« НазадСАКРЭТ СУМЛЕННЫХ ПЫТАННЯЎАпошнім часам Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр звяртае на сябе ўвагу канструктыўнай прафесійнай працай, здзяйсненнем свежых мастацкіх ідэй, новых праектаў, паспяховымі прэм’ерамі, прывабнымі планамі. Актыўная творчая пазіцыя калектыву і кіраўніцтва БДАМТ выявілася ў абвяшчэнні конкурсу на стварэнне арыгінальных нацыянальных спектакляў: беларускіх музычных камедый, аперэт, камічных опер, мюзіклаў. З гэтай нагоды адбылася палемічная размова за "круглым сталом" тэатра, якая сёлета мела розгалас і на старонках "ЛіМа". Тэма конкурсу, скіраванага на пошук матэрыялу для стварэння арыгінальных беларускіх пастановак, выяўленне цікавых аўтараў, здатных рэалізаваць свой талент у працы над беларускімі музычна-сцэнічнымі творамі, атрымала працяг і ў нашай сённяшняй публікацыі. Беларускі мецэнат Алег Уладзіміраў распавядае пра творчыя праекты, якія ён падтрымлівае, і разважае над тым, што прымусіла яго заняцца мецэнацкай дзейнасцю. Аддзел мастацтваў "ЛіМа". — Спадар Уладзіміраў, як сталася, што вы пачалі ўкладаць свае ўласныя сродкі ў культурныя праекты? — Я займаюся бізнесам, але адной гэтай сферы прыкладання сіл для мяне зусім не дастаткова. Калі ты лёгка задавальняеш пэўныя чалавечыя патрэбы, а твая дзейнасць прыносіць усё большы прыбытак, проста пачынаеш разумець, што далей рухацца няма куды: трэба альбо спыніцца, альбо рабіць нешта яшчэ, калі можаш. — Вы падтрымліваеце праекты, звязаныя з музыкай і тэатрам. Чаму выбралі менавіта гэты напрамак? — Аднойчы мне сказалі, што ў мяне ёсць голас. Калі б я даведаўся пра гэта раней, гадоў у 16-18, магчыма, вызначыў бы для сябе і адпаведны далейшы занятак. Але музыкай я пачаў займацца даволі позна, у 32 гады. Я зразумеў, што сам нічога ўжо не паспею. Таму цяпер проста дапамагаю іншым людзям раскрыць іх патэнцыял. І абсалютна заканамерна, што для гэтага я абраў даволі вузкі сегмент: акадэмічныя спевы. Мне не патрэбна грамадская падтрымка, мяне не цікавяць ніякія бонусы за ажыццяўленне такой дзейнасці. Я лічу, што ўсе, хто зарабляе больш, чым можа спажыць, абавязаныя дапамагаць людзям у той галіне, якая ім бліжэй. Для мяне, напрыклад, сфера культуры важней за спорт, бо фізічнае здароўе фундаментальна грунтуецца на здароўі духоўным. — Свае намаганні вы скіроўваеце ў бок праектаў нацыянальнага характару: аказваеце фінансавую падтрымку конкурсу на стварэнне музычных спектакляў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, дамагліся аднаўлення конкурсу маладых вакалістаў "Убельская ластаўка" імя Станіслава Манюшкі, пастаянна дапамагаеце Творчаму калектыву "Беларуская Капэла". Я ведаю, што гэта ваша прынцыповая пазіцыя... — Так. Для мяне зразумела, што ў гэтым напрамку ёсць значныя прагалы, іх, па меры сваіх мажлівасцей, я спрабую запоўніць. Для здароўя грамадства неабходна, каб у яго была гісторыя, былі карані, на якія можна абапірацца. Сваёй дзейнасцю я імкнуся наладзіць працэсы пазнання саміх сябе: каб тое адлюстраванне сучаснага беларуса, якога пакуль у люстэрку не няма, у нас з’явілася. У гэтым адлюстраванні, як у мазаіцы, павінны быць асобныя складнікі нашай гісторыі: музычнай, тэатральнай, літаратурнай... Я растлумачу сваю пазіцыю. Гаворачы на мове бізнесу: калі існуюць вядучыя рынкі спажывання якога-небудзь прадукту, а нас на іх няма, значыць, нас няма ў прынцыпе! Напрыклад, ёсць міжнародныя асацыяцыі выдаўцоў музычнага матэрыялу на розных носьбітах. Гэта сур’ёзныя калядзяржаўныя структуры, яны надаюць коды выданням, ствараюць магчымасць абмену інфармацыяй… Беларусь не ўваходзіць у ніводную з іх! Для іх мы — белая пляма. Ці яшчэ прыклад: Карэя вырашае стаць канкурэнтназдольнай у акадэмічных спевах і пачынае рухацца ў належным напрамку. Карэйскія спевакі сёння — гэта вельмі крута. У іх ёсць дадзеныя, яны псіхалагічна ўстойлівыя, працаздольныя і валодаюць прыгожымі тэмбрамі. Адпаведна, яны прысутнічаюць на галоўным рынку, а галоўны рынак у гэтым сегменце — Еўропа. Кітайскія спевакі паступова пачынаюць іх даганяць. Пачынаюць даганяць адтуль, дзе гэтая культура з’яўляецца ну зусім не блізкай… — Што нам трэба рабіць, каб перастаць быць "няўгледкамі"? — Навучыцца быць сумленнымі з самімі сабою. Пачаць задаваць сабе "нязручныя" пытанні і шукаць на іх адказы. А мы баімся гэтага, бо адказы, якія мы знойдзем, альбо прымусяць нас да дзеянняў, альбо патопяць у дэпрэсіі. Наступнае — так над сабой папрацаваць, каб пераадолець дэпрэсію. Адпаведна, пазітыўная эмоцыя — гэта праца, негатыўная эмоцыя — гэта лянота. Сучасная інфармацыйная прастора прапануе нам шмат варыянтаў, як будаваць жыццё: тысячы жыццёвых мадэляў, вынікаў дзейнасці тых ці іншых людзей… Усё гэта можна аналізаваць, і тады робіцца зразумела: хтосьці шмат робіць дзеля таго, каб нешта адбылося. Гэтыя людзі не героі, яны ўсяго толькі маюць іншы ментальны склад. Яны проста не дазваляюць сабе нешта рабіць або чагосьці не рабіць, што прывяло б да адмоўнага выніку. — Што датычыць акадэмічных спеваў: якія, на ваш погляд, нашы вынікі ў гэтай сферы? — Калі беларускія выканаўцы выязджаюць за мяжу, у іх пытаюцца: а што вы можаце праспяваць са свайго нацыянальнага рэпертуару? А мы насамрэч можам усё што заўгодна, акрамя свайго! І абсалютная няпраўда, быццам бы там не хочуць, каб мы класна праспявалі нешта сваё. У іх адкрыты рынак, яны зарабляюць на гэтым грошы, яны цікаўныя і добразычлівыя. Так, спявалі Юрый Гарадзецкі ды Алена Золава беларускія творы за мяжой. Але гэта не зрабілася сістэмай. А вось, напрыклад, Інстытут імя Гётэ ў Мінску сістэмна прывозіць нямецкіх спевакоў у нашу філармонію і робіць гэта не толькі ў напрамку Беларусі. А чаму мы гэтак не робім? Мы проста мяркуем, што ў нас няма чаго паказаць за мяжой. Але гэта не так! Таму я і падтрымліваю дзейнасць "Беларускай Капэлы". Фактычна гэта адзіная арганізацыя ў нашай краіне, якая працуе з забытай нацыянальнай спадчынай і стараецца яе папулярызаваць. Гэта не тэорыя, гэта бясконцыя вечары і ночы пэўных людзей, якія вывучаюць, аднаўляюць і абагульняюць беларускую музычную гісторыю. Людзі прысвячаюць гэтаму жыццё! Дзень пры дні яны робяць вялізную карпатлівую працу, вынікам якой сталіся дзясяткі канцэртаў пад агульнай назвай "Адраджэнне беларускай капэлы", што ладзяцца з 1991 года. А таксама тысячы і тысячы старонак, сотні і сотні твораў, якія былі выяўленыя, даведзеныя праз рэдактуру да ўзорнага варыянту, абсалютна гатовага для выкарыстання выканаўцамі. Вось гэта і ёсць тыя гарэнне і служэнне, якія заўсёды былі і будуць рухавіком у мастацтве. Конкурс маладых выканаўцаў імя Станіслава Манюшкі "Убельская ластаўка", які праходзіў на радзіме кампазітара (у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці) і адкрыў для нашай краіны нямала імёнаў адораных спевакоў, таксама быў ініцыяваны ў свой час "Беларускай Капэлай". Я рады, што мая прапанова аднавіць гэты конкурс знайшла падтрымку ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Бо як магло такое здарыцца, каб у дзесяцімільённай краіне не праводзілася ніводнага конкурсу акадэмічнага вакалу? "Убельская ластаўка" паспрыяе маладым вакалістам, якія стануць яго лаўрэатамі, лягчэй увайсці ў прафесію. — Таксама пры вашай фінансавай падтрымцы БДАМТ абвясціў бестэрміновы конкурс на стварэнне нацыянальнай аперэты і мюзікла. Беларускім кампазітарам і літаратарам прапануецца, акрамя права пастаноўкі іх твора на сцэне тэатра, яшчэ і сур’ёзная грашовая ўзнагарода. Гэта вельмі своечасовая ініцыятыва, якая дае магчымасць тэатру папоўніць свой рэпертуар беларускімі спектаклямі, а аўтарам праявіць сябе. Але пакуль асабліва не бачна ахвотных атрымаць гэтыя грошы… — Для мяне гэткая сітуацыя была дастаткова прадказальная. Калі ласка, вось ляжаць грошы — вазьміце іх у абмен на матэрыял! Вы ёсць ці вас няма? А калі вы не хочаце ўзяць грошы, тады не кажыце, што вы ёсць. Гэта не выпад супраць кагосьці канкрэтнага з аўтараў. Проста трэба звярнуць увагу, што не адбываецца стваральных працэсаў, чамусьці страчаныя навыкі… У дадзеным выпадку я задаю сваё пытанне і прапаную грошы за адказ на яго. Фактычна цяпер я спрабую запусціць працэс, пры якім людзі пачнуць пра нешта пытацца ў саміх сябе. І дзякуй кіраўніцтву тэатра за тое, што яно дае мне такую магчымасць. Так, у тэатра адны задачы, у мяне іншыя задачы, але сёння мы кумулятыўна працуем на агульную ідэю. — Аўтараў можна зразумець, ім патрэбныя гарантыі таго, што іх праца не змарнее і будзе рэалізавана. Яны разлічваюць атрымаць замову ад тэатра на стварэнне пэўнага твора, які будзе пастаўлены… — Калі патэнцыяльнага аўтара захапляюць пэўныя ідэі, ён абавязкова будзе імкнуцца выказаць іх у сваёй творчасці! Ён сам, па ўласнай ініцыятыве, знойдзе аднадумцаў, якія дапамогуць яму. Увогуле, правядзе падрыхтоўчую работу, выдаткуе на гэта свой асабісты час і абавязкова давядзе задуманае да канца! А ўсё таму, што першапачаткова ў яго было такое жаданне: нешта сказаць людзям… І вось атрымаўся нейкі вынік: "Можа, возьмеце? Дык у вас яшчэ і конкурс? Яшчэ і грошы дадуць? Цудоўна!".. Гэта адзіная сітуацыя, пры якой у тэатры можа з’явіцца новы матэрыял высокага мастацкага ўзроўню. Творчы чалавек павінен гарэць сваёй ідэяй, а тэатру застанецца проста падкідваць дровы ў вогнішча. Калі гэтага не адбываецца, то што тут зробіш? Значыць, аўтару не трэба сябе мучыць. — Праекты, пра якія мы гаварылі, вы рэалізуеце супольна з дзяржаўнымі структурамі. Але ёсць іншае ваша пачынанне: музычны тэатр "Галерэя". Чаго вы хацелі дабіцца, ствараючы яго? — Я хацеў паказаць, што кожны чалавек можа з нуля зрабіць нешта. Маючы спонсара (на сённяшні дзень гэта абавязковая ўмова), дамовіцца з дзяржаўнай залай і арганізаваць каманду людзей, якія могуць нешта сказаць праз сваю творчасць. І што самае галоўнае — давесці да выніку і прадаць. Потым зрабіць яшчэ і яшчэ… Гэта значыць, мець тры, пяць, сем створаных групай аднадумцаў рэпертуарных спектакляў, якія будуць паказвацца рэгулярна і прыносіць прыбытак гэтым людзям. Я арганізаваў такую структуру і, ідучы гэтым шляхам, набіў сабе неабходную колькасць гузакоў. Я паспеў за гэты час перазнаёміцца з мноствам людзей і зацікавіць іх. У прыватнасці, маю на ўвазе кафедру рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе ёсць курс рэжысуры музычнага тэатра. Цяпер я ведаю, дзе "сябе прыкласці": мне неабходна проста "прышываць крылы" маладым людзям, якія яшчэ вучацца. Насамрэч ім патрэбныя зусім невялікія сумы грошай і адсутнасць кантролю — яны павінны ствараць абсалютна свабодна і не мець перада мной ніякай адказнасці. — Гэта значыць, вы сабе не дазваляеце ўмешвацца ў творчы працэс? — Я магу толькі задаваць пытанні, але не дазваляю сабе даваць распараджэнні, догматамі ў мастацтве думаць нельга! Вольга НІКАЛАЕЎСКАЯ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by