Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Звычайная праца: "почырк тэатра"? (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 23.02.2013)

Звычайная праца: "почырк тэатра"? (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 23.02.2013)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЗВЫЧАЙНАЯ ПРАЦА: "ПОЧЫРК ТЭАТРА"?

13-43aКолькі крокаў па лесвіцы да "…Цуду"?

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры ў чарговы раз зрабілі звычайны цуд — паставілі прэм’еру. Гэтым разам аднайменную — мюзікл Генадзя Гладкова "Звычайны цуд". Спектакль атрымаўся акурат для сямейнага прагляду. З грыфам: "Рэкамендавана для дзяцей, падлеткаў і іхніх "цяжкіх" бацькоў. Прымаць у выпадках непаразумення і ў мэтах яго прафілактыкі".

Гэтая казка Я. Шварца вядомая найперш па фільме Марка Захарава (1978 г.) з музыкай таго ж Гладкова. Больш як праз трыццаць гадоў кампазітар вырашыў вярнуцца да яе і, дапісаўшы нумары, зрабіць мюзікл. Увосень 2010-га той быў увасоблены ў Маскве, наш спектакль — другі. І лепшы! Праўда, маскоўскі мне давялося глядзець у запісе. Але засведчу: у нас і аркестроўка, зробленая дырыжорам Мікалаем Макарэвічам, больш каларытная, і найцікавых рэжысёрскіх прыдумак — у разы больш, і тэмпарытм пастаноўкі больш імклівы. Дый артысты нашы, уключаючы зусім "зялёную" студэнцкую моладзь, куды больш арганічна спяваюць-танцуюць-іграюць. Так што кампазітар павінен быць узрадаваны, завітаўшы на спектакль 21 лютага і, трэба спадзявацца, 12 сакавіка на свой аўтарскі вечар у нашай сталічнай філармоніі. Дарэчы, наш тэатр — адзіны, дзе ідуць адразу тры ягоныя творы, прычым усе — у нашых аркестроўках: "Прыгоды брэменскіх музыкаў", "12 крэслаў", "Звычайны цуд". Першы са спектакляў нядаўна гучаў у зале Маскоўскай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага — да 40-годдзя мультфільма. Шкада толькі, што ў канцэртным выкананні, бо пастаноўка, ажыццёўленая ўсё тым жа тандэмам (рэжысёр — Настасся Грыненка, балетмайстар — Дзмітрый Якубовіч), заслугоўвае ўвагі маскоўскіх крытыкаў.

Вось і ў "Звычайным цудзе" — цуд, дый годзе! Аркестр — шык ды бляск! Асабліва — у характарных нумарах, зробленых у працяг традыцый Д. Шастаковіча з "гаваркімі" сола духавых і ўдарных. Мізансцэны — супер! Чаго вартыя выезд Караля на стосе чамаданаў, партрэты яго продкаў з дзіркай для галавы, як у курортных фатографаў, карагоды хору "матылькоў", забойства чайкі (як жа без Чэхава?), стрэлы па "рухомых мішэнях", "ладдзя кахання" Тракціршчыка і Эміліі, гульня ў гольф ды многае-многае іншае! А што за акцёрскія работы! Замест падзелу на прымадонну ды астатніх — развіццё некалькіх ліній, кожная з якіх можа лічыцца адной з галоўных. Спектакль, улічваючы падвойны склад, не проста задзейнічаў "у масоўцы", а вывеў на авансцэну большую частку трупы. І галоўнае — даў магчымасць рэалізавацца моладзі, якой у тэатры шмат. Хаця майстэрні не паспявалі са сцэнічнымі строямі для ўсіх удзельнікаў, на прэм’ерныя спектаклі ўдалося выпусціць абодва склады — за выключэннем, праўда, некалькіх артыстаў, вельмі адрозных памерамі адзення ад сваіх "дублёраў".

13-43bНайбольшую інтрыгу, зразумела, утрымлівала прэм’ера "маладзёжная". Кацярына Мошчанка, якая дэбютавала ў партыі Канчыты ("Юнона" і "Авось"), стварыла цудоўную Прынцэсу — з пяшчотным "флейтавым" голасам, ідэальна чысцюткімі спевамі, сімпатычна своеасаблівым вымаўленнем, добрай пластыкай (адзін фехтавальны фрагмент чаго варты!) і, што вельмі важна, у пераходным узросце — на мяжы дзяцінства і даросласці. Пасталеўшым "двайніком" Прынцэсы, калі тая не паслухае свайго сэрца, выступіла Эмілія — Кацярына Дзегцярова, заўсёды новая і разнастайная ў палярных эмацыйных фарбах. Прынцыпова іншым, чым у фільме, аказаўся Мядзведзь. Эдуард Вайніловіч, які раней сыграў толькі Рыфа ў "Вестсайдскай гісторыі", паўстаў гэткім "цяжкім падлеткам", падобным не на разумна-разважлівага "мішку"-філосафа, які змагаецца з выбухам эмоцый, а на Ваўчаня, што выратоўваецца ад аблавы (ну проста герой сіквела казкі пра Чырвоны Каптурык!). Нечакана ўраўнаважаным і мудрым Тракціршчыкам, гэткім "бацькам"-дарадчыкам Мядзведзя, мы ўбачылі Віктара Цыркуновіча, які раней, пры ўсёй сваёй душэўнай дабрыні, больш "спецыялізаваўся" на адмоўных персанажах. Кароль Аляксандра Асіпца, бліскучага не толькі ў ігры, але і ў спевах, стаў гарэзлівым дзіцем з зусім не бяскрыўднымі хітрыкамі. Ён, паводле беларускай версіі, — не столькі пародыя на палітычных дзеячаў савецкіх часоў, колькі другое "Я" Гаспадара (Антон Заянчкоўскі). Той таксама ўсё ніяк не развітаецца з дзіцячымі выбрыкамі, начароўваючы то куранят з пяццю лапкамі ды нясушку з вусамі, то гісторыю з Мядзведзем, якая, як ні круці, выходзіць з-пад яго кантролю. Дый увогуле, хто "камандуе" ўсімі гэтымі пераўтварэннямі, ён ці хімеры? Гэтым нашчадкам шэкспіраўскіх вядзьмарак, якія прыдуманы нашымі пастаноўшчыкамі і вырашаны сродкамі балетнай неакласікі, яшчэ б мадэрна "ў меру" — вось былі б хімеры дык хімеры! А так — бляклыя прывіды. Затое якімі яркімі атрымаліся "жывыя" персанажы! Прычым абсалютна ўсе: ад світы Караля з яскравымі характарамі (і пастаяннымі скокамі-спевамі хору, дзе кожны можа быць салістам) да выразнага і зусім не жудаснага Ката (ці ж можа каго закатаваць "сапраўдны мача" Анзор Алімірзоеў?). Шыкоўна спявае Аляксандр Крукоўскі (Паляўнічы), выбівае стэп Сяргей Спруць (Першы міністр), не стамляецца ў творчым росце таленавіты Дзяніс Мальцэвіч (Міністр-адміністратар).

І ўсё б добра, ды надта спрэчнай падалася сцэнаграфія. Можа, яшчэ і таму, што ў згаданай маскоўскай пастаноўцы менавіта яна была самай моцнай (па каштарысе — таксама): паўкруглыя сферы-шырмы, прыдуманыя архітэктарам Ларысай Ламакінай, стваралі эфект нечаканых пераўтварэнняў. А што ў нас? Цяперашні галоўны мастак тэатра Андрэй Меранкоў спалучыў свой улюбёны канструктывізм, выкарыстаны ў балеце "12 крэслаў", мюзікле "Вестсайдская гісторыя", спектаклі "Квадратура круга" ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры ды іншых пастаноўках, з малюнкамі Леанарда да Вінчы, змешчанымі на суперзаслоне і кулісах. Пэўна, пастаноўшчыкі імкнуліся падкрэсліць, што геніі нараджаюцца ад шлюбу чараўніка са звычайнай жанчынай. Але — не "чытаецца" гэтая паралель. Малюнкі, уражваючы класічнасцю прапорцый (вось яна, гармонія, канструктыўна "падлічаная" алгебрай!), не "ажываюць" у глядацкай свядомасці, не асацыіруюцца з героямі мюзікла, застаючыся энцыклапедычна-музейнымі звесткамі. Гэтак жа не "іграюць" механізмы, усе гэтыя вінцікі-калёсікі, што круцяцца раз-пораз. Так, яны выклікаюць асацыяцыі з гадзіннікавым механізмам і, адпаведна, з філасофскай катэгорыяй часу, запатрабаванай у казках-прытчах. Самае зубчастае з калёсікаў раптам ператвараецца ў сродак пакарання. Лесвіцы, што перасоўваюцца па сцэне, вымушаюць узгадаць пасадку ў самалёт. Іх мудрагелістыя завітушкі-упрыгожанні — сённяшніх магнатаў, што акружаюць сябе квазідаўніной. Але ўзнікае адчуванне, што ўсё гэта — быццам з іншага спектакля: халодна-іранічнага, з металічным бляскам. Ужо ў пачатку дзеі, калі трапяткую, сонечную Лесю Лют (Гаспадыня) выкочваюць на сцэну на металаканструкцыі, падобнай да перасоўнага гардэроба, гэта ўспрымаецца як замах на свабоду і сардэчнасць гераіні. Бо асацыяцыі — з клеткай, эшафотам, вешалкай для адзення, з чым заўгодна, акрамя сямейнай утульнасці і кахання. Атмасферу "механічнай пустэчы" не можа парушыць нават эклектыка сцэнічных строяў (Юлія Бабаева). Толькі — энергетыка артыстаў.

Дадам, што разнастайныя "металаканструкцыі" з лесвіцамі-масткамі-пераходамі сталі ў Музычным тэатры надта частымі. Што самае цікавае, выкарыстоўваюцца яны рознымі мастакамі, у спектаклях рознай стылістыкі, уключаючы класічную аперэту, таму ледзь не прэтэндуюць на своеасаблівы "почырк тэатра". Яшчэ можна было б зразумець, калі б гэта тлумачылася жаданнем зберагчы грошы, выкарыстаўшы часткі ранейшых дэкарацый. Але ўсё зробленае — новае. Глядзіцца ж — быццам крыху "перайначанае", перакроенае старое. Ці ж так робіць мудры гаспадар?..

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА.
Культура. – 2013. – 23 лют. – С. 8.

На здымках: сцэны са спектакля "Звычайны цуд".



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: