полымя бушавала на відэаэкране, у сэрцах герояў, артыстаў, якія іх увасаблялі, гледачоў. Але да ўсяго прымешвалася яшчэ адно пачуццё…

Зварот да вакальнай творчасці С. Рахманінава — што можа быць больш традыцыйным для нашай музычнай афішы? Хіба спалучэнне з такімі ж "хітамі" П. Чайкоўскага. Поўны аншлаг забяспечаны: ледзь толькі з'яўляюцца гэтыя два імені ў якой-небудзь філарманічнай праграме — публіка ў экстазе, часам незалежна ад якасці выканання. Але ўсё гэта — у Музычным тэатры? У былой, прабачце, "Музкамедыі"? На пэўным этапе існавання тэатра сюды хадзілі, каб пасмяяцца: хто — над трапнымі рэплікамі персанажаў, а хто — над "намаганнямі" артыстаў. У любым выпадку раней гэта забяспечвала бяспройгрышны ўздым настрою: адны радаваліся аперэтачным штампам, іншыя — што яны спяваюць ці граюць, па меншай меры, не горш. І вось тэатр чарговы раз "псуе настрой", прычым — абедзвюм катэгорыям наведвальнікаў. У зале — поўная адсутнасць заўсёднай "музкамедыйнай" публікі. Сітуацыю выратоўваюць, па запрашэнні адміністрацыі, вайскоўцы і навучэнцы Мінскага музычнага вучылішча імя М. Глінкі. Затое побач з імі — які бамонд! Складалася ўражанне, быццам на гэты вечар сюды перамясціўся ледзь не ўвесь склад Нацыянальнай оперы.

Хтосьці, пэўна, прыйшоў "на Аляксандра Дэдзіка" — колішняга знанага саліста-прэм'ера, які вучыўся ў нашай кансерваторыі, з сярэдзіны 1970-х спяваў усе вядучыя тэнаровыя партыі ў нашым Вялікім тэатры, стаў ідэальным увасабленнем Джардана Бруна ў аднайменнай оперы беларускага кампазітара Сяргея Картэса, а потым з'ехаў у Санкт-Пецярбург — у Марыінку. Акрамя яго Адам Мурзіч, мастацкі кіраўнік Музычнага тэатра і аўтар рахманінаўскага праекта, запрасіў двух прадстаўнікоў Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра — Марыю Галкіну і Уладзіслава Успенскага, а таксама нашага опернага саліста Дзмітрыя Трафімука. Ды ўсё ж оперныя "профі" ішлі не толькі "на гасцей", але і на "Алека" — тым больш, што гэтая опера ставілася ў нашым Вялікім тэатры ў час рамонту будынка. Сведчу: цяперашняя версія, пры ўсёй сціпласці сцэнічнага антуражу, — куды больш "крутая" ва ўсіх адносінах.

Замест рэалістычнага спектакля з праславутымі кібіткамі атрымаўся цалкам сімвалісцкі аповед. Кібіткі, дарэчы, засталіся. Больш за тое: да іх дадаліся "жывыя" коні. Але гэты рамантызаваны "рэалізм" панаваў адно на экране — "як у кіно". На сцэне ж, з захопам часткі залы (чым не інтэрактыў?), пульсавала жывая думка. І пастановачны мінімалізм быў ёй толькі на карысць. Атрымалася стыльна — і пра нас, людзей ХХІ стагоддзя, якія, пры ўсіх умовах шырачэзнай інфармацыйнай прасторы, адчуваюць невыносную... адзіноту.

Тая ж тэма адзіноты чырвонай ніткай праходзіла праз рамансы. Дзякуючы тэатралізацыі, Рахманінаў быў прачытаны не столькі як "пясняр прыгажосці" рускай прыроды і рускай душы, колькі як трагедыйны творца чэхаўскай эпохі. Амаль у кожным адабраным для праграмы рамансе бачыўся абрыс "п'есы А. Чэхава", дзе ўсе адно аднаго кахаюць, але — без узаемнасці. Калі "Полымя кахання" застанецца ў рэпертуары (а на прэс-канферэнцыі гэта было абяцана), многае ў праграме, вядома, удасканаліцца. Трэба спадзявацца, паўнавартаснымі дзейнымі асобамі (зноў-такі, па Чэхаве, дзе кожная стрэльба на сцяне павінна ў рэшце рэшт пальнуць) стануць і раяль, пакуль што зрушаны "ў кусты" — углыб сцэны, і прыгажуні-канцэртмайстры, якія пакуль бадзяюцца паміж нумарамі, бы цені-прывіды. Але ўжо сёння праграма адкрыла не толькі шыкоўны "гасцявы" вакал М. Галкінай, але і перспектывы нашага маладога тэнара Рамана Круковіча — артыстычнага, фотагенічнага, з прыгожым і адметным тэмбрам.

Гэтак жа, як і опера "Алека", якая выявіла не толькі цудоўную пецярбургскую школу У. Успенскага, але і бязмежныя магчымасці нашай Лідзіі Кузьміцкай. Яе прыхільнікі ўжо прызвычаіліся, што спявачка, акрамя вядучых партый у тэатры, кожны год рыхтуе сольныя праграмы, паўстаючы ўсё з новых бакоў. Вось і зараз: два месяцы таму разам са сваім пастаянным канцэртмайстрам Аленай Аляксеевай яна звярнулася да Моцарта. Атрымаўся, без перабольшвання, шэдэўр: літаратурна-музычна-тэатралізаваная паўтарыгадзінная кампазіцыя, дзе былі і лісты кампазітара, і музыказнаўчыя цытаты, і фартэпіянныя дуэты (з выхаванкай А. Аляксеевай Кацярынай Буцько), і вакальныя (з Дзянісам Івановым, па якім, што называецца, "тэатр плача", а гэты выпускнік нашай Акадэміі музыкі займаецца выкладаннем). А галоўнае — паўстала эвалюцыя творчасці кампазітара і яго "прадбачанні" будучых стыляў, перададзеныя менавіта вакальнымі фарбамі: ад барочна-класіцысцкага "лёгкага" гуку да амаль вердзіеўскага драматызму і гулліва-песенных шастаковічаўскіх "бытавізмаў".

І раптам Л. Кузьміцкая — Земфіра. Ракавая жанчына? Легкадумная каханка, што змяняе мужчын, бы пальчаткі? Кармэн, для якой воля важнейшая за жыццё? Не, не і не. Дзякуючы артыстцы і рэжысёру Ганне Маторнай, гераіня стала сімвалам жаночай адзіноты — у акружэнні эгаістычных мужчын, ніводны з якіх (ні муж, ні каханак, ні бацька) яе не разумее і не можа даць ёй таго, чаго яна так прагне — дзіцяці. Спектакль атрымаўся зусім не пра Алека, які ў Пушкіна і Рахманінава быў гэткім "анегінскім тыпажом", што ўсё ніяк не можа знайсці сябе і сэнс свайго жыцця. Опера стала роздумам пра жаночы лёс і саму прыроду жанчын.

Таму на супрацьлеглым ад Земфіры полюсе апынуўся зусім не Алека, а хор — як сімвал выхаду з адзіноты. Ці, шырэй, як нейкі калектыўны, грамадскі пачатак. А яшчэ, улічваючы яго папраўдзе ідэальнае гучанне, — як сімвал вечнай прыгажосці і трывалай апоры. У аркестры, якім кіраваў Юрый Галяс, самымі выразнымі былі струнныя. Духавыя ж часам... "камплексавалі", але "ў комплексе" — усё атрымалася.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ.
Культура. – 2012. – 25 лют. – С. 10.

На здымку: сцэна з оперы "Алека".



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: