« НазадАБЖЫВАННЕ "ТЭАРТА"Пункт апоры ці адрыву: у пошуках мяжы дапушчальнага "ТэАрт" — гэта ўжо брэнд. І вельмі раскручаны. Не толькі таму, што такая гучная і папраўдзе "гаваркая" назва дадзена Міжнароднаму форуму тэатральнага мастацтва, які меў добрага папярэдніка — "Тэатральны тыдзень…" з адным з вядучых банкаў краіны. Сваю славу "ТэАрт" напрацаваў і тымі спектаклямі ды калектывамі, якія яго арганізатары ўключаюць у праграму, і самім правядзеннем фестывалю, адметнай арганізацыяй, дзе ўсё працуе як гадзіннік. Яны — незразумелыя? У тым, што "ТэАрт" патрэбны як глыток свежага паветра, няма, здаецца, сумневу. Бо бачыць на свае вочы, што робіцца ў суседзяў і ў свеце, заўсёды вельмі важна: як-ніяк, 14 спектакляў 11-і тэатраў з 8-і краін. Прычым спектакляў не абы-якіх, а самых нашумелых, у тым ліку адзначаных узнагародамі, што дае магчымасць правесці паралелі з нашай Нацыянальнай тэатральнай прэміяй. Але тут ужо пытанні не да арганізатараў. Бо яны, наадварот, рабілі ўсё магчымае, каб форум маглі наведаць не адно тэатралы-аматары, але і спецыялісты — цяперашнія і будучыя. На многіх паказах можна было бачыць, як студэнты Акадэміі мастацтваў ды валанцёры займалі прыступкі, рассаджваліся проста перад сцэнай, стаялі ля сцен — і, да ўсяго, вучыліся. Не толькі на сваіх, але і на чужых поспехах ці памылках. У гэтым сэнсе ўвесь "ТэАрт" можна назваць вялізным майстрам-класам, дзе максімальна сціралася мяжа паміж жывымі класікамі і тымі, хто толькі гуляе — у класікаў ці нават усё яшчэ… у старамодныя класікі, намаляваныя мелам на асфальце. Былі і творчыя сустрэчы (прычым не толькі ў кулуарах, але і ў навучальных установах, нават у глядзельнай зале пасля спектакля), і майстар-класы. Арганізатары прадугледзелі ўсё? Шыкоўны буклет, адметная рэклама. Спраўна працаваў сайт форуму: свежая інфармацыя там з’яўлялася нават не штодзень, а часам і штогадзінна. Ён, можна сказаць, ператварыўся ў дзённік фестывалю, бо ўжо зранку там можна было знайсці і фотарэпартажы з вячэрніх спектакляў, і інтэрв’ю з удзельнікамі. Такую дасканаласць у нас можна назіраць хіба на "Славянскім базары ў Віцебску". Іншыя ж фестывалі, здараецца, не займаюцца абнаўленнем сайтаў па некалькі не тое што месяцаў — гадоў! А іншыя і ўвогуле іх не маюць. Вынік такой хуткай ды зладжанай арганізацыйнай працы, здзейсненай Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, быў пацверджаны, да ўсяго, "надзвычайным здарэннем", падкінутым будаўнікамі. Рамонтныя работы ў Музычным тэатры, дзе павінны былі адбыцца пяць фестывальных спектакляў, зацягнуліся. І літаральна ў апошні момант кіраўніцтву Цэнтра давялося шукаць новыя пляцоўкі, неяк размяшчаць там публіку, што набыла білеты ў іншую залу, урэшце, папярэджваць уладальнікаў білетаў пра гэтыя пераносы. У такіх умовах ніводны з запланаваных спектакляў не сарваўся, усе гледачы паспелі заняць свае месцы. Бо акрамя абвестак усімі магчымымі і немагчымымі сродкамі, уключаючы сацыяльныя сеткі, ля Музычнага тэатра дзяжурылі валанцёры. Яшчэ адным выпрабаваннем на добрую арганізацыю стаўся перанос спектакля "Персона. Мэрылін" на заўтра, ды яшчэ на дзённы час: выканаўца галоўнай ролі не паспела даехаць. Але "заўтрашняя" зала была не проста паўнюткай, а — перапоўненай. Чым не прынада? Фестываль, да ўсяго, востра паставіў праблему "абжывання" ўсё новых тэатральных памяшканняў. Не толькі такіх, як Палац культуры МАЗа (дзякуючы метро туды можна трапіць даволі хутка), але і такіх, як… "засцэнічная" прастора згаданага ўжо Музычнага тэатра. Спектакль "Персона. Мэрылін" паказваўся са зваротнага боку сцэны, за так званай "жалезнай заслонай". Гледачы змясціліся амфітэатрам, на спецыяльных станках — накшталт тых, на якіх спявае хор. У тэатры ўсё яшчэ не было электрычнасці, але для гэтага праекта арганізатары даставілі перасоўны генератар. Падкрэслю, што ўсе гэтыя "непрыстасаваныя ўмовы" былі закладзены ўжо самой эстэтыкай спектакля, і ён праходзіў менавіта на той пляцоўцы, на якой і павінен быў адбыцца. Дарэчы, у заходнееўрапейскіх краінах падобныя залы, "змайстраваныя" без усякага рамонту, узнікаюць у закінутых басейнах, былых заводскіх цэхах, шахтах, іншых вытворчых памяшканнях, часта — за горадам… У нас жа падобную "пляцоўку" ўдалося знайсці толькі ў закуліссі Музычнага. Што ж, тэатр мог бы падумаць, як яму выкарыстоўваць свой "эксклюзіў" і на будучыню. Чым, дарэчы, не "прынада" для моладзі і аматараў эксперыментаў? Фантазію аўтараў ды пастаноўшчыкаў маглі абудзіць і "расштурхаць" не толькі элементы новага для нас сцэнічна-"зальнага" начыння, але і самі спектаклі. Іх жанравая палітра была, як і заўсёды на такіх форумах, неабсяжнай: ажно да балета ды мюзікла. Наўмысна пазбягаючы рэцэнзій на кожны з іх, звернем увагу на пэўныя тэндэнцыі развіцця тэатральнага мастацтва, якія маглі б быць прыдатнымі і для нашых творцаў. "Адхіленне" — "у капеечку"? Адна з іх — уменне зрабіць спектакль "з нічога". Можна, канешне, кпіць з таго, што, маўляў, камусьці грошай на духоўнасць не хапае, таму і спектаклі па сваім каштарысе атрымліваюцца таннымі. А можна задумацца пра іншае: як з закладзеных у пастаноўку грошай атрымаць максімальны прыбытак — не толькі эканамічны, але і духоўны. Сярод прывезеных спектакляў хіба італьянскі патрабаваў спецэфектаў, дый "Шэрбургскія парасоны" Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра "Карамболь" уляцелі пастаноўшчыкам "у капеечку". Але на тое ён і мюзікл! У астатніх жа спектаклях акцэнт быў зроблены на пастаянныя тэатральныя пераасэнсаванні-"пераўвасабленні". Там, дзе не схаваешся за багаццем убранства і "цудамі тэхнікі", патрабуецца папраўдзе фантастычная ігра. Ці такая ж рэжысура, якая не толькі "схавае" артыстычныя нястачы, але і вывядзе іх за эстэтычнае крэда, звярнуўшыся, да прыкладу, да эфекту "адхілення". У спектаклі "Нічыя доўжыцца імгненне", прысвечаным тэме яўрэйскага гета, замест выбуху эмоцый нам прапанавалі быццам бы "дыктарскі пераказ", які, тым не менш, выклікаў выбух эмоцый у гледачоў. У пастаноўцы "На дне" паводле М.Горкага Тэатра Оскараса Каршуноваса, у познаньскім пластычным "Мінус 2", пастаўленым харэографам Охадам Нахарынам, было, наадварот, багата інтэрактыву. Прычым не дзеля адно забавы, а яшчэ і з… выхаваўча-асветніцкімі мэтамі. Першы спектакль вымушаў паставіць сябе на месца герояў, пераасэнсаваць не толькі выразы-лозунгі, шчодра раскіданыя па тэксце і адно за адным вынесеныя на спецыяльнае электроннае табло, але і ўласнае жыццё: што ў ім — галоўнае? Другі — запальваў энергіяй руху, якая ўжо сама па сабе, пазбаўленая звыклага "сюжэту", і ёсць тое самае жыццё. А ці не натхніла кагосьці з нашых аўтараў крэатыўная "алеаторыка" спектакля "Запалі мой агонь"? Справа не толькі ў тым, што аповед пра заходніх рок-зорак тут сплецены з біяграфіямі саміх акцёраў, ствараючы пастаянныя паралелі, але і ў "мазаічнасці" самой драматургіі: яна быццам складзена з асобных фрагментаў — "імгненняў жыцця", прычым зусім не ў храналагічным парадку. І толькі сам глядач у фінале здольны "сумясціць" карцінку, каб усё "сышлося". Пры такіх "зборна-разборных" канструкцыях спектакль можна штораз рабіць новым, складаючы "кавалкі" ў іншай паслядоўнасці, прапускаючы адны, дадаючы другія. Усё — у залежнасці ад аўдыторыі! А прыём, калі аднаго і таго ж персанажа на працягу спектакля іграюць усё новыя артысты, вымушае гледача адчуць сябе ў эпіцэнтры падзей. Што ж актуальна? Сярод самых актуальных этычна-эстэтычных праблем, узнятых форумам, стала таксама мяжа дапушчальнага — і ў стасунках з класікай, і ў сучасным рэпертуары. Арыгінал часам станавіўся нават не "пунктам апоры", а ўсяго толькі "пунктам адрыву" ад літаратурнай крыніцы, як гэта адбылося, да прыкладу, з шэкспіраўскай п’есай "У буру". У спектаклях можна было бачыць і цалкам аголеную натуру, прычым не на адно імгненне, а літаральна пастаянна ("Персона. Мэрылін"), і жартоўныя намёкі на фізіялагічныя патрэбы ("Мёртвыя душы"), і іх натуралістычнае ўвасабленне, ажно да ўпарта-паслядоўнай дэманстрацыі, прабачце, чалавечых экскрэментаў ("Аб канцэпцыіі Ліку Сына Божага"). Але, як ні дзіўна, пачатковы ўнутраны пратэст атрымліваў канцэпцыйнае тлумачэнне: аўтарам усіх гэтых "жахаў" былі патрэбны менавіта такія выразныя сродкі, каб данесці сваю думку. Замест банальнай пошласці атрымліваўся боль — жудасны і невыносны. Так што ўсё апраўдвае (ці не апраўдвае) талент. Старая ісціна? Можа, і так. А што ж мы, беларусы? Акрамя нацыянальнай прэм’еры "Ладдзі Роспачы" (гл. стар. 9 гэтага нумара "К"), у праграме "ТэАрта" была яшчэ "Амазонія" таго ж рэжысёра, дзе таннасць пастаноўкі, згаданая вышэй, не прывяла, на жаль, да творчага феерверку, нават у рамках асобна акрэсленай "Маладзёжнай праграмы" форуму. Для параўнання "ў нас" і "ў іх" — не самы паказальны, шчыра кажучы, расклад. Хаця і без таго артысты нашага Музычнага тэатра могуць зафіксаваць абсалютную перамогу: у мюзіклах яны спяваюць лепш. А наша мастацкая школа можа дадаткова парадавацца за Зіновія Марголіна: без яго сцэнаграфіі расійская пастаноўка мюзікла папросту "развалілася" б. З аднаго боку, раўнавагу паміж нашым і замежным, трэба спадзявацца, унясе Нацыянальная тэатральная прэмія дэманстрацыяй вылучаных на яе спектакляў. З іншага ж, няблага было б гэтак жа канцэпцыйна ставіцца і да фарміравання нацыянальнага складніка, тым больш, што вольныя ад праглядаў вечары — былі. А ўключэнне ў фестывальную афішу яшчэ аднаго-двух добрых спектакляў (асабліва, калі яны — сталічныя) не патрабавала б аніякіх капіталаўкладанняў. Затое — стала б дадатковым стымулам для нашых творцаў. Надзея БУНЦЭВІЧ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by