« Назад Мушкецёры, коні, пешкі У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры з’явіліся "Тры мушкецёры". Ды не проста з’явіліся як гэткі "аднаразовы" гастрольны паказ, а трывала "прапісаліся" на афішы і сцэне. Мюзікл Максіма Дунаеўскага, больш вядомы ў нас па колішняй аднайменнай трохсерыйнай расійскай стужцы (хоць насамрэч экранізацый было безліч), набыў тэатральнае ўвасабленне. Сама назва гэтага прэм’ернага спектакля — залог нязменнай увагі з боку публікі: раман Аляксандра Дзюма-бацькі (у перакладзе на рускую, а таксама на мовы іншых відаў мастацтваў) ведаюць усе, пачынаючы са школьнікаў. Але цяперашні спектакль пазначаны як 16+, і гэтаму ёсць свае тлумачэнні. Пастаноўшчыкі імкнуліся надаць вядомым сітуацыям новы сэнс, адысці ад стэрэатыпаў (у тым ліку, у трактоўцы аблічча і характараў герояў) — іншымі словамі, хацелі як лепей. Ды толькі пачынаць тыя змены трэба было з самой п’есы Марка Разоўскага ці з яе яшчэ больш кардынальнага рэжысёрскага прачытання: нягледзячы на шматлікія ўвасабленні гэтага мюзікла ў расійскіх тэатрах, пачынаючы з нашумелага спектакля Маскоўскага ТЮГа ў 1974-м, сёння не толькі літаратурны тэкст, але і паслядоўнасць яго выкладання, драматургія твора патрабуюць сваіх карэктываў. Невыпадкова ў час працы над згаданай тэлестужкай аўтар унёс у сцэнарый, зроблены паводле п’есы, значныя змяненні, што тычыліся не толькі перакладу на мову кіно. Падзеі ў п’есе выкладаюцца не ў прамым рэжыме часу, куды часцей яны вынікаюць з успамінаў герояў. Такая падмена дзеяння аповедамі пра яго, уласцівая драматургіі опер Рыхарда Вагнера, значна затарможвае тэмпарытм — нават пры тым, што аповеды ўсё роўна суправаджаюцца сцэнічным увасабленнем пераказу. Не спрыяюць тэмпарытму ні даволі статычныя дыялогі, ні залішнія тэмпавыя кантрасты ўнутры музычных нумароў (дырыжор — Юрый Галяс). Увогуле, цяперашнія ўяўленні пра мюзікл патрабуюць больш музыкі і менш размоўных сцэн. Зрабіць гэта было дастаткова проста: некаторыя з дыялогаў — скараціць, колькасць музыкі — павялічыць за кошт паўтораў некаторых тэм, а тое і суцэльных нумароў ці іх фрагментаў. Але ж новая ў параўнанні з Бетховенам "тэма радасці" ("Пора-пора-порадуемся") гучыць хіба ў фінале, хаця ў той жа тэлестужцы справядліва стала лейтматывам. Абедзе канцэпцыйныя ідэі, заяўленыя маладым рэжысёрам Валерыяй Чыгілейчык на прэс-канфрэнцыі і ў некалькіх інтэрв’ю і таму шырока растыражаваныя ў прэсе, відавочна "буксуюць". Пачатковая гульня ў шахматы, даволі жорстка і нягегла адлюстраваная нават на вокладцы праграмкі (постаць у мантыі з ладдзёй замест галавы — бы твар, закрыты чорнай жалезнай маскай), пазней забываецца. Суперзавеса, размаляваная пад шахматную дошку (баюць, яна павінна была ляжаць на падлозе, ды перасоўваць па ёй дэталі сцэнаграфіі аказалася нязручна), не функцыянальная. Подыум (мастак — Андрэй Меранкоў) з паказам "моднай калекцыі" замест традыцыйных для той эпохі строяў (мастак па касцюмах — Ілья Падкапаеў) задзейнічаны толькі ў пачатку абедзвюх дзей. Між тым, ён мог бы мець цудоўны працяг і пераасэнсаванне, бо для гэтага ёсць усе падставы. Сцэна смерці Канстанцыі вырашана праз светлавую дарожку ў нябёсы (мастак па святле — Іван Антанюк) акурат на месцы былога подыума. Але гэтае папраўдзе выдатнае рашэнне не атрымлівае працягу: гераіня, ухапіўшы доўгі шлейф, збягае ўглыб сцэны. А між тым, подыум мог бы стаць своеасаблівым парталам між зямлёй і нябёсамі, мінулым і сучаснасцю. Яшчэ адна шыкоўная ідэя, кінутая без развіцця, — з’яўленне дзяўчат-барабаншчыц у зялёненькіх мундзірах і балетных пачаках "чорных лебедзяў". Абодва іх барабанныя шэсці нагадваюць рух батлеечных лялек і тым самым вымушаюць задумацца пра лёс герояў, якімі гуляюць, бы цацкамі: вайна між мушкецёрамі караля і гвардзейцамі кардынала, між каталікамі і гугенотамі, як і магчымыя ваенныя дзеянні між Францыяй і Англіяй — усяго толькі наступствы палацавых інтрыг і царкоўна-каралеўскіх прыхамацей. Невыпадкова сустрэча каралевы Ганны (Маргарыта Александровіч) з герцагам Бэкінгемам (Сяргей Суцько) вырашана парадыйна. Але слушныя думкі пра простых людзей, прапісаныя ў рамане і трапна, літаральна адной фразай выяўленыя ў тэлестужцы, у спектаклі практычна не чытаюцца. Гэта адбываецца яшчэ і таму, што многім сцэнам элементарна нестае добрага густу. Прысутная ў музыцы полістылістыка прыводзіць да жадання зрабіць такой жа "шматпластовай", часам нечаканай і харэаграфію (Кацярына Каваленка), дзе выкарыстаны танцы на пілоне. Смелае рашэнне! Ды толькі яго ўвасабленне патрабуе такога ж майстэрства, як і класічны балет. Засваенне ж артыстамі новай для іх тэхнікі выглядае пакуль прыблізна так, як успрымаліся б фуэтэ ды арабескі барацьбітоў сумо. А танец мушкецёрскіх коней увогуле нагадвае дзіцячы ранішнік невядома якой даўніны. Спектакль пазбаўлены кахання — цалкам. Пра яго неаднойчы гаворыць Д’Артаньян (Сяргей Спруць), ды ў сцэнах з Канстанцыяй (Наталля Чабёлка) пачуцці не выяўляюцца: гераіня папросту выкарыстоўвае хлопца, што павёўся на яе прыгажосць. Гэтая маладая жанчына нічым не лепшая за Міледзі, якая ў трактоўцы харызматычнай Наталлі Дзяменцьевай становіцца ахвярай лёсу. Розніца хіба ў тым, што адмоўная Міледзі ўсё робіць сама, рызыкуючы ўласным жыццём, а быццам бы станоўчая Канстанцыя — чужымі рукамі, нікога не забіваючы самастойна, ды пасылаючы на верную смерць памагатых. Ці ж не так? Кардынал Рышэлье (Антон Заянчкоўскі, які гаворыць, бы спявае) паўстае мудрым правідцам, забараняючы дуэлі, на якія штурхае мушкецёраў капітан Дэ Трэвіль, камічна вырашаны Аляксандрам Асіпцом. А самі мушкецёры (Атос — Арцём Хамічонак, Араміс — Мікалай Русецкі, Партос — Сяргей Жараў) блякнуць на фоне той жа Абацісы, якую вельмі ярка, па-майстэрску выляпляе Леся Лют. Бо яе гераіня — жывая, каларытная, а згаданыя мужчынская постаці — усяго толькі "цені ценяў", нягледзячы на добрае фехтаванне. Дык пра што, у рэшце рэшт, увесь спектакль — пра каштоўнасць сяброўства? "Жыццё бессэнсоўна, калі ў ім няма подзвігаў і прыгод", — гаворыць у фінале Д’Артаньян. "Жыццё бессэнсоўна, нават калі там ёсць подзвігі і прыгоды", — працягвае Атос. Можа, ключ да разгадкі пастаноўкі менавіта ў гэтых словах? Бо на сцэне бачны і подзвігі і прыгоды, а вось сам спектакль на дзень прэм’еры штосьці не зусім пакуль склаўся. Надзея Бунцэвіч |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by