Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Камедыя, якая становіцца прытчай (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 08.06.2022)

Комедия, которая становится притчей (Зоя Матусевич, "Літаратура і мастацтва", 07.06.2022)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

Камедыя, якая становіцца прытчай

У Беларускім музычным тэатры адбылася чарговая прэм’ера. Гэтым разам — спектакля "Нявеста з Імерэці", заснаванага на гістарычнай грузінскай тэматыцы, у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Міхаіла Кавальчыка. 

scena_sa_spektaklya_0

Па жанры гэта музычная камедыя, аўтарам якой з’яўляецца знакаміты савецкі і грузінскі кампазітар Гія Канчэлі. Шырокаму гледачу музыка Канчэлі знаёма перш за ўсё па такіх кінафільмах, як "Міміно" і "Кін-дза-дза!", але ў яго творчым багажы дзясяткі кінастужак, у тым ліку і фільм "Круглянскі мост" паводле ваеннай драмы Васіля Быкава. Вядома, кампазітар пісаў не толькі для тэатра і кіно, у яго творчай спадчыне шмат сімфанічнай і камернай музыкі, вакальных і харавых твораў.

У афішы ўказана, што пастаноўка створана па п’есе Уладзіміра Канстанцінава і Барыса Рацэра — не менш знакамітых савецкіх драматургаў-камедыёграфаў. Але тут важна ўдакладніць, што п’еса не арыгінальная, а напісаная паводле аповесці "Мачаха Саманішвілі" класіка грузінскай літаратуры Давіда Клдзіяшвілі, які належыць да кагорты выдатных прадстаўнікоў грузінскага крытычнага рэалізму канца XIX — пачатку XX стагоддзя. 

Гэтую аповесць пісьменнік стварыў у 1896 годзе, паказаўшы ў ёй трагедыю збяднелага дваранства былога Імерэцінскага царства, якое пасля далучэння да Расійскай імперыі ў 1810 годзе ператварылася ў Кутаіскую губерню. Шматлікія палітычныя і эканамічныя новаўвядзенні, якія на працягу XIX стагоддзя праводзіліся на далучаных грузінскіх тэрыторыях, прывялі да ломкі векавых грамадскіх і сацыяльных устояў. Толькі нямногія дваранскія роды здолелі ў новых умовах захаваць эканамічную моц і грамадскі ўплыў. Астатнія ж паступова ператвараліся ў дробнапамесных уладальнікаў, лад жыцця якіх часта не адрозніваўся ад сялянскага, хоць яны па-ранейшаму лічылі сябе дваранамі. Давід Клдзіяшвілі сам паходзіў з сям’і збяднелых імерэцінскіх дваран, таму названая аповесць захапляе сваёй аўтэнтычнасцю, праўдзівасцю калізій і, канешне, — яркім нацыянальным каларытам. 

Шырокую вядомасць на прасторах былога Саюза набыў мастацкі фільм "Мачаха Саманішвілі", зняты ў 1977 годзе на кінастудыі "Грузія-фільм" рэжысёрам Эльдарам Шэнгелая па сцэнарыі Рэзо Чайшвілі. Музыку да гэтай стужкі напісаў Гія Канчэлі ў садружнасці з Джансугам Кахідзэ. Па сюжэце і тэматыцы кінасцэнарый практычна нічым не адрозніваўся ад літаратурнай асновы. Жанравае вызначэнне аповесці і фільма аднолькавае — трагікамедыя. Пісьменнік галоўнага героя характарызаваў так: "Бекіна Саманішвілі, як ні дзіўна, быў бедным дваранінам і знатным бедняком". Такім жа ён паўстае і ў фільме. У п’есе Канстанцінава і Рацэра, напісанай для тэатра ў жанры камедыі, вобраз Бекіны практычна не змяняецца — са сцэны ён таксама ўспрымаецца бедным дваранінам і знатным бедняком. Але, у адрозненне ад аповесці і фільма, канфлікт твора і асабліва яго фінал у п’есе вырашаюцца па-іншаму.

Спачатку спынімся на агульных перыпетыях сюжэта. 70-гадовы ўдавец Бекіна праз год пасля смерці жонкі цвёрда вырашыў зноў жаніцца. І гэтая нечаканая навіна запусціла шэраг неверагодных падзей, якія адбываюцца не столькі з самім Бекіна, колькі з яго роднымі і блізкімі. У першую чаргу яна вельмі балюча закранула маёмасныя інтарэсы сына Бекіны Платона і яго жонкі, якія жывуць разам з бацькам і вядуць сумесную гаспадарку. Калі раптам бацька ажэніцца з маладой, то можа здарыцца як з Каўтарадзэ: праз год памёр, а мачаха адняла палову дома і карову. А калі хутка не памрэ, то маладая жонка можа і сына нарадзіць, і тады Платону давядзецца дзяліць з ім небагатую бацькаву спадчыну: і дом, і двор, і карову… Пракруціўшы ў думках усе варыянты, Платон з жонкай спыніліся на самым прымальным: знайсці для бацькі такую нявесту, якая двойчы была замужам, але не мела дзяцей — значыць, не будзе іх мець і ў трэцім шлюбе са старым Бекіна. Працэс пошукаў такой нявесты — асноўная і самая займальная частка сюжэта, якая ў аповесці і фільме мае характар трагікамедыі, а ў тэатральнай п’есе — чыстай камедыі. 

kamedyya_yakaya_stanovicca_prytchay_2

Упершыню спектакль "Мачаха Саманішвілі" быў пастаўлены ў 1982 годзе Георгіем Таўстаногавым у Ленінградзе на сцэне Вялікага драматычнага тэатра. (Дарэчы, пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Міхаіл Кавальчык праходзіў стажыроўку ў гэтым тэатры пад кіраўніцтвам Таўстаногава.) Музыку да той драматычнай пастаноўкі напісаў таксама Гія Канчэлі. У хуткім часе спектакль пачалі ставіць у многіх тэатрах вялікай краіны. У 1990 годзе пад назвай "Нявеста з Імерэці" яго паставіў Міхаіл Кавальчык у Мінску на сцэне Рускага драматычнага тэатра. А цяпер Міхаіл Станіслававіч уклаў свой рэжысёрскі вопыт у музычную версію гэтага твора. 

Беларускі музычны тэатр раней не звяртаўся да творчасці Канчэлі, таму партытуру набылі ў Алтайскім музычным тэатры (г. Барнаул), дзе спектакль быў пастаўлены ў мінулым сезоне. Як адзначае дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч, у ёй не было ўверцюры ці ўступу — адразу ішоў першы музычны нумар — сон Платона. І гэтаму ёсць тлумачэнне: першапачаткова Канчэлі пісаў музыку для драматычнага тэатра, і яна мела нумарны характар. Пазней ужо, калі да твора звярталіся музычныя тэатры, дырыжоры-пастаноўшчыкі нейкім чынам партытуру "ўзбагачалі".

Па словах Макарэвіча, партытура барнаульскага тэатра ў цэлым даволі сціплая. І гэтаму таксама ёсць тлумачэнне: у адрозненне ад вялікіх оперных тэатраў са сфарміраваным складам аркестраў, у музычных тэатрах аркестры розныя, часам даволі стракатыя. Прасцей кажучы, які аркестр — такая і партытура. І калі оперная партытура — гэта гатовы артэфакт, які не патрабуе нейкай рэдакцыі ці перааркестроўкі, то ў музычным тэатры "чужую" партытуру трэба рэдагаваць і перааркестроўваць, прыстасоўваючы пад склад свайго аркестра, чым наш дырыжор-пастаноўшчык і займаўся. А яшчэ ён працаваў над стварэннем уверцюры, каб спектакль выглядаў па-сапраўднаму музычным. 

— Мне хацелася, каб у пастаноўцы адчувалася музычная драматургія, — зазначае Мікалай Макарэвіч, — а для гэтага асобныя нумары трэба было аб’яднаць агульнай музычнай ідэяй, распрацаваць існуючыя ў клавіры тэмы, стварыць сістэму лейтматываў. Большасць персанажаў надзелена жанрава-бытавымі тэмамі, але ў клавіры ёсць шыкоўны дуэт цэнтральных герояў, і я вырашыў відазмяніць гэтую тэму, надаць ёй характар грузінскіх танцаў, рытмічную пульсацыю лезгінкі. Да гэтай тэмы дадаў народную грузінскую тэму, "састыкаваўшы" па танальнасці, каб яна спалучалася з першай тэмай. І ў якасці трэцяга раздзела ўверцюры узяў тэму Імерэці ў тым выглядзе, якая яна ў аўтара, а потым плаўна пераходзіць у першы нумар — сон Платона.

Гэты вешчы сон у вобразнай форме прадказаў тыктанічныя зрухі ў звыклай плыні жыцця сям’і Саманішвілі. Аўтары п’есы, зрабіўшы стаўку на чыстую камедыю, свядома спрашчалі ход падзей і змест дыялогаў, выстаўляючы герояў прастадушнымі і адназначнымі ў сваіх думках і ўчынках. Пры гэтым яны часта хітравалі, але сутнасць хітрыкаў яшчэ больш раскрывала іх прастату. Напрыклад, сусед Арысто, зайшоўшы ў двор да Саманішвілі нібыта ў пошуках пеўня, якога выйграў у карты, скардзіцца на сям’ю гаспадара гэтага пеўня: "На верандзе сядзяць, сацыві ядуць. Можа, той певень, а можа, не той… Пакаштаваць не далі. Такія скупыя! Не тое, што вы — заўсёды за стол запросіце". І без ніякага запрашэння ўсаджваецца за сямейную трапезу. З іх няхітрай размовы можна даведацца, што ў гаспадарцы Арысто няма ніякай жыўнасці, акрамя казла, якога ён палічыў за казу пры раздзеле бацькавай спадчыны. 

Падобныя побытавыя сцэны ў спектаклі падаюцца выключна ў камедыйным ключы і з мяккім гумарам, аўтары п’есы свядома пазбягаюць закранаць унутраны стан і боль гэтых збяднелых дваран, многія з якіх скатваюцца да ўбогасці існавання. А ў фільме становішча іх паказана рэалістычна, у драматычным ключы, унутраны свет і перажыванні раскрываюцца мноствам псіхалагічных нюансаў. Так, перспектыва Платона згубіць палову бацькавай маёмасці прывядзе яго сям’ю з чатырма дзецьмі да галечы, таму ён з жонкай так ліхаманкава шукае спосаб гэта прадухіліць. У фільме ёсць толькі адзін па-сапраўднаму камедыйны персанаж, сям’я якога жыве горш за іншых, што яго тым не менш зусім не клапоціць, бо ён вельмі заняты сабою. Гэта Кірылэ — зяць Бекіны, мужчына з вельмі яркай харызмай і натурай экстраверта, усе памкненні якога накіраваны на растрачванне сваёй неўтаймоўнай энергіі. Для гэтага яму неабходна ўвесь час быць на людзях, прытым у цэнтры ўвагі. А ад жыцця многа не трэба — толькі добра выпіць і смачна паесці. Даведаўшыся, што Платон збіраецца на пошукі нявесты для бацькі, Кірылэ з радасцю кінуўся яму дапамагаць. Аўтар аповесці нездарма папярэджваў, што гэты герой валодае рэдкім дарам правальваць любую справу. Па дарозе Кірылэ зацягнуў Платона на пахаванне "аднаго знаёмага двараніна" (як высветлілася на месцы — дваранкі), потым — на чужое вяселле, дзе ён учыніў грандыёзную бойку. Пазней быў скандал на пераправе, дзе іх абодвух скінулі з парома ў ваду. Усе гэтыя камедыйныя перыпетыі ў п’есе апушчаны, а, каб іх кампенсаваць, драматургі прыдумалі больш просты ход: Кірылэ за бурдзюк віна арганізаваў калектыўныя агледзіны чатырох самых старых удоў, якія доўга не працягнуць, — менавіта такіх Платон з жонкай і заказвалі. 

— Выбірайце, самых лепшых прывёў: адна горшая за другую!

Квартэт імерэцінскіх бабулек аказаўся надзвычай каларытны: адна гарбатая, другая кульгавая, трэцяя аднавокая, чацвёртая з адным зубам. Але як яны ўмелі ўкалоць адна адну, а ў фінале сцэны яшчэ і старыя косці ў лезгінцы размяць! Гэты эпізод самы камедыйны ў спектаклі. Шкада толькі, што з-за скарачэнняў у п’есе вобраз Кірылэ атрымаўся не такі насычаны, як у першакрыніцы.

Працэс пошуку сапраўднай нявесты ў п’есе таксама не зусім такі, як у аповесці і фільме. У спектаклі пасля няўдалых калектыўных агледзін сусед Арысто ўспомніў, што ў яго ёсць 50-гадовая бяздзетная мачаха Эленэ, якая пахавала і першага, і другога мужа (яго бацьку) і зараз жыве ў бацькавым доме разам з яго братамі. Зразумела, у паездку ўвязаўся і Кірылэ, які выконваў там функцыю выкрадальніка нявесты, накінуўшы ёй на галаву мяшок, хоць развіццё падзей гэтага не патрабавала. Зразумела, стваральнікі п’есы тут выкарысталі чыста тэатральны прыём, каб прыўнесці ў спектакль яшчэ больш камедыйнасці. 

Развязка гэтай гісторыі ў абедзвюх версіях пачынаецца аднолькава, а вось яе фінал — супрацьлеглы. Бекіна з Эленэ жэняцца і цешацца сваім ціхім шчасцем. Платон з жонкай таксама задаволены мачахай, якая ва ўсім дапамагае па гаспадарцы. Але праз пэўны час яны атрымліваюць зусім нечаканы і яшчэ больш моцны ўдар — мачаха зацяжарыла. У аповесці і фільме пасля таго, як яна нараджае сына, Платон адразу пачынае дзяліць двор на дзве паловы. Бацькава шчасце абярнулася для яго жыццёвым няшчасцем. А ў спектаклі мачаха нараджае двойню — дзяўчынку і хлопчыка, якому пяройдзе палова бацькавай маёмасці. Але Платон у самы апошні момант нібыта перараджаецца, і з яго вуснаў гучаць амаль біблейскія матывы: "Брат мой! Жыві пад нашым яркім сонцам, кідай зерне ў нашу зямлю, пі наша віно…" І вясёлая камедыя ў гэты момант ператвараецца ў філасофскую прытчу.

Пастаноўшчыкі спектакля зрабілі яго па-сапраўднаму маштабным, выкарыстаўшы ўсе магчымасці і выразныя сродкі музычнага тэатра. Вельмі значную работу правялі харэографы Юлія і Мікалай Міхайлавы, упрыгожыўшы спектакль разгорнутымі балетнымі нумарамі, якія ў складанай сцэне вяселля выглядаюць як балетны дывертысмент. Уражвае стройная зладжанасць масавых сцэн з удзелам усіх салістаў, артыстаў хору і балета.

Галоўныя ролі ў прэм’ерным спектаклі выконвалі вядучыя салісты тэатра: Бекіна — Антон Заянчкоўскі, Эленэ — Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова, Платон — Сяргей Суцько, яго жонка Мелано — Лідзія Кузьміцкая, Кірылэ — Віктар Цыркуновіч, яго жонка Дарыко — Вольга Жалезкая, Арысто — Яўген Ермакоў. 

Зоя МАТУСЕВІЧ
"Літаратура і мастацтва". - 2022. - 8 чэрв.
Фотя Сяргея ЧЫГІРА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: