Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У госці да Соф’і Гальшанскай (Дзяніс Марціновіч, "Будзьма беларусамі!", 12.06.2013)

У госці да Соф’і Гальшанскай (Дзяніс Марціновіч, "Будзьма беларусамі!", 12.06.2013)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У ГОСЦІ ДА СОФ’І ГАЛЬШАНСКАЙ

На адзін вечар Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Строчыцы ператварыўся ў каралеўскі палац ці маёнтак. Там прайшоў "Баль у Соф’і Гальшанскай".

Правядзенне канцэртаў, спектакляў і фестываляў пад адкрытым небам — агульнаеўрапейская практыка. Прахалода летняга вечара, цудоўная натуральная акустыка, сцэнаграфія, якую стварыла сама прырода, і, галоўнае, новыя ўражанні — як яшчэ можа выглядаць мара тэатралаў і меламанаў?

Адной з першых ластавак сталі канцэрты ля сцен полацкага Сафійскага сабора. Услед пачалі ладзіцца канцэрты ў Мірскім замку. У Нясвіжы праходзіць штогадовы фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў". Апошнім часам ідэю падхапіў Беларускі музычны тэатр. У 2011-м у Строчыцах прэзентавалі праект "Чароўная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам". У наступным годзе — "Начное брадвейскае шоу". Сёлета наведнікаў музея запрасілі на баль… да самой Соф’і Гальшанскай!

Вобраз 17-гадовай князёўны, якая стала жонкай польскага караля Ягайлы і заснавальніцай дынастыі Ягелонаў, натхніў кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча на стварэнне мюзікла. Прэм’ера ў Музычным тэатры прызначаная на лістапад гэтага года. А пакуль гледачам прэзентавалі асобныя нумары з будучай пастаноўкі, а таксама выступленне замежных гасцей, які прыехалі павітаць Соф’ю і Ягайлу. Зрэшты, пакуль іх карэты былі на дарозе да Строчыц, увагай наведнікаў завалодаў клуб гістарычнага танца "Версаль". Яго ўдзельнікі дапамагалі ўсім ахвотным засвоіць асновы паланезу, мазуркі, вальса і контрданса. Дарэчы, ужо падчас урачыстасцяў гледачы маглі прадэманстраваць набытыя навыкі пад акампанемент сімфанічнага аркестра.

Праграму балю адкрыла прэзентацыя фрагментаў мюзікла: песні "Белая ластаўка", з якой у свой час "стрэліла" на "Славянскім базары" Алена Ланская, дуэтаў Соф’і (Вольга Жалезская) і Ягайлы (Антон Заянчкоўскі), а таксама Соф’і і яе брата Ганча (Арцём Хамічонак), песень "Мужчынскія гульні", "Мы на нашай зямлі" і "Беларускія сны".

Каралеўскую пару павіншавалі госці з Літвы і Расіі. Салісты Клайпедскага музычнага тэатра выканалі ўрыўкі з мюзікла "Скрыпач на даху", а іх калегі з Каўнаскага музычнага тэатра — з "Аіды". Толькі не оперы Вердзі, а мюзікла, напісанага Элтанам Джонам. Яркае выкананне арый Аіды, Радамеса, а таксама іх дуэта прымусіла шчыра зайздросціць заходнім меламанам: малаверагодна, што найбліжэйшым часам айчынныя калектывы знойдуць сродкі і набудуць ліцэнзію на "Аіду". Закрыў баль дуэт расійскіх выканаўцаў ("Too much love will kill you…", песня з мюзікла "Небяспечныя сувязі" і дуэт "Viva per lei"). Цікава, што некалькі гадоў таму мне даводзілася чуць аднаго з іх, Глеба Матвейчука, у маскоўскім тэатры Массавета, дзе той выконваў галоўную ролю ў мюзікле "Ісус Хрыстос — суперзорка". Але толькі цяпер я даведаўся, што дзяцінства гэтага выканаўцы прайшло ў Мінску, а яго настаўнікам у музычным каледжы быў Адам Мурзіч, сённяшні мастацкі кіраўнік Музычнага тэатра.

Калі казаць пра агульныя ўражанні ад "Балю", дык яны падаліся неадназначнымі. Вельмі парадавала арганізацыя імпрэзы. Дастаўка гледачоў з горада і назад (асабліва да таго, пакуль яшчэ хадзіў грамадскі транспарт), іх размяшчэнне, магчымасць падсілкавацца — гэта нібыта дробязі. Але недахоп такіх рэчаў моцна псуе ўражанне ад любога форуму. Застаецца належным чынам асвяціць дарогу ад пляцоўкі да выхаду, каб не блукаць у цемры, — і ўсё будзе на вышыні.

З творчым аспектам усё не так проста. Як ні дзіўна, найбольш парадавалі менавіта запрошаныя госці, як сваім вакалам, так і харызмай. А вось "Соф’я Гальшанская" пакінула пэўныя пытанні. Частку з іх пакіну за кадрам: не зусім карэктна ацэньваць "чарнавыя" напрацоўкі да таго, як з’явіцца канчатковы варыянт. Але некалькі рэплік падаюцца важнымі. Шчыра спадзяюся, што касцюмы Соф’і і Ягайлы толькі часовыя. Бо яны, мякка кажучы, не выглядаюць стыльнымі і, на жаль, не вытрымліваюць параўнання са сцэнічнай вопраткай тых жа масквічоў. А яшчэ ўспрымаюцца дзіўным прывітаннем з ХVІІІ стагоддзя (нагадаю, дзеянне адбываецца ў ХV). Веру, што ў лібрэта Алены Туравай ніколі не сустрэнецца як фраза "Што там, кароль?" (з якой Соф’я звяртаецца да Ягайлы), так і вершаваныя пераходы паміж нумарамі, якія па стылістыцы нагадвалі ранішнікі. Не адмаўляюся ад надзеі, што двухмоўе ў мюзікле будзе лагічна апраўданае (частка песень гучыць па-беларуску, частка — па-руску).

Але галоўнае пытанне ў іншым. "Соф’я Гальшанская" — ці не першы айчынны гістарычны мюзікл. Фактычна беларусы атрымліваюць магчымасць годна прэзентаваць у гэтым жанры сваю спадчыну. І вось тут кампазітар і лібрэтыст уводзяць у дзеянне "народныя" сцэны пра мужыкоў, якія гоняць самагонку, а потым незнарок падпальваюць хату. Зразумела, мэтазгоднасць такіх сцэн будзе бачная толькі падчас прэм’еры. Але чаму, звяртаючыся да адлюстравання не нашага жыцця, мы можам дазволіць сабе паказ арыстакратаў і эліты? Нездарма той жа Кандрусевіч вядомы як аўтар цудоўных, сапраўды еўрапейскіх мюзіклаў "Джулія" і "Шклянка вады", якія ставіліся ў Музычным. Але як толькі справа даходзіць да ўласнай спадчыны, творцы апелююць да не найлепшых праяваў так званай народнай культуры і арыентуюцца на яе.

Зрэшты, канчатковыя адказы на пытанні дасць сам спектакль. Што да "Балю", дык ён паспяхова выканаў свае задачы. Не толькі прэзентаваў мюзікл, але і дазволіў мінчукам і гасцям сталіцы цудоўна прабавіць час. Вяртаючыся з балю на аўтобусе, незнарок пачуў размову дзвюх жанчын, якія раней траплялі ў Музычны і Оперны тэатры ад сваіх арганізацый і, паводле ўласнага прызнання, спярша мала што разумелі. Пасля абмеркавання выканаўцаў яны нечакана перайшлі да… праблемы слабай самасвядомасці беларусаў. А нагодай сталі патрыятычныя песні, што прагучалі ў Строчыцах. Нават калі такая размова была адзінай, правядзенне "Балю" ўжо апраўдала сябе.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Сайт грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!". 12.06.2013.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: