« Назад"ЗАКОН ДОЎГАЖЫХАРСТВА" ЗАМЕСТ "КАРПАРАТЫЎЧЫКУ"Як зрабіць, каб паход у музычны тэатр стаўся падзеяй? Сёння тэатр, у параўнанні з яго станам у тыя ж 1980-я, перажывае, як сведчаць практычна ўсе даследчыкі і практыкі мастацтва, свой далёка не лепшы перыяд. А тэатр музычны, які ў шмат разоў пераўзыходзіць драматычны па неабходнасці фінансавых укладанняў, — тым больш. Як жа палепшыць сітуацыю? Як прыцягнуць у тэатр публіку, спонсараў, таленавітых аўтараў? Як узняць прафесійную планку саміх пастановак? Гэтыя і многія іншыя набалелыя пытанні зацікаўлена абмяркоўваліся і на "круглым стале" нядаўняга Тыдня музычнага мастацтва "Наталля Гайда запрашае", і ў кулуарах пасля спектакляў, і ў час творчых сустрэч ды прыватных размоў. Сапраўды, куды рушаць сёння тэатры, што "спецыялізуюцца" на аперэтах ды мюзіклах, у Расіі, Казахстане, Азербайджане? Што карыснага з замежнага вопыту можам пераняць мы? І наадварот: чаму госці могуць павучыцца ў нас? У кадры — нашы кадры Да гонару арганізатараў форуму, "у госці да Гайды" былі запрошаны папраўдзе лепшыя прадстаўнікі жанру з краін СНД, а не тыя, на фоне якіх адразу ўзрастае "зорнасць" нават самых сярэдніх салістаў. І побач з прызнанымі замежнымі майстрамі адразу сталі відавочнымі не толькі нашы заваёвы, але і хібы. Адна з іх — састарэлая ўтрыравана-"тэатральная" манера размоўных сцэн, на змену якой у свеце даўно ўжо прыйшла натуральнасць гаворкі, блізкая да эстэтыкі кіно і камернага тэатра. Крыху завуаліраваная акустычнымі асаблівасцямі залы, яна стала рэзкім дысанансам пры выкарыстанні неабходнай у такіх умовах мікрафоннай падгучкі. Праблема кадраў і пастаяннага ўдасканальвання іх майстэрства — паўсюль галоўная, не толькі ў мастацтве. Але ў музычных тэатрах яна паўстае з асаблівай вастрынёй, бо адпаведных спецыялістаў, здольных узняць і аперэту, блізкую да оперы, і мюзікл, наўпрост звязаны з эстрадна-джазавымі кірункамі, выгадаваць даволі цяжка. А можа, і не трэба? Як ні парадаксальна, але апошні пункт гледжання, нягледзячы на ўсю сваю "экстравагантнасць", апошнім часам знаходзіць усё больш прыхільнікаў. Бо мае на ўвазе не прынцыповую незапатрабаванасць у такіх кадрах, а навукова даказаную неабходнасць размежавання трупы: на аперэту ды мюзікл. Заканадаўцам мод у дадзеным напрамку сёння з'яўляецца нават не праславуты Брадвей, а Будапешцкая аперэта, што з поспехам ставіць новыя еўрапейскія мюзіклы. І мае для гэтага — дзве асобныя трупы, "перабежчыкамі" ў якіх становяцца хіба артысты другога плана. Бо ў таго, хто спявае адначасова ў опернай ды мюзіклавай манерах, рана ці позна ўзнікаюць праблемы з голасам. Усе ў клас! У тэатрах нашых суседзяў-сяброў выпрацавана цэлая сістэма стажыровак, якія ахопліваюць (што вельмі важна!) не толькі творчую трупу, але і ўсе тэатральныя цэхі. Асацыяцыя тэатраў Урала штогод праводзіць такія семінары на базе труп з добрым абсталяваннем. На тры-чатыры дні туды запрашаюцца лепшыя спецыялісты, якія працуюць з камандзіраванымі на "павышэнне кваліфікацыі" прадстаўнікамі тэатральнага закулісся з розных куткоў рэгіёна. Тэматыка вызначаецца запатрабаванасцю: дзе больш недахопаў — над тым і працуюць. Асабліва праблемным апошнім часам стаў сектар гукарэжысуры, бо ён адказвае за канчатковы вынік не менш за дырыжора і аркестрантаў. Саюз тэатральных дзеячаў Расіі практыкуе і акцыю "Час змен": гэта выезды спецыялістаў "на месцы" — у асобныя тэатры, дзе ёсць у тым патрэба. Шчодра ўкладае грошы ў творчыя стажыроўкі Карагандзінскі тэатр музкамедыі, які таксама даволі часта запрашае да сябе замежных пастаноўшчыкаў, у тым ліку і з Беларусі! Практычна ўсе тэатры вяртаюцца сёння да мадэлі тэатра-студыі, калі артыстаў неабходнага ўзроўню рыхтуюць непасрэдна ў сваёй трупе, набіраючы прэтэндэнтаў з найбольш адораных выпускнікоў ВНУ культуры і мастацтваў ды працягваючы з імі заняткі па сцэнічнай мове, вакале, акцёрскім майстэрстве. Тут абодва нашы тэатры — Музычны і Вялікі — сярод лідараў. А вось дырыжорскі корпус няблага было б узмацніць, пасылаючы нашых кіраўнікоў аркестраў на замежныя стажыроўкі і запрашаючы лепшых музыкантаў свету ў якасці дырыжораў-пастаноўшчыкаў. Затое наконт рэжысёраў нам нават зайздросцяць: у Сусанны Цырук, Настассі Грыненка, Ганны Маторнай фантазіі больш, чым грашовых амбіцый. Расійскія ж пастаноўшчыкі часам просяць ганарары куды большыя, чым іх еўрапейскія калегі, значна саступаючы ім па ўзроўні. Калі заходні рэжысёр пагаджаецца на аўтарскія выплаты ў памеры аднаго працэнта ад грашовых збораў, дык расійскія — не менш, як на сем. "Тоны" прымадоннаў Зайздросцяць нам і з-за творчай моладзі, якая адразу мае магчымасць атрымаць цэнтральныя партыі. У тэатрах іншых краін балюча паўстае пытанне стасункаў кіраўніцтва з трупай і ўзаемаадносін у самой трупе. У Расіі спадзяюцца на хуткае прыняцце Закону аб кантрактнай сістэме, бо многія салісты ўжо па некалькі гадоў не ўдзельнічаюць у пастаноўках, але на меншую стаўку іх не "перасунеш". Адпаведна, немагчыма замацаваць у трупе маладых салістаў, якія застаюцца на разавых запрашэннях. Праблемы пачалі ўзнікаць і ў спектаклях, разлічаных на некалькі складаў артыстаў. У музычных тэатрах такіх — большасць, калі не ўсе. І гэта, здавалася б, правільна: вакалістам трэба берагчы голас і пры малейшых сімптомах захворвання — маўчаць. Але "адмоўчвацца" схільны і дублёры! Як толькі ў спектаклі патрабуецца замена, пачынаецца гульня ў пінг-понг: кожны ківае на іншых. Дублёраў жа — некалькі! Высвятляецца, што ў аднаго ў гэты час — "карпаратыўчык падвярнуўся", другі — партыю так і не давучыў, трэці ролю ведае, але… трэба ж і публіку калі не пашкадаваць, дык хаця б не распудзіць. Фурманка з перлінамі — Забяспечыць стопрацэнтную запаўняльнасць залы, — кажа генеральны дырэктар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Шварцкопф, — я магу без праблем. Але ці толькі гэта павінна станавіцца мэтай? "Раскручаная" класічная назва нават у самай дрэннай пастаноўцы будзе збіраць публіку, чаго не скажаш пра новае рэпертуарнае найменне, няхай яно будзе нават звышгеніяльным. Таму, лічу, трэба гнацца не за праславутымі працэнтамі, а за мастацкімі крытэрыямі. У кожным тэатры вельмі важная гэтая "выхаваўчая" тэма — не толькі ў адносінах да артыстаў, але і ў дачыненні да гледача, якога трэба весці за сабой, утрымліваючы баланс паміж бізнесам і культурай. Той жа "Баль вампіраў" сёння "корміць" увесь наш тэатр, дазваляючы трымаць і эксклюзіўны рэпертуар… — Чым менш шчыльнасць насельніцтва, тым цяжэй утрымліваць публіку, — упэўнены дырэктар Карагандзінскага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі, заслужаны дзеяч Казахстана Амантай Ібраеў. — Таму для нас важна, каб глядач, аднойчы завітаўшы ў наш тэатр, вяртаўся ў яго зноў і зноў… Менавіта на гэтым, дарэчы, будуецца "закон доўгажыхарства" пастаноўкі: галоўнае — не колькі чалавек яе ўбачаць, а колькі прыйдуць неаднаразова. Але ж і на першы прагляд публіку трэба завабіць! Тут можа быць які заўгодна крэатыў. — Замест "Мая жонка — ілгуння", — хітра ўсміхаецца кіраўнік літаратурна-драматычнага аддзела Санкт-Пецярбургскага тэатра музкамедыі Марына Гадлеўская, — мы ставілі ў афішу "Як вярнуць мужа". Ажыятаж — не перадаць!.. Найбольшым крэатывам вызначаецца Свярдлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр музычнай камедыі, які, дарэчы, будзе гастраляваць у нас цягам усяго чэрвеня. Яго дырэктар — заслужаны работнік культуры Расіі Міхаіл Сафронаў не хавае сакрэтаў: — У нас ёсць аддзел маркетынгу, які да кожнай прэм'еры распрацоўвае свой ход. Героі "Мёртвых душ", да прыкладу, праводзяць у фае шашачна-шахматныя турніры. Фурманка з "Памінальнай малітвы" праехала па ўсім горадзе — узнялася цікавасць да спектакля. На "Сіліконавай дуры", звернутай да моладзі, здымалі на відэа гледачоў — і паказвалі гэтыя кадры на задніку ў час спектакля. Прыходзілі цэлымі кампаніямі і нават натоўпамі: на сябе паглядзець! Да прэм'еры "Кацярыны Вялікай" выкарысталі выстаўку старадаўніх жаночых упрыгожанняў, што праводзілася ў горадзе. Апранулі сваіх артыстак у рарытэты — і пад наглядам аховы прайшло гэткае "дэфіле". А журналісты пераблыталі і напісалі: маўляў, тыя ўпрыгожанні будуць апранацца на кожным спектаклі! Ад публікі было — не адбіцца. Увогуле ж, кожная будучая пастаноўка яшчэ да прэм'еры выклікае бурную дыскусію: маўляў, а ці трэба ставіць? Таму назва прэм'еры запамінаецца апрыёры. Ёсць свае напрацоўкі і ў Казахстане. Там, у параўнанні з Расіяй, усё наадварот! Замест "выкрывальных сенсацый" у Карагандзе з кожнага пастаноўшчыка, асабліва запрошанага, робяць "зорку". А з удзельнікаў пастаноўкі — не менш як нацыянальных герояў. Менавіта таму асабліва яркі ўсплёск цікавасці да тэатра там узняў праект "Народная аперэта". Усё вельмі проста! Аб'явілі кастынг на ўдзел у "Лятучай мышы" — сярод тых, хто мае голас, ды не ведае нот. І набралі два склады выканаўцаў. Педагогі па вакале — плакалі, пакуль рыхтавалі "артыстаў" да выхаду. Але за кожным з удзельнікаў прыйшлі па некалькі дзясяткаў сваякоў. І паглядзеўшы адзін спектакль, куплялі білеты ледзь не на ўвесь рэпертуар. А ў згаданым ужо Будапешце, як паведамілі расіяне, якія пераймалі там вопыт, "амалоджваюць" прыхільнікаў жанру аперэты, запрашаючы на галоўную партыю класічнага спектакля кагосьці з папулярных салістаў мюзіклаў. Прыхільнікі бельканта на аперэту з рок-зоркай не пойдуць. Затое аматары "таго, што пацяжэй" — у першых шэрагах. Чым больш, тым лепш "Узаемасувязі" паміж прыхільнікамі розных стыляў могуць быць не толькі міжжанравымі, але і міжтэатральнымі. — "Аршын мал алан" ішоў у нас адначасова ў абодвух тэатрах, — распавядае саліст Фарыд Аліеў з Азербайджана. — Але ў розных пастаноўках! У Оперным — у традыцыйнай версіі. А ў Тэатры музычнай камедыі — з найноўшымі рэжысёрскімі прыёмамі ды тэхнічнымі прыстасаваннямі. Прычым попытам карысталіся, зноў-такі, абодва варыянты. І часта публіка, паглядзеўшы спектакль у адным тэатры, ішла на яго і ў другі: параўнаць, абмеркаваць. Я спяваў у абодвух пастаноўках, таму бачыў гэта на свае вочы. Так што аднолькавыя назвы ў розных тэатрах таксама могуць быць дадатковым ходам для прыцягвання гледачоў. Асабліва калі тэатры дамовяцца між сабой і будуць піярыць адно аднаго. Пачнём з "гаршэчнікаў" Ды ўсё ж самая прыбытковая аўдыторыя — дзіцячая. Але ж ці ва ўсіх тэатрах імкнуцца зрабіць так, каб дзіця і надалей лічыла б тэатр улюбёным месцам адпачынку? — Мы пачынаем з так званых гаршэчнікаў, — усміхаецца Амантай Ібраеў з Казахстана, — двух-, трохгадовых дзяцей. У нашым горадзе няма лялечнага тэатра, і больш за дзесяцігоддзе таму нарадзілася ідэя супрацоўніцтва са студыямі роставых і трасцявых лялек. Цяпер яны — два асобныя тэатры ў структуры і пад дахам нашага. А рэпертуар складзены на ўсе ўзросты без прагалаў, каб дзіцяці было цікава ў нас і ў тры гады, і ў сем, і ў падлеткавым узросце, і ў юнацкім. І каб бацькі потым прыйшлі і на вячэрнія спектаклі. Ці наадварот: завітаўшы на вячэрнія, захацелі б прыйсці і на ранішнія — разам з дзецьмі ды ўнукамі. Такія сямейныя "паходы" — адны з самых перспектыўных і ў плане бізнесу, і з пункта гледжання выхавання. Пад маркай Асобнае пытанне ўжо з 1990-х гадоў выклікаюць гастролі артыстаў, "замаскіраваныя" пад марку вядомага тэатра. З гэтым сустракаліся ўжо не толькі знаныя маскоўскія ды пецярбургскія калектывы і эстрадныя зоркі, у якіх часам з'яўляюцца невядомыя ім "клоны", але і наш Музычны тэатр. З аднаго боку, можна радавацца: калі хтосьці імкнецца "далучыцца" да пэўнага "брэнда", значыць, арыгінал — папраўдзе якасны. З іншага ж, такія гастралёры, бывае, замінаюць сапраўдным абменным мерапрыемствам паміж творчымі калектывамі, выклікаючы непаразуменне публікі: маўляў, яны ж толькі што ў нас былі! Змагацца з "клонамі" можна толькі праз арганізатараў: менавіта тыя, перш чым даваць афішы, павінны пацікавіцца ў тэатры, ці яго гэта трупа едзе на гастролі. А бывае якраз наадварот: недакладную інфармацыю распаўсюджваюць самі арганізатары, каб хутчэй распрадаць білеты. Заклапочаны нашы калегі і цяперашнім станам расійскай тэатральнай прэміі "Залатая маска", умовам якой мы так зайздросцім. І справа не толькі ў вызначэнні пераможцаў, дзе заўсёды былі і будуць незадаволеныя. У пагоні за "ахопленасцю рэгіёнаў" эксперты, на думку нашых гасцей, часам вылучаюць відавочна слабыя спектаклі, на фоне якіх сярэднія пастаноўкі ўспрымаюцца як творчыя знаходкі. Даеш нацыянальны Лабараторыяй расійскага мюзікла яшчэ ў савецкія часы быў названы Свярдлоўск — цяперашні Екацерынбург. Намагаюцца не адстаць ад яго і Масква з Санкт-Пецярбургам. Але кожны выбірае свой шлях. У Свярдлоўскім тэатры не баяцца эксперыментаў, шукаюць новых крэатыўных аўтараў. І за гэтыя дзесяцігоддзі да іх пачала выстройвацца цэлая чарга не толькі маладых, але і вядомых кампазітараў ды лібрэтыстаў. Масква, праводзячы ў сябе "Залатую маску", штогод збірае лепшыя пастаноўкі з усіх куткоў Расіі. І, вядома ж, таксама акцэнтуе нацыянальную тэматыку. Санкт-Пецярбург, з яго заўсёднай арыентацыяй на лепшыя еўрапейскія здабыткі ды імкненнем наблізіць да гэтага ўзроўню нацыянальнае мастацтва. — У Азербайджане, — распавядае лаўрэат Міжнароднага конкурсу Фарыд Аліеў, — музычныя спектаклі ідуць (як, пэўна, і ва ўсім свеце) на мове арыгіналу. І многія сталі заўважаць, што сусветная класіка і нацыянальныя творы збіраюць зусім розную публіку. Гледачы не "вандруюць" са спектакля на спектакль, а застаюцца ў акрэсленых для сябе межах. Але гэта няправільна! Нацыянальны твор павінен быць цікавым для ўсіх, а не толькі для асобных носьбітаў сваёй культуры. Агульназразумелай, блізкай усім можа быць і тэматыка, і стылістыка — толькі так мы будзем цікавыя не толькі для сябе саміх, але і для тых жа суседзяў. "Нацыянальнае" не значыць "местачковае"!.. Сапраўды, залатыя словы. Можа, і нам трэба больш актыўна шукаць нацыянальнае на стыку з лепшымі еўрапейскімі здабыткамі? Тым больш, што такая еднасць з перадавымі еўрапейскімі тэндэнцыямі здаўна была адной з асаблівасцей нацыянальнага прафесійнага мастацтва, не абавязкова "зацыкленага" адно на фальклоры. Такі падыход пашырыць ужо саму тэматыку нашых будучых нацыянальных спектакляў — і, адпаведна, іх музычную стылістыку. Надзея БУНЦЭВІЧ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by