Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Хто створыць нацыянальны балет? (Таццяна Мушынская, "Мастацтва", 2012, № 5)

Хто створыць нацыянальны балет? (Таццяна Мушынская, "Мастацтва", 2012, № 5)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ХТО СТВОРЫЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАЛЕТ?

Развіццё розных відаў і жанраў мастацтва адбываецца досыць нераўнамерна. У апошнія гады опера і лялечны тэатр успрымаюцца ў авангардзе нашага сцэнічнага мастацтва. Ці можна сказаць, што гэткая ж інтэнсіўнасць уласціва сферы прафесійнай харэаграфіі? Наўрад ці.

У Міністэрстве культуры Беларусі адбылася калегія, прысвечаная пытанням менавіта харэаграфіі. Адзначым, сфера танцавальнага мастацтва чамусьці не абмяркоўвалася на такім узроўні на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Нагадаем таксама, што пэўная частка снежаньскага нумара часопіса "Мастацтва" за 2007 год была аддадзена тэме балетнага тэатра. Пяць гадоў — сур’ёзны тэрмін. Якія з акрэсленых тады праблем былі вырашаны, дзе сітуацыя змянілася істотна, а што па-ранейшаму засталося актуальным ці невырашальным увогуле?

Дасягненні

Пэўна, самы важкі здабытак — сапраўдны прарыў, які адбыўся на фронце тэатраў-гастралёраў. Сваю ролю адыгралі і шыкоўны Вялікі тэатр, куды не сорамна запрашаць высокіх гасцей, і змена вектараў мастацкай палітыкі. Сярод найбольш значных падзей харэаграфічнага жыцця апошніх гадоў варта назваць балеты "Чайка" і "Ганна Карэніна" ў пастаноўцы Барыса Эйфмана, паказаныя яго трупай; версію "Лебядзінага возера" Юрыя Грыгаровіча (Вялікі тэатр Расіі); "Шчаўкунка" ў інтэрпрэтацыі Раду Паклітару ("Кіеў мадэрн-балет"); "Ганну Карэніну", паказаную Тэатрам танца Анжалікі Холінай (Вільнюс); нарэшце, нядаўнія гастролі грузінскага балета на чале з Нінай Ананіяшвілі. Мы пабачылі такіх зорак, як Святлана Захарава, Ульяна Лапаткіна, Фарух Рузіматаў, лепшых салістаў Вялікага і Марыінскага тэатраў. А цяпер плаўна пяройдзем да праблем.

Болевыя кропкі

Як і ў даўнейшай дыскусіі "Мастацтва", так і на нядаўняй калегіі акрэсліліся тры болевыя кропкі: узровень падрыхтоўкі будучых артыстаў, адток кваліфікаваных кадраў, стварэнне нацыянальных, наогул новых спектакляў менавіта айчыннымі балетмайстрамі.

У пошуках талентаў педагогі Беларускай харэаграфічнай гімназіі-каледжа штогод праглядаюць тысячы дзяцей у Мінску і іншых гарадах. У выніку на ўступныя экзамены запрашаюць да 130 вучняў. З іх выбіраюцца лепшыя, каля 20 чалавек. У адборы ёсць і падводныя камяні. Некалькі дзесяцігоддзяў таму харэаграфічная вучэльня была адзіным шляхам у светлую будучыню (на прафесійную сцэну). Але рэальнасць мяняецца. Калі ў райцэнтры, абласным горадзе пры ДК або Палацы культуры працуе моцны танцавальны калектыў, а яго кіраўнік наладзіў добрыя кантакты з раённымі і гарадскімі ўладамі, у выніку чаго ансамбль інтэнсіўна развіваецца, мае добрую базу, багатыя касцюмы і паспяхова ездзіць на гастролі, у тым ліку і за мяжу, — у такой сітуацыі мала хто адправіць адоранага выхаванца ў сталіцу. Шляхоў для самарэалізацыі становіцца болей, і дылема між сініцай у руках і жураўлём у небе не заўжды вырашаецца на карысць жураўля.

Працэс выхавання будучага артыста балета прадугледжвае шмат абмежаванняў. Дзеці ў 10 гадоў хударлявыя і "тонкія-звонкія", але з-за перабудовы арганізма ад ранейшай звонкасці часам мала што застаецца. Танцоўшчыкі — штучны тавар. І падчас марафонскага 9-гадовага бегу шмат хто сыходзіць з доўгай дыстанцыі…

Уладзімір Рылатка, першы намеснік генеральнага дырэктара Тэатра оперы і балета, лічыць, што каледж павінен выпускаць у паўтара раза больш навучэнцаў. "Нам трэба мець трупу хаця б у 115 чалавек. Каб можна было ездзіць на гастролі і адначасова даваць спектаклі на асноўнай сцэне". Мастацкі кіраўнік балетнай трупы Юрый Траян мяркуе, што знайсці здольнага чалавека — будучага артыста балета складана. "У дадатак балет — пераважна жаночая прафесія, хлопцаў у ім заўжды не хапала. З пункту гледжання якасці, узроўню падрыхтоўкі кадры, якія выпускае каледж, задавальняюць. Дый на тых, хто з’ехаў працаваць у іншыя краіны, скаргаў няма. Але колькасць выпускнікоў, якія заканчваюць установу, малая. А зірніце на балетную трупу Музычнага тэатра — яна літаральна бядуе! Так, у нас існуе сістэма выяўлення і замацавання ў трупе ўжо гатовых да працы кадраў. Але гэта адбываецца фрагментарна… Напрыклад, ва Украіне больш і тэатраў, і харэаграфічных вучэльняў, яны ўтвараюць цэлую сетку. Узгадаваных імі артыстаў хапае і для сваіх тэатраў, і для труп па ўсім свеце, дзе выступаюць украінскія танцоры".

Да гэтых меркаванняў дадам некалькі ўласных. Цудоўна, што ў каледжы па-ранейшаму працуюць вопытныя педагогі, народныя артысткі Беларусі, якія былі зоркамі яшчэ ў 1960-я гады. Але раней ці пазней паўстане пытанне: а што (і хто) далей? Па запрашэнні кіраўніцтва каледжа тут працуюць 10 артыстаў-практыкаў. Але для выканаўцаў галоўным застаецца іх асноўная дзейнасць.

Невыпадкова выпускныя канцэрты каледжа, калісьці надзіва папулярныя, апошнім часам не выклікаюць вялікай цікавасці. І таму, што цяпер у іх няма ранейшай колькасці арыгінальных нумароў, пастаўленых педагогамі. І таму, што гадамі гледачам прапаноўваецца адна і тая ж версія "Дон Кіхота". Па розных прычынах пакінулі каледж выдатныя педагогі Уладзімір Іваноў і Інеса Душкевіч. Яны не згубіліся, знайшлі прымяненне сваім сілам. Але ж ці выйгралі ад гэтага будучыя артысты? Яшчэ прыклад. Аказаўся незапатрабаваным у нас і яркі педагагічны талент Урана Азімава. Ужо не першы год ён выкладае ў Польшчы, вучні Азімава часта перамагаюць на міжнародных конкурсах, а ўрад суседняй краіны ўзнагароджвае яго медалямі за вынікі педагагічнай дзейнасці і ўмацаванне польскай культуры. Уран працуе за мяжой некалькі гадоў, а не дзесяцігоддзямі, як лепшыя нашы педагогі! А іх унёсак у балетнае мастацтва заўважаны? Таму слушнай падалася думка міністра аб тым, што развіццю гімназіі-каледжа патрэбен новы этап…

У харэаграфічным асяроддзі даўно абмяркоўваецца ідэя стварэння Акадэміі беларускага балета (аналагічныя структуры даўно існуюць у Маскве і Пецярбургу). На 1-й ступені яна дае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Яшчэ два гады — і атрымліваеш вышэйшую. Невыпадкова многія нашы выхаванцы, не скончыўшы каледж, едуць у Расію, каб набыць вышэйшую адукацыю без марнавання на тое пяці дадатковых гадоў. Праўда, стаўленне да ідэі неадназначнае. Яе горача падтрымліваюць міністр культуры Павел Латушка і харэограф Валянцін Елізар’еў. Педагогі ВНУ, звязаныя з харэаграфіяй, насцярожаны, бо невядома, на чыёй базе ў выпадку станоўчага рашэння будзе стварацца Акадэмія і ці закране гэта іх інтарэсы. Кіраўніцтва Тэатра оперы і балета пакуль супраць, бо не бачыць перспектыў для калектыву. Маўляў, усе пойдуць вучыцца, а хто будзе на сцэне танцаваць? У кожнага свая логіка і свае аргументы, але відавочна: стварэнне новай мастацкай ВНУ патрабуе сур’ёзных арганізацыйных намаганняў і фінансавых укладанняў. Магчыма, гэта справа не аднаго года. Але калі мы будзем мець Акадэмію балета, яна мусіць стацца цэнтрам харэаграфічнага жыцця ў краіне.

Адток і прыток

Наступная праблема, вакол якой віравалі думкі на калегіі, — адток кадраў. За апошняе дзесяцігоддзе каля сарака артыстаў балета з’ехалі з краіны і цяпер выступаюць як вядучыя салісты ў Расіі, Эстоніі, Літве, Германіі, Францыі, Іспаніі, Грэцыі. "З аднаго боку, яны прадстаўляюць нашу культуру за межамі краіны, з другога — гэта негатыўна адбіваецца на развіцці нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва", — заўважыў міністр. Пра балетную эміграцыю і яе прычыны часопіс пісаў неаднойчы (напрыклад, "Мастацтва", 2008, № 8 — "Балетныя эмігранты: рэпертуар, стыль, лёс").

Так, прафесія артыста балета "канвертуемая". Творцы, не звязаныя з мовай (як пісьменнікі, акцёры драматычных тэатраў), лягчэй адаптуюцца ў прасторы іншых дзяржаў. Арабеск і атыцюд у Еўропе і Амерыцы — тыя ж арабеск і атыцюд. Юрый Траян прывёў красамоўны прыклад: Юрый Кавалёў, адзін з самых яркіх салістаў, танцуе ў спектаклях нашага тэатра і адначасова выступае ў трупе Барыса Эйфмана. Пакуль — тут і там. Ці здолее тэатр яго ўтрымаць — пытанне.

Адораныя прыродай і талентам артысты хочуць развівацца, а значыць, танцаваць не толькі "Лебядзінае возера" і "Дон Кіхота", але і новую харэаграфію. Засвойваць новыя жанры і стылі. (Паказальны пераход выхаванца нашага каледжа Івана Васільева і яго партнёркі Наталлі Осіпавай са славутага маскоўскага Вялікага тэатра ў, магчыма, не такі знакаміты пецярбургскі Міхайлаўскі, дзе творчае жыццё віруе, а галоўным балетмайстрам з’яўляецца іспанец Нача Дуата. Дастаткова ўбачыць адзіны нумар з яго харэаграфіяй, каб зразумець — рашэнне беспамылковае.)

Ёсць і іншы складнік у адтоку кваліфікаваных кадраў — фінансавы. Майстэрства салістаў балета ў суседзяў ацэньваецца ў два-тры разы вышэй. Артыстаў, якія танцуюць 20 гадоў, можна зразумець. Іх выканальніцкі век кароткі, імі (як гімнастамі, футбалістамі) цікавяцца, пакуль яны ў належнай фізічнай форме, а за час кар’еры трэба забяспечыць сваю будучыню. Такім чынам, адток студэнтаў каледжа і артыстаў труп у сумежныя краіны з больш высокім узроўнем жыцця, разнастайнасцю рэпертуару і гастрольным магчымасцям — адна з прычын нашага адставання ў галіне харэаграфіі.

А дзе нацыянальнае?..

У дакладзе міністра прагучала досыць рэзкая ацэнка: "Нацыянальная тэматыка не з’яўляецца асноўнай альбо наогул адсутнічае ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры пры пастаноўцы балетаў. Ідзе праца над спектаклем "Князь Вітаўт", але гэта адзінкавы прыклад". (Стваральнікі балета, прэм’ера якога плануецца ў юбілейным 80-м сезоне, — кампазітар Вячаслаў Кузняцоў, харэограф Юрый Траян, сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт.)

Невялікая колькасць нацыянальных балетаў (як і опер) на афішы і нязначная колькасць тых, хто жадае над імі працаваць, тлумачыцца многімі прычынамі. Музычнае акадэмічнае мастацтва заўжды было прасторай касмапалітычнай, дзе Чайкоўскі і Пракоф’еў, Вердзі і Пучыні цаніліся і каціраваліся вышэй, чым самыя таленавітыя, але свае. Менавіта так можна пракаментаваць факт, што за мінулы сезон опера Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха" прайшла ўсяго адзін раз. Як і балет "Страсці" (музыка Андрэя Мдывані), і "Легенда пра Уленшпігеля" (музыка Яўгена Глебава). Скептыкі запярэчаць: "Страсці" за 15 гадоў ад часу стварэння, а "Уленшпігель" за 10 ад часу новай рэдакцыі, магчыма, "выпрацавалі" ўласны рэсурс. Але апалагеты нацыянальнай музыкі і харэаграфіі адкажуць, што здымаць спектаклі з афішы варта толькі тады, калі для іх ёсць замена. Адэкватная ці лепшая.

Акадэмічны тэатр рэдка бывае пляцоўкай для эксперыментаў. Ён у нечым кансерватыўны, бо арыентаваны на папулярызацыю класікі і асветніцтва. (Праўда, сёлета на эксперыментальнай сцэне нам абяцаюць паказаць "Метамарфозы" ў пастаноўцы Вольгі Костэль, якая набыла адукацыю балетмайстра ў Германіі, а пазней балет "Зала чакання" ў харэаграфіі Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова.)

Нацыянальная музыка, уласныя харэографы — гэта рызыка. Бо пралічыць вынік і поспех, мастацкі і фінансавы, загадзя немагчыма. Таму патрэба ў новых нацыянальных спектаклях дэкларуецца на розных узроўнях, але працэс іх стварэння складаны і працаёмкі. Ёсць у праблемы і такі ракурс. Навошта рабіць новае, калі ўсе ведаюць, якія адносіны да ўжо створанага нацыянальнага? Стаўленне да сваёй творчасці кампазітары адчуваюць дакладна. І не жывяцца дарэмнымі ілюзіямі.

Асобы

І апошняя цытата з тых, што прагучалі на калегіі: "У краіне не створана новая плеяда балетмайстраў-пастаноўшчыкаў, якія маглі б займацца спектаклямі на самым высокім узроўні. Так што Беларусь усё часцей і часцей запрашае для працы замежных спецыялістаў". Як ні дзіўна і ні парадаксальна, яны (балетмайстры) ёсць! Толькі мала каму патрэбныя. На жаль, у нашым грамадстве не хапае ўвагі і цікавасці да буйных асоб, ад якіх залежыць стварэнне музычна-харэаграфічных палотнаў. Мы не ў стане ўсвядоміць банальную ісціну: самае каштоўнае ў мастацтве — творцы, якія могуць генерыраваць новыя маштабныя ідэі, здатныя змяніць навакольны пейзаж.

…Балет "Мефіста" (музыка Уладзіміра Кандрусевіча, харэаграфія Уладзіміра Іванова) — адзін з лепшых харэаграфічных спектакляў апошняга дзесяцігоддзя. Нечаканы, востраактуальны, з ярка выяўленым гуманістычным пачаткам. Першую версію танцавалі Юлія Дзятко, Канстанцін Кузняцоў, Віталь Краснаглазаў. Дуэт перайшоў у Тэатр оперы і балета, і спектакль перастаў існаваць. Праз колькі гадоў Кандрусевіч і Іваноў вярнуліся да "Мефіста", падрыхтавалі Рыну Івакіры і Рыгора Крукоўскага. Аднаўленне сталася надзіва ўдалым! Але… пара з’ехала ў Японію, спектакль знік з афішы. Хіба не яскравы ўзор сізіфавай працы?

Раду Паклітару аказаўся не надта запатрабаваным, калі пачынаў шлях харэографа ў Мінску. Балетмайстарскае шчасце ён знайшоў ва Украіне. Трупа "Кіеў мадэрн-балет" існавала спачатку на сродкі спонсара, цяпер працуе пры Кіеўскім акадэмічным музычным тэатры для дзяцей і моладзі. (Якая назва! Нашы дзеці і моладзь, вядома, горшыя за ўкраінскіх, ім такі тэатр не патрэбны!)

Летась на канале АНТ на працягу некалькіх месяцаў (па суботах, у прайм-тайм) ішла перадача "Балеро" — прадукт расійскага ТБ. У новых, толькі пастаўленых дуэтах вядомыя балерыны танцавалі з вядомымі фігурыстамі. У журы — Уладзімір Васільеў і Гедымінас Таранда, трэнер Таццяна Масквіна, алімпійская чэмпіёнка Таццяна Наўка. Якія нумары ставіў Раду для тэлецыкла! Яны выклікалі захапленне… і сум з-за ўласнай абдзеленасці яго творчасцю. Паклітару прапаноўваў тэатру ўвасобіць балет "Цар Эдып" Стравінскага. Як кажуць, бакі не сышліся ў коштах. Але чаму не запрасіць яго сачыніць хоць некалькі нумароў, а ў дадатак не падключыць тэлебачанне, як гэта робяць прадпрымальныя расіяне?

Яшчэ факт. Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў (з імі Паклітару актыўна супрацоўнічаў у Мінску) нядаўна ездзілі ў Кіеў, каб дапамагчы артыстам трупы Раду перанесці на іх сцэну балет "In pivo veritas", што некалі нарадзіўся ў Мінску, а цяпер у нас не ідзе. Цікава, а нам гэты арыгінальны, надзіва дасціпны спектакль зусім не патрэбны?

Працягну спіс незапатрабаваных. Харэограф Наталля Фурман, якая мае дзве вышэйшыя адукацыі, паставіла шэраг сур’ёзных спектакляў ("Макбет" і "Беласнежка і сем гномаў" у Оперным, "Баль кветак" у Музычным), у дадзены момант… выкладае танец у звычайнай школе. Але ж камп’ютарамі цвікі не забіваюць! Што будзе ставіць Фурман у бліжэйшы час, на якой сцэне? На такое пытанне ніхто не адкажа, і яна таксама. Высокапрафесійныя кадры, у фарміраванне якіх укладзена столькі сіл, часу, дзяржаўных грошай, могуць і павінны рэалізоўвацца ва ўласнай краіне.

Асацыяцыя з камп’ютарам і цвіком узнікае і пры ўспаміне пра лёс калектыву "Госьціца", які шмат гадоў узначальвае Ларыса Сімаковіч, кампазітар і харэограф. "Госьціцу" адзначылі не адным прызам на прэстыжных міжнародных конкурсах. Доўгі час яна ўваходзіла ў структуру Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, апошнім часам існуе намінальна. Калі Сімаковіч ажыццяўляе свае ідэі ў Белдзяржфілармоніі, "Госьціца" ў іх абавязкова ўдзельнічае. Многія праекты, якія выклікаюць велізарны рэзананс, рыхтуюцца начамі, а пасля паказваюцца… толькі раз! Гэта дзяржаўны падыход?! А Ларыса Сімаковіч, унікальная асоба, працуе… у аддзеле рэкламы філармоніі.

Алег Хадоска, адзін з самых перспектыўных нашых кампазітараў, напісаў музыку балета "Папялушка", які пастаўлены ў Рызе, а оперу "Чорны манах" (паводле Чэхава) стварыў для Варонежскага тэатра оперы і балета. Ці ўвасобленыя партытуры Хадоскі на айчыннай музычнай сцэне? Не.

Нарэшце, колькі слоў пра Елізар’ева. Ягоны сыход з Тэатра оперы і балета, які адбыўся тры гады таму, нарабіў шмат шуму, выклікаў бурныя дыскусіі. За гэты час харэограф паставіў "Спартака" ў Каіры, "Дон Кіхота" ў Токіа, неаднойчы быў сябрам журы прэстыжных конкурсаў. Але гэта — яго ўласныя кантакты і прыватныя запрашэнні. Як "разруліць" патавую, тупіковую сітуацыю, якая склалася вакол асобы і творчасці Валянціна Мікалаевіча, не ведаю. Так, ён выкладае ў Акадэміі музыкі, але крыўдна, што яго багаты прадзюсарскі вопыт і балетмайстарскі талент у краіне амаль не запатрабаваны. Гэта па-гаспадарску? Калі балет едзе на гастролі, часцей вязуць класіку і пастаўленыя ім спектаклі. А ён сам патрэбен нашаму грамадству? Ці ў нас столькі харэографаў узроўню Елізар’ева, што можна абысціся і без яго?..

Прапановы і перспектывы

Чаму ў нас ладзяцца оперныя і драматычныя форумы, а не арганізоўваюцца балетныя? Каб запрашаць гасцей, трэба мець што паказваць. Нечаканае, эксклюзіўнае, таленавітае. Галоўнае пытанне ў кожным тэатры: што танцаваць, якую харэаграфію? Узровень новых спектакляў наўпрост залежыць ад маштабу і таленту балетмайстра, арыгінальнасці яго мыслення. Наша публіка прывучана да яркіх, відовішчных пастановак. Але традыцыі трэба падтрымліваць! Сапраўдных знаўцаў нельга ўразіць бясконцымі пераносамі класікі ці аднаўленнямі назваў, калісьці прадстаўленых на афішы. Так, класіка забяспечвае касу, запаўняе залу. У краіне падрастае новае пакаленне, штогод у сталіцу прыязджаюць тысячы студэнтаў. Усе яны, як і госці з іншых гарадоў і краін, павінны мець магчымасць убачыць "Лебядзінае возера" і "Шчаўкунка", "Баядэрку" і "Жызэль". Але ці можна параўнаць інтэнсіўнасць нашага харэаграфічнага жыцця з тым, як яно ідзе ў Маскве, Пецярбургу, Кіеве, Пермі?

Так, у абедзвюх балетных трупах працуюць таленавітыя артысты, кваліфікаваныя рэпетытары. Іх працу можна ацэньваць як заўгодна высока. Але зададзім два простыя пытанні. Першае. Што з апошніх пастановак, ажыццёўленых на нашай сцэне, па сваім узроўні і маштабе можна паставіць побач з паказанымі ў нас спектаклямі Барыса Эйфмана? Другое. Калі ў сталіцах блізкіх дзяржаў — Маскве, Кіеве ці Варшаве, не кажучы пра Парыж і Лондан, будуць праходзіць наступныя Дні беларускай культуры, які новы балетны спектакль, здольны ўзрушыць дасведчаную публіку, мы зможам прывезці? Сёння такія пытанні гучаць рытарычна. Здзівіць, уразіць, узрушыць у тэатральным свеце, што мяняецца вельмі хутка, можна тады, калі пэўны від мастацтва імкліва развіваецца, ідзе ў нагу з часам.

У мяне няма мэты адшукаць вінаватых. Менш за ўсё я схільная сцвярджаць, што, маўляў, нешта "недагледзеў" Тэатр оперы і балета. Выкажу дзве прапановы, рэалізацыя якіх магла б прынцыпова змяніць наша харэаграфічнае жыццё, зрабіць яго больш інтэнсіўным і насычаным.

Беларусі ўвогуле (асабліва амаль двухмільённаму Мінску) надзвычай не хапае эксперыментальнай сцэны, дзе таленавітыя асобы маглі б паказваць свае новыя пластычныя работы. Такая пляцоўка (з залай) можа называцца Цэнтрам пластычных мастацтваў або Цэнтрам сучаснага танца, існаваць пры Акадэміі балета або самастойна. А пакуль месца для эксперыментаў няма. І таму многія дзеячы нашага харэаграфічнага мастацтва пачуваюцца як чэхаўскія героі, калі ніхто нікога не чуе, усе — паасобку. І мала шчаслівых, хто рэалізаваўся напоўніцу. Другое. Мінску даўно патрэбен вялікі міжнародны харэаграфічны фестываль. Такі форум існаваў на працягу пяці гадоў (1991–1996), ён называўся "Я люблю балет", ладзілі яго харэаграфічны каледж і Тэатр балета. Памятаю прыезд дэлегацый вучэльняў з розных рэспублік СНД, 5-гадзінныя гала-канцэрты, якія збіралі зорак. У межах такога фестывалю маглі б паказвацца новыя спектаклі нашых і чужых музычных тэатраў, сучасныя пластычныя праекты. Калі з фінансамі, як заўжды, праблема, такі фестываль мог бы ўзнікнуць не сёлета. Але няма ніякіх сумненняў, што раней ці пазней ён абавязкова павінен з’явіцца.

Таццяна МУШЫНСКАЯ.
Мастацтва. – 2012. – № 5.

http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&DomainName=mast&id=951



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: