Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Лібрэта: колькі ў гэтым слове… (2012 г., Літаратура і мастацтва)

Лібрэта: колькі ў гэтым слове… (2012 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ЛІБРЭТА: КОЛЬКІ Ў ГЭТЫМ СЛОВЕ…

Увазе чытачоў — працяг тэмы, якую абмяркоўвалі ўдзельнікі размовы за "круглым сталом" у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Газетную версію той палемічнай размовы мы змясцілі ў сённяшнім нумары на стар. 4.

Калектыў шаноўнага тэатра ў пошуках матэрыялу для стварэння арыгінальных беларускіх пастановак і з мэтай заахвочвання аўтараў, здатных рэалізаваць свой талент у працы над беларускай музычнай камедыяй (альбо аперэтай, альбо камічнай операй) ды над беларускім мюзіклам не толькі абвясціў адпаведны конкурс, але і наладзіў "разведку боем", прапанаваўшы выказацца многім зацікаўленым асобам. Пра што гаварылі за тэатральным "круглым сталом", чытач уяўляе. Збольшага, вядома. Бо "ў рэжыме рэальнага часу" дыскусія працягвалася добрыя пару гадзін і завяршылася калі не без знакаў прыпынку, дык на мностве пытальнікаў са шматкроп’ем. Так і павінна быць! Маштабны і нялёгкі творчы працэс у папулярным сталічным тэатры і вакол яго толькі пачынае разгортвацца, так што самыя вострыя дыскусіі з гэтай нагоды — наперадзе. І не толькі ў тым сэнсе, што цягам года (прыём конкурсных заявак абвешчаны да 1 снежня 2012 г.) будзе закручвацца конкурсная інтрыга. Напалу жарсцей можна чакаць і ў асяроддзі будучых творчых партнёраў.

Кажу гэтак не таму, што маю шматгадовы ўласны досвед у "нізкіх" драматургічных жанрах (напрыклад, напісанні сцэнарыяў музычных радыёспектакляў, праграм). А таму, што ёсць проста — шматгадовы досвед, які складаецца з грузу і легендарных, і не такіх ужо даўніх жыццёвых прыкладаў, назіранняў ды спараджае мноства пытанняў.

З гісторыі вядома, што...

Што найбольш дасканалыя музычна-сцэнічныя творы нараджаліся з-пад пяра тых кампазітараў, якія самі былі аўтарамі лібрэта (Р. Вагнер, П. Чайкоўскі). Што і кананізаваныя сёння ў якасці шэдэўраў узоры класікі ў свой час перажывалі кпіны крытыкаў, халодны прыём сваіх сучаснікаў, а то і правал ("Кармэн" Ж. Бізэ, "Шчаўкунчык" П. Чайкоўскага). Што лібрэта "Трубадура" Дж. Вердзі спецыялісты лічаць не проста заблытаным, а лагічна бязглуздым. Што венская аперэтачная класіка не мае пад сабой нейкага "драматургічнага абсалюту", бо лібрэта перажылі (і перажываюць) размаітыя пераніцоўкі, сцэнічныя рэдакцыі. Тое ж — лібрэта балетных пастановак.

З гісторыі музычна-сцэнічных жанраў у Беларусі вядома, што...

Што ў выніку супольнай працы з аўтарамі твора пастаноўшчыкі нярэдка станавіліся і суаўтарамі лібрэта. Што паважаныя кампазітары, пастаноўшчыкі ды лібрэтысты нават падчас аркестравых рэпетыцый нярэдка сварыліся. Зважаючы на тое, што опера — гэта драма, напісаная музыкай, рэжысёр дзеля дынамікі патрабаваў ад аўтара музыкі скарачэння ці перастаноўкі пэўных нумароў у партытуры, а балетмайстар, перакананы, што танец — гэта рух, "выкідаў" лірычна-сузіральныя старонкі, змушаючы кампазітара дапісваць напружана-рытмічныя такты дзеля эфектнай варыяцыі саліста. Кампазітар наракаў на суаўтара-лібрэтыста за "літаратурную" аднастайнасць і недахоп кантрастаў, на адсутнасць музыкі ў самім тэксце, перасыпаным шыпячымі ды свісцячымі зычнымі, а той настойваў на спеўным увасабленні свайго праблемнага для харавой артыкуляцыі доўгага верша з "прынцыпова важнымі філасофскімі думкамі"...

За "круглым сталом" хтосьці ўбачыў праблему ў тым, каб звесці філолагаў і музыкантаў. На маю ж думку, праблема ў іншым. У тым, што наша інтэлігенцыя, якая паводле сваёй прыроды мусіць духоўна ды інтэлектуальна сілкавацца ад творчага асяроддзя, у тым ліку ад таго, што — сваё, што побач, прынамсі, цікавіцца ім, не робіць гэтага. Уражанне такое, што кампазітары, музыканты, літаратары не маюць патрэбы хадзіць у тэатр ці на вернісажы, калі, выбачайце за таўталогію, няма патрэбы. Што патэнцыяльныя лібрэтысты не цікавяцца філарманічнымі прэм’ерамі сваіх раўналетак. Што кампазітары і рэжысёры не гартаюць літаратурна-мастацкіх часопісаў, не цікавяцца айчыннымі краязнаўчымі ды гістарычнымі выданнямі... Дык каго з кім "зводзіць"? Каму і якія прапаноўваць тэмы, сюжэты для будучых мюзіклаў? Творчыя людзі, тым болей — моладзь, мусяць самі знаёміцца (завочна, праз творчасць!) з будучымі партнёрамі, шукаць аднадумцаў, наведваючы бібліятэкі, канцэрты, тэатры, галерэі, музеі, адпаведныя інтэрнэт-сайты. Цікавіцца навінамі культурнага жыцця і гісторыяй роднай культуры.

І ці варта баяцца айчыннай класікі, калі яна састарэла? Колькі можна жыць з аглядкай "на Маскву", адаптуючы для сцэны, хай сабе і таленавіта, папулярныя з часоў СССР кінагісторыі?

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ставіць забытых "Ветрагонаў" У. Галубка з арыгінальнай і яркай музыкай У. Кур’яна. На сталічных сцэнах новае жыццё набываюць 
камедыі Ф. Аляхновіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, нацыянальныя вадэвілі, адмысловыя інсцэніроўкі. У ТЮГу нараджаецца кранальная сучасная казка пра Брыка і Шусю... У нотных сховах ляжаць пазабытыя творы М. Аладава, Я. Глебава, У. Дамарацкага, В. Іванова, створаныя для музычнай сцэны. Той самай, на якой ставіліся прэм’еры Ю. Семянякі, Р. Суруса...

Калісьці Д. Шастаковіч, пасля рэдакцыі М. Рымскага-Корсакава, перааркестраваў оперныя старонкі М. Мусаргскага. А беларускі кампазітар Г. Вагнер зрабіў новую, сваю (аркестравую і літаратурную) рэдакцыю оперы М. Туранкова "Яснае світанне".

Нагоду і аснову для стварэння лібрэта музычнага спектакля, беларускага па форме і па сутнасці, знайсці можна. І таленавітыя аўтары ў нас, як слушна заўважана, ёсць. А паколькі кропка ў гэтай размове не пастаўлена, няхай выкажуцца на старонках "ЛіМа" літаратары, кампазітары, рэжысёры, артысты і тыя, для каго будуць стварацца новыя пастаноўкі. Апошняе слова ўсё ж за тэатрам. І за гледачом.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 2012. – 6 студз. – С. 18.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: