« НазадХТО НЕ ВЕРЫЦЬ У ЦУДЫ?У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры выпусцілі прэм'еру мюзікла Генадзя Гладкова "Звычайны цуд" Лібрэта да мюзікла паводле казкі Яўгенія Шварца і вершы напісаў паэт і бард Юлій Кім. Песенны матэрыял, добра знаёмы па мастацкім фільме Марка Захарава, Гладкоў і Кім дапоўнілі новымі нумарамі, так што можна сказаць, што ў тэатральнае плаванне адправіўся цалкам новы тэатральны прадукт. У 2012 годзе гэты "Звычайны цуд" паставіў у Маскве ў Тэатральным цэнтры на Дуброўцы малады рэжысёр Іван Папоўскі (прадзюсарам выступіў ідэйны натхніцель "Норд-Оста" Аляксей Івашчанка). У 2013 годзе пастаноўка атрымае жыццё на падмостках вядучага расійскага музычнага тэатра — Свярдлоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі, які гасцяваў летась у Мінску цэлы месяц з гастролямі, і ў адэскім тэатры імя М. Вадзянога. Сапраўды, грэх не паставіць такі правераны часам, іскрамётны і вясёлы спектакль. Пастаноўшчыкам мінскай версіі стала Анастасія Грыненка, якая працуе шмат і плённа не толькі ў прасторы музычнага тэатра. У антрэпрызе "Альфа-канцэрт" Грыненка паставіла камедыйны блокбастар "Боінг, боінг, боінг" з удзелам вядучых маладых акцёраў мінскіх тэатраў Віталя Казлова, Сяргея Чэкерэса, Анастасіі Шпакоўскай і іншых. Відовішча атрымалася займальнае. Можна меркаваць, што і ў далейшым Грыненка будзе спрабаваць сябе ў драме. Для яе рэжысёрскага почырку ўласцівы іранічны постмадэрнісцкі погляд і на п'есу, і на само тэатральнае рамяство. Наўрад ці ўслед за Анатолем Эфрасам Анастасія можа паўтарыць "Рэпетыцыя — любоў мая". Не, для яе, як для чалавека пакалення прагматычнага і дзелавога, важны канчатковы прадукт — спектакль, прэм'ера, шоу. I важна, каб прадукт гэты быў жыццяздольны і вытрымліваў канкурэнцыю з іншымі відовішчамі. Гэта менавіта яна пераклала на сучасную тэатральную мову музычныя казкі Аляксея Рыбнікава "Чырвоная Шапачка" і "Бураціна", знаёмыя па бліскучых экранізацыях Леаніда Нячаева, прымусіўшы Чырвоную Шапачку асвоіць Інтэрнэт, а ката Базіліа і лісу Алісу вывучыць жаласны жабрацкі рэфрэн "Самі мы не мясцовыя...", які даўно стаў элементам гарадскога фальклору. Грыненка пашанцавала і з камандай аднадумцаў. Ёй ёсць на каго абаперціся. У першую чаргу гэта муж Дзмітрый Якубовіч — на ўсе рукі майстар. Ён і яркі, рамантычны герой — амплітуда яго роляў ад капітана Мэшэма ў "Шклянцы вады" Уладзіміра Кандрусевіча да прывабнага разгільдзяя Тоні з "Вестсайдскай гісторыі" Леанарда Бернстайна. У ролях гэтых Якубовіч дэманструе моцны вакал, пераканаўчую пластыку, глыбокае разуменне сваіх персанажаў, пранікненне ў іх унутраны свет. Ён і бліскучы харэограф, які валодае веданнем усіх апошніх павеваў і тэндэнцый. Яго эксцэнтрычны балет "12 крэслаў", пастаўлены як самадастатковая фантазія на тэмы любімага з дзяцінства рамана Ільфа і Пятрова, папросту мог бы прадстаўляць беларускую харэаграфію на любым з замежных тэатральных фестываляў. Увогуле, і Грыненка, і Якубовіч — смельчакі, якія паслядоўна выбудоўваюць сваю лінію ў мастацтве. Дабаўце ў гэтую кампанію дырыжора Мікалая Макарэвіча, для якога "Звычайны цуд" — ужо трэцяя работа з музыкай Гладкова (да гэтага былі "Прыгоды брэменскіх музыкантаў" і "12 крэслаў"), яркага мастака Андрэя Меранкова, які ўмее ўдыхнуць жыццё нават у невялікую прастору, мастака па касцюмах Юлію Бабаеву — і вы атрымаеце згуртаваны прафесійны касцяк, які забяспечыў поспех прэм'еры. На жаль, прэм'ера супала з эпідэміяй грыпу, чыёй ахвярай стаў Генадзь Гладкоў, але ведаючы, як шчыра і трапятліва ён адносіцца да пастановак сваіх спектакляў у Мінску, можна выказаць здагадку, што маэстра абавязкова паглядзіць мюзікл пры першай жа магчымасці. Да гэтага менавіта беларуская трупа Музычнага тэатра выступіла ў зале маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага на юбілейным канцэрце, прысвечаным выхаду мультфільма "Прыгоды брэменскіх музыкантаў". Вёў канцэрт сам Гладкоў і не стамляўся рассыпацца ў кампліментах нашым артыстам і аркестру пад кіраўніцтвам Мікалая Макарэвіча. Галоўнае, што атрымалася ў новым спектаклі Анастасіі Грыненка, — яна дабілася ансамблевасці выканання. У пастаноўцы два саставы, але гэта той выпадак, калі друті састаў цяжка назваць дапаможным. Антон Заянчкоўскі больш паважны, чым Дзмітрый Якубовіч у ролі Чараўніка, але ў Якубовіча прысутнічае нязменная хітрынка ў ролі. Леся Лют у ролі Жонкі Чараўніка, можа быць, больш рамантычная, чым Маргарыта Александровіч, але, гледзячы на Александровіч, не сумняваешся, што менавіта для яе творыць усе свае вар'яцтвы Чараўнік. Мядзведзь Алега Прохарава, можа быць, больш пераканаўчы, чым Мядзведзь Эдуарда Вайніловіча, але Вайніловіч настолькі безабаронны і наіўны, што такі малюнак ідзе толькі на карысць ролі. Для Ілоны Казакевіч — гэта не першая Прынцэса ў яе акцёрскай біяграфіі, але Ілона зноў знайшла свае непаўторныя фарбы. Па-свойму трактуе Прынцэсу і Кацярына Мошчанка. Аляксандр Крукоўскі і Аляксандр Асіпец, якія працуюць у агульным амплуа, ярка і выпукла іграюць Караля. I тут зноў цяжка разабраць — хто іграе лепш. Тэатр — усё-такі не спорт. Спектакль не страчвае свайго тэмпу на працягу ўсіх двух актаў. Здзіўляешся, што і сёння гэты матэрыял гучыць так сучасна. Шварц стварыў дзіўны ілюзорны свет, дзе ўсе пачуцці перабольшаныя, а фразы гучаць як эстрадныя рэпрызы. У гэтым свеце хочацца жыць, разглядаць усе прыдуманыя мастаком Андрэем Меранковым дэталі, лунаць на хвалях энергічнай і чароўнай музыкі ў далях цудоўных. Перад прэм'ерай Анастасія Грыненка прызнавалася, што параўнання з фільмам не пазбегнуць. Выказваў свае сумненні і мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч: "Заўсёды небяспечна браць матэрыял, так добра вядомы па экранізацыі". Але, адкінуўшы ўсе сумненні, можна сказаць — у тэатра атрымалася стварыць свой дастойны эквівалент гэтай гісторыі. Груз і аўтарытэт фільма зусім не цісне на акцёраў, яны жывуць у прапанаванай прасторы лёгка і свабодна і, падаецца, сапраўды чытаюць гэтую гісторыю з чыстага ліста. "Звычайны цуд" у Музычным тэатры — спектакль новага часу, з прыкметным постмадэрнісцкім налётам. Акцёры і іх персанажы як бы прызнаюцца гледачу: "Так, усё ўжо сказана, усё спета. Але давайце паспрабуем яшчэ раз". Гэты мюзікл — даніна павагі і выдатнай літаратурнай традыцыі, і ўвабранай з дзяцінства музыцы Генадзя Гладкова, і гратэскнаму свету дзівакоў і прайдох Марка Захарава. Аднак мюзікл не застывае ў свяшчэнным паклоне, ён дыхае і жыве сваім жыццём. Сёння перад Музычным тэатрам стаяць няпростыя задачы. Якім павінен быць яго рэпертуар? Як у пагоне за касавым поспехам не здрадзіць традыцыі высокага мастацтва аперэты? Як падабраць правільны ключ да брадвейскага дзіва — мюзікла? "Звычайны цуд" сваім прыкладам даказвае, што мюзікл можа быць лагічным прадаўжэннем тэатральнай традыцыі. Усё, што было напрацавана ў ёй, варта, узбагаціўшы сваім бачаннем, узяць з сабою. Час паказаў — не заўсёды прыжываюцца на сцэне чыстыя амерыканскія калькі з брадвейскіх узораў. Ці то ў Мінску, Екацярынбургу, ці то ў Адэсе. Нам трэба і важна не скідаць з разліку савецкую класіку. А такой без перабольшання і з'яўляецца творчасць Генадзя Гладкова. Па сваёй энергетыцы, гумару і жыццярадаснасці яна зусім не саступае лепшым пастаноўкам Брадвея. I ў Мінску гэта ацанілі. Валянцін ПЕПЯЛЯЕЎ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by