Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Гастрольны спосаб размовы (Зоя Матусевіч, "ЛіМ", 8.04.2016)

Гастрольны спосаб размовы (Зоя Матусевіч, "ЛіМ", 8.04.2016)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Гастрольны спосаб размовы 

Багатым на новыя тэатральныя ўражанні аказаўся першы месяц вясны для тых, хто наведваў спектаклі прыезжых калектываў, якія праходзілі на сцэне Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра. Тут ужо даўно склалася практыка абмену сцэнічнымі пляцоўкамі з многімі тэатрамі Расіі і Прыбалтыкі. А ў сакавіку да гэтай кагорты далучыўся Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Рэспублікі Башкіртастан (Уфа), абменныя гастролі з якім адбыліся ўпершыню. 

Апошнія тры дзесяцігоддзі гэты тэатр узначальвае заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі і Башкартастана Міхаіл Рабіновіч, які, захоўваючы напрацаваныя тэатральныя традыцыі, рашаецца і на самыя смелыя эксперыменты. У гастрольнай афішы было прадстаўлена 6 рознажанравых спектакляў, у тым ліку і дзіцячы. Улічваючы, што яны ішлі па некалькі разоў, усяго адбылося 15 іх паказаў. 
Рускі тэатр немагчыма ўявіць без рускай класічнай драматургіі. І госці з Уфы прывезлі камедыю Аляксандра Астроўскага "Шалёныя грошы" ў пастаноўцы Міхаіла Рабіновіча. Твор хрэстаматыйны, не трэба пераказваць ні яго змест, ні тлумачыць яго ідэйную накіраванасць. Але неабходна адзначыць, што да гэтага часу ён не страціў ні сваёй лёгкасці, ні гумару, ні самага галоўнага – тонкага псіхалагізму. І да гэтага часу застаецца актуальным, бо б’е ў сэрца сучасных чалавечых парокаў. 
Пастаноўшчыкі адышлі ад камернай формы п’есы і зрабілі спектакль шматнаселеным і яркім. Напрыклад, адразу пасля адкрыцця заслоны уражвае жывапісны маляўнічы заднік з выявай перспектывы маскоўскай вуліцы з яе магазінамі, рэстаранамі, банкамі, што стварае адчуванне рэальнасці падзей (мастак-пастаноўшчык Вячаслаў Віданаў). Гэтаму спрыяюць і удзельнікі масавых сцэн, якія як бы ажыўляюць карціну. І нават калі на сцэне застаюцца два-тры персанажы, усё роўна не знікае ўражанне, што яны знаходзяцца на шматлюднай вуліцы. Ёсць нават своеасаблівы кардэбалет, які выконвае прыкладную функцыю – адцягвае на сябе ўвагу гледачоў пры змене дэкарацый. 
У спектаклі толькі два жаночыя вобразы: Надзея Антонаўна Чабаксарава (Таццяна Макрушына) і яе дачка Лідзія (Кацярына Калмагорава). Прызвычаіўшыся жыць у раскошы, яны раптоўна сутыкнуліся з банкруцтвам, і цяпер усе намаганні абедзьвюх накіраваны на пошукі для Лідзіі багатага жаніха. Надзея Антонаўна – знешне сапраўдная маскоўская барыня, якая выйшла з дваранскага асяроддзя, але ўнутрана –хцівая і хітрая, гатовая дзеля грошай паступіцца маральнымі прынцыпамі. Такая ж і яе дачка, нават дзіву даешся, адкуль у маладой асобы такое веданне жыцця і столькі халоднага разліку. Праўда, артыстка свой вобраз прыкметна асучасніла – і ў пластыцы, і ў рухах, і у падачы рэплік, і у самой манеры сцэнічнага існавання. 
Уражвае і бліскучая троіца паклоннікаў Лідзіі. Цяляцеў (Рустэм Гайсін) – абаяльны жартаўнік, без граша ў кармане малады дваранін, які прызвычаіўся жыць за чужы кошт і нават палец аб палец не ўдарыць, каб паправіць сваё становішча. Выканаўцу гэтай ролі таксама вызначае сучасны спосаб сцэнічнага існавання, але гэта не супярэчыць унутранай сутнасці персанажа. Важны пажылы барын Кучумаў (Алег Шумілаў) мае княжаскія замашкі, носіць з сабой шыкоўшы, але пусты бумажнік, бо усе даходы сям’і знаходзяцца у руках яго жонкі. Артыст вельмі арганічны ў гэтай ролі, проста ніводнага штрыха нельга змяніць у абмалёўцы яго вобраза. І нарэшце Глумаў (Цімур Гарыпаў) – цынік і інтрыган, з усяго умее атрымаць выгаду. Самалюбівы, набівае сабе цану, падкрэслена стрыманы у рухах і словах – такім прадстае гэты персанаж у выкананні артыста. Усіх гэтых дваранскіх нашчадкаў Астроўскі падае як прыжывальшчыкаў буржуазіі ў парэформеннай Расіі. А яе яркім прадстаўніком з’яўляецца Васількоў (Сяргей Міхееў), які і бярэ шлюб з Лідзіяй Чабаксаравай. У адрозненне ад папярэдніх, гэты вобраз не адназначны. Правінцыял Васількоў чэсны і працалюбівы чалавек, свае грошы зарабляе сам, таму і умее іх лічыць. Але нават у каханні кантралюе сябе, баючыся "выйти из бюджета". А яго узаемаадносіны з жонкай вельмі хутка набылі выгляд дзелавой здзелкі: выказваючыся сучаснай мовай, яны заключымі паміж сабой шлюбны кантракт. 
Спектакль “Бацькі і дзеці” запатрабаваў ад гледачоў гатоўнасці прыняць зусім не класічнае рашэнне хрэстаматыйнага твора. Яго пастановачная група – з Санкт-Пецярбурга. Рэжысёр Пётр Шарашэўскі сам зрабіў інсцэніроўку тургенеўскага рамана і абазначыў жанр пастаноўкі як сучасную тэатральную фантазію. Сапраўды, фантазіі тут хапае: шмат алюзій з філасофіяй постмадэрнізму, асацыяцыі з Малевічам – з яго “Чорным квадратам”. Усе тэатральна-мастацкія сродкі выразнасці сучасныя, героі таксама апрануты па-сучаснаму. Зусім нечаканае музычнае афармленне спектакля: кампазіцыі сучаснай нямецкай метал-групы "Rammstein", “Адажыа” Альбіноні, вальсы Штрауса, савецкія масавыя песні... Сцэнаграфія (мастак-пастаноўшчык Анвар Гумараў) таксама пазачасавая: антычныя галовы, рускія самавары, капна саломы... 
Але пры гэтым усе дыялогі ў спектаклі аўтэнтычныя, тургенеўскія. І сюжэт тургенеўскі. Толькі дзеянне пачынаецца не з прыезду Аркадзія з Базаравым у маёнтак Кірсанава, а са сцэны ў бацькоўскім доме Базарава, калі ён ужо разумее, што памрэ – эпілог, які становіцца пралогам. С пачатку спектакля не пакідае ўражанне, што у ім форма пераважае над зместам, потым яны як быццам ураўнаважваюцца, а к канцу ўжо адназначна перамагае змест. Гэта смелая інтэрпрэтацыя рамана шматслойная і ў той жа час цэльная, дзеянне не разрываецца на не звязаныя паміж сабой кускі. І чорны квадрат аказваецца функцыянальным. У яго перыметр упісваецца пакой у доме Базаравых, дзе адбываюцца размовы аб трагічным выпадку. Пры гэтым прымяняецца відэапрыём, калі глядач можа назіраць ігру акцёраў адначасова на агульным і на буйным плане. 
otcyLIMУ ролі Базарава прадстаў малады артыст Руслан Бельскі. Чыста знешне нігіліст XIX стагоддзя нагадвае сучасных радыкалаў: брытая галава, скураная куртка і берцы. Але унутрана ён такі ж, якім яго апісваў Тургенеў: “Ленивый, но мужественный голос; лицо оживлялось спокойной улыбкой и выражало самоуверенность и ум”. Аркадзій Кірсанаў ў выкананні Арцёма Агліуліна, гаворачы сённяшняй мовай, – тыповы “мажор”. Бацька Аркадзія Мікалай Пятровіч Кірсанаў (Уладзімір Латыпаў-Дагадаў) у асобе Базарава адчувае новую маладую сілу і баіцца яе. Тое ж адчувае і Павел Пятровіч Кірсанаў (Аляксандр Федзяраеў), які ў вясковай глухамані стараецца захаваць сваё франтаўство і самаупэўненасць. Бацькі Базарава Васілій Іванавіч (Алег Шумілаў) і Арына Уласьеўна (Святлана Акімава) прыцягальныя ў сваёй натуральнай патрыярхальнасці і хрысціянскай пакорлівасці. Фенечка ў выкананні Вольгі Лук’янавай вельмі натуральная ў сваёй шчырасці і непасрэднасці. Ёсць у спектаклі і своеасаблівыя службовыя ролі: магільшчыкі, “чырвоныя сабакі”-слугі, якія падтрымліваюць скразное дзеянне; іх арыгінальна і стыльна выконваюць два артысты – Андрэй Паведскі і Вячаслаў Вінаградаў. 
Спектакль "Фабрычная дзяўчына" – настальгічныя успаміны з маладосці тых, каму сёння ужо за восемдзесят. Драматург Аляксандр Валодзін, які, між іншым, нарадзіўся ў Мінску, напісаў аднайменную п’есу ў 1955 годзе – гэта быў яго літаратурны дэбют. І пачынаючага літаратара адразу абвінавацілі ў ачарніцельстве савецкай рэчаіснасці, хоць нічога крамольнага ў гэтым лірычным творы не было. Асноўная тэма пьесы – права на асабістае жыццё. Яе галоўнай гераіняй лічыцца Жэнька, якая не ставіць перад сабой мэту супрацьстаяць сістэме, у чым яе абвінавачваюць, ёй проста хочацца быць самой сабой. Відаць, дакладней было б назваць п’есу “Фабрычныя дзяўчаты", бо ў ёй паказваюцца лёсы кожнай з насельніц інтэрнацкага пакоя і адначасова даецца іх калектыўны партрэт, які сёння мы ўжо ўспрымаем як партрэт той эпохі. Праз лёсы канкрэтных гераінь мы можам даведацца аб тым, якімі настроямі і марамі жыла моладзь тых гадоў і што стрымлівала іх парывы. 
Паставіў спектакль маскоўскі рэжысёр Грыгорый Ліфанаў. У ім няма ніякага наватарства і эксперыментатарства, пераасэнсавання першакрыніцы ці нейкага падтэксту. Ёсць традыцыйны рускі тэатр і яскрава адчуваецца руская тэатральная школа. Музычнае афармленне спектакля выклікае настальгічныя успаміны па масавай песні тых гадоў, касцюмы персанажаў і рэквізіт вяртаюць нас няхай у недалёкую, але ўсё ж гісторыю. Тое ж можна сказаць і аб сцэнаграфіі спектакля, прадуманай і функцыянальнай, дэталі якой лёгка трансфармуюцца. У пастаноўцы заняты у асноўным маладыя артысткі тэатра, але ёсць і узроставыя ролі. 
У гастрольнай афішы асобна вылучаецца спектакль “Неапаль – горад мільянераў”, пастаўлены па аднайменнай п’есе італьянскага драматурга, акцёра і рэжысёра Эдуарда дэ Філіппа, галоўную ролю ў якой ён пісаў на сябе. Створана п’еса была ў 1945 годзе, а падзеі, якія ў ёй адлюстраваны, адбываліся ў 1942 годзе. Неапаль у час Другой сусветнай вайны. Кожны дзень бамбёжкі. Недахоп прадуктаў харчавання, росквіт спекуляцыі і бандытызму. У сям’і Джэнара Ёвінэ (Уладзімір Латыпаў-Дагадаў) пытанні жыццезабеспячэння ўсклала на сябе яго жонка Амалія (Ірына Агашкова). Прама ў кватэры яна адкрыла падпольную кавярню, а яшчэ займаецца спекуляцыяй прадуктаў, скаапераваўшыся з Эрыка-Прыгажуном (Цімур Гарыпаў), які да яе не раўнадушны. Паступова павялічваюцца і абароты, і даходы. Але з набыццём мільёнаў пачынаюць страчвацца сямейныя устоі і простая чалавечая спагадлівасць. 
Джэнара, галава сям’і, раптоўна знік (як аказалася пазней, трапіў у канцлагер), сын пачаў займацца угонам машын, а дачка зацяжарала ад амерыканскага салдата. Затое Амалія к гэтаму часу ўжо была мільянершай. І калі Джэнара вярнуўся з палону, ён не пазнаў ні жонку, ні ўласны дом. І нікога не цікавілі яго расповеды пра перажытае… 
У гэтай п’есе няма ніякай звышідэі, а дэкларуюцца прапісныя ісціны: у пагоні за багаццем чалавек пачынае гінуць як асоба. “Ноч павінна прайсці” – гэтыя словы доктара ў дачыненні да іх небяспечна хворай малодшай дачкі сталі дэвізам-надзеяй на выратаванне не толькі фізічнага здароўя дзяўчынкі, але і маральнага здароўя сям’і. 
Паставіў спектакль італьянскі рэжысёр Паола Эміліа Ландзі ў садружнасці з мастаком-пастаноўшчыкам Санці Міньека. Па жанры гэта трагікамедыя, дзе ёсць месца і камічнаму (напрыклад, калі вырашаецца пытанне аб захаванні кантрабандных прадуктаў, то можна і пакойнікам прыкінуцца). Па прынцыпу пастаноўкі адчуваецца, што гэта іншая тэатральная школа, іншы спосаб існавання акцёраў на сцэне, наогул, іншы дух спектакля. 
І нарэшце, камедыя “Усё кубарам” іспанскага драматурга Альвара Портэса. Дэтэктыўная гісторыя пра тое, як пісьменніца вышуквае ў рэальным жыцці сюжэты для сваіх раманаў, бо яе літаратурныя фантазіі аказваюцца нецікавымі. А для гэтага, узброіўшыся біноклем, яна сочыць за вокнамі суседзяў. І усё, што яна там бачыць, з’яўляецца плодам яе уласнай фантазіі, бо ў запале яна блытае усіх, хто прыходзіць у дом і хто з яго выходзіць. У выніку спакойнае жыццё сямейнай пары ператвараецца ў чаргу бясконцых непаразуменняў і падазрэнняў – муж з жонкай ўжо апынуліся на мяжы разводу. У галоўных ролях заняты Грыгорый Мікалаеў і Айгуль Шакірава. 
Гэтую тыповую камедыю становішчаў паставіў рэжысёр Міхаіл Рабіновіч. У такіх спектаклях звычайна не бывае ні масавых сцэн, ні складанай сцэнаграфіі – усё трымаецца на ўдалай пастаноўцы і ігры акцёраў. І вельмі многае залежыць ад тэмпарытму спектакля. 

Зоя МАТУСЕВІЧ 
Літаратура і Мастацтва. - 2016. - 8 крас.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: