Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Усё больш тэатраў у госці да нас… (Зоя Матусевіч, "Полымя", красавік 2016)

Усё больш тэатраў у госці да нас… (Зоя Матусевіч, "Полымя", красавік 2016)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Усё больш тэатраў у госці да нас… 

На працягу шасці апошніх сезонаў Беларускі акадэмічны музычны тэатр вылучаецца сярод іншых тым, што рэгулярна праводзіць абменныя гастролі з многімі тэатрамі Расіі і прыбалтыйскіх рэспублік. Яго сцэна стала той міжнароднай пляцоўкай, на якой могуць быць прадстаўлены практычна ўсе тэатральныя жанры, і ў мінскай публікі цяпер ёсць унікальная магчымасць, нікуды не выязджаючы, знаёміцца і з новымі калектывамі, і з новымі пастаноўкамі. 

У сакавіку на сцэне Беларускага музычнага са сваімі спектаклямі пабывала аж тры прыезжыя тэатры. Гонар адкрыць гэтыя маштабныя гастролі выпаў на долю Тульскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы імя Максіма Горкага. 

Першай была паказана музычная камедыя "За двума зайцамі" ў пастаноўцы рэжысёра Дзмітрыя Краснова. Яшчэ да прагляду спектакля ўзнікла пытанне аб яго жанравай вызначанасці: калі гэта музычная камедыя, то хто аўтар музыкі? На афішы ўказаны толькі аўтар п’есы – Міхаіл Старыцкі. У прынцыпе, твор напісаны як вадэвіль, таму найбольш лагічна было б і ставіць яго ў гэтым жанры. Аб музычным афармленні спектакля будзе сказана ніжэй, а спачатку ўсё ж мэтазгодна пагаварыць аб яго літаратурнай аснове. 

Як вядома, Міхаіл Старыцкі – класік ўкраінскай літаратуры і заснавальнік украінскага прафесійнага тэатра. П’еса “За двумя зайцами” ім была напісана ў 1873 годзе па матывах п’есы “На Кожум’яках” Івана Нячуй-Лявіцкага. Тэатральная дзейнасць Старыцкага прыцягнула ўвагу выдатнага рускага драматурга Аляксандра Мікалаевіча Астроўскага, з творчасці якога, па сутнасці, пачынаўся рускі прафесійны тэатр. І атрымалася так, што мэтр рускага тэатра, ацаніўшы дзейнасць мэтра ўкраінскага тэатра, зрабіў пераклад яго п’есы “За двумя зайцами” на рускую мову, якім у Расіі карыстаюцца да гэтага часу. 

Нельга не сказаць пра кінематаграфічнае увасабленне гэтага твора. Іх некалькі, але шырокаму гледачу вядомы стаўшы ўжо класікай жанру фільм “За двумя зайцами” рэжысёра Віктара Іванова, зняты на Кінастудыі імя Даўжэнкі ў 1961 годзе. Менавіта дзякуючы гэтаму фільму мільёны гледачоў, нават далёкія ад тэатра, пазнаёміліся з гісторыяй сватаўства банкрута-цырульніка Галахвостага, першага ў Кіеве модніка і небывалага ветрагона, да непрыгожай і нязграбнай Проні, дачкі ўладальніка крамы, які дае за ёй багаты пасаг, а таксама палюбілі выканаўцаў гэтых роляў – Алега Барысава і Маргарыту Крыніцыну. У 1999 годзе гэты фільм быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Украіны імя Аляксандра Даўжэнкі. Больш таго, у гэтым жа годзе, як знак усенароднай любві да герояў кіналенты, каля высокіх прыступак знакамітай Андрэеўскай царквы быў устаноўлены помнік Проні і Галахвостаму – менавіта тут адбылася драма іх няздзейсненага вянчання. 

ZajcyУ спектаклі Тульскага тэатра работа мастака-пастаноўшчыка Аляксандра Дубровіна, выкананая ў стылістыцы лубка, пакідае неадназначнае ўражанне. Панарама задніка дае абагуленую ілюстрацыю правага, высокага берага Дняпра з яго велічнымі сямю ўзгоркамі, якія кіяўляне горда называюць гарамі. На самай высокай з іх – Андрэеўскай – узвышаецца знакамітая Андрэеўская царква. Ад яе ўніз да самага Падолу ўецца Андрэеўскі спуск, які ў той час выглядаў як звычайная пакручастая дарога, паабапал якой стаялі рэдкія невялікія пабудовы. У цэлым панарама прыгожая, дастаткова ілюстратыўная і галоўнае – выглядае як завершанае жывапіснае палатно. Але сцэнограф, відаць, палічыў, што тульскаму гледачу дадаткова патрэбен нейкі знакавы ўкраінскі сімвал, і ў ніжняй частцы панарамы зрабіў як бы ўрэзку-пано, дзе размясціў яшчэ адну маштабную карціну – з выявай трох вусатых і чубатых запарожцаў-кабзароў. А каб канчаткова замацаваць уяўленне, што дзеянне адбываецца менавіта на Украіне, па перыметру дэкарацый былі размешчаны велічэзныя сланечнікі. 

У водгуках на спектакль “За двумя зайцами” іншага расійскага тэатра давялося сустрэць наступнае: “На сцене яркие декорации в украинском стиле. Есть и хата, и тын…” І калі прагледзець яшчэ некалькі расійскіх пастановак, то абавязкова выявіцца падобная заканамернасць: усімі сродкамі падкрэсліваецца ўкраінскі каларыт, прытым ў яго фальклорных формах. Але ж у п’есе Старыцкага расказваецца не пра ўкраінскае сяло, а пра стольны Кіеў, і дзеючыя асобы ў ёй не украінскія сяляне, а кіеўскія мяшчане. У аўтара так і пазначана ў падзагалоўку п’есы: “Комедия из мещанского быта”. 

Абагулена-сімвалічны падыход з крэнам у бок фальклору праяўляецца і ў музычным афармленні спектакля. На сцэну перыядычна выходзіць жаночы вакальны ансамбль – прыгожыя дзяўчаты, апранутыя ва ўкраінскія нацыянальныя строі, у вяночках са стужкамі і чырвоных чаравічках, у выкананні якіх гучаць “Черемшина”, “Несе Галя воду…” і іншыя да болю знаёмыя украінскія песні, нават “Рідна маты моя…" А апафеозам гэтага музычнага калейдаскопа стала экспрэсіўна-танцавальная “Ти ж мене підманула…” Зразумела, разам з дзяўчатамі на сцэне таньчылі і парубкі, апранутыя як удзельнікі ўкраінскага ансамбля народнага танца. 

А між тым у тэксце п’есы ёсць яўныя падказкі пастаноўшчыкам, які з музычных жанраў можа быць выкарыстаны ў спектаклі для характарыстыкі эпохі і месца дзеяння. Трэба мець на ўвазе, што ў XIX стагоддзі па ўсёй Украіне, а тым больш у Кіеве, шырокае развіццё атрымалі прафесійныя харавыя спевы, і гэта знайшло сваё адлюстраванне ў п’есе. Ужо ў першай карціне ёсць аўтарская рэмарка: “Издалека слышна хоровая песня” і прыводзіцца тэкст гэтай песні на ўкраінскай мове. Далей па ходу дзеяння гучыць ужо некалькі песень у выкананні некалькіх харавых груп. І ўслед за гэтым узнікае своеасаблівы дыспут гараджан: “А какой теперь хор самый лучший – семинарский или братский? – Известно, братский. – А я говорю – семинарский. – Ан брешешь. – Ан не брешу. В семинарском хоре один Тарас как попрет верхами, так о-го-го! Либо Орест – как двинет октавой ур-р-р, аж горы дрожат…” Потым дыспут накіроўваецца ў іншае русла: “А кто, по-вашему, господа, всех умнее в Киеве: семинарист, или академист, или университант? – Голохвостый!.. Говорит по-ученому, что и не поймешь ничего!” І гэты самы Галахвосты, між іншым, сцвярджае, што сярод яго прыяцеляў “охвицера, митрополичьи басы, маркелы…” – вось што значыла ў той час быць харыстам у Кіеве. Нельга сказаць, што спектакль атрымаўся дрэнным ці нецікавым. Проста па сваёй форме і духу ён аказаўся далёкім ад першакрыніцы. Але ў ім захавалася галоўнае – тыпы і характары персанажаў. 

Вобраз Галахвостага атрымаўся такім, якім ён і выпісаны ў п’есе і якім мы яго бычылі ў фільме. Для гэтага франта самае галоўнае – яго знешні выгляд і ўяўная “адукаванасць”. Ён проста віртуоз у сваім уменні пускаць пыл у вочы:“Теперь, следственно, меня везде и всюду первым хвасоном принимают, а почему? Потому, что я умею, как соблюсти свой тип, по-благороднему говорить понимаю!..У меня в голове завсегда такой водеволь, что только мерси, потому – образованный человек". Малады артыст Сяргей Сяргееў проста беспадобны ў гэтай ролі, без ніякіх нацяжак – сапраўдны Галахвостаў ва ўсім, і ў першую чаргу ў дэманстрацыі “хвасонистой моды”, што з’яўляецца яго галоўнай знешняй характарыстыкай: “От возьмем, примером, бруки: трубою стоят как вылиты, чисто аглицький хвасон! А чего-нибудь не додай, и уже хвизиномии не имеют!... Я уж не говорю про пиньжак, потому что пиньжак – это первая хворма: как только хвормы нету, так и никоторого шику!” Ну і касцюмчык на ім адпаведны – чаго толькі варты “бруки” канарэечнага колеру. А паходачка, манеры… Артыст умела карыстаецца цэлым арсеналам камічных выразных сродкаў, ствараючы прыцягальны вобраз адмоўнай абаяльнасці. 

Аднойчы шпацыраваў Галахвосты з “хвасонистым” выглядам па Уладзімірскай горцы ды нечакана каля помніка Уладзіміру ўбачыў сціпла апранутую, але вельмі прыгожую дзяўчыну і адразу ж запаў на яе. Але тая, збянтэжыўшыся ад аднаго яго выгляду (паніч!), вокамгненна кудысьці знікла. З таго часу пачаў Галахвосты шукаць паўсюль гэту красуню. І разам з тым збіраўся не адкладваючы абваражыць непрыгожую, але багатую Проню. “Одна надежда на ее приданое, потому иначе не могу поправить своих делов… Только ж Проня и дурна, как жаба... Да если запустить руку в ее сундук, так мы на стороне заведем такое монпасье!.. От бы, примером, ту дивчину, что я за ней возле Владимира гонялся!” 

І яму раптам пашанцавала: сустрэў вечарам на вуліцы тую самую красуню! Падляцеў да яе, абхапіў рукамі і заспяваў салаўём: “Серденько, буколька моя! Влюбись в меня, потому, ей-богу, застрелюсь вот тут перед тобою!..” А ў гэты час вярталася з рынку Лымарыха і ўбачыла сваю дачку ў абдымках нейкага паніча. Вось так і пачалася ў Галахвостага пагоня за двума зайцамі: бажыўся і кляўся Лымарысе, што жэніцца на Галі, і адначасова думаў, як заўтра заявіцца да Проні на заручыны. І заявіўся, і канчаткова абваражыў не толькі Проню, але і яе бацькоў. А потым аказаўся на імянінах у Лымарыхі, якая аб’явіла сваім гасцям, што Галахвостаў – Галін жаніх. І ён не паспеў апомніцца, як імяніны плаўна перайшлі ў заручыны. 

Але ўсе заляцанні да Галі так і абмежаваліся той выпадковай сустрэчай. На працягу спектакля Галахвосты пра яе ў асноўным толькі гаворыць, і дзейсных сцэн з удзелам гэтых двух персанажаў, можна сказаць, няма, таму вобраз Галі ў спектаклі атрымаўся амаль што схематычным, таксама як і вобраз яе сапраўднага жаніха Сцяпана. Затое вобраз Галінай маці – вострахарактарны і вельмі каларытны – займае ў пастаноўцы значнае месца. Менавіта дзякуючы ёй развіваецца паралельная лінія жаніхоўства Галахвостага і менавіта яна разбурыла яго шлюб з Проняй, калі тыя ўжо збіраліся пад вянец. Ролю Лымарыхі выконвае заслужаная артыстка Расіі Наталля Саўчанка. Яе работа таксама – трапнае пападанне ў вобраз, усе асноўныя рысы гэтага персанажа перададзены так, як і выпісаны. 

Аднак асноўная інтрыга твора развіваецца паміж Галахвостым і Проняй, таму гэты вобраз падаецца амаль так жа дэталёва, як і вобраз асноўнага героя. “Они на барышню повёрнуты”, – гаворыць пра Проню яе маці. А усё пачалося з таго, што бацькі аддалі яе ў “Пансион благородных манер”. І наперад заплацілі за ўвесь навучальны год, але “мадама” выперла Проню адтуль праз тры месяцы, якіх, аднак, ёй хапіла, каб лічыць сябе адукаванай: “Другим, может, необразованным, что угодно с губы плюнь, потому понятия никакого не имеют, а я в пенционе все науки произошла”. Усе яе паводзіны вызначаліся адной галоўнай рысай – манернічаннем, якое больш нагадвала крыўлянне, а мяшчанская гаворка перасыпалася бясконцымі “Бонджур” і “Мерси”. Ну а дарагія ўборы новаспечанай барышні ўражвалі рэдкай безгустоўнасцю, і тут ўжо здзіўляла іншае: адкуль у яе столькі дзікай фантазіі? А як жа яна рыхтавалася да першага прыходу Галахвостага ў іх дом, перабіраючы свае ўборы! “По-модному ли? Ой, мама моя, брансолета забыла надеть! Шалю или мантилю? Не знаю, что мне больше до лица?.. Или, может, и то и другое? Да! Пущай видит!" Думаецца, што мастаку па касцюмах давялося нямала паламаць галаву ў вынаходжанні ўсіх дэталей знешняга выгляду гэтага гратэскавага вобраза. А сыграць такі персанаж тым больш нялёгка. І артыстка Марыя Салаўёва ні ў чым не расчаравала гледачоў – на сцэне была сапраўдная Проня! Прытым не адназначна смешная няўклюдзіна… Па прастаце сваёй душэўнай яна адразу пакахала Галохвостага, а калі яны ўжо збіраліся пад вянец і на вачах усіх адкрылася яго сапраўдная сутнасць, яна перажыла калі не трагедыю, то цяжкую жыццёвую драму: “Я... вас любила... а вы надсмеялись, осрамили на весь Подол... на весь Киев! Вон! Ой, смерть моя!..” І ўжо не ўяўна, а па-сапраўднаму абамлела. 

І нарэшце, бацькі Проні: Пракоп Свірыдавіч і Яўдакія Піліпаўна – камічна-драматычная пажылая пара. Камічнымі яны выглядаюць з-за сваёй дачкі, якая трымае іх у чорным целе і пастаянна ставіць ў няёмкае становішча, патрабуючы выглядаць і паводзіць сябе па-сучаснаму. Чакаючы прыходу Галахвостага, Проня патрабуе ад маці: “Этот мещанский платок с рожками скиньте!" і прымушае яе начапіць модны чапец з чырвонымі стужкамі, а бацьку – уздзябурыць на галаву цыліндр і на сарочку-вышыванку завязаць бант у крапінку. Але выйсці да шыкарнага госця яны змогуць толькі тады, калі Проня ім дазволіць. Гэтыя ролі выконваюць народны артыст Расіі Барыс Завалокін і заслужаная артыстка Расіі Ірына Фядотава і выглядяюць у іх вельмі арганічна. 

Яшчэ раз хочацца падкрэсліць: усе галоўныя персанажы спектакля ў асноўных сваіх рысах адпавядаюць задуме драматурга. Але чамусьці дыяметральна процілеглымі аказаліся две невялічкія ролі, якія, тым не менш, нясуць на сабе вялікую сэнсавую нагрузку. У п’есе жаніх-Галахвостаў з’яўляецца ў доме Проні ў фраку, цыліндры, белых пальчатках і прадстаўляе нявесце двух шафераў, апранутых такім жа чынам: “Дозвольте отрикамендовать вам моих шахверов: Орест – знаменитый бас митрополичий и не меньше знаменитая октава митрополичья – Кирило”. Такім жа чынам выглядаюць яго шаферы і ў фільме. Але ў спектаклі мы бачым дзіўныя метамарфозы, якія ламаюць усякую логіку ў дачыненні да характарыстыкі персоны Галахвостага: у якасці шафераў ён прадстаўляе Проні двух парубкоў, апранутых у нацыянальныя ўкраінскія касцюмы. Няўжо ён пачаў вадзіць дружбу з тымі, каго называў не інакш, як “мужичьё необразованное" і "невежество неумытое". Ці можа ён усё ж схапіў двух зайцоў – ды не тых?.. 

Наступны спектакль “Як багі” – ужо сучасная драматургія. Пастаўлены ён па аднайменнай п’есе расійскага празаіка і драматурга Юрыя Палякова, галоўнага рэдактара "Литературной газеты”. Рэжысёрам гэтага чыста драматычнага спектакля з’яўляецца таксама Дзмітрый Красноў, і ў гледача была магчымасць пазнаёміцца з яго іншай па жанру пастаноўкай і убачыць яго самога ў адной з роляў. 

П’есы Палякова пазнавальныя па сваіх характэрных прыкметах: яны напісаны па класічных канонах драматургіі, і ў той жа час маюць вельмі сучаснае гучанне. І ў гэтай, адной з апошніх яго работ, якую можна аднесці да жанру “гратэскнага рэалізму”, адлюстроўваецца яго востра сацыяльны погляд на сённяшнюю рэчаіснасць. 

Дзеянне п’есы адбываецца ў Маскве, як пазначае аўтар, у недалёкім мінулым. А яе дзеючыя асобы – людзі з розных сацыяльных слаёў, нават антыподы, жыццё і лёс якіх сплятаюцца ў такі тугі клубок, што разматаць яго ўжо немагчыма. І сюжэт пабудаваны так, што немагчыма прадугадаць, як будуць развівацца падзеі далей і чым усё закончыцца. Нават немагчыма адназначна сказаць, хто з персанажаў станоўчы, а хто адмоўны. Тут пераплецена ўсё: і камедыя, і драма, і трагедыя. 

Падзеі і пачынаюцца, і заканчваюцца ў кватэры адстаўнога дыпламата Гаўрушына, ролю якога выконвае заслужаны артыст Расіі Віктар Ананьін. Дамашнія паставілі яму дыягназ: фуршэтны алкагалізм. Але не па такой банальнай прычыне пье Гаўрушын – яго дыпламатычная кар’ера паляцела з-за яго ж неасцярожных выказванняў. І зараз, седзячы дома, ён займаецца перакладамі вялікіх кітайскіх паэтаў. Інтэр’ер яго кватэры выкананы ў кітайскім стылі: старажытныя гравюры, бронзавыя сасуды, бясцэнныя ахвярнікі “Эпохи Троецарствия”… Сцэнаграфія прадумана адмыслова, яна адначасова і лаканічная, і шматфункцыянальная, напрыклад, шырмы могуць трансфармавацца ў своеасаблівы экран, на якім узнікаюць то сілуэты тэатра ценяў, то радкі перакладаў старажытных аўтараў, якія ажываюць ў гуках і лунаюць над сцэнай. 

Жонка Гаўрушына Вера Мікалаеўна (заслужаная артыстка Расіі Любоў Спірыхіна), шмат маладзейшая за яго, раней працавала ў службе пратаколу, а цяпер дае ўрокі этыкету новаспечаным бізнесменам. Адзін з іх, Непачаты (Дзмітрый Красноў), які ўжо прайшоў школу Веры Мікалаеўны, раз-пораз прапаноўвае ёй стаць яго жонкай ці ў крайнім выпадку палюбоўніцай (тое, што яна замужам, а ён жанаты, не мае для яго ніякага значэння). 

Аднойчы Непачаты прыводзіць да Веры Мікалаеўны маладога пачынаючага бізнесмена Бударына – самародка з Сібіры, якога тэрмінова трэба акультурыць. Непачаты збіраецца зрабіць яго сваёй левай рукой (правая павінна быць заўсёды пры ім самім). Насуперак чаканням Веры Мікалаеўны, Бударын аказаўся зусім не таежным мядзведзем: спакойны, але самаўпэўнены, з пачуццём уласнай сілы – служыў у  "спецназе”, ваяваў ў Чачні… У гэтай ролі было вельмі цікава ўбачыць Сяргея Сяргеева (які ў папярэднім спектаклі іграў Галахвостага) – процілеглы жанр пастаноўкі, процілеглае амплуа; там ён паказаў свой камедыйны дар і усе якасці сінтэтычнага акцёра, добрую вакальную і харэаграфічную падрыхтоўку, а тут – вельмі моцныя якасці драматычнага акцёра. 

У Бударына з першага погляду закахалася дачка Гаўрушыных Алёна, якая толькі тым і займаецца, што цягаецца па начных клубах. А сам ён закахаўся адразу і не зразумееш у каго, як высветлілася пазней – у Веру Мікалаеўну, якая адказала яму ўзаемнасцю. І Алёна, і Вера Мікалаеўна ведаюць, што з усіх кніг, прачытаных Бударыным у дзяцінстве, яму найбольш запомніліся міфы Старажытнай Грэцыі, а з усіх багоў найбольш падабаецца Гермес: “Во-первых, у него были крылатые сандалии и он мог летать, как истребитель пятого поколения. Во-вторых, Гермес мог выпутаться из любого положения и всегда добивался своего. Я читал эту книжку и думал: когда вырасту – буду жить, как боги… Хочешь – сделай. Нужно – возьми. Боишься – преодолей себя или умри. Мешают – отодвинь. Сопротивляются – победи. Любишь – обними и не думай о том, что будет потом. В общем, живи как душа просит!” І ён імкнецца так жыць: абводзіць у справах свайго боса, прапануе Веры Мікалаеўна кінуць усё і паехаць з ім невядома куды, дзе яны будуць жыць “как боги” – грошай хопіць. Можа б яна і паехала з ім, але не ў якасці шчаслівай саперніцы сваёй дачкі… 

Непачаты сваім дзікім чуццём адчувае ў маладым кампаньёне небяспечнага саперніка – і ў бізнесе, і ў дачыненні да Веры Мікалаеўны. А філосаф Гаўрушын, які дзякуючы сваёй прафесіі даўно навучыўся заўважаць патаемныя плыні, на ўсё глядзіць па-канфуцыянску. З гэтай драматычнай линияй пераплятаецца камедыйная з двума гратэскавымі персанажамі: першай жонкай Гаўрушына, якая ў юнацтве даіла кароў на ферме десьці ў разанскай глыбінцы, а цяпер з’яўляецца падданай англійскай каралевы, і іх бесталковым сынам, які прыдумвае дзікія бізнес-праекты і правальвае іх адзін за другім, на што ідуць грошы ад продажу бясцэнных ахвярнікаў “Эпохи Троецарствия”. Як і сам Гаўрушын, яго першая жонка разумее, што адбываецца з другой, і дае ёй каштоўныя жыццёвыя парады… 

Але падзеі развіваюцца так, што заводзяць іх удзельнікаў у безвыходны тупік. Адвергнуты Верай Мікалаеўнай Бударын тут жа жэніцца на Алёне, і яны збіраюцца ў падарожжа па Еўропе. Перад ад’ездам маладыя заязджаюць да Алёніных бацькоў, каб развітацца, і там, робячы на памяць фотаздымкі, Алёна “выпадкова” ўбачыла ў камеры доказы любоўнай сувязі яе мужа з яе маці (гэта Непачаты пастараўся). Яна ў адчаі выбягае з дому, за ёю – Бударын, і праз момант раздаецца ўзрыў “Ягуара”, на якім яны прыехалі. Застаецца толькі здагадвацца, хто падстроіў трагедыю… 

У эпілогу з цемнаты высвечваецца знаёмы пакой, дзе за сталом сядзяць трое: Гаўрушын з жонкай, а паміж імі дзяўчынка. Зразумела, гэта дачка Веры Мікалаеўны ад Бударына. Яны моўчкі п’юць чай. Жыццё працягваецца. 

ValetСпектакль “Пікавы валет” пастаўлены па аднайменнай аповесці папулярнага расійскага пісьменніка Барыса Акуніна, якая ўваходзіць ў серыю “Приключения Эраста Фандорина”. Многія творы гэтага аўтара паспяхова экранізуюцца, а вось у тэатры яго паставілі упершыню. Інсцэніроўку аповесці ажыццявіў рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Уладзімір Ветрагонаў, а гэта справа не з лёгкіх: у творах Акуніна шмат філасофскіх разважанняў, лірычных адступленняў, разнастайных рэмарак, і перакласці такі тэкст на мову дыялогаў складана. 

Жанр спектакля – крымінальная камедыя. Деянне адбываецца ў Маскве ў другой палове XIX стагоддзя. Эраст Фандорын – рускі Шэрлак Холмс. Ён з’яўляецца чыноўнікам па асобых даручэннях пры губернатары Масквы і яму трэба раскрыць вельмі неардынарную справу, дакладней, серыю дзёрзкіх злачынстваў, якія здзяйсняе няўлоўная шайка махляроў, пакідаючы кожны раз пасля сябе свой фірменны знак – карту “Пиковый валет”. Уся іх злачынная дзейнасць заснавана на дэталёва прадуманых афёрах і фальшывых здзелках, якія трымаюцца выключна на людской даверлівасці. Сярод ахвяр хітрых дзялкоў было нямала вядомых людей, у тым ліку і сам губернатар Масквы, дом якога аказаўся прададзеным. 

Фандорын, дзякуючы дэдуктыўнаму метаду, здагадваецца, што пад маскай “Пикового валета” дзейнічае не цэлая шайка, а адзін вельмі хітры махляр (разам са сваёй памочніцай). І атрымлівае небывалай дзёрзкасці новае злачынства: “Пиковый валет” пранікае ў дом самога Фандорына і вывозіць адтуль усе каштоўныя рэчы яго палюбоўніцы, знатнай графіні, ведаючы, что гэта справа не атрымае агалоскі. З гэтага моманту паядынак паміж Фандорыным і “Пиковым валетом” набывае ўжо асабісты характар. Але ў кожнага з іх ёсць свой памочнік: у Фандорына – кур’ер жандармскага упраўлення Анісій Цюльпанаў, а ў “Пикового валета” – прыгожанькая бландзінка, якой удалося ахмурыць фандорынскага кур’ера… 

У ролі Фандорына прадстаў артыст Юрый Багародзіцкі, у ролі Цюльпанава – Сяргей Сяргееў. І што характэрна, у аповесці Акуніна гэтаму персанажу – Цюльпанаву – надаецца шмат увагі, нават аповяд пачынаецца з яго. І можна сказаць, што і ў спектаклі ён не застаецца другараднім персанажам, дзкуючы ўжо ігры акцёра. Шматгранны вобраз“Пикового валета” ўвасобіў заслужаны артыст Расіі Андрэй Сідарэнка. Гэта вельмі неардынарная роля, якая складаецца з мноства вобразаў – “Пиковый валет” у кожнай новай афёры прадстае ў новай іпастасі, нават можа аказацца ў вобразе жанчыны, і артысту на працягу спектакля даводзіцца вельмі часта мяняць касцюмы і ўвесь свой знешні выгляд. Пастаянна мяняць аблічча даводзіцца і яго памочніцы Мімачцы, ролю якой выконвае Іна Мядзведзева. 

Па сутнасці, гэты спектакль складаецца з некалькіх міні-спектакляў – асобных закончаных сцэн, у якіх паказваюцца віртуозныя махлярствы “Пикового валета” і яго памочніцы. Найбольш разгорнутыя і відовішчныя з іх – “Благотворительная лотерея”, “Бал у губернатора”, “На катке”, “Нищие на паперти”. А вось сэнсава звязаць іх паміж сабой рэжысёру не зусім удалося, ды гэта і сапраўды цяжка зрабіць (хоць вобраз расказчыка уводзь). 

Трохі расчаравала сцэнаграфія спектакля: на фоне чорнага задніка і чорных куліс светлымі плямамі выдзяляліся выявы дзяржаўных ільвоў. І па меры таго, як змяняліся карціны спектакля, акцёры раз-пораз перасоўвалі гэтых ільвоў, трансфармуючы такім чынам сцэнічную прастору. 

У гастрольнай афішы знайшлося месца і сучаснай замежнай камедыі. Гэта усім вядомы "Боінг-Боінг" французскага драматурга Марка Камалеці – адна з самых касавых п’ес сусветнага тэатра, якая ўвайшла ў Кнігу рэкордаў Гіннеса як французская п’еса, якая найбольш часта выконваецца за мяжой. 

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля з’яўляецца Дзмітрый Красноў. Гэта тыповая камедыя становішчаў з вострымі і нярэдка двухсэнсоўнымі калізіямі, якія, аднак, не пераходзяць за рысы мастацка-эстэтычнага. 

Сюжэт п’есы, нягледзячы на яго знешнюю закру>чанасць, даволі просты. Малады парыжанін Бернар (Юрый Багародзіцкі) круціць раманы адразу з трымя сцюардэсамі: амерыканкай Мэры (Марына Анісімава), немкай Мартай (Марыя Салаўёва) і францужанкай Мішэль (Ларыса Кіеня). У адпаведнасці з геніяльна распрацаваным планам, у аснове якога ляжыць расклад міжнародных авіярэйсаў, кожная з дзяўчын з’яўляецца ў кватэры Бернара ў свой час і кожная з іх упэўнена, што яна ў Бернара адзіная. Але бясконца так працягвацца не магло. У адной сцюардэсы адбылася затрымка рэйса, другую перавялі на новы Боінг, а ў трэцяй нічога асаблівага і не здарылася, але па закону жанра ўсе яны з’яўляюцца ў кватэры Бернара амаль адначасова. Геніяльны план трашчыць па швах. Але становішча выратоўвае друг Бернара Рабер (Дзмітрый Чэпушканаў), які так своечасова прыехаў з правінцыі. Дарэчы, ён так хутка з’арыентаваўся ў сітуацыі, што, здаецца, пачаў пераўзыходзіць свайго парыжскага прыяцеля. Кожная з дзяўчат імкнецца дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі звычкамі і ўяўленнямі: меркантыльная амерыканка з нявінным выглядам гне сваю лінію, рацыянальная немка спакойна пераходзіць да другога, а рамантычная францужанка настолькі абагаўляе Бернара, што і ён канчаткова спыняе свой выбар на ёй. Але ўсё абышлося так гладка не толькі дзякуючы госцю Бернара. Пастаянна выратоўвала становішча ў доме і яго служанка Берта (Марыя Папова). Не маючы ўласнага жыцця, яна аддае ўсе свае сілы на устройства чужога. І хоць гэта роля як быццам другога плана, яна так і просіцца на першы. Па крайняй меры, гэта той персанаж, які на працягу ўсяго спектакля падтрымлівае скразное дзеянне. У гэтай пастаноўцы усё дзеянне адбываецца у адным і тым жа пакоі, сцэнаграфія застаецца нязменнай, няма ні масавых сцэн, ні песень, ні танцаў – усё трымаецца на ігры шасці акцёраў, якім удаецца завалодаць увагай залы на працягу усяго спектакля. 

І нарэшце тульскі эксклюзіў – мюзікл для дзяцей і дарослых “Тульскія дзівы”, створаны па матывах сказа Мікалая Ляскова “Левша”. П’есу напісаў тульскі рэжысёр Веніямін Найман, які і паставіў гэты спектакль, музыку – таксама тульскі кампазітар Сяргей Уткін. Гэта сапраўдны мюзікл, дзе ёсць не толькі песні і танцы, але і прысутнічае музычная драматургія. Вельмі ўражвае і сцэнаграфія (мастак-пастаноўшчык Ірына Блахіна), у якой выкарыстаны навейшыя камп’ютарныя тэхлалогіі, але якая успрымаецца як старонкі кнігі з прыгожымі ілюстрацыямі, у якой расказваецца пра славутага тульскага майстра Ляўшу. Гісторыю гэту ведаюць усе, яе пераказваць не трэба. І персанажаў гэтай гісторыі ўсе ведаюць. Таму ў праграмцы спектакля пазначаны толькі выканаўцы. Складаныя арыгінальныя касцюмы гавораць самі за сябе, і маленькія гледачы адразу пазнаюць, хто ёсць хто. Гэта выдатны ансамблевы спектакль, дзе ўсе выканаўцы звязаны паміж сабой адзіным сцэнічным малюнкам і адзіным рытмам – як у танцавальнай сюіце. І вельмі цэласны і стыльны, дзе ўсе кампаненты узаемазалежныя і узаемадапаўняльныя, як кажуць – ні дадаць, ні адняць. Менавіта такія пастаноўкі развіваюць ў дзяцей добры мастацкі густ і далучаюць іх да сапраўднага мастацтва. 

Зоя Матусевіч 
ПОЛЫМЯ №4. – 2016. - красавік



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: