Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Запрашае "Галерэя"! (Дзяніс Марціновіч, "Літаратура і мастацтва", 9.11.2012)

Запрашае "Галерэя"! (Дзяніс Марціновіч, "Літаратура і мастацтва", 9.11.2012)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЗАПРАШАЕ "ГАЛЕРЭЯ"!

12-288aУ Белай зале Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў прайшоў канцэрт-спектакль "У душы маёй…" салісткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ганны Бяляевай.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў Музычны тэатр "Галерэя" — новае імя для сталіцы. Ён быў заснаваны яшчэ ў мінулым годзе і адкрыўся паказам спектакля "Кінараманс", які атрымаў ад стваральнікаў жанравае пазначэнне "гісторыя з водарам кавы". Другім праектам "Галерэі" стаў канцэрт-спектакль "У душы маёй…", у якім узялі ўдзел Ганна Бяляева (сапрана), яе калега па тэатры Дзяніс Нямцоў (чытальнік) і Віталь Дубовік (гітара). Ва ўтульнай атмасферы хатняга салона пад акампанемент шасціструннай гітары прагучалі старадаўнія рускія рамансы ("Слушайте, если хотите", "Что это сердце", "И нет в мире очей", "Ночь светла", "Не уходи", "Нет, не любил он", "Тёмно-вишнёвая шаль", "Эй, ямщик, гони-ка к "Яру"" і іншыя), а таксама любоўная лірыка Пушкіна і Лермантава, Кальцова і Буніна...

Прызнаюся шчыра: нягледзячы на тое, што адсочваю ўсе прэм’еры Музычнага і неаднаразова бачыў яго салістаў, канцэрт стаў для мяне прыемнай нечаканасцю. Напрыклад, Д. Нямцоў часцей за ўсё выконвае ў тэатры ролі, якія адпавядаюць тыпажу "прастака". А Г. Бяляева, за выключэннем партыі Сільвы ў аднайменнай аперэце, пакуль увасабляе ролі другога плана. "У душы маёй…" прадставіў для выканаўцаў шанц выявіць сябе ў іншым жанры, чым яны бліскуча скарысталіся. Увасабленне вобразаў паэта і яго музы дапамагло стварыць рамантычную атмасферу ХІХ стагоддзя і перадаць адухоўленасць і глыбіню перажыванняў герояў у рускім рамансе і паэзіі таго часу.

Не аспрэчваючы несумненны поспех мерапрыемства, хацелася б звярнуць увагу на некаторыя спрэчныя моманты. Асабіста мне крыху не хапіла ў ім… рэжысёра, задачы якога фактычна ўзялі на сябе выканаўцы. Згодна з канцэпцыяй, у аснове канцэрта-спектакля гісторыя нешчаслівага кахання паміж героямі Г. Бяляевай і Д. Нямцова. Яны знаходзіліся ў розных прасторах (яна — у сваёй гасцёўні, ён — ва ўласным кабінеце): іх адносіны засталіся ў мінулым. Але калі параўноўваць "У душы маёй…" з вечарамі рамансаў, што ставіла ў Музычным Ганна Маторная, бачна, што ў апошніх пераходы паміж нумарамі абыгрываліся больш тонка, а сувязі паміж персанажамі — куды больш складаныя. У гэтым канцэрце-спектаклі сцэнічныя лёсы Г. Бяляевай і Д. Нямцова перакрыжаваліся толькі аднойчы: калі салістка чытала ліст з вершамі, якія за сцэнай агучваў чытальнік. У астатнім яны існавалі паасобку. Здзівіла і пэўная непрадуманасць элементаў сцэнаграфіі. Калі дзеянне пераносіцца ў ХІХ стагоддзе і адбываецца пры свечках, дык пры чым тут таршэры? Здавалася б, дробязь, а яна ўплывае на агульную карціну.

У далейшых планах тэатра — цыкл канцэртаў, якія будуць праходзіць на пляцоўцы Палаца прафсаюзаў кожную нядзелю месяца. 11 лістапада ансамбль старадаўняй музыкі "Кантабіле" прадставіць "Музыку Нясвіжскага палаца". 18-га пройдзе канцэрт Ігара Задарожнага ў суправаджэнні ансамбля "Рэтра-хіт", падчас якога прагучаць песні 1960–1970-х гадоў, а 25-га — музычны спектакль  "Фантазіі Вольфганга Амадэя". У апошняй пастаноўцы прагучаць арыі з опер "Вяселле Фігара", "Чароўная флейта", "Дон Жуан" і "Так робяць усе". У больш далёкай перспектыве магчымыя паказы аднаактовых опер. Будзем спадзявацца, што да ўдзелу ў іх будуць запрошаны і выканаўцы канцэрта-спектакля "У душы маёй…". У добры шлях, "Галерэя"!

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Фота Анжалікі ГРЭКОВІЧ.
Літаратура і мастацтва. – 2012. – 9 лістап. – С. 20.

На здымку: выканаўца галоўнай ролі Ганна Бяляева.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: