« Назад Не зачапіла…
Што атрымліваецца, калі артысты музычнага тэатра апынаюцца на “тэрыторыі” драматычнага Рэцэнзія аўтарытэтнага музыказнаўцы Вольгі Брылон, прысвечаная спектаклю “Шалом алейхем! Мір вам, людзі!” (апошняй на сёння прэм’еры Музычнага тэатра), называецца “Галоўнае — зачапіла…”. Цяжка не пагадзіцца, што шыкоўны тэкст Рыгора Горына і музыка Алега Хадоскі абумовілі касавы поспех пастаноўкі. Але мае агульныя ўражанні атрымаліся супрацьлеглыя. Не зачапіла зусім!.. У праграмцы сцвярджаецца, што асновай спектакля выступіла “літаратурная кампазіцыя Міхаіла Кавальчыка паводле аповесці “Тэўе-малочнік” Шолам-Алейхема. Як слушна заўважыла Вольга Брылон, мюзікл грунтуецца на п’есе Горына “Памінальная малітва”. Як ні дзіўна, гэтая акалічнасць зрабілася адной з самых істотных праблем пастаноўкі. Не сакрэт, што акцёры Музычнага нячаста сустракаюцца з драматургіяй, у якой ёсць трагічныя падзеі, а не ў тысяча першы раз увасабляюцца разнастайныя адценні любоўных перажыванняў. За апошнія гады адным з нешматлікіх выключэнняў была “Вестсайдская гісторыя”. Такім жа тэкстам з’яўляецца п’еса Горына. У свой час Марына Давыдава, адзін з самых аўтарытэтных расійскіх крытыкаў, ахарактарызавала драматургічную спадчыну Горына на прыкладзе “Блазна Балакірава”, яго апошняга твора: “П’еса <…> валодае ўсімі горынскімі вартасцямі і недахопамі. У ёй перамяшаны лірыка, фарс і абсурд, а мінулае дапамагае асэнсаваць сучаснасць. У ёй, згодна з традыцыямі рускай літаратуры, маленькі чалавек выглядае больш прывабна за дзяржаўных мужоў, <…>. У ёй ёсць шмат сказаў, якія разыдуцца на цытаты, і цудоўных сцэн, у якіх ёсць што сыграць акцёрам. У ёй няма аднаго — драматургічнага адзінства, бо драматургам з вялікай літары пісьменнік-сатырык усё ж не быў”. Што атрымалася ў Музычным? Звышдасціпны, але ўсё-такі рыхлы па драматургіі горынскі тэкст, разлічаны на акцёраў драмтэатра, пайшоў на сцэне амаль без змен (напрыклад, захавалася інтэрмедыйная сцэна з бабуляй Цэйтл). Гэта ператварыла пастаноўку ў сапраўдны марафон, які зацягнуўся больш чым на тры гадзіны. Артысты Музычнага былі вымушаны іграць на “тэрыторыі” драматычнага тэатра. Вельмі сакавіта інтэрпрэтавалі свае ролі Кацярына Дзегцярова і асабліва Лідзія Кузьміцкая, якія ўвасаблялі Голду, жонку Тэўе. Як заўсёды на ўзроўні знаходзіўся Дзяніс Нямцоў (студэнт Перчык). Высокі ўзровень акцёрскай ігры прадэманстравалі Наталля Гайда (сваха Ента) і Дзмітрый Якубовіч (Менахем), годна глядзелася ў эпізодах моладзь. Але планка, узнятая папярэднімі выканаўцамі роляў, скарылася не ўсім. Хто тут больш вінаваты? акцёры, што, магчыма, не пачулі рэжысёра, ці рэжысёр, які ў чымсьці не дапрацаваў з выканаўцамі. Каб не зазіраць далёка, згадаю спектакль “Памінальная малітва”, які ішоў у Купалаўскім яшчэ да рэканструкцыі. Якія глыбокія вобразы стваралі Аўгуст Мілаванаў, што выконваў ролю Тэўе, Мікалай Кірычэнка (мяснік Лэйзэр)! Вярнуся да прэм’еры ў Музычным. Цалкам згаджуся з ацэнкай работы Аляксандра Асіпца, пра якога Вольга Брылон піша, што ён “пакуль яшчэ толькі ўжываецца ў ролю Тэўе”. Але тое ж можна сказаць і пра Антона Заянчкоўскага! Ягоны Тэўе — зусім не яўрэй, а тыповы рускі мужык. А з-за такой інтэрпрэтацыі шмат у чым знікае атмасфера яўрэйскага мястэчка. Яна адчуваецца толькі ў музыцы, але не праз шэраг акцёрскіх вобразаў. Калі пачынаюцца сцэны, пабудаваныя выключна на дыялогах, спектакль пачынае элементарна “правісаць”. Да таго ж рэжысёр, па сутнасці, не прапанаваў уласнага прычытання тэксту, а добрасумленна рушыў за Горыным. Больш выйгрышна выглядалі музычныя нумары. Але ж яны былі разлічаны на мюзікл з уласным лібрэта, а не на горынскі тэкст. Напрыклад, надзвычай лірычным выглядае дуэт Голды і Тэўе. Але гэтая лінія ў п’есе раскрыта вельмі слаба, таму дуэт падаецца нібыта з іншай оперы. У сацыяльных сетках сустрэў параўнанне пастаноўкі з пінжаком Мотла, пашытым з розных кавалкаў. Зрэшты, як сказала Голда, “чалавек стараўся, значыцца, скажы дзякуй!”. Дзяніс МАРЦІНОВІЧ, тэатральны крытык Культура. – 2015. - сакавік Фота Анжалікі Грэковіч
|
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by