« Назад Карануецца... мюзікл
І шукаецца таксама ён — нацыянальны! Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр выпусціў прэм’еру мюзікла Уладзіміра Кандрусевіча "Соф’я Гальшанская" ("Каханне і карона"). Ці можна ў яго герояў закахацца і ці не ўпадзе з іх карона ад погляду крытыкаў? Са спектаклем публіка знаёміцца праз назву. Адну з іх, узятую на афішах у дужкі, пасля прагляду так і хочацца вынесці на першае месца, бо назва "Каханне і карона" цалкам адпавядае не толькі галоўнай ідэі пастаноўкі (маўляў, што ў жыцці галоўнае?), але і самой дылеме, адпаведнай эпосе рамантызму і вырашанай у яго традыцыях: не трэба ўлады — пачуцці важней. Але з прыемным "бонусам": будзе каханне — з’явяцца і грошы. Ну проста паводле жыццёвай формулы, блізкай моладзі: усё і адразу. І згаданае адпавядае гістарычным фактам: стары кароль Ягайла пабраўся шлюбам з юнай Соф’яй Гальшанскай, якая нарадзіла яму трох сыноў. Усё астатняе ў спектаклі (у тым ліку паэтычнае каханне) — нафантазіравана. Ёсць і адыходы ад хронік (дарэчы, хто ведае, ці праўда ў іх напісана). Паводле іх, Соф’я была заключана пад хатні арышт, а не ў вязніцу, суд вёў Вітаўт, а не Ягайла, і хаця жанчыну апраўдалі, сямейная ідылія не аднавілася. Дый Васіліса, хутчэй за ўсё, у рэальнасці перажыла сваю малодшую сястру... Так, сёння тэатральнае мастацтва ўсё больш імкнецца ў бок дакументалістыкі і адыходу ад традыцыйнай трыяды "завязка — кульмінацыя — развязка". Але ў абраным жанры менавіта прыдумкі сцэнарыста, рэжысёра, паэтэсы Алены Туравай надаюць спектаклю імпульс і тэмпарытм. Сюжэтнае рэчышча скроена ўдала. Ну ёсць там "дзіўнаватасці" накшталт павальнага запою на Купалле (цікава, як бы ў такім стане хлопцы за дзеўкамі бегалі, а тыя потым нараджалі здаровы прыплод?). Але — куды яшчэ паставіць гэты яркі нумар, што зрывае шквал апладысментаў? Што ж да ваджэння казы, якое бывае на Каляды, дык лібрэтыст тут ні пры чым. Гэтак жа, як і ў смешным "подзвігу" Ганча ў выглядзе двух баксёрскіх выпадаў. А тое, што жонка не пазнае голасу любага мужа, можна спісаць не толькі на традыцыі камедыі дэль артэ, адкуль пераапрананні перакачавалі ў камедыю становішчаў, але і на стрэс гераіні. У астатнім каханне псіхалагічна абгрунтавана: кожны — не такі, як усе, і цягнецца да такой жа моцнай асобы. Драматургія — як у прыгодніцкай меладраме. І пры гэтым — у гармоніі з музычнай архітэктонікай, яе лейтматыўнасцю, рэпрызнасцю ды іншым "цэментаваннем" формы. Размоўныя дыялогі — вельмі сціслыя, але белым вершам, што адсылае да Шэкспіра з яго жарсцямі і заўсёдным прынцыповым спалучэннем высокага і нізкага. Песенныя тэксты — трапныя, вобразныя, з запамінальнымі рыфмамі. Што яшчэ патрэбна? Можа, беларуская мова? Двухмоўе спачатку бянтэжыць. Фальклорныя сцэны — па-беларуску. Філасофска-эпічнае абрамленне, што звернута непасрэдна да сучаснікаў, якія асэнсоўваюць свае каштоўнасці ды гістарычную памяць, — на дзвюх мовах. А "гісторыя кахання і рэўнасці" — па-руску. Праўда, разгадка вельмі простая: Алена Турава звычайна не піша па-беларуску. Замаўляць пераклад — амаль тое ж самае, што ствараць новае лібрэта. Не ўсе артысты, на жаль, добра валодаюць беларускай мовай, што чуваць нават па азначаных невялічкіх фрагментах. І гледачы Музычнага тэатра, як запэўнівае кіраўніцтва, прызвычаіліся да рускамоўнага рэпертуару (бо іншага тут няма). Трэба спадзявацца, тэатр меў рацыю. Ужо хаця б таму, што цалкам беларускамоўны мюзікл патрабаваў бы... іншай музыкі. Гэта заўважна і зараз, бо разнамоўныя нумары гучаць па-рознаму, у іх непадобныя стылёвыя мадэлі ды асацыятыўныя шэрагі. Дый сам акцэнт, пэўна, змясціўся б на беларускую даўніну, а не на перыпетыі чалавечых лёсаў. У цяперашнім жа спектаклі час і месца дзеяння вызначаюць не героі (іх хочацца перанесці ў пазнейшыя часы), а "світа" ў выглядзе асобных аркестравых фрагментаў і, галоўнае, сцэнічнага антуражу, адпаведнага традыцыям "рамантызаванага гістарызму". Замест стылізацыі пад Сярэднявечча — песенная лірыка і мюзіклавы драйв. Так што У.Кандрусевіч у гэтым сэнсе — прамы "нашчадак" Дж.Вердзі, вакальныя інтанацыі якога ў той жа "Аідзе" зусім не старажытнаегіпецкія. Але, у адрозненне ад вялікага папярэдніка, музыка жывога класіка беларускага мюзікла прасякнута спасылкамі на разнастайныя вядомыя крыніцы. Тое ж сола Алеся з хорам (Аляксандр Крукоўскі) асацыюецца са знакамітай мелодыяй Ісака Любана "Бывайце здаровы, жывіце багата!..", а па характары бліжэй да народнай песні "Чаму ж мне не пець?..". Спектакль так і хочацца назваць "папулярнай операй". Ён — крок наперад у параўнанні з ранейшымі ўвасобленымі мюзікламі аўтара ("Джулія", "Шклянка вады", "Байкер"). У "Соф’і..." на музыцы пабудавана ўсё, прычым пераважаюць не асобныя нумары, а разгорнутыя, шматпланавыя сцэны з хорам (хормайстар — Святлана Пятрова), дзе музычны матэрыял не проста экспануецца, а актыўна развіваецца (праўда, амаль без кантраснай поліфаніі, якой аўтар карыстаўся раней). Дырыжор Юрый Галяс вельмі дыхтоўна адбудоўвае партытуру, дбае пра суадносіны аркестравых груп і асобных пластоў, чуйна ставіцца да вакалістаў. Неарамантычную струнку спектакля адчуў і харэограф Уладзімір Іваноў. Але ў многія фрагменты просіцца новая пластычная лексіка, далёкая ад класікі і звыклага сцэнічнага фольку. Бо часам "прывітанне" ад музычных фільмаў 1970-х не спалучаецца з "драйвавай" энергетыкай ды сучаснасцю рытмаў, закладзеных кампазітарам. А падзел на класічныя па (станоўчыя вобразы) і сучасныя выбрыкі (злыя сілы) нагадвае колішнія штампы. Затое рэжысёр Міхаіл Кавальчык парушыў усе штампы ўспрыняцця артыстаў тэатра. Многія з іх выступаюць у нязвыклых амплуа. Малады Шамхал Хачатуран, які раней скараў пераважна вакалам, дасягае ў ролі Блазна вяршынь пластычнага пераўвасаблення. Прыроджаны комік Аляксей Кузьмін, які звычайна іграе людзей "несур’ёзных", паўстае клапатлівым апекуном Соф’і. Дзяніс Нямцоў, прыцягальна-"сонечны" нават ва ўвасабленні адмоўных персанажаў, тут літаральна патыхае "чорнай аўрай" каралеўскага канцлера. Наталля Гайда ператвараецца ў сляпую Чарадзейку-прарочыцу. Яўген Ермакоў стварае не толькі лірычны, але і гераічны вобраз Ганча, закаханага ў Соф’ю. З прызнаным мэтрам Антонам Заянчкоўскім (Ягайла) прэм’еру спявала студэнтка Акадэміі музыкі Вольга Жалезская (Соф’я) — дыпламант сёлетняга Адкрытага конкурсу вакалістаў "Убельская ластаўка", што праводзіўся на базе тэатра. Гэтых жа выканаўцаў мы бачылі на летнім "Балі ў Соф’і Гальшанскай" — прэзентацыі будучага спектакля ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, для якой чамусьці былі абраны не самыя паказальныя нумары, што відавочна прайгравалі на фоне фрагментаў замежных мюзіклаў. Другі прэм’ерны паказ "Соф’і..." пабачыць мне не давялося. Шкада, бо ў ім былі заняты малады, але ўжо ўганараваны Віктар Цыркуновіч і сёлетняя выпускніца нашай Акадэміі мастацтваў Кацярына Мошчанка. Тое, што складаную партыю Соф’і даверылі пачаткоўцам, робіць гонар рэжысёру і тэатру, якія прытрымліваюцца найноўшай тэндэнцыі максімальнага амаладжэння трупы. Але ж глядзіш на Соф’ю — і ўяўляеш у гэтай ролі Маргарыту Александровіч, якую пастаноўшчыкі нечакана ўбачылі Васілісай… У час прагляду прэм’еры так і хацелася паставіць імя гэтай гераіні у назву спектакля, замест Соф’і. Бо Лідзія Кузьміцкая надзвычай таленавіта і рознабакова перадала цяжкія псіхалагічныя ваганні неаднойчы падманутай дзяўчыны, якая пераадольвае спакусу стаць Лэдзі Макбет — і гіне. У сапрана спявачкі прарэзаліся сакавітыя адценні мецца ў ніжнім рэгістры, а акцёрская ігра пераўзышла ўсе чаканні. Цэнтральная постаць Васіліны аказалася падкрэсленай і багатымі сцэнічнымі строямі. Мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка імкнулася стварыць умоўнае Сярэднявечча — на мяжы з сучаснасцю і адначасова "казачнасцю". Але балетныя строі, асабліва ў спалучэнні з харэаграфіяй, выглядаюць "нафталінава". Таго ж мігцення даўніны і сучаснасці, іх пераўвасаблення адно ў адно дасягнуў у сцэнаграфіі Андрэй Меранкоў — мінімальнымі, як заўсёды, сродкамі, уключаючы рознае асвятленне (Сяргей Азеран) і відэа з падзеямі розных эпох. Суперзаслона ў выглядзе таўшчэзнай жалезнай рашоткі, што ў даўніну выкарыстоўвалася на варотах, раптам пачынае нагадваць шматпавярховік. Выявы вершнікаў перагукаюцца з дзіцячым канём-качалкай, куды па чарзе садзяцца героі. Карона, якая ў пачатку спектакля вісіць пад каласнікамі, у фінале становіцца падобнай да адмысловай вазы з папараць-кветкамі. Рыцарскія мячы, падвешаныя там жа ў ваяўнічых эпізодах, складуцца ў спінку каралеўскага трона. Саламяныя павукі ў народных сцэнах — нагадаюць мішэні. А само спалучэнне эпох — вымусіць задумацца пра далейшыя ўвасабленні нашай гісторыі. Можа, не толькі рамантычнымі сродкамі. Ну не бывае "ўсё і адразу"! Асабліва ў пошуках нацыянальнага мюзікла… На здымку: Вольга Жалезская і Антон Заянчкоўскі (на першым плане) у сцэне з мюзікла "Соф'я Гальшанская". Надзея БУНЦЭВІЧ Культура. – 2013. – 7 снеж. Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by